"З 17 чалавек семярых пасадзілі". Гісторыя экс-палітвязня, які знаходзіўся ў працоўным чаце
Ілля (імя зменена ў мэтах бяспекі) жыў у адным з раённых гарадоў, працаваў на буйным прадпрыемстве, меў высокі заробак і ўваходзіў у склад працоўнага тэлеграм-чата. За што і адбыў тры з паловай гады калоніі паводле дыфамацыйных артыкулаў. Цяпер ужо былы палітвязень распавёў "Вясне" пра тое, які шлях яму давялося прайсці.
Мы ў чаце пачалі дзяліцца думкамі
Я вызваліўся ў пачатку чэрвеня 2024 года. Першыя пару дзён пасля вызвалення было дзіка, напрыклад адзін раз мяне напалохаў сіні бусік. Падумаў: "Зноў сустракаюць". Мне трошкі прасцей было, таму што праз сваю прафесію я быў пастаянна ў камандзіроўках, так што маё зняволенне – як "зацягнуты ад'езд". Асіміляваўся пасля вызвалення хутка. Бо, паўтаруся, праз працу я па паўгода за год з перапынкамі быў у раз'ездах, то-бок прывык быць не дома. Адпаведна, калі мяне не было тры месяцы, то цяпер, падчас зняволення, мяне не было тры гады. І па адчуваннях розніца была невялікая – літаральна за пару дзён яна нівелявалася. Бо арганізм псіхалагічна прывыкае да розных умоў.
Дыфамацыйных артыкулаў у мяне было тры, сярод іншага і "абраза Лукашэнкі". У нас быў закрыты чат сярод калег, і мы там размаўлялі спачатку на вытворчыя тэмы, вырашалі без начальства больш аператыўна нейкія пытанні. І абмяркоўвалі розныя моманты. І калі пачалася ўся гэтая дзвіжуха ў 2020 годзе, натуральна, тэма стала актуальнай, і мы ў чаце пачалі дзяліцца думкамі. І за некаторыя такія меркаванні... Да гэтага часу не ведаю, як да іх трапіў гэты чат, бо ён быў закрыты, толькі сярод нашых калегаў. І вось там яны паглядзелі ўсе гэтыя каментары, і з 17 чалавек сем пасадзілі.
Проста ваенізаваныя дзядзькі
Вясной 2021 года мяне затрымалі. Спачатку пасадзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, а на дзявятыя суткі далі першы артыкул 368 [абраза прэзідэнта], а потым восенню зверху накінулі артыкулы 130 [распальванне іншай сацыяльнай варожасці] і 369 [абраза прадстаўніка ўлады].
Затрымлівалі мяне дома. Я прачнуўся праз тое, што мяне ласкава тузае па плячы супрацоўнік АМАПу. Я спаў у ложку з сынам пасля працы. Было спакойна, без крыкаў – можа таму што дзеці спалі. Так што нешта чалавечнае месцамі праскоквае ў іх. Сказалі: "Збірайся". Нічога толкам не патлумачылі, жонцы таксама нічога не сказалі, куды мяне забіраюць. Толькі таму, што ў аднаго на бронекамізэльцы было напісана "АМАП", і адзін быў у форме (напэўна, участковы), можна было зразумець, што гэта міліцыя. А так наогул нейкія проста ваенізаваныя дзядзькі.
І павезлі у бусіку. І ўжо калі мы ехалі, яны пыталіся: "Ну што, ты здагадваешся, за што мы цябе?" Я кажу: "Я нікога не забіваў, нічога не краў, значыць па палітыцы". Яны кажуць: "Правільна".
Цэлая спецаперацыя
Адвезлі ў мясцовае РУУС. І нас туды звезлі ўсю банду з чата. Цэлая спецаперацыя ў іх была: і з працы забіралі людзей, і з дамоў – усіх, хто быў у гэтым чаце. Нават чалавека прывезлі, які жыў у суседнім горадзе. Мяне спачатку дапыталі, потым павезлі на агляд (яны шукалі прычыну, па якой мяне зачыніць, думалі, што можа нейкі рэшткавы алкаголь у мяне ёсць). Пасля абеду прывезлі чалавека з суседняга горада. Ён быў, дарэчы, стваральнікам гэтай тэлеграм-групы.
Увогуле, на ІЧУ засталося дзесьці чатыры чалавекі з нас. Астатніх адразу адпусцілі, але потым некаторых зноў забралі. Сярод гэтых чатырох быў і я. Нам спачатку ўсім па 10 сутак далі. У ІЧУ быў спецыяльны пакойчык, туды прыехаў суддзя, нас выпусцілі з камеры. Суддзя нібыта нават нейкія пытанні задаваў... Ну і натуральна: "У нас няма прычын не верыць супрацоўнікам унутраных органаў, ідзіце сядзіце далей за непадпарадкаванне законным патрабаванням". Нібыта я не падпарадкаваўся законным патрабаванням, калі мяне папрасілі прайсці з імі.
"Ну ўсё, цяпер ты ў нас палітычны"
Пакуль былі гэтыя 10 сутак, яны мабыць шарсцілі наш чат і шукалі каго за што пасадзіць. Наконт каго былі адразу пытанні – у чацвярых – нас адразу закрылі. А ў астатніх шукалі, каму і што прад'явіць. Яны ж глядзелі тэлефоны ў тых, каго забралі. У мяне гэты чат быў выдалены і пачышчаны, а ў двух чалавек – не.
На дзявятыя суткі ўвечары, амаль а пятай гадзіне, мы думалі: "Ну ўсё, пранесла, зараз 10 сутак пройдзе – і звальваем, і будзем куды-небудзь уцякаць з краіны". Толькі расслабіліся – нас клічуць уніз, там сядзяць аператыўнікі і даюць паперкі: "Вось, распішыцеся, на вас узбуджаны 368 артыкул" (абраза Лукашэнкі). І ўсё – вярнулі ў камеру, на наступную раніцу перавялі з камеры для адміністрацыйна асуджаных ужо да крымінальнікаў. І адразу ж забралі матрацы. Сам паставы міліцыянт сказаў: "Ну ўсё, ты цяпер у нас палітычны, таму трэба забраць матрацы".
З канца ліпеня – пачатку жніўня справу перадалі ў вобласць, калі з'явіўся 130 артыкул. Мабыць, летам нешта знайшлі, правялі экспертызы. Я так зразумеў, экспертаў мала па такіх справах, і таму вялікая чарга была. І таму я чакаў з лета амаль да кастрычніка вынікаў гэтых каментароў.
Што азначае смайл
Два пасяджэнні суда яны разбіралі, што азначае смайл (там былі проста дужачкі). Накшталт, ці можна дзякуючы смайлу расцаніць каментар як жарт, а не як заклік да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў.
Суд працягваўся нядоўга – мяне даволі хутка, за два тыдні, разгледзелі. Увесь гэты час я знаходзіўся ў абласным СІЗА, а суд таксама быў абласным – праз 130 артыкул. Бо гэта "вельмі сур'ёзнае злачынства". Нароўні з генацыдам і экацыдам. Нават смешна месцамі.
Суд быў закрыты. Не ведаю, чаму. Хутчэй за ўсё таму, што там фігуруюць асобы – і каб не падарваць іх аўтарытэт. Ён пачаўся ў лютым.
Мне прысудзілі тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Яшчэ быў тры месяцы ў чаканні апеляцыі. Яна была ў Вярхоўным судзе. Туды я не ездзіў, але прыйшла паперка: нейкі пракурор нават падаў пратэст, што мне занадта шмат далі. Але суд пакінуў усё без зменаў.
Мы там асобная група
У калонію № 15 я прыехаў 9 траўня. Вясёлага там мала, але жыць можна. Мабыць, мой сталы досвед адбіваўся, напрыклад, жыцця пасярод Венесуэлы ў намёце, і мне не такімі падаюцца гэтыя ўмовы жорсткімі... Прыемнага, натуральна, мала, камфорту асаблівага няма. Але гэта яшчэ ад атрада залежыць. Ёсць атрады, дзе рамонт больш ці менш свежы. Я быў у такім.
Я адчуваў іншае стаўленне, бо палітычны. Мы там асобная група. Там калі абагульняць, то ёсць тры катэгорыі: звычайныя "бандзюжкі", нізкі статус і мы.
У нас быў момант: адзін з палітычных пераключыў у тэлевізары на футбол. Камусьці гэта не спадабалася, пайшоў паскардзіўся атрадніку – і мы тыдзень слухалі гімн праз гэта. Гэта значыць начальнік атрада нас сабраў і сказаў: "Вас аб'яднаў 20-ы год, і таму за касякі кожнага будзеце адказваць калегіяльна". І вось так: раніцай, калі ён прыходзіў на працу, ён уключаў гімн на тэлевізары – і мы стаялі слухалі яго, і ўвечары (калі ў яго вячэрняя змена) перад адбоем ён сыходзіў і уключаў гімн. Але даволі хутка ён гэта спыніў: спачатку сказаў, што такое будзе два тыдні – але дні чатыры сам пратрымаўся. Таму што зразумеў, нам пофіг. Магчыма, гэта было для таго, каб паміж намі разлад пасеяць. Але ў нас быў больш ці менш згуртаваны калектыў, і мы ўсе разумелі, што гэта лухта поўная. Да таго хлопца (які пераключыў на футбол) у нас ніякіх прэтэнзій не было.
Увесь атрад наш быў каля ста чалавек, і сярод іх чалавек 12-15 было палітычных. Паводле якіх артыкулаў? Большасць – гэта "абраза", 130-х некалькі штук. Артыкулы разнастайныя, але ў асноўным большасць каментатараў. Ну і яшчэ рэшткі за мітынгі (342, 293). Быў адзін, які перавёў данат у 15 рублёў кудысьці. Калі разбірацца, там смешныя нагоды, за што людзей садзяць. Калі з боку глядзець.
Праца
Праз тое што нам, палітычным, нельга на крутыя па зонаўскіх мерках працы (дзе патрэбная кваліфікаваная праца, напрыклад СТА – прыязджалі міліцэйскія машыны, а іх там чынілі, РМУ – рамонтна-механічны ўчастак), то ў нас стварылі асобную маленькую брыгаду: мы хадзілі чысціць дрот, а калі нас сабралася ў атрадзе пад дзесяць чалавек, мы пачалі аказваць "лагістычныя паслугі": вазілі на возе дрот, прывозілі ў цэх неачышчаны, а назад везлі асобна алюміній і асобна смецце ад дроту. Мы жартавалі, што ў нас транспартная кампанія.
У мяне быў 10-ы прафулік: "схільны да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасці". У тых жа, хто сядзеў за мітынгі, было яшчэ і "схільны да нападу". Гэтыя ўлікі яны раздаюць ня зыходзячы з паводзін, а зыходзячы з артыкула.
Запісаў 40 чалавек, а пасадзілі толькі нас
У ШІЗА я быў за тое, што не паспеў выйсці на праветрыванне. У пэўны час усе мусяць спусціцца ў лакальны ўчастак, бо ў бараку ўборка, і там адкрываюцца форткі. Але звычайна большасць на гэта ўсё ўвагі не звяртае, і ніхто нікуды не ходзіць. Але тут прыйшоў адзін міліцыянт – і ўсіх, хто не паспеў, запісаў сабе. Ён запісаў 40 чалавек, але пасадзілі толькі нас, прафулік (а гэта палітычныя). Мне далі пяць сутак, толькі. Больш у ШІЗА я не быў. На першых зносінах з аператыўнікам той сказаў: "Вось ад цябе залежаць складанасці, з якімі ты тут сутыкнешся. Сядзі з закрытым ротам – і ўсё будзе нармальна".
"Чаго табе не хапала?"
Самае частае пытанне ў міліцыі было на ўсім этапе следства: "Чаго табе не хапала?" Я казаў: "Вы не зразумееце. Раз вы пытаецеся гэта, вам не растлумачыць". Я працаваў на буйным прадпрыемстве, у мяне быў вялікі заробак. А мне не хапала свабоды. Не ведаю, як гэта растлумачыць... Яшчэ да ўсіх гэтых падзей мяне пачало чапляць, што беларусам напляваць на сваю нацыю, на сваю мову, людзі не хочуць размаўляць на беларускай мове, не ведаюць сваёй гісторыі. Як кажуць па тэлевізары, наша гісторыю пачалася ў 1945 годзе, калі нас вызвалілі ад немцаў, і ўсё. А да гэтага была проста пустэча, ніводнага чалавека, ніякай гісторыі няма. Вось гэта мяне турбавала.
Але цяпер ужо менш. А на той момант мяне больш за ўсё гэта чапляла. Я нават у СІЗА, калі казалі іншыя людзі на мяне: "Вораг народа", адказваў: "Я не вораг народа, я вораг дзяржавы". Але калі мяне прывезлі ў зону, і я паглядзеў на людзей, якія там сядзяць і якія казалі мне таксама: "Чаго табе не хапала?", я зразумеў: "Я згодны, я вораг народа. З вашым народам я больш агульнага нічога не хачу мець". Глядзіш на тое, як людзі рэагуюць на тое, што гавораць па тэлевізары, слухаеш, пра што яны паміж сабой размаўляюць – з гэтага робіш выснову. Усім неяк "чарка, скварка" – і больш нічога не трэба. Цікавіць толькі свой дабрабыт. Ім да лямпачкі, як будзе краіна называцца, якая грашовая адзінка будзе – рубель або талер, ім усё гэта ўсё роўна. Калі ў іх будзе прыбытак на свае цацкі – яны на ўсе згодныя. А мяне такое не задавальняе.
Камфорту ад гэтага няма ніякага
Самым цяжкім падчас майго зняволення было разумець тое, што сям'я засталася без маёй дапамогі. У мяне двое дзяцей, а праз пэўныя абставіны жонка не магла працаваць, яна даглядала за малодшым дзіцем, і адпаведна працаваў толькі я. Мяне пасадзілі – грошай няма. Вось гэта турбавала.
Я вырашыў з'ехаць з Беларусі таму, што выйшаў – а мне далі нагляд. Я павінен у іх з'яўляцца, на лекцыі хадзіць, плюс яны могуць у любы час прыйсці мяне праверыць. Ты спіш ноччу, дзеці спяць – і а палове на другую ночы могуць прыйсці. Адчыняеш дзверы – паперка – распісаўся. Камфорту ад гэтага няма ніякага. Акрамя таго, страх на самай справе застаўся, бо разумееш, калі яны тут знайшлі, за што (мяне пасадзіць), гэта можа быць не ўсё. І рана ці позна можа яшчэ нешта ўсплыць. Таксама практычныя меркаванні: усё роўна пачынаць усё трэба з нуля – і чаму б не пачаць гэта ў больш спрыяльных для гэтага ўмовах: у іншай краіне.