viasna on patreon

Заява беларускіх праваабарончых арганізацый аб падтрымцы і салідарнасці з Праваабарончым цэнтрам "Вясна"

2023 2023-03-03T19:16:21+0300 2023-03-03T19:16:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud_viasna_2023.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, заяўляем рашучы пратэст супраць абвінаваўчага прысуду ў дачыненні да лідараў і сябраў Праваабарончага цэнтра “Вясна” і выказваем сваю салідарнасць з імі і іх калегамі.

3 сакавіка 2023 года суд Ленінскага раёна г. Мінска прысудзіў Алеся Бяляцкага, кіраўніка ПЦ "Вясна" і лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру да 10 гадоў пазбаўлення волі, Валянціна Стэфановіча, намесніка кіраўніка ПЦ "Вясна" і віцэ-прэзідэнта міжнароднай арганізацыі "Міжнародная федэрацыя за правы чалавека" (FIDH) – да 9 гадоў пазбаўлення волі, Уладзіміра Лабковіча, юрыста ПЦ "Вясна" і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" – да 7 гадоў пазбаўлення волі, а таксама сябра арганізацыі Змітра Салаўёва – да 8 гадоў пазбаўлення волі завочна. Акрамя таго, усім абвінавачаным суд прызначыў вялізныя штрафы (ад 111 тысяч да 185 тысяч беларускіх рублёў) і пастанавіў спагнаць у салідарным парадку суму ў памеры 752 тысячы рублёў (каля 300 тыс. долараў ЗША).

Мы разглядаем вынесены прысуд выключна як палітычную расправу і помсту за мірныя дзеянні кіраўніцтва і сябраў ПЦ “Вясна” па абароне правоў і свабод чалавека ў Беларусі. Праваабарончы цэнтр “Вясна” – гэта адна з найстарэйшых і аўтарытэтных праваабарончых арганізацый Беларусі, створаная для дапамогі людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій, што пачаліся вясной 1996 года і працягваюцца дагэтуль. З моманту свайго заснавання “Вясна” дапамагла дзясяткам тысяч беларускіх грамадзян, на працягу ўсёй сваёй гісторыі займалася абаронай і прасоўваннем правоў чалавека, ладзіла бесперапынны маніторынг іх захавання. Дзейнасць ПЦ "Вясна" высока ацэньваецца як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні. За час свайго існавання “Вясна” і яе сябры былі ўганараваны шматлікімі прэстыжнымі прэміямі і ўзнагародамі ў галіне правоў чалавека.

Гэты прысуд – чарговая форма пераследу ПЦ “Вясна” і яго сябраў, які працягваецца ўжо два дзесяцігоддзі. У 2003 годзе арганізацыя была пазбаўлена дзяржаўнай рэгістрацыі, што пасля было прызнана Камітэтам па правах чалавека ААН парушэннем права на свабоду асацыяцый. У 2011 годзе кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі быў асуджаны на чатыры з паловай гады зняволення за атрыманне замежнай дапамогі на праваабарончую дзейнасць арганізацыі. Кіраўніцтва і актывісты арганізацый увесь час былі пад пагрозай крымінальнага пераследу паводле арт. 193-1 Крымінальнага кодэкса за арганізацыю ці ўдзел у дзейнасці незарэгістраванай арганізацыі, што не перашкодзіла ім працягваць ажыццяўляць праваабарончую дзейнасць.

Мы адзначаем шматлікія парушэнні правоў абвінавачаных падчас разгляду крымінальнай справы, у першую чаргу парушэнне прэзумпцыі невінаватасці (асвятленне ходу крымінальнай справы ў дзяржаўных СМІ з аднабаковай ацэнкай вінаватасці абвінавачаных да ўступлення ў законную сілу прысуду суда), права не зазнаваць жорсткага абыходжання, якое зневажае годнасць (судовы працэс абвінавачаныя правялі ў кайданках), права на абарону (былі праігнараваны просьбы абвінавачаных аб дадатковым часе на азнаямленне з вялізным аб'ёмам матэрыялаў крымінальнай справы, аб вядзенні судаводства на беларускай мове), права на справядлівы суд (адвольныя абмежаванні доступу публікі і журналістаў у залу судовага разбору, абвяшчэнне прысуду ў зале, запоўненай, як мяркуецца, курсантамі Акадэміі МУС).

Мы таксама адзначаем, што крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (Ухіленне ад выплаты падаткаў), якая сталася падставай для іх затрымання і ўтрымання пад вартай больш за год, была спынена. Пасля чаго ім прад'явілі новае абвінавачанне ў "кантрабандзе арганізаванай групай" (ч. 4 арт. 228 КК) і "фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 2 арт. 342 КК). У ходзе судовага разбіральніцтва такая законная дзейнасць, як аказанне дапамогі ахвярам парушэнняў правоў чалавека, аплата паслуг адвакатаў, маніторынг, ажыццяўленне іншай праваабарончай дзейнасці, была прызнана злачыннай.

Такая кваліфікацыя, відавочна, ідзе насуперак Канстытуцыі, а таксама міжнародным абавязкам Беларусі ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці, Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Яна з'яўляецца парушэннем міжнародных стандартаў, якія тычацца падтрымкі і заахвочвання праваабарончай дзейнасці, напрыклад, Дэкларацыі аб праве і абавязку асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, Кіруючых прынцыпаў АБСЕ па абароне праваабаронцаў, Кіруючых прынцыпаў па свабодзе аб'яднанняў і іншых.

У сувязі з гэтым мы, беларускія праваабарончыя арганізацыі, патрабуем ад беларускіх уладаў:

  1. Адмяніць прысуды, неадкладна і безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, зняць з іх, а таксама са Змітра Салаўёва і іншых сябраў "Вясны", усе абвінавачанні.
  2. Спыніць судовы пераслед, іншы ціск на ўсіх беларускіх праваабаронцаў, прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Мы заклікаем праваабарончыя арганізацыі розных краін, іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці праявіць салідарнасць з беларускімі праваабаронцамі.

Мы звяртаемся да міжнародных органаў і арганізацый з просьбай неадкладна адрэагаваць на суровыя прысуды ў дачыненні да кіраўніцтва і сябраў ПЦ “Вясна”, даць ім сваю ацэнку, а таксама сістэмна і комплексна рэагаваць на бесперапынныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт

Lawtrend

Human Constanta

Беларускі ПЭН

Прававая ініцыятыва

Беларуская асацыяцыя журналістаў

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства