Украіна: апошні дзень агітацыі для кандыдатаў у прэзідэнты. Фотарэпартаж Фота
Ва Украіне 29 сакавіка завяршылася агітацыя для кандыдатаў у прэзідэнты на чарговых выбарах, першы тур якіх адбудзецца ўжо ў гэтую нядзелю, 31 сакавіка. Па выбарчым заканадаўстве Украіны забаронена весьці агітацыю за дзень да выбараў і непасрэдна ў дзень галасавання.
З гэтай нагоды 29 сакавіка ў Кіеве адна з вядучых няўрадавых грамадскіх арганізацый Грамадзянская сетка "Апора", якая ажыццяўляе грамадскі кантроль і адвакацыю ў галіне выбараў, правялі прэс-канферэнцыю "Вынікі незалежнага грамадскага назірання напярэдадні выбараў Прэзідэнта Украіны". На сустрэчы з журналістамі прадстаўнікі арганізацыі, апроч усяго іншага, распавялі пра самыя частыя парушэнні на працягу ўсёй выбарчай кампаніі.
Большасць парушэнняў тычацца распаўсюджвання агітацыйных дадзеных без зыходнай інфармацыі, незаконных формаў перадвыбарчай агітацыі або ўмяшання трэціх асоб. З гэтай нагоды ў нацыянальную паліцыю было пададзена 616 зваротаў назіральнікаў.
Вольга Айвазоўская, старшыня праўлення Грамадзянскай сеткі "Апора" заявіла:
"З набліжэннем дня галасавання неабходнасць аператыўнай рэакцыі праваахоўнай сістэмы на паведамленне пра подкуп выбаршчыкаў толькі расце. Гэта патрабуе ад праваахоўнікаў і суб'ектаў выбарчага працэсу максімальнай увагі да гэтай традыцыйнай для ўкраінскіх выбараў праблемы".
Таксама па словах каардынатаркі Грамадзянскай сеткі "Апора", кампанія 2019 года была вельмі канкурэнтнай. "Аднак канкурэнцыя і роўнасць умоваў кандыдатаў часам перашкаджалі злоўжыванню адмінрэсурсам", — адзначыла яна.
Наогул у Украіне арганізавана вялікая сетка з незалежных назіральнікаў: нацыянальных, замежных і міжнародных. Так, ад Еўрапейскай сеткі арганізацый па маніторынгу выбараў (ENEMO) прадстаўлена 160 міжнародных назіральнікаў ад 21 міжнароднай арганізацыі з краін Еўрапейскага саюза і Цэнтральнай Азіі. Ад беларускіх арганізацый таксама прадстаўлены назіральнікі. Сярод іх — праваабаронца "Вясны" Зміцер Салаўёў.
29 сакавіка ў Кіеве быў арганізаваны іх вялікі інструктаж, пасля якога яны адправіліся ў рэгіёны Украіны, каб сачыць за волевыяўленнем у першым туры прэзідэнцкіх выбараў, якія адбудуцца ўжо ў гэту нядзелю.
Увесь гэты час ім забаронена мець зносіны з журналістамі. Ва ўкраінскіх СМІ іх празвалі "Маўклівыя назіральнікі". Свае высновы аб ходзе галасавання яны абнародуюць ў прамежкавай справаздачы ўжо ў аўторак, 2 красавіка.
"Вясна" адзначыла некаторыя агітацыйныя моманты кандыдатаў у прэзідэнты Украіны 29 сакавіка ў Кіеве.
Найбольш маштабную, па ахопу і разнастайнасцю фарматаў агітацыі, выбарчую кампанію праводзяць два кандыдаты — Пётр Парашэнка і Юлія Цімашэнка.
Асноўнай формай агітацыі можна было заўважыць выкарыстанне сетак вулічных агітацыйных намётаў, раздача ўлётак і газет. Імі актыўна карысталіся Парашэнка, Цімашэнка і Руслан Кашулінскі.
Даволі распаўсюджаныя як агітацыя — жывыя сустрэчы з выбаршчыкамі. Напрыклад, у апошні дазволены вечар агітацыі, 29 сакавіка, у Кіеве адбыліся сустрэчы з выбаршчыкамі Юліі Цімашэнкі і Руслана Кашулінскага.
Некаторыя кандыдаты не такія актыўныя ў вулічнай агітацыі. "Уся агітацыя Уладзіміра Зяленскага ў інтэрнэце. Яго рэкламу не ўбачыш на вуліцы", — распавядаюць выбаршчыкі. Як адзначылі прадстаўнікі Грамадзянскай сеткі "Апора" ён сканцэнтраваўся на медыйнай агітацыі і распаўсюдзе візуальнай палітычнай рэкламы.
30 сакавіка ва Украіне так званы "Дзень цішыні". У гэты дзень кандыдатам забаронена праводзіць агітацыйную кампанію. Аднак, як адзначыла старшыня праўлення Грамадзянскай сеткі "Апора", з прычыны таго, што ва Украіне актыўна выкарыстоўваюцца такія агітацыйныя формы як білборды, рэкламы, то цяжка назваць гэты дзень цішынёй. "Гэта дрэнная практыка. Яны не даюць выбаршчыкам застацца сам-насам са сваімі думкамі",— падкрэсліла Вольга Айвазоўская.
Пры гэтым у Кіеве безперашкодна праходзяць розныя формы акцый пратэсту ад грамадзян і арганізацый краіны.
*Выбары прэзідэнта ва Украіне прызначаныя на 31 сакавіка 2019 года. Украінскі Цэнтрвыбаркам зацвердзіў канчатковы спіс з 39 кандыдатаў у прэзідэнты. Адзначым, што паліцыя Украіны ў гэты час працуе ва ўзмоцненым рэжыме.