viasna on patreon

Жанна Літвіна: ад працы на радыё да праваабароны адзін крок (частка 2) Фота

2018 2018-07-13T18:49:00+0300 2018-07-16T12:14:49+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/litvina_111.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

“Вясна” схадзіла ў госці да вядомай абаронцы правоў журналістаў Жанны Літвіной, каб даведацца пра яе асабісты шлях да праваабароны. Пра што не маўчалі ў першых незалежных радыё? Калі адбыўся раскол журналістаў на дзяржаўных і незалежных? Як грамадства аднеслася да першых хваляў рэпрэсій журналістаў і рэдакцый у незалежнай Беларусі?

“Было разуменне, што неяк трэба ратавацца, выходзіць з гэтага замкнёнага кола”

— На выбарах 1994 г. я і мая калега Таццяна Мельнічук з’яўляліся даверанымі асобамі кандыдата ў прэзідэнты Станіслава Шушкевіча. А даверанымі асобамі Зянона Пазняка выступалі Алена Радкевіч і Віталь Семашка. Нашай задачай было, у тым ліку, праводзіць эфіры на тэлебачанні. На гэтых падставах мы мелі права да выбараў наведваць Дом Радыё. Таму я магла працаваць у сваім кабінеце, хоць рэдакцыю “Беларускай маладзёжнай” ужо расфарміравалі да таго часу. Дарэчы, на той момант у “Беларускай маладзёжнай” ужо была зарэгістраваная аднайменная газета. Яе першы нумар выйшаў агромністым накладам. Там мы дапамагалі Шушкевічу ў яго перадвыбарчай барацьбе.

Шчыра кажучы, падчас працы на “Беларускай маладзёжнай” прысутнічала адчуванне, што гэта ўсё ў рэшце рэшт можа нядобра скончыцца. Было разуменне, што неяк трэба ратавацца, выходзіць з гэтага замкнёнага кола. Таму на перыяд расфармавання радыёстанцыі ў нас поўным ходам ішоў працэс атрымання частаты для новага радыё “101,2”. Але прозвішча Літвіны там не фігуравала, каб не было пэўных перашкодаў пры рэгістрацыі частаты. Вельмі нам дапамог малады бізнэсовец Міхаіл Князевіч, якому я неверагодна ўдзячная. Гэты чалавек з чыстымі блакітнымі вачыма прайшоў усе інстанцыі Мінсувязі, Мініфармацыі, тым самым атрымаў усе патрэбныя дазволы для нашага новага радыё. Пры гэтым, мы паралельна вялі перамовы з фондам Сораса пра дапамогу з перадатчыкам. І калі яго атрымалі, адразу сумленна паставілі на баланс Мінсувязі.

101.2_0.jpg
Калектыў радыё "101,2". Фота прадастаўлена з архіву "БАЖ"

“Маці зачыненых радыёстанцый”

— У ліпені запрацавала радыё “101,2”. Пасля гэтага, тады яшчэ намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Уладзімір Заметалін запатрабаваў да сябе ўсе рэгістрацыйныя дакументы. Пра гэта нам сказалі пазней ў Мінсувязі. Ён дасканала вывучыў іх і пераканаўся, што ўсё было законна. Дакументы вярнулі, але гэта не выратавала радыёстанцыю.

Аднойчы на “101,2” выступаў спікер Парламента Сямён Шарэцкі. Адзін са слухачоў, які датэлефанаваўся ў студыю, у прамым эфіры спытаў: “Чаму Вы сваю пазіцыю агучваеце тут, на гарадскім радыё? Як гэта спікер беларускага Парламенту ня можа атрымаць аўдыторыю?” На што спадар Шарэцкі адказаў: “А ў мяне іншай магчымасці няма!” Пасля гэтага стала зразумела, што такое не даруюць.

Праз год і два месяцы, на мой дзень народзінаў, радыёстанцыю закрылі. Проста ў адзін ясны жнівеньскі дзень выпаўз факс без подпісу. У ім паведамлялася, што наш перадатчык, які ўсталяваны на Плошчы Перамогі, стварае тэхнічныя перашкоды спецсувязі міліцыі, хуткай дапамогі. Хаця само Міністэрства сувязі яго і ўсталёўвала! Пазней гэтую частату перадалі БРСМ. Такім чынам, перадатчык коштам у 20 тысяч даляраў назаўсёды застаўся на балансе Мінсувязі.

Мяне калісьці сябры называлі “маці зачыненых радыёстанцый”. Пасля працы шэф-рэдактаркай беларускай службы “Радыё Свабода”, калегі жартавалі: “Скажыце дзякуй, што сышла са Свабоды!

piket-supracounikau-radyio-101.2-na-vul.
Пікет супрацоўнікаў Радыё "101.2" на вул. Леніна ў Мінску, 1996 г. Фота прадастаўлена з архіву "БАЖ"

“Але, замест тых абяцанняў, пачалася хваля рэпрэсій”

— З таго часу пачаўся прыгнёт незалежных СМІ. Аднак гэта не паўплывала на іх масавы выхад у свет. Гэта была такая эйфарыя! У 1988 годзе выйшла, як лічыцца, першая незалежная газета Беларусі — “Навіны БНФ”. А ў 1991 годзе беларускі журналіст Алесь Ліпай ужо стварыў першае інфармацыйнае агенства БелаПАН. Таму да 1994 году ўжо склаўся цэлы інстытут незалежнай прэсы, куды ўваходзілі “Свободные новости», «Белорусский рынок», «Биржи и банки БДГ», «Свобода».

Памятаю цікавую рэч, летам 1994 г. перад самымі прэзідэнцкімі выбарамі на адной з прэс-канферэнцый Лукашэнка абяцаў у выпадку перамогі на выбарах шмат чаго зрабіць для развіцця журналістыкі. Напрыклад, зняць манаполію дзяржавы на СМІ, спыніць усялякія пераследы па палітычных матывах, ды ўвогуле стварыць для журналістаў нармальныя ўмовы для ажыццяўлення сваёй дзейнасці. Таксама абяцаў наладзіць сістэму, дзе чыноўнікі б бесперашкодна прадастаўлялі інфармацыю журналістам. Многія верылі камандзе Лукашэнкі, бо быў іншы час. Мы спадзяваліся, што з яго прыходам да ўлады канчаткова пазбавімся ад савецкага мінулага. Думалі, што гэта свежае дыханне, і далей усё будзе інакш...

Але, замест тых абяцанняў, пачалася хваля рэпрэсій. Кожны рэдактар адчуваў адзіноту сярод закрыванняў рэдакцыяў і ламанняў лёсаў журналістаў. І, ня гледзячы на неверагодную хвалю салідарнасці, палітычную актыўнасць у краіне, вялікую колькасць прыхыльнікаў нашых эфіраў, нас усё роўна не пакідала адчуванне разбітасці і бездапаможнасці. Гэта быў адзін са штуршкоў, асабіста для мяне, для стварэння грамадзянскай структуры, якая падстаўляла б плячо і была прасторай для тых, хто пакутуе ад улады.

На той момант мы ўжо неадначасова сутыкаліся з абмежаваннем свабоды слова. Так, напрыклад, у канцы 1994 года дэпутат Сяргей Антончык падрыхтаваў антыкарупцыйны даклад. Аднак друкаваць яго было забаронена. Рэдакцыі “Советской Белоруссии”, “Звязды”, “Рэспублікі”, “Феміды” проста вырашылі выпусціць газеты з белымі плямамі замест гэтага дакладу. Гэта беспрэцэдэнты выпадак. Сёння цяжка сабе такое ўявіць, бо такога цяпер не дапусцяць. А тады гэта быў выбух!

ab-uzmacnenni-kontrprapahandy-1998-h..jp
Дакумент прадастаўлены з архіву "БАЖ"

“Мяне накрыла хваляй нараджэння першых ластавак грамадзянскай супольнасці”

— Вясной 1995 г. з падачы каманды Станіслава Шушкевіча адбылася вялікая паслявыбарчая канферэнцыя, дзе прынялі ўдзел каля 1000 чалавек. Адзін з яго накірункаў быў звязаны са свабодай слова. Каманда даручыла вядзенне круглага стала мне. Але ён жа павінен быў лагічна нечым скончыцца, напрыклад, рэзалюцыямі, заявамі. І тады нехта з залы сказаў, што трэба стварыць сваю журналісцкую арганізацыю, якая б займалася абаронай правоў журналістаў. Бо ўжо хваля рэпрэсій адбылася, і трэба было неяк на гэта рэагаваць і абараняцца.

Пасля канферэнцыі на лета ўсё неяк заціхла і прыпынілася. У канцы жніўня прыйшоў да мяне Ігар Рынкевіч і кажа: “Жанна, добра, канешне, што мы правялі канферэнцыю, стварылі аргкамітэт па стварэнню невядомай арганізацыі, а што ты сабе далей думаеш?”

У справе па рэгістрацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў даніну павагі трэба аддаць Карласу Шэрману. Ён увогуле стаяў ля вытокаў стварэння грамадзянскай супольнасці Беларусі, у тым ліку, праваабарончых арганізацый. БАЖ, Беларускі Хельсінскі камітэт, ПЭН-цэнтр абавязаныя, у першую чаргу, Карласу Шэрману, які быў тым маторам, штурхаючым наперад. Аднойчы ён сказаў мне пра БАЖ: “Зарэгіструеш арганізацыю і ідзі куды хочаш!”

bastunec-szerman-patupa-neikae-uruczenne
Андрэй Бастунец, Карлас Шэрман, 1999 г. Фота прадастаўлена з архіву "БАЖ"

Ведаеце, мяне накрыла хваляй нараджэння першых ластавак грамадзянскай супольнасці. Таму, напрыклад, прапанова ўвайсці ў шэраг заснавальнікаў БХК была для мяне за гонар. Гэта звязана з людзьмі, якія прысутнічалі побач: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў... Апынуцца сярод такіх выбітных людзей нават у нейкай ступені цешыла самалюбства. 

І вось адбыўся ўстаноўчы сход. І ўжо 20 кастрычніка Міністэрства юстыцыі без усякіх перашкодаў зарэгістравала БАЖ. У спісе заснавальнікаў БАЖа значыцца 38 выбітных асобаў: Віталь Тарас, Юрый Карманаў, Алесь Ліпай, Таццяна Мельнічук, Аляксандр Фядута…

“У 2002 годзе БАЖ ладзіў фестываль незалежнай прэсы, а ўжо ў 2003 — дзень зачыненых газет”

— Дзяржаўныя органы адразу не ўспрымалі БАЖ як нейкую сілу, якая можа несці пагрозы самой уладзе. Але, як вядома, у 2002 годзе пачалі масава зачыняцца арганізацыі. БАЖ — не выключэнне, таксама былі непрыемнасці, якія, на шчасце, скончыліся толькі папярэджваннямі.

Я памятаю перыяд, калі ў грамадскай супольнасці існавала такое меркаванне: “Лепей быць незарэгістраваным, бо тады менш ціску і кантролю з боку дзяржаўных структур”. А мая пазіцыя з першага дня была такая: трэба трымацца і шанаваць свой афіцыйны статус. Для нас важна была рэгістрацыя, бо яна давала магчымасць звяртацца ў дзяржаўныя структуры, накіроўваць сваіх прадстаўнікоў у судовыя працэсы. Як вядома, адным з асноўных накірункаў БАЖа звязаны з абараной правоў журналістаў. Калі гэта тычыцца не рэдакцый, а проста журналіста, то прысутнасць побач такой дапамогі і падтрымкі вельмі дапамагае незалежнай журналістыцы.

Пры заснаванні БАЖа ўжо абсалютна відавочны быў падзел журналістаў на прыўладных і незалежных. То бок, мы ўжо не былі такой еднаснай шэрай масай. Незалежныя журналісты востра адчувалі патрэбу ў салідарнасці, таму што ўжо было зразумела: ўлады пачынаюць паход супраць інфармацыйнай альтэрнатывы. Яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца наступны факт: у 2002 годзе БАЖ ладзіў фестываль незалежнай прэссы, а ўжо ў 2003 — дзень зачыненых газет. У 2002 годзе налічвалася каля 60 выданняў, 19 з якіх праз год зачынілі. Гэта быў вельмі складаны перыяд, з якога пераможцамі вышлі далёка не многія. Трэба было трымацца разам, бо толькі тады ты рабіўся мацнейшым, а голас твой гучнейшым.

perszy-festyval-zhanna-sa-stuzhkai-autar
Першы фестываль "БАЖ", 2000 г. Фота прадастаўлена з архіву "БАЖ"

“БАЖ пачынаўся з круглых сталоў, дыскусій для журналістаў”

— Адразу нейкага дакладнага ўяўлення і яснага разумення, чым будзе займацца БАЖ не было. Жыццё само дапамагло вызначацца і зразумець, дзе ты больш за ўсё патрэбны. Толькі з часам пачалі выбудоўвацца і прававая абарона, і навучальныя праграмы, і ўвогуле стварэнне камунікацыйнай пляцоўкі для журналістаў. Ужо 29 кастрычніка 1995 года БАЖ прыняў свой першы дакумент — “Заяву-пратэст супраць выгнання з Мінскіх друкарань газет “Народнай волі”, “Імя”, БДГ”. Ім тады забаранілі друкавацца ў Беларусі, але яны без праблемаў рабілі гэта ў Літве. Межы былі адкрытыя, і можна было спакойна перавозіць газеты. Але першапачаткова, можна сказаць, БАЖ пачынаўся з круглых сталоў, дыскусій для журналістаў. Пасля ўжо прыарытэты нашыя выбудаваліся, і на сённяшні дзень асноўная мэта БАЖа - пашырэнне прасторы свабоды слова праз падтрымку распаўсюда свабоднай, запатрабаванай грамадствам інфармацыі.

“Свабода слова ў Беларусі - надзел смелым”

— Памятаю, расейскі пісьменнік і праваабаронца Аляксей Сіманаў пасля судовых працэсаў над журналістамі Паўлам Шэрэметам і Дзмітрыем Завадскім за незаконнае перасячэнне мяжы сказаў: “Свабода слова ў Беларусі, як і ў савецкі час, — гэта надзел смелым, а не прыярытэтнае права грамадзяніна”. Гэта было вельмі трапнае выказванне, таму што свабода слова ў Беларусі дагэтуль суправаджаецца пагрозамі, пераследамі. Здаецца, што гэта тое, што ўлады не даруюць. Сапраўды, у незалежнай журналістыцы засталіся і застаюцца толькі тыя людзі, якія сапраўды адданыя сваёй справе. Перш за ўсё, відаць, гэта іх жыццёвая пазіцыя, таму што на высокія заробкі і сацпакеты ў незалежнай прэсе разлічваць не даводзіцца. Незалежная журналістыка — гэта лад жыцця, жыццёвыя перакананні. Гэта нейкая асалода ад таго, што ты дагэтуль нерастаптаны і застаешся з пачуццём сваёй прафесійнай годнасці.

piket-u-padtrymku-szarameta-1997.jpg
Пікет у падтрымку Паўла Шарамета, 1997 г. Фота прадастаўлена з архіву "БАЖ"

“Дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ ствараюць працілеглыя карціны рэаліяў”

— Адзін з першых важных дакументаў БАЖа — “Маніфест сумлення. Журналістыка — справа сумленных і адказных”. Пазней на яе падствае мы прынялі Дэкларацыю арганізацыі, дзе сфармулявалі нашыя асноўныя прынцыпы. Дагэтуль чалавек, які ўступае ў БАЖ, абавязкова знаёміцца з гэтай Дэкларацыяй пад подпіс. Дарэчы, мы заўсёды былі адкрытыя і для калегаў, якія працуюць у дзяржаўных СМІ. Але, пачытаўшы Дэкларацыю, не кожны з іх далучаецца да арганізацыі. Пры гэтым, на сённяшні дзень сярод сяброў БАЖа ёсць і супрацоўнікі дзяржаўных СМІ. Праўда, мы гэта стараемся не афішаваць, разумеючы, што за гэта для іх могуць быць наступствы. Былі выпадкі, калі рэдакцыя дзяржаўнага СМІ даведаўшыся, што іх журналіст уступіў у БАЖ, ставіла чалавека перад выбарам: ці ён звальняецца, ці сыходзіць з БАЖа. Прыўладныя СМІ не любілі БАЖ па жыцці. Але арганізацыя расце з кожным годам, і на другім з’ездзе БАЖа ў 1997 годзе налічвалася ўжо 300 сяброў.

У БАЖы ніколі не было адыёзных фігураў, то бок тых, хто заточаны на прапаганду, на выкананне палітычных замоваў. Адзін з такіх нямногіх прыкладаў — зорка незалежнай прэсы Людміла Маслюкова (“Народная воля”). Аднойчы яна прыняла для сябе рашэнне сысці ў “Советскую Белоруссию”. Там са сваім талентам, са сваёй вастрынёй яна распачала працу, але ў першых жа публікацыях ўсё напісанае ёй падавалі шыварат-навыварат. З гэтага выпадку, я магу зрабіць выснову, што дзяржаўныя і недзяржаўныя СМІ ствараюць працілеглыя карціны рэаліяў. І мне цяжка дараваць людзям, якія так лёгка мяняюць скуру, аблічча. У такіх выпадках у мяне ўстае пытанне: як быць з сумленнем?

bnr15250310.jpg
Жанна Літвіна на "Дне волі" 25 сакавіка ў Мінску, 2010 г. Фота прадастаўлена з архіву "БАЖ"

У многіх журналістаў, якія сёння працуюць у дзяржаўных СМІ, прысутнічае момант падвоеннасці. Гэта ж не дурныя людзі. Яны ўсё разумеюць, але штосьці ўнутры пагаджаецца з тым, што бачыш адно, а робіш другое. Але ўсё роўна вельмі ганебна, калі журналіст выконвае ролю абслугі, і не мае магчымасці выказаць сваё “Я”. Цяжка дараваць людзям, можна сказаць, з аднаго прафесійнага цэху, якія даспускаюць прыкрыя выказванні ў дачыненні да незалежнай прэссы, напрыклад, Генадзю Давыдзьку, які называе яе “антыдзяржаўнымі СМІ”.

Жанна Літвіна: ад працы на радыё да праваабароны адзін крок (частка 1)

Партнёрства

Сяброўства