"Вольных Купалаўцаў" прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем": хроніка пераследу 13 снежня Дапоўнена
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 13 снежня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак. Інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У дачыненні да васьмі "каліноўцаў" распачалі спецвытворчасць — іх збіраюцца судзіць завочна
Гаворка пра Аляксея Манчынскага, Рамана Яроменку, Паўла Кахновіча, Яўгена Каранкевіча, Аляксандра Пятроўскага, Яўгена Салохіна, Ягора Іспянькова, а таксама былога палітвязня Ціхана Клюкача.
Ім інкрымінаваны шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Мужчынаў запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Следчы камітэт.
Праўладныя тэлеграм-каналы пагражаюць датычным да парталу petitions.bу
Яны сцвярджаюць, што асабістыя дадзеныя беларусаў "выкарыстоўваюцца для спам-рассылак у розныя дзяржаўныя органы і ўстановы, спадзеючыся паказаць "масавасць" хвалюючага пытання, тым самым падстаўляючы пад пільную ўвагу сілавікоў".
"У бліжэйшы час да прадукцыі ўсёй сеткі "петыцый", а таксама да асоб, адказных за кантэнт і дзейнасць, будуць прынятыя меры ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь".
Супраць блогера Сяргея Бяспалава распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна
32-гадоваму Сяргею інкрымінаваныя ч. 3 арт. 130 КК (распальванне варожасці), арт. 188 КК (паклёп), ч. 1 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі), ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да санкцый), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім), ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку), ч. 2 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
Бяспалава запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Следчы камітэт.
Тэатральнае аб'яднанне "Вольныя Купалаўцы" прызнанае "экстрэмісцкім фармаваннем"
Пра гэта паведамілі праўладныя тэлеграм-каналы.
Instagram-старонку Святланы Ціханоўскай у другі раз прызналі "экстрэмісцкай"
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Брэста 12 снежня. Старонку Святланы Ціханоўскай у Instagram раней ужо прызнавалі "экстрэмісцкай" — гэта зрабіў суд Гомельскага раёну 1 чэрвеня 2023 году.
Таксама "экстрэмісцкі спіс" папоўнілі старонкі ў "Х" "Viktoryja Palcys", "Дзед Барадзед", TikTok-старонкі "himical_experiment", "_nexta_live", старонка ў Instagram "alieh_baradzin", Facebook-старонка "Активный Брест", а таксама кнігі "Боевые награды Третьего Рейха: Иллюстративная энциклопедия" і "Секретные архивы СС. Западный и Восточный фронт".
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 33 чалавекі — цяпер у ім 4766 чалавек
Міністэрства ўнутраных спраў 13 снежня зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці".
Сярод іншых, у спіс дадалі асуджанага па вяртанні ў Беларусь Максіма Хвашчынскага, асуджаную за салідарнасць Кацярыну Мендрык, 19-гадовага Данііла Гарасіма.
У Жлобіне за "распаўсюд экстрэмізму" збіраюцца судзіць студыю мэблі
На 19 снежня ў судзе Жлобінскага раёна запланаваны судовы працэс датычна прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства "Студыя мэблі "Дом 5". Прадпрыемства вінавацяць паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Працэс будзе ўзначальваць суддзя Святлана Рубахава. Сутнасць абвінавачванняў у дачыненні да студыі мэблі пакуль невядомая.
Раней на Гомельшчыне не фіксавалася выпадкаў судовага пераследу юрыдычных асобаў за «распаўсюд экстрэмізму», паведаміла "Гомельская Вясна".
20-гадовую жыхарку Смаргоні затрымалі за танец у міліцэйскай форме ў TikTok
Паведамляецца, што дзяўчыне прызначылі штраф па адміністрацыйнай справе за нашэнне формы асобай, якая не мае на гэта права.