viasna on patreon

Праз фізіку і філасофію — да абароны правоў чалавека (частка 3) Фота

2018 2018-05-10T13:21:00+0300 2018-05-11T14:31:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/procka_33.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мы з'ездзілі ў вёску каля Смалявіч, каб шчыра паразмаўляць з вядомай праваабаронцай Таццянай Процькай пра тое, як яна прыйшла да абароны правоў чалавека, як заснавалася вядомая грамадская арганізацыя БХК, з якімі складанасцямі сутыкаліся праваабаронцы на пачатку 2000-х, і вырашэннем якіх праблем займалася грамадзянская супольнасць у часы станаўлення незалежнай Беларусі.

procka_33.jpg
Таццяна Процька з мужам каля свайго дома

“Мы павінны былі падцвердзіць, што дзейнічаем згодна з Канстытуцыяй 1996 г.”

— Калі былі прыняты змены ў Канстытуцыю ў 1996 г., то ўсе арганізацыі павінны былі перарэгістравацца, тым самым прызнаць новую Канстытуцыю. Бо палова ж Беларусі тады ўвогуле не прызнавала вынікі праведзенага рэферэндума. І таму ўсе зарэгістраваныя арганізацыі павінны былі прайсці перарэгістрацыю. Так і мы павінны былі падцвердзіць, што дзейнічаем згодна з Канстытуцыяй 1996 г. Для нас гэта было вельмі складана, бо нашая пазіцыя па гэтай сітуацыі была зразумелая. Але мы неяк абыйшлі гэта і наўпрост не пазначылі, што мы яе прызнаем, але і не адвяргаем.

procka_31.jpg
Вытрымка са Статута БХК пасля перарэгістрацыі ў 1996 г. З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Памятаю мы падалі ў Міністэрства юстыцыі дакументы на перарэгістрацыю, чакалі доўга, а потым мяне выклікалі і паведамілі, што БХК усё ж такі перарэгістравалі, падаўшы гэта як нейкі падарунак.

У аэрапорце сказалі, што забіраюць даклад па правах чалавека на падставе таго, што гэта кампраметуе дзяржаву”

Перад афіцыйным паседжаннем Камітэта па правах чалавека ААН, дзе выступаюць толькі дзяржавы з дакладамі, маюць права выступаць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці з альтэрнатыўным дакладам па правах чалавека. З 1997 па 2017 год Беларусь не прадстаўляла афіцыйныя справаздачы. Таццяна Процька патлумачыла, чаму 20 год улада не прадстаўляла перыядычныя даклады па правах чалавека ў КПЧ ААН.

— У 1997 годзе я ехала ў Жэневу з такім альтэрнатыўным дакладам. У дадатак да яго мы адснялі відэастужкі з разгонам дэманстрацый. Але адразу да Жэневы тады даехаць не атрымалася - мяне затрымалі ў Мінску ў аэрапорце. Супрацоўнікі КДБ сказалі, што забіраюць даклад і іншыя матэрыялы на падставе таго, што гэта кампраметуе дзяржаву. Я кажу: дайце мне паперу, дзе было б напісана, што гэта неяк кампраметуе беларускую дзяржаву на міжнародным узроўні. Зразумела, што яны нічога не прадаставілі.

procka_34.jpg
Даклад БХК па правах чалавека. Узнагарода Таццяны Процькі ад ПЭН-Цэнтра. З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Супрацоўнікі КДБ вырашылі праглядзець відэастужкі проста ў аэрапорце. Тады амаль усе працаўнікі аэрапорта сышліся глядзець гэтыя відэазапісы. Яны ўсе былі шакаваны, бо даведацца пра такое ў тыя часы было амаль немагчыма, калі ты сам не з’яўляўся ўдзельнікам дэманстрацыі. Мяне затрымалі на суткі, але ўрэшце ўсё ж такі вырашылі аддаць даклад і адпусціць.

Хоць і са спазненнем, але я прыляцела і паспела выступіць у КПЧ ААН. Падчас усяго паседжання круцілі мае відэастужкі. Цікава, што мой даклад тады размножылі, і калі дзяржаўныя прадстаўнікі выступалі з дакладам па правах чалавека, то прысутныя амаль кожны пункт афіцыйнага даклада перакрывалі нашым дакладам. Пасля гэтага дзяржава на доўгі час ўвогуле кінула рабіць справаздачы (даклады) па правах чалавека.

“Таццяна Сяргееўна, мы нічога змяніць не можам, але жыццё мы ім сапсуем!”

— Адной з перамог лічу, тое, як ў 2000-х мы даказалі ў Смалявічах фальсіфікацыю на выбарах. Пракуратура прызнала гэта, але нікога не прыцягнула да адказнасці, бо сказалі, што на агульныя вынікі гэта ўсё роўна не ўплывае. Мясцовы пракурор мне сказаў: “Таццяна Сяргееўна, мы нічога змяніць не можам, але жыццё мы ім сапсуем!” Вінаватых доўга выклікалі на допыты, размовы, і болей гэтых асоб на выбары не ставілі.

procka_36.jpg
Публікацыі БХК у "Народнай воле". З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Падчас працы я кантактавала з шматлікімі дзяржаўнымі чыноўнікамі. Калі размаўляла з міністрамі, то бачыла, што яны ўсё разумеюць, але яны нявольныя і несвабодныя. Часта чула: “Таццяна Сяргееўна, ну Вы жа самі ўсё разумееце…”

На дзяржаўных пасадах у нас засталася безадказнасць і бездапаможнасць асобнага чалавека. Асноўная бяда кіруючага апарата ў Беларусі, што ніхто не хоча ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць адказныя рашэнні.

 “Калі заканадаўца хоча, каб смяротнае пакаранне захавалася - то ён паставіць пытанне на рэферэндум”

Тэма смяротнага пакарання пасля правядзення рэферэндума 1996 г. з’яўлялася на тыя часы не менш актуальнай, чым цяпер. Таццяна Процька ўспамінае, як тады грамадскасць ставілася да гэтага пытання.

— У планах БХК было распачаць цэлую кампанію супраць смяротнага пакарання. Сябра БХК Валер Філіпаў ездзіў па абласных гарадах з выставай фотаздымкаў, макетаў па тэме таго, як ажыццяўляецца выкананне смяротнага прысуду. Гэта быў першы праект у межах кампаніі.

Я напісала вялікі праект па смяротным пакаранні. Яго сутнасць складалася менавіта ў падрыхтоўцы грамадскай думкі да адмены смяротнага пакарання. Бо галоўнай аргументацыяй захавання смяротнага пакарання ў Беларусі з’яўлялася, і цяпер з’яўляецца, што грамадская думка Беларусі не падрыхтаваная.

У межах кампаніі планавалася арганізацыя шматлікіх тлумачальных размоваў з грамадствам, правядзенне семінараў сярод журналістаў, каб яны разумелі, як падаваць гэтую тэму грамадству. Трэба было напрацаваць добрую аргументацыю.

Падчас візітаў у Жодзінскую турму, самі супрацоўнікі турмы, якія маюць непасрэдны кантакт з людзьмі асуджанымі да смяротнага пакарання, казалі, што такое пытанне нельга ставіць на рэферэндум. Відавочна, што калі заканадаўца хоча, каб смяротнае пакаранне захавалася - то ён паставіць пытанне на рэферэндум. Людзі заўсёды прагаласуюць за смяротнае пакаранне. І гэта ўсе ведалі. Але наш праект тады не знайшоў падтрымкі.

“Праваабаронцам у Беларусі быць цяжка, бо наша дзяржава не выносіць крытыкі”

— Праваабарончая дзейнасць - эмацыйна складаная для людзей, бо працуеш штодзень далёка не з радаснымі падзеямі і старонкамі жыцця людзей. І гэта маральна цяжка. Адзінае, што выратоўвае ў такой працы - падтрымка ўнутры грамадзянскай супольнасці. Цяпер яна больш-менш сфарміраваная, а ў нашыя часы такога яшчэ не было.

Праваабаронцам у Беларусі быць цяжка, бо наша дзяржава не выносіць крытыкі. Зразумела, што гэта неправільна, і трэба выпраўляць такую сітуацыю. Пры любых абставінах, у дзяржаве павінен быць нейкі незалежны арбітр, які будзе даваць аб’ектыўную інфармацыю. Бо левая рука дзяржавы не можа заахвочваць, а правая караць.

Сэнс грамадзянскай супольнасці ў тым, каб даваць сігнал дзяржаве, калі нейкія яго механізмы пачынаюць працаваць неналежным чынам. Пакуль такая сістэма не будзе наладжана, то ў грамадстве не будзе парадку.

procka_32.jpg
Таццяна Процька і Біл Клінтан пры ўручэнні БХК узнагароды за абарону правоў чалавека. З прыватнага архіву Таццяны Процькі

Пачатак чытайце тут:

Першая частка: Праз фізіку і філасофію — да абароны правоў чалавека (частка 1)

Другая частка: Праз фізіку і філасофію — да абароны правоў чалавека (частка 2)

Партнёрства

Сяброўства