Генадзь Фядыніч: "Можна зачыніць РЭП, але думкі людзей не закапаеш!" Частка 3 Фота
Перад судом “Вясна” сустрэлася з вядомым прафсаюзным лідарам Генадзем Фядынічам, каб распытаць пра яго асабісты жыццёвы шлях. Калі пачаўся ціск на самы магутны незалежны прафсаюз Беларусі? Як раней прафсаюз мог уплываць на сітуацыю правоў працоўных у Беларусі? З якімі складанасцямі ў сваёй працы сутыкаўся старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыэлектроннай прамысловасці (РЭП), які ўжо 27 год узначальвае яго? Чытайце у нашым інтэрв'ю.
“Але ўсё змянілася пасля 1994 года…”
— Але ўсё змянілася пасля 1994 года... У адзін момант прадстаўнікоў прафсаюза проста перасталі пускаць на прадпрыемствы. Гэта быў загад – забраць пропускі. Аднойчы мне сказалі: “Давайце мы працягнем пропуск”. Як забралі – так і не працягнулі.
Усе непрыемнасці з прафсаюзам і пачаліся ў 2001 годзе, калі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзімір Ганчарык балатаваўся кандытатам у прэзідэнты. Напрыклад, зрабілі так, што членскія ўзносы ўжо нельга было пералічыць праз рахункі прадпрыемстваў, унёскі трэба было збіраць уручную. Пачаўся адкрыты ціск на сяброў прафсаюза. Гэта быў цяжкі час для прафсаюза. Тады з 75 тысяч чалавек у РЭП засталося толькі 612 чалавек. Людзей выклікалі ў пракуратуру і пыталіся, навошта ім РЭП. Прамым тэкстам людзям гаварылі: “Выходзьце з РЭПа!” Але з намі засталіся людзі, якіх ужо не выкруціць, не запалохаць.
У 2000-х гадах у прафсаюзаў было такое права па Працоўнаму кодэксу: пры смяротных выпадках на прадпрыемствах сваім рашэннем здымаць дырэктароў з пасады. Памятаю, як на прадпрыемстве былога прэм’ер-міністра Сідорскага на гомельскі Ратоне налічвалася два смяротных выпадкі. Вельмі прасіў майго намесніка, каб яго не здымалі з пасады. Зразумела, ён не сам вінаваты, але ўсё роўна наймальнік жа, у першую чаргу, вінаваты. Мы яму далі толькі строгую вымову, але па сутнасці, гэта была пуцёўка ў жыццё. Бо далей ён працаваў і на абласным узроўні, і Прэм’ер-міністрам. Калі б знялі, то не вядома, дзе ён бы быў.
“Пасля кожнага нашага мітынга Урад рабіў пратакол, дзе пазначаў, што трэба зрабіць”
— У нас шмат перамог, якімі мы ганарымся. Калі ўзгадваць не асобных людзей, якім мы дапамаглі, бо такіх бясконцасць, а калектывы, то ўзгадваецца Брэсцкі механічны завод, “Гарызонт”, напрыклад. Пасля кожнага нашага мітынга Урад рабіў пратакол, дзе пазначаў, што трэба зрабіць. Узгадваецца шмат прыкладаў з Трактарнага завода. Памятаю, як да нас звярнулася жанчына, якая на гэтым заводзе зламала ключыцу. Яго кіраўніцтва адмаўляла, што траўма была атрымана на заводзе. Мы год змагаліся за гэтага чалавека. Але мы дамагліся, што ўсё ж такі акт формы Н-1 быў складзены. У выніку ёй прызначылі пажыццёвую дапамогу ад завода.
Мы дапамагалі зрабіць праект указа №47 “Аб канверсіях”. Памятаю, быў выходны дзень. У Міністэрстве прамысловасці сабраліся лепшыя эканамісты. Я ім кажу: “Давайце так: зранку і да таго часу пакуль не зробім, без абеду”. Прыйшоў яшчэ да нас нейкі куратар з Савета Міністраў. А я нават не ведаў, што ёсць куратары ў галіне прамысловасці. Але мы яго адразу адправілі, бо чым ён можа дапамагчы эканамістам тут? За дзень мы зрабілі гэты праект, а праз два тыдні ён быў ужо падпісаны. Калі ўказ уступіў у сілу, то дырэктара ўздыхнулі з палёгкай, бо гэта быў складаны час для прадпрыемстваў.
“Каб нешта цяпер змяніць, па-першае, трэба выканаць усе рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы”
— З кожным годам, на маю думку, на правы працоўных звяртаецца ўсё менш і менш увагі, як з боку ўлады, так і з боку прадпрымальнікаў. Гэта залежыць не толькі ад таго, што эканамічны стан дзяржавы падае. У першую чаргу, гэта звязана з тым, які канэкт ідзе з самага верху, то бок, як звяртаюцца кіраўнікі да сваіх намеснікаў. Гэта ўсё пераносіцца ў нізы.
