viasna on patreon

Уладзімір Лабковіч: Выбары ў Малдове былі сапраўды дэмакратычнымі і адкрытымі

2014 2014-12-04T13:35:53+0300 2014-12-04T13:58:25+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/labkovich-00.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Лабковіч, сябра Рады ПЦ "Вясна". Фота: DW

Уладзімір Лабковіч, сябра Рады ПЦ "Вясна". Фота: DW

Сябра рады Праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір Лабковіч у складзе місіі Еўрапейскай платформы за дэмакратычныя выбары (EPDE) прымаў удзел у назіранні за парламенцкімі выбарамі ў Малдове. Характарызуючы агульную абстаноўку ў краіне, назіральнік падкрэслівае найперш асаблівую  важнасць гэтай выбарчай кампаніі для ўсяго малдаўскага грамадства:

– Палітычныя суб’екты, якія ўдзельнічалі ў выбарах, паставілі стратэгічна палярныя пытанні перад народам Малдовы. Фактычна быў прапанаваны выбар паміж працягам еўрапейскай інтэграцыі і шчыльным супрацоўніцтвам з Расійскай Федэрацыяй. І гэта было краевугольнае пытанне пад час выбараў. Адна вялікая частка палітычных суб’ектаў выступала за інтэграцыю з Расіяй, за ўваходжанне ў Еўразійскі звяз і нават за магчымае ўваходжанне Малдовы у склад Расійскай Федэрацыі. А другая частка партый ліберальнага накірунку, тых, якія знаходзіліся у кааліцыі ў апошнім парламенце, выступалі за далейшую інтэграцыю з Еўрапейскім звязам, за працяг дамовы аб асацыяцыі, якая была падпісаная Малдовай, а таксама за будучае ўваходжанне краіны у Еўразвяз і сістэму НАТА. І пра гэта пад час выбарчай кампаніі яскрава сведчыла агітацыйная прадукцыя: з аднаго боку – выявы Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, лозунгі “З Расіяй – назаўсёды!”, а з іншага боку – сінія колеры Еўразвязу, сімволіка Альянсу НАТА. Вось гэта тая галоўная мяжа падзелу палітычных блокаў і партый, якая кардынальна падзяліла электарат пад час парламенцкіх выбараў 30 лістапада.

– А які малюнак склаўся па выніках саміх выбараў?

– Па-першае, нашая міжнародная місія EPDE ацэньвае выбары ў Малдове як сапраўды дэмакратычныя і свабодныя. Грамадзяне Малдовы маглі вольна выказаць сваю пазіцыю і свабодна прагаласаваць, а той вынік, які ёсць на выхадзе, сапраўды адпавядае волевыяўленню малдаўскага народа. Зараз усё будзе залежаць ад таго, як будзе сфармаваная новая кааліцыя ў парламенце. Калі ж проста лічыць па месцах, то прыхільнікі ліберальных (праеўрапейскіх) партый маюць на некалькі месцаў болей. І тут нельга казаць пра нейкае аднадумства ў грамадстве, паколькі перавага адной палітычнай  плыні над другой невялікая. Цікава, што новая палітычная сіла, якая толькі нядаўна была створаная перад выбарчай кампаніяй – Сацыялістычная партыя – набрала 28% галасоў выбаршчыкаў і выйшла на першае месца з лозунгам “З Расіяй – назаўсёды!” Яна стварылася пасля выхаду з Камуністычнай партыі часткі актывістаў і да гэтых выбараў нікому не была вядомая.

– У СМІ паведамлялася, што проста пад час парламенцкіх выбараў з выбарчай гонкі была знятая яшчэ адна прарасійская партыя. Якія падставы былі для гэтага?

Сапраўды такі факт меў месца, была знятая палітычная партыя “Patria”, па-румынску – “радзіма”.  Гэта партыя папулісцкага кшталту таксама была створаная выключна пад гэтую выбарчую кампанію. Яе лідар – Рэната Усаты адкрыта выступаў за інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй, за згортванне ўсіх еўрапейскіх праектаў. Пры гэтым, партыя па ўсіх сацыялагічных звестках мела каля 10% падтрымкі электарату напярэдадні выбараў. У сувязі з рашэннем Апеляцыйнай палаты партыя Рэната Усатага была выключана з перадвыбарнай гонкі літаральна за два дні да выбараў, а ў апошні выбарчы дзень Вышэйшая судовая палата зацвердзіла гэты вердыкт. Падствай дзя гэта з’явіўся той факт, што пад час кантролю за мэтавым выкарыстаннем фінансавых сродкаў для агітацыі былі знойдзены грошы, якія мелі яўна не малдаўскае паходжанне, а перададзены партыі з-за мяжы, з Расіі. Мела месца фінансаванне гэтага палітычнага суб’екта за кошт сродкаў іншай дзяржавы.

Мы, як незалежныя міжнародныя назіральнікі, крытычна паставіліся да гэтага факта, паколькі сітуацыя падобная на тое, што фармальна, юрыдычная нагода для зняцця партыі з выбараў была выкарыстаная для дасягнення палітычных мэтаў.

–  Ці можна казаць пра актыўнасць выбаршчыкаў пад час гэтай парламенцкай кампаніі, а таксама пра актыўнасць кандыдатаў і палітычных суб’ектаў?

 Малдова зрабіла вялікі крок наперад у параўнанні з усімі мінулымі выбарчымі кампаніямі. Гэтыя выбары ні ў якім разе нельга параўноўваць з беларускімі, яны больш падобныя на выбары ў любой еўрапейскай краіне. Нягледзячы на палярнасць пазіцый розных суб’ектаў, усе мелі роўную магчымасць агітаваць і агітацыя была заўважная і разнастайная: і на тэлебачанні, і ў друкаваных сродках масавай інфармацыі, і ў інтэрнэце. Доступ да інфармацыі быў абсалютна адкрыты для ўсіх, цалкам адсутнічаў адміністрацыйны рэсурс пад час выбарчай кампаніі. Усё гэта сведчыць пра тое, што выбары сапраўды былі свабоднымі і дэмакратычнымі. А вынікам такой высокай палітычнай палярызацыі стала адна з самых высокіх явак выбаршчыкаў за ўсю гісторыю Малдовы, і гэта пры тым, што выбары ў Малдове адбываюцца даволі часта. Дадам, што заканадаўства Малдовы прадугледжвае выбары прэзідэнта парламентам, для яго абрання неабходныя дзве траціны галасоў. Зразумела, што калі няма двух трэціх галасоў – парламент распускаецца і праводзяцца новыя выбары. Зараз сітуацыя таксама можа паўтарыцца, і калі скончыцца тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта, якога зараз ўдалося абраць, то могуць ізноўку адбыцца датэрміновыя выбары.

Парламенцкія выбары, безумоўна,  выклікалі вялікі рэзананс у грамадстве: на выбарчых участках заўважаліся чэргі, прыйшло шмат моладзі, якой быў неабыякавы лёс краіны, яна разумела, што адбываецца кардынальны выбар вектара далейшага накірунку развіцця Малдовы. Самі выбары былі арганізаваныя на высокім узроўні, а некаторыя недахопы і праблемы, якія мы заўважалі, кшталту дрэннай працы электроннага рэестра выбаршчыкаў, маюць больш тэхнічны характар, які можна ў далейшым палепшыць, але  адсутнічала нейкая сістэма фальсіфікацый і манімпуляцый галасамі выбаршчыкаў.

– Як можна ахарактарызаваць стаўленне да назіральнікаў і тыя магчымасці, якія яны мелі пад час назірання за выбарчым працэсам?

Заканадаўства Малдовы прадугледжвае шырокія паўнамоцтвы для назіральнікаў. Міжнародныя назіральнікі могуць сачыць фактычна за ўсімі выбарчымі працэсамі, могуць атрымліваць шмат інфармацыі, што ізноў жа непараўнальна з тым, як працуюць назіральнікі ў Беларусі. Адзінае, яны не маюць права пісаць скаргі і звароты, у адрозненне ад нацыянальных назіральнікаў. Але, шчыра кажучы, і не было такой нагоды. Я наведаў больш чатырнаццаці выбарчых участкаў і нідзе не зафіксаваў ніводнай скаргі ад мясцовых назіральнікаў, прытым, што назіральнікі былі ад усіх палітычных суб’ектаў. Вельмі важна, што вынікі галасавання не аспрэчваюцца ні прайграўшымі партыямі, ні тымі, хто перамог. Давер да вынікаў галасавання ў грамадстве вельмі высокі і мы, назіральнікі, таму сведкі. Мы маглі прысутнічаць на падліку галасоў, які таксама праводзіўся зусім не па-беларуску: кожны назіральнік бачыў кожны бюлетэнь, самі бюлютэні агучваліся і дэманстраваліся ўсім сябрам камісіі. Таму вось і давер да вынікаў выбараў высокі, прычым, як за межамі краіны, так і ўнутры.

Праводзячы паралель паміж выбарамі ў Малдове і Беларусі, можна адзначыць дзве рэчы, якія практычна адсутнічаюць у нашай краіне: свабодная магчымасць агітаваць і справядлівы празрысты падлік галасоў.

Парламенцкія выбары ў Малдове 2014 года. Фота kp.md
Парламенцкія выбары ў Малдове 2014 года. Фота kp.md
Парламенцкія выбары ў Малдове 2014 года. Фота pan.md

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства