viasna on patreon

Маці палітвязня Аляксея Галаўко: "Ніякіх сумневаў, што гэта сфабрыкаваная палітычная справа, у мяне няма"

2022 2022-01-11T19:45:16+0300 2022-01-12T19:04:45+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/270127061_468650364791370_4157984669062991165_n.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Галаўко

Аляксей Галаўко

"Вясна" паразмаўляла з маці палітвязня Аляксея Галаўко — фігуранта нашумелай справы "Рэвалюцыйнага дзеяння".

11 студзеня Следчае ўпраўленне УСК па горадзе Мінску паведаміла аб завяршэнні расследавання маштабнай крымінальнай справы "Рэвалюцыйнага дзеяння", фігурантамі якой з'яўляюцца Аляксей Галаўко, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр "Вясны" Андрэй Чапюк і яшчэ сем арыштаваных анархістаў. Іх абвінавачваюць у арганізацыі, кіраўніцтве ці ўдзеле ў анархісцкіх групах "Рэвалюцыйнае дзеянне", "Народная самаабарона", "Революцiйна дiя" і будуць судзіць за падзеі перыяду 2016-2020 гадоў. УСК па горадзе Мінску паведамляе, што абвінавачаныя і іх абаронцы азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы, аб'ём якой складае больш за 160 тамоў. Справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Справу ў дачыненні да Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка і яшчэ 8 палітвязняў перадалі ў пракуратуру

Як паведамляе СК, крымінальную справу ў дачыненні да каардынатаркі Валанцёрскай службы “Вясны” Марфы Рабковай, валанцёра арганізацыі Андрэя Чапюка ды яшчэ васьмі палітзняволеных анархістаў перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд.

"Сына выстаўляюць злосным злачынцам"

Аляксея Галаўко затрымалі 5 сакавіка 2021 года. Афіцыйная прычына — пратэсты ў Брэсце ў 2017-2018 гадах супраць дэкрэту аб дармаедах і будаўніцтва акумулятарнага заводу. Таксама, паводле версіі МУС, Аляксей мае дачыненне да "стварэння і ўдзелу ў злачыннай арганізацыі". Хлопцу прад'явілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і паводле ч. 1 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (Стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй). У канцы лістапада 2021 года з'явілася інфармацыя пра тое, што Аляксею інкрымінавалі яшчэ два артыкулы КК: ч. 1 арт. 361 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання) і арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

Пад вартай 20-гадовы хлопец знаходзіцца ўжо 10 месяцаў. Пасля затрымання ў Аляксея быў усяго адзін допыт, пасля гэтага следчых дзеянняў з ягоным удзелам не праводзілі. Яму толькі падаўжалі тэрміны ўтрымання пад вартай. Апошні раз — на чатыры месяцы, да студзеня 2022 года. Усе гэтыя 10 месяцаў хоць штосьці пра Аляксея ў родных атрымліваецца даведвацца з ягоных лістоў ці ад адваката. Трымаюцца на ўспамінах пра жыццё да затрымання Лёшы і вераць у лепшую будучыню. 

"Разам з Лёшам і ягоным айчымам мы жылі ў Брэсце, — кажа пра жыццё "да" Алена Галаўко. — Цяпер я ў Брэсце, а Лёша на Валадарцы. І з яго робяць злоснага злачынцу, якім ён не з'яўляецца. У рэальным жыцці, а не ў той паралельнай рэальнасці, у якой мы цяпер жывём, Лёша добры і адкрыты чалавек. Не канфліктны, але са стрыжнем. Калі ў яго ёсць сваё меркаванне на штосьці, ён будзе стаяць на сваім. Пры гэтым ніколі не гарачыцца. Заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, душа кампаніі, людзі да яго цягнуцца ўвесь час, а ён адгукаецца". 

Алексей Головко

Як распавяла Алена, Лёша хоць і вельмі сціплы, але шматгранны:

"Хадзіў у музычную школу па класе "акардэон", граў на барабанах у музычным гурце "ПараФраз", пры гэтым у яго была і тэхнарская хватка. Вельмі любіў корпацца са сваёй машынай. Пасля 9 класаў паступіў у політэхнічных каледж. У войска пасля яго не трапіў па стане здароўя. Уладкаваўся, як ён сам казаў, "рабацягам" на мясцовы завод, а завочна разам з сябрамі паступіў у БрДТУ". 

Паводле жанчыны, і праца сына, і прафесія, якую ён абраў у каледжы і ўніверсітэце, былі звязаныя з металарэзнымі станкамі. Толькі, праўда, свой першы заробак на заводзе патраціць хлопец так і не паспеў. А ва ўніверсітэце паспеў здаць толькі першую сесію…

"Некалькі дзён мне ніхто не казаў, дзе знаходзіцца Лёша"

Алена добра памятае дзень затрымання свайго сына:

"Гэта здарылася 5 сакавіка. Лёшы дома не было. Незадоўга да гэтага ён выйшаў з дома — збіраўся паехаць да бабулі. І тут да нас дадому з ператрусам прыходзіць ГУБАЗіК. Сказалі, што ператрус звязаны з падазрэннямі ў здзяйсненні злачынства маім сынам, назвалі 285-ы артыкул. У ім гаворыцца пра злачынствы, звязаныя з дзейнасцю па стварэнні злачыннай арганізацыі, кіраўніцтвам злачыннай арганізацыяй і структурнымі падраздзяленнямі, якія ўваходзяць у злачынную арганізацыю".

Як адзначае жанчына, падчас ператрусу дагары нагамі, як гэта часта бывае, іх кватэру не пераварочвалі. Шукалі балончыкі з фарбай, забралі жорсткі дыск камп'ютара.

"Памятаю, як адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіКа мяне спытаў: "А вы ў курсе, дзе ваш сын знаходзіцца?"

Тады жанчына яшчэ не ведала, што Аляксея затрымалі проста каля дома, у той момант, калі ён выйшаў з пад'езда і пайшоў у бок машыны. 

Алексей Головко

"Калі ператрус скончыўся, я пачала тэлефанаваць Лёшу. Але слухаўку ніхто не браў. А потым знік нават сігнал, — узгадвае Алена. — Я тут жа патэлефанавала адвакату, з якім у нас была складзеная дамова. У кастрычніку 2020 Лёшу ўжо затрымлівалі. Спрабавалі абвінаваціць ва ўдзеле ў недазволеных масавых мерапрыемствах. Але тады яго адпусцілі. На здымку, які ў іх быў ў якасці доказу, аказаўся не Лёша. Яны памыліліся. Але дамову з адвакатам разрываць не сталі… Як выявілася, не дарма".

У той дзень, 5 сакавіка 2021 года, Алена абтэлефанавала амаль усе ўстановы ў Брэсце, у якія маглі павезці Лёшу. 

"Знайшла яго ў Брэсцкім СІЗА. Быў ужо вечар, на наступны дзень да яго пайшоў адвакат, але Лёшы там ужо не апынулася. Яго павезлі ў Мінск".

Як узгадвае Алена, наступныя некалькі дзён для яе зрабіліся сапраўдным пеклам. 

"Гэта былі доўгія святочныя. Куды б я ні тэлефанавала, да тэлефона нават ніхто не падыходзіў. У гэтыя ж дні ў мяне памерла бабуля. Ішло пахаванне, а я адчайна спрабавала кудысьці датэлефанавацца, каб даведацца, дзе мой сын і што з ім".

9 сакавіка Алена паехала ў Мінск, каб знайсці Лёшу. 

"Знайшла на Акрэсціна. Там мяне адправілі да следчага. Але я не ведала нават ягонага прозвішча. Ледзь даведалася яго ва УСК па горадзе Мінску. Атрымалася з ім пагаварыць. Ён пералічыў артыкулы, па якіх падазраюць Лёшу, — узгадвае жанчына. — Калі я зразумела, што Лёшу затрымалі менавіта за падзеі 2017 і 2018 года, ніякіх сумневаў у тым, што гэта сфабрыкаваная палітычная справа, у мяне ўжо не было. У цяперашнія часы ў беззаконня з'явілася магчымасць даваць анархістам вялікія тэрміны (ад 5 да 18 гадоў), у той час як яшчэ некалькі гадоў назад часцей давалі штрафы і саджалі на суткі"

Алексей Головко

"У першым лісце сын развітаўся са мной на 7 гадоў. Такі тэрмін яму паабяцалі"

Некалькі месяцаў пасля затрымання Аляксея родныя ўсё яшчэ спадзяваліся, што гэта ўсё скончыцца і хлопца вось-вось адпусцяць. 

"Было ўражанне, што хлопцаў затрымалі па нейкіх спісах перад Днём Волі, а потым думалі, што з імі рабіць. Ужо пазней стала зразумела: калі не выпускаюць, то штосьці прыдумаюць. Я дзяцей лічу закладнікамі ці палоннымі, але ніяк не злачынцамі", — кажа Алена.

Аляксей Галаўко адмовіўся даваць паказанні. Увесь гэты час, што ён сядзіць на Валадарцы, паводле слоў родных, ніякіх следчых дзеянняў не адбывалася.

"Першы ліст ад Лёшы прыйшоў, напэўна, праз амаль два тыдні пасля затрымання. Напісаў, як толькі яго перавялі ў СІЗА на Валадарку. Там жа, у першым лісце, сын развітаўся са мной на 7 гадоў. Такі тэрмін яму там паабяцалі. Выходзіць, яму паабяцалі 7 гадоў турмы яшчэ да таго, як афіцыйна надалі статус абвінавачанага. Я разумела, што ўсё сур'ёзна. Лёшу прыходзіў ліст ад Васкрасенскага з прапановай напісаць прашэнне аб памілаванні. Але ён на яго не адказаў. Прасіць памілавання за тое, што чалавек не рабіў — сур'ёзна?" — задае рытарычнае пытанне Алена, падтрымліваючы рашэнне сына. 

Праз некаторы час Алене патэлефанавалі з універсітэта і сказалі, што Аляксей вінен грошы за навучанне. 

"Гэта нейкі тэатр абсурду, — кажа жанчына. —  Я сказала ім, што плаціць нічога не буду. Да гэтага ва ўніверсітэт я адпраўляла заяву Лёшы аб акадэмічным адпачынку. Але яе адмовіліся прымаць. Сказалі, што неабходная ягоная асабістая прысутнасць: маўляў, а раптам гэта Лёша не сам заяву напісаў. Калі я прапанавала ім зверыць ягоныя подпісы на дакументах для пацверджання асобы, яны адмовіліся гэта рабіць і прапанавалі мне аформіць даверанасць. Але зрабіць гэта аказалася практычна нерэальна. Мы махнулі на гэта рукой. Пасля гэтага Лёшу хуценька адлічылі". 

Алексей Головко

"За 10 месяцаў змяніў чатыры камеры"

Лісты ад Аляксея прыходзяць Алене не вельмі часта. Шмат якія з іх проста заварочваюць. Дый сам ён не асабліва любіць раскрываць душу.

"Першыя лісты ад яго былі дэпрэсіўнымі. Дый мае, калі шчыра, таксама, — прыгадвае Алена. — Потым пасварылася на яго, маўляў, хопіць тугі. Стаў пісаць штосьці весялейшае ці максімальна нейтральнае. Кажа пра тое, што кожны дзень у турме падобны да дня сурка, пра тое, што вельмі не хапае ягонай улюбёнай музыкі, пра тое, што вельмі сумуе па нашым каце, што мыцца і галіцца цяпер даводзіцца толькі раз на тыдзень".

Алена распавяла, што за 10 месяцаў, якія Аляксей сядзіць на Валадарцы, ён змяніў ужо чатыры камеры.

"Піша, што кожны дзень падобны на папярэдні. Навіны даведваецца, галоўным чынам, з тэлевізара, чытае газету "Беларусы і рынак".

Доўгі час звесткі пра тое, у якім стане знаходзіцца сын, Алена атрымлівала толькі ад адваката і са скупых на падрабязнасці лістоў.

"Адвакат казаў, што Лёша спакойны як удаў. Нават жартуе, калі чытае матэрыялы сваёй справы. Ён разумее, што тэрмін будзе вялікі, і рыхтуецца да гэтага. Раздаў сябрам нават усе свае пажыткі", — кажа жанчына.

Разважаючы пра тое, дзе ў такой сітуацыі браць сілы, Алена прызнаецца:

"Ведаеце, я ўвесь гэты час адчувала і працягваю адчуваць падтрымку. Я ведаю, што сябры Лёшу ўвесь час пішуць, я размаўляю з роднымі іншых палітвязняў, а ў маім асяроддзі не засталося нікога, хто б асуджаў мяне ці майго сына. Часам дапамога і падтрымка наогул прыходзіць ад незнаёмых людзей. Да прыкладу, калі я першыя разы прыязджала ў Мінск, тады яшчэ толкам не разумела, як дабрацца да Валадаркі. Выклікала таксі. Калі таксісты даведваліся, што я еду да сына ці ад яго, з мяне адмаўляліся браць грошы. Неяк збірала Лёшу фруктовую перадачу на Камароўцы. Калі жанчыны-прадаўцы даведаліся, што я збіраю перадачу для палітычнага, са слязьмі на вачах бясплатна паклалі ў торбы 5 кг садавіны.