Цяпер у рабочым не бачаць чалавека. Ніхто не цікавіцца, як ён жыве, як яго сям’я, ці хапае яму заробку. Гэта чамусьці з часам сышло. Вертыкальныя адносіны распаўсюджаны незалежна ад формы ўласнасці прадпрыемстваў. Цяпер амаль не засталося незалежных прафсаюзаў. І людзі застаюцца сам насам са сваімі праблемамі. У камісіі па працоўных спрэчках уваходзяць як сябры прафсаюза, так і дырэктары. Зразумела, якой пазіцыі яны будуць прытрымлівацца. Вядомыя дзесяткі выпадкаў, калі кіраўнікі на сваіх машынах завозяць у паліклініку рабочых, калі тыя атрымалі траўмы на прадпрыемстве. Яны падбухторваюць іх казаць, што траўмы былі атрыманы не на працоўным месцы. Гэта цяжка ўсё. Таму я ганаруся тымі людзьмі, якія працуюць у РЭПе па ўсёй Беларусі.
Каб нешта зараз змяніць, па-першае, дзяржаве трэба выканаць усе рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы. Пачаць трэба з адмены Дэкрэтаў №29 і №5, якія рэгулююць кантрактную сістэму працы. Трэба ўсіх перавесці на бестэрміновыя кантракты, як і было раней. Бо ніхто нават не задумваецца, колькі які-небудзь інжынер траціць нерваў і здароў’я, калі праходзіць праз кантрактную сістэму. Безумоўна, трэба знішчыць дазвольны парадак стварэння прафсаюзаў. Канешне, аднаго жадання ў такім выпадку не дастаткова, трэба падтрымка людзей яшчэ.
Калі мы гэта зробім, то кожны чалавек у Беларусі паверыць у самога сябе. Сёння нават у гасцях не пра каханне размаўляюць, а пра тое, як цяжка жыць і як трэба выжываць. І не трэба палохацца, што людзі атрымаюць тое, што павінны былі даўно атрымаць, і стануць сапраўднымі беларусамі. Гэта будзе прагрэс для ўсёй краіны! Яны аддадуць сваёй працай краіне ўдвайне, і падымуць тым самым эканоміку.
“Можна зачыніць РЭП, як і іншую неўрадавую арганізацыю, але думкі людзей не закапаеш!”
— Увага з боку ўладаў да незалежнага прафсаюза РЭП была даўно, бо ў нас былі ўжо ператрусы пасля выбараў 2010 г. Яны не хочуць разумець, што мы працуем не на падрыў нейкіх дзяржаўных устояў. Мы выступаем не супраць, а за правы працоўных. Калі б ва ўладаў быў інтарэс, то мы маглі б знайсці шмат кропак паразумення, каб сумесна працаваць у гэтым накірунку. Негледзячы на тое, што мы маем свае думкі, іншыя напрамкі дзейнасці, мы не ворагі сваёй краіне і сваім грамадзянам. Але ўлада не хоча, каб былі незалежныя прафсаюзы, таму мы не можам вольна працаваць на прадпрыемствах.
І калі мне задаюць пытанне, ці лічыце крымінальную справу ў адносінах да мяне і Ігара Комліка палітазаванай, то я адказваю, што мая думка тут не самая галоўная. Самае важнае – меркаванне простых людзей, іх стаўленне да гэтага. А людзі гавораць аднагалосна, што гэта несправядліва. Калі б працавала добра эканоміка, выраслі б заробкі, пакупная здольнасць людзей была нармальная, то на гэта ніхто не звяртаў бы ўвагі. Але ў нас іншая сітуацыя. Тое, што робіцца сёння без кантролю ўлады, заўсёды іх насцярожвае і палохае. Як гэта арганізацыя можа быць бескантрольнай? Цяпер у РЭП 2 459 сябраў. У тым годзе мы выключылі 150 чалавек, якія не плацяць унёскі ці з’ехалі за мяжу. Мы ніколі не баяліся выключаць людзей, бо нам патрэбныя людзі, якія хацелі, каб іх абаранялі, і самі дапамагалі прафсаюзу.
Можна зачыніць РЭП, як і іншую неўрадавую арганізацыю, але думкі людзей не закапаеш! І гэта не выйсце для дзяржавы. Трэба рабіць так, каб большасць людзей давярала сваёй дзяржаве, а ўлада не палохалася новых поглядаў.
Першую частку інтэрв'ю чытайце тут.
Другую частку — тут.
Нагадаем, старшыні прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і бухгалтару Ігару Комліку прад'яўлена абвінавачванне ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Справа разглядаецца ў Доме правасуддзя ў г. Мінску (вул. Сямашкі, 33).
У падтрымку лідэраў прафсаюза РЭП выступілі з сумеснай заявай шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый, Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, іншыя міжнародныя і нацыянальныя арганізацыі.