viasna on patreon

Абарона экалагічных правоў — на парадку дня ў Беларусі

2019 2019-06-05T14:36:00+0300 2019-06-06T11:00:28+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mapas_me.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Штогод 5 чэрвеня ва ўсім свеце адзначаецца Сусветны дзень навакольнага асяроддзя (World Environment Day). Ён быў заснаваны ў 1972 годзе Генеральнай Асамблеяй ААН, калі адбылася канферэнцыя па праблемах навакольнага чалавека асяроддзя ў Стакгольме (Швецыя). Гэта свята было ўстаноўлена для прыцягнення ўвагі людзей да экалагічных праблем. У 2019 годзе тэмай гэтага Дня стала "Забруджванне паветра".

“Вясна” паразмаўляла з праваабаронцамі, якія займаюцца абаронай экалагічных правоў чалавека ў розных рэгіёнах Беларусі. Мы распыталі іх, чым Сусветны дзень навакольнага асяроддзя важны для Беларусі, чаму абарона экалагічных правоў выходзіць у нашай краіне на парадак дня і ў чым спецыфікі іх дзейнасці.

Светлагорская праваабаронца “Вясны” Алена Маслюкова: “Жыццё і здароўе людзей даражэйшыя за прыбыткі ад продажу цэлюлозы…”

maslukova_viasna.jpg
Алена Маслюкова. Фота: ПЦ "Вясна"

“Апошнім часам для Беларусі стала актуальнай абарона экалагічных правоў чалавека. Па-першае, гэта адбываецца таму, што дзяржава ў пагоні за прыбыткамі стварае шкодныя вытворчасці і пры гэтым абсалютна ігнаруе грамадскую думку. Па-другое, жыццё чалавека ў спрыяльным асяроддзі — гэта натуральнае патрабаванне часу. У сучасных людзей прыярытэты змяшчаюцца ў бок каштоўнасцей, якія тычацца іх здароўя, жыцця ў годных умовах — дыхаць чыстым паветрам, купацца ў чыстай вадзе, спажываць экалагічна чыстыя прадукты. Перадусім мусяць быць не матэрыяльныя каштоўнасці, а жыццё і здароўе, таму што здаровы чалавек — здаровая нацыя.

Менавіта таму, сёння жыхары Светлагорска, Берасця, Магілёва, Гомеля змагаюцца за сваё неад’емнае права на жыццё ў спрыяльным навакольным асяроддзі, якое гарантуецца Канстытуцыяй. Шкада вельмі, што ўлады,  з'яўляючыся слугамі народа, гэтага не разумеюць і не чуюць.

Ад імя светлагорскіх экаактывістаў і праваабаронцаў віншуем усіх неабыякавых грамадзян Беларусі з Сусветным днём навакольнага асяроддзя. І вельмі спадзяемся, што ўлады нарэшце зразумеюць, што жыццё і здароўе людзей даражэйшыя за прыбыткі ад продажу цэлюлозы, свінцовых батарэй, вінілавых шпалераў ці тэхнічнага вугляроду".

Старшыня грамадскага аб'яднання "Экадом" Ірына Сухій: "У пытанні аховы навакольнага асяроддзя кожны дзень важны і крытычны"

green_belarus.jpg
Ірына Сухій. Фота: greenbelarus.info

"Канешне, добра, што ёсць такі дзень, які выступае дадатковай нагодай для прыцягнення ўвагі да праблемы навакольнага асяроддзя. Але я б не сказала, што гэта такі важны дзень. Тут сітуацыя, як і з 26 красавіка, калі ў гэты дзень усе кажуць аб чарнобыльскай катастрофе, і пры гэтым далей будуюць атамныя станцыі.

У пытанні аховы навакольнага асяроддзя кожны дзень важны і крытычны. Калі мы не зменім свае звычкі і штодзённыя дзеянні, то гэта ўсё ў рэшце рэшт можа прывесці да катастрофы.

На жаль, у грамадскасці занадта мала інструментаў. Мы не можам усталяваць ачышчальныя збудаванні на светлагорскім заводзе, напрыклад.

У Беларусі мала надаецца ўвагі праблеме забруджвання паветра. Тут існуе такое меркаванне, што змяненне клімату нам не пагражае, а калі пацяплее, то гэта нават і добра. Але людзі мала задумваюцца, што калі, напрыклад, высахнуць лясы, то ўсё будзе па-іншаму. Не ведаю, як каму, а мне асабіста падабаецца прырода Беларусі.

Па Парыжскаму пагадненню Республіка Беларусь абавязалася скараціць да 2030 года выкіды парніковых газаў на 28 працэнтаў у параўнанні з 1990 годам. Пакуль што, на жаль, наша дзяржава не бярэ на сябе актыўных абавязацельстваў па скарачэнні выкідаў парніковых газаў у навакольнае асяроддзе.

Горадабудаўнічыя прадпрыемствы, якія цяпер будуюцца, першапачаткова вельмі дрэннай якасці. Але ні ў грамадскасці, ні ў Мінпрыроды няма рэальных механізмаў паўплываць на гэта. У апошняга мала ўплыву, таму што  гэтае міністэрства адносіцца да трэцяй катэгорыі. Хаця, на мой погляд, Мінпрыроды па важнасці не ўступае Мінэканомікі, напрыклад. Экалагічная палітыка павінна быць інтэгравана ў стратэгіі ўсіх міністэрстваў, таму што па-іншаму ў нас, усіх людзей на планеце, нічога не атрымаецца”.

Берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін: “Хачу нагадаць беларусам, што лёс іх дзяцей залежыць ад іх грамадзянскай пазіцыі”

brest_15kra_viasna_2778.jpg
Уладзімір Вялічкін пасля адміністрацыйнага затрымання каля ІЧУ. Фота: ПЦ "Вясна"

“Кожны чалавек мае права на чыстае навакольнае асяроддзе. Гэта гарантуецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Дзяржава ў сваю чаргу абавязана забяспечыць рэалізацыю гэтага права. Але ў Брэсце зусім іншая сітуацыя.

Амаль паўтары гады берасцейцы, выступаючы супраць будаўніцтва і працы завода свінцова-кіслотных акумулятараў, змагаюцца за сваё канстытуцыйнае права жыць у здаровым навакольным асяроддзі.

За гэты час было напісана каля сотні лістоў у самыя розныя дзяржаўныя і грамадскія органы, дзе абгрунтавана тлумачыцца пра пагрозы і шкоды, звязаныя з гэтым заводам. Пад петыцыяй за спыненне будовы завода АКБ падпісалася каля 40 тысяч берасцейцаў. У Брэсце было падана каля 150 заяваў на правядзенне мірных сходаў, але ўсе былі адхіленыя. Праз такія дзеянні ўладаў берасцейцы вымушана выйшлі на плошчу “карміць галубоў”, і сабралі ўжо каля сямі тысячаў подпісаў за адхіленне кіраўніцтва раёна, горада і вобласці “ў сувязі са стратай даверу”…

Берасцейскія ўлады адказалі на ўсе гэтыя дзеянні экаактывістаў і журналістаў прафілактычнымі гутаркамі, прэвентыўнымі затрыманнямі, адміністратыўнымі арыштамі, штрафамі, крымінальнымі пераследамі і нават падкідваннем баепрыпасаў…

Толькі ў гэтым годзе ад адміністрацыйнага пераследу пацярпела больш за 35 чалавек, некаторыя караліся неаднаразова. Экаактывісты правялі больш за 35 сутак за кратамі. Агульная сума штрафаў набліжаецца да 35 000 рублёў.

А гэтыя людзі проста выступаюць супраць таго, каб беларускія чыноўнікі за кошт здароўя грамадзян і шкоды навакольнаму асяроддзю паляпшалі свой дабрабыт. “Мы проста хочам ЖЫЦЬ! Жыць у квітнеючай краіне з чыстымі рэкамі-вазёрамі, лясамі і паветрам, каб нашыя дзеці і ўнукі маглі бегаць па роснай траве і ласавацца чыстымі ягадамі і не хварэць...”, — кажуць берасцейцы. І вось ужо паўтары гады, нягледзячы на пераслед, яны намагаюцца моўчкі дакрычацца да ўладаў...

Таму ў Сусветны дзень навакольнага асяроддзя хачу нагадаць беларусам, што лёс іх дзяцей і ўнукаў залежыць ад іх грамадзянскай пазіцыі. Каб нашыя дзеці жылі у чыстым навакольным асяроддзі і не хварэлі, трэба не быць абыякавымі і адстойваць правы чалавека".

Праваабаронца “Вясны” Зміцер Салаўёў: “Навапалачанам патрэбнае не выпраўленне дакументаў, а спыненне будаўніцтва катла”

salayeu_456.jpg
Зміцер Салаўёў на "Кіламетры грамадскай актыўнасці". Фота: ПЦ "Вясна"

“У сучасным свеце пытанне права на здаровае навакольнае асяроддзе ўсё больш хвалюе людзей, бо яны ведаюць, што гэта напрамую звязанае з іх здароўем.

У горадзе Наваполацку колькасць выкідаў у паветра шкодