Заява аб прызнанні 12 чалавек палітычнымі зняволенымі
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
28 снежня 2024 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэстную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі для падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе стала істотна больш жорсткім і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб'яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і праводзімай ім палітыцы, таксама экстрэмісцкімі фарміраваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так, асуджаныя:
- Чэслаў Герасімовіч паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса за ахвяраванні пратэстным ініцыятывам да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Алена Мохарава паводле арт. 361-4 КК па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Уладзімір Сітковіч паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні пратэстным ініцыятывам да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Артур Мемех паводле арт. 361-4 па абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці да трох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Заключаны пад варту па абвінавачванні ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 361-1, 361-2, 361-3, 361-4 КК: Ігар Сідаровіч, Аляксандр Кукса, Аляксандр Мазур, Міхаіл Галінскі, Сяргей Чабоцька, Павел Каранюхін, Яна Царук, Марыя Батальёнак.
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітвязняў Чэслава Герасімовіча, Алену Мохараву, Уладзіміра Сітковіча, Артура Мемеха, Ігара Сідаровіча, Аляксандра Куксу, Аляксандра Мазура, Міхаіла Галінскага, Сяргея Чабоцьку, Паўла Каранюхіна, Яну Царук, Марыю Батальёнак;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Lawtrend.