Калі мяне запытваюць, як у мяне атрымоўваецца трымацца так бадзёра, адказваю: "Я не магу змяніць падзеі, але я магу выбраць, як на іх рэагаваць. Я бачу, якія прысуды сёння выносяць затрыманым беларусам, таму на сумленнасць, людскасць і літасць да майго сына я не разлічваю. Ілюзій з гэтай нагоды ў мяне не засталося. Я гатовая да любога прысуду. Але веру, што бясконца гэты кашмар доўжыцца не будзе. Рана ці позна ўсё зменіцца. 

Пакуль жа я пішу Лёшу па 2-3 лісты на тыдзень, стараюся адпраўляць перадачы. Просіць самае элементарнае — чай, каву, цыгарэты. Раней ён быў вегетарыянцам, перадаю яму вегетарыянскую каўбасу. Але насамрэч ён як быў, так і застаецца абсалютна непераборлівым". 

Алексей Головко

"Сваёй пазіцыі з нагоды таго, што адбываецца, не змяніў"

Доўгі час Алене не давалі спаткання з сынам. Следчыя казалі, што для іх няма падставаў. Першае спатканне дазволілі ў лістападзе 2021 года, а 22 снежня Алена пабачыла сына другі раз за 10 месяцаў.

"Выглядае бадзёра. Разумее, што будуць вялікія тэрміны і калонія, — распавядае пра свае ўражанні ад сустрэчы з Лёшам Алена. — Канечне, цяжка ў турэмных умовах, але неяк прыстасоўваецца. Не заўважыла, каб ён моцна змяніўся. На пытанне пра тое, як ставіцца да цяперашніх падзеяў, адказаў: "А што, раней было па-іншаму?".

Распавёў, што сваёй пазіцыі з нагоды таго, што адбываецца, не змяніў. Што два разы пакаралі за сон. Спаў пасля пад'ёму. Уменне спаць у любым стане і любой сітуацыі грае не на ягоную карысць у дадзеным выпадку. На здароўе асабліва не скардзіцца, але быў прастуджаным, затое палячыў зубы. Я здзівілася".

Казаць пра крымінальную справу ў дачыненні да Лёшы Алена можа хіба што эпітэтамі.

"Гэта фантастычны твор сучасных беларускіх творцаў, — адзначае жанчына. — Новага па ёй нічога няма. Ведаю, што ёсць шмат фатаграфій, нейкія відэа. Напэўна, нават калі б доступ да гэтай справы быў, вялікага сэнсу паглыбляцца ў ейныя падрабязнасці не было б.

Ейны агульны пасыл такі: уяўляў небяспеку для чалавецтва і свету, і толькі філігранны прафесіяналізм адмыслова навучаных людзей нарэшце змог спыніць шматгадовую крымінальную дзейнасць злачыннай групоўкі. Ну, і калі ўжо хтосьці там вырашыў зрабіць Лёшу кіраўніком, то вырашылі абвінаваціць яго і ў дзеяннях астатніх. Упэўненая, што суд будзе закрытым".

Па дарозе дадому пасля спаткання з сынам на сваёй старонцы ў сацсетках Алена напісала: 

"Вярталася дадому. Чатыры гадзіны ў плацкартным вагоне. Побач тры гадзіны запар выпадковыя спадарожнікі пра штосьці размаўлялі, хочучы-няхочучы, але штосьці пачуеш. Казала дзяўчына — выпускніца апошняга курсу юрфака. Ейныя словы разанулі вуха: "Пайду працаваць "следаком", ці дарма столькі вучылася?". Я ў гэты час чытала толькі што набытую кнігу Герты Мюлер "Сёння я не хацела б з сабой сустрэцца" пра жыццё шараговага чалавека ва ўмовах дыктатуры Чаушэску ў атмасферы страху. Узнікла адчуванне існавання некалькіх паралельных рэальнасцяў".

Адвакат і сям'я Аляксея Галаўко рыхтуюцца да таго, што суд па ягонай справе адбудзецца сёлета ў студзене-лютым. Адзінае, чым цяпер можна падтрымаць Аляксея, — пісаць яму лісты.

Адрас для лістоў:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксею Ігаравічу Галаўко

Партнёрства

Сяброўства