viasna on patreon

Праваабаронца з Расіі: Сёння галоўны інструмент барацьбы з грамадзянскай супольнасцю – крымінальныя артыкулы Аўдыё

2017 2017-02-16T17:57:56+0300 2017-02-16T19:29:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mityng_za_nka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мікалай Кастэнка, прадстаўнік Маскоўскай хельсінкскай групы

Больш за чатыры гады прайшло з моманту прыняцця ў Расіі ганебнага закону “Аб замежных агентах”, які скіраваны супраць арганізацый грамадзянскай супольнасці і парушае свабоду асацыяцый. З кожным годам улады дапаўняюць практыку прымянення закона ўсё больш жорсткімі метадамі. Якімі наступствамі гэта абарочваецца для НКА і якія сферы ўслед за свабодай асацыяцый сёння трапляюць пад  удар, сайту ПЦ “Вясна” распавёў прадстаўнік найстарэйшай расійскай праваабарончай арганізацыі, Маскоўскай Хельсінкскай групы, Мікалай Кастэнка.

- Калі паглядзець ад самага пачатку і да актуальнага моманту, як “эвалюцыянавалі” формы пераследу “замежных агентаў”?

- У 2011 годзе паміж расійскімі ўладамі і грамадствам пачаліся складанасці. Іх напал прыйшоўся на выбары ў Дзяржаўную Думу, калі некалькі тысяч чалавек і ў Маскве і іншых гарадах Расіі выйшлі на вуліцы з пратэстам супраць масавых фальсіфікацый. Тады ўлады трошкі спужаліся, але змаглі прадухіліць згуртаванне народных масаў, і пратэсы сціхлі. Урок з тых падзей быў вынесены, і ужо пасля прэзідэнцкіх выбараў 2012 году ціск на грамадзянскую супольнасць рэзка ўзмацніўся. У першую чаргу, пад раздачу трапілі некамерцыйныя грамадскія арганізацыі, бо чамусьці лічыцца, што ўсе рэвалюцыі, якія пракаціліся хваляй па Усходзе, а таксама па Грузіі і Украіне, былі ініцыяваныя менавіта грамадзянскай супольнасцю. Да таго ж наш прэзідэнт, які з’яўляецца выхадцам са спецслужбаў, асабіста лічыць, што праваабарончыя арганізацыі – гэта сапраўды так званая “пятая калона”, то бок нацыянальныя здраднікі, гатовыя ў любы момант ударыць улады нажом у спіну.

Тады быў прыняты Федэральны закон “Аб замежных агентах”, які зараз з’яўляецца галоўным інструментам у барацьбе з праваабарончымі арганізацыямі. Трэба адзначыць, што першапачаткова асноўнай арганізацыяй, супраць якой задумвалася прымяніць гэты закон, была арганізацыя “Голас”, якая займаецца назіраннем за выбарамі. А ўжо потым рэпрэсіўны закон закрануў іншыя НКА.

Патрэбны ўсяго два кампанеты, каб арганізацыю залічылі ў замежныя агенты - замежнае фінансаванне і палітычная дзейнасць. Зразумела, што праваабарончая дзейнасць не з’яўляецца палітычнай. Аднак трактоўка гэтага тэрміну, уведзеная Міністэрствам юстыцыі, вельмі шырокая і расплывістая. Цяпер, па сутнасці, любая дзейнасць, пра якую чалавек кажа публічна, можа лічыцца палітычнай, бо патэнцыйна тым самым ён можа паўплываць на грамадскую думку.

У законе ёсць заўвага, што палітычнай дзейнасцю не лічыцца, напрыклад, экалагічная. Але ж гэта ніяк не перашкаджае Мінюсту ўключаць у спіс замежных агентаў і экалагічныя арганізацыі, як гэта здарылася з “Экаабаронай”. Таксама ёсць шэраг арганізацый, якія дапамагаюць людзям з віч-інфекцыяй, чамусьці яны таксама трапілі пад раздачу, іх пачалі аб’яўляць замежнымі агентамі. Такая практыка звязана са спецыфікай дзейнасці ўладаў на месцах, якія па ўсіх пытаннях прытрымліваюцца планаў. Таму нядзіўна, што ў іх з’явіліся планы і па колькасці замежных агентаў. Планы гэтыя, канешне, трэба выконваць, таму і ўключаюць у спіс усіх запар. Так, напачатку мінулага года ў рэестр замежных агентаў уключылі арганізацыю, якая займаецца садзеяннем малалікім паўночным народам. Вось такое кафкіянства у чыстым выглядзе.

Летась чарга дайшла да самых аўтарытэтных праваабарончых арганізацый, што знаходзяцца ў Маскве: замежнымі агентамі былі прызнаныя Праваабарончы цэнтр “Мемарыял”, міжнароднае таварыства “Мемарыял”, Сахараўскі цэнтр, аналітычны цэнтр “Сава”.

З гэткім таўром арганізацыі вымушаныя цярпець шматлікія праверкі ад міністэрства юстыцыі і, у выпадку ўстанаўлення “парушэнняў”, плаціць велізарныя штрафы. У асноўным штрафуюць у двух выпадках: па-першае, за адмову добраахвотна заносіць сябе ў рэестр замежных агентаў (штраф да 300 тысяч расійскіх рублёў), і па-другое, за тое, што на друкаваных матэрыялах і на сайтах арганізацый адсутнічае інфармацыя аб тым, што дадзеная арганізацыя – замежны агент.

Акрамя непасрэднага ўключэння ў спіс замежных агентаў, сталі ўводзіцца такія санкцыі, як, напрыклад, крымінальная адказнасць за злоснае ўхіленне ад уключэння ў рэестр замежных агентаў. Улады пачалі такую практыку з Саюза “Жанчыны Дона”: летам мінулага года на кіраўніцу арганізацыі Валянціну Чараваценка была заведзеная крымінальная справа.  

- Праз больш як чатыры гады, напэўна, ужо можна казаць пра нейкія тэндэнцыі. Як гэты закон адбіваецца на дзейнасці няўрадавых арганізацый?

Статус замежнага агента – гэта незаслужанае таўро, бо ніхто не лічыць сябе такім. Калі замежны грамадзянін перавёў хоць адзін даляр любой праваабарончай арганізацыі ў Расіі, то яна ўжо лічыцца замежным агентам. Але чый яна агент? Не зразумела.

Пасля прыняцця закону шмат арганізацый былі вымушаныя рэзка скараціць альбо ўвогуле адмовіцца ад замежнага фінансавання. А знайсці грошы ўнутры краіны дастаткова складана, бо далёка не кожны нацыянальны фонд пагодзіцца фінансаваць праваабарончую дзейнасць. Таму, на жаль, шмат арганізацый увогуле прыпынілі сваю дзейнасць. Астатнія пачалі шукаць розныя юрыдычныя шчыліны - замест адных юрыдычных асобаў сталі стварацца іншыя і г.д. Напрыклад, Камітэт супраць катаванняў перайменавалі ў Камітэт па прадухіленні катаванняў.

Што датычыцца Маскоўскай Хельсінкскай групы, то мы, каб не атрымаць статус замежнага агента, адмовіліся ад замежнага фінансавання, і таму былі вымушаныя значна зменшыцца ў памеры. Зараз у маскоўскім офісе нас працуе менш за 10 чалавек. Таксама раней у нас была сетка рэгіянальных праваабарончых арганізацый МХГ, а зараз, па сутнасці, яе ўжо няма. Увогуле, “дзякуючы” дзейнасці закону “Аб замежных агентах”, на сённяшні дзень далёка не ў кожным рэгіёне ёсць хоць нейкая праваабарончая арганізацыя.

- Акрамя статуса “замежных агентаў”, у Расіі ўжываюцца і больш брутальныя формы ціску…

Так, такая праблема існуе, і часцей за ўсё мы сутыкаемся з ёй на Паўночным Каўказе, у прыватнасці ў Чачні. У 2015 годзе пачалася кампанія па выгнанні праваабаронцаў з гэтага рэгіёна. Тады адбыўся напад на офіс Камітэту супраць катаванняў у Грозным. У мінулым годзе невядомые спынілі машыну з праваабаронцамі і замежнымі журналістамі, усіх іх моцна збілі, а машыну спалілі. Таксама быў збіты кіраўнік Зводнай мабільнай групы Ігар Каляпін.

Перыядычна напады на праваабаронцаў і ўвогуле на актывістаў адбываюцца і ў іншых рэгіёнах. Напрыклад, у Краснадарскім краі восенню мінулага года пацярпелі валанцёры экалагічных арганізацый, якія прыехалі туды змагацца з ляснымі пажарамі. Мясцовыя казакі абвінавацілі актывістаў у тым, што гэта менавіта яны падпальваюць лес, напалі на іх лагер і даволі жорстка збілі.

- Вядома, такія рэгіёны, як Чачня, гэта асобная балючая тэма. Але той жа Камітэт па прадухіленні катаванняў выклікае незадаволенасць дзяржорганаў і тым, што “ўмешваецца” ў  дзейнасць пенітэнцыярных установаў па ўсёй Расіі, дзякуючы магчымасці назіраць за месцамі прымусовага ўтрымання грамадзянаў… Наколькі гэта дзейсны інструмент?

- Сапраўды, некалькі гадоў таму пад ціскам праваабарончай супольнасці быў прыняты закон аб грамадскім кантролі месцаў прымусовага ўтрымання (СІЗА, папраўчыя калоніі, ІЧУ і г.д.). Згодна з ім, у кожным рэгіёне абіраецца грамадская назіральная камісія, якая выконвае гэтыя функцыі. Першапачаткова ў склад ГНК, тэрмін дзеяння якой складае тры гады, увайшло шмат праваабаронцаў. Але летась былі перавыбары ГНК і, у выніку “спецаперацыі” Федэральнай службы выканання пакаранняў, у большасці рэгіёнаў у складзе ГНК апынуліся людзі, якія ніякіх адносінаў да грамадскага кантролю і праваабарончай дзейнасці не маюць. Дастаткова сказаць, што ў склад  Маскоўскай ГНК увайшоў былы дырэктар Бутырскага СІЗА палкоўнік Камноў, які з’яўляецца фігурантам “спісу Магніцкага”. Праваабаронцаў у новых складах ГНК стала значна меней. Калі ў Маскве яшчэ хтосьці застаўся, то ў рэгіянальных камісіях зараз людзі, якія яўна не будуць змагацца з парушэннямі ў Федэральнай службе выканання пакаранняў.

- З якімі праблемамі расійскія праваабаронцы найчасцей сутыкаюцца сёння? 

- У нашай дзяржавы зараз існуюць два асноўныя накірункі для ўдару – гэта свабода асацыяцый, пра якую я ўжо распавёў, і свабода сходаў, якую таксама ўсяляк спрабуюць абмежаваць. Зараз галоўны інструмент барацьбы з грамадзянскай супольнасцю – гэта артыкул Крымінальнага кодэксу РФ, згодна з якім, калі чалавек некалькі разоў выходзіць на несанкцыянаванае мерапрыемства, яго можна прыцягнуць да крымінальнай адказнасці. Як прыклад – гучная справа Ільдара Дадзіна. Гэтая норма аспрэчвалася ў Канстытуцыйным судзе, але вялікіх спадзяванняў на паспяховы зыход у мяне не было, бо Канстытуцыйны суд у нас перастаў выконваць свае функцыі. Увогуле, галоўная праблема Расіі – гэта адсутнасць правасуддзя ў правільным разуменні гэтага слова. У нас ёсць толькі “кішэннае” правасуддзе, калі суды працуюць выключна ў інтарэсах уладаў. Калі ў працэсе ёсць хоць маленькая зацікаўленасць дзяржаўных структураў, то суд абавязкова прыме іх бок, а не бок простага грамадзяніна. Дарэчы, самая распаўсюджаная скарга ў Еўрапейскі суд па правах чалавека – на парушэнне права на справядлівы суд.

Дзяржава наступае з усіх бакоў. Раней у людзей былі нейкія спосабы, каб  даць выхад сваёй пратэстнай актыўнасці, а зараз такіх магчымасцяў амаль не засталося, пры тым што незадаволеных людзей становіцца ўсё болей. Гэта вельмі неразумная палітыка, бо вядома, што калі ў імбрыку затыкнуць усе дзіркі, то ціск унутры яго будзе расці - і ён, урэшце рэшт, выбухне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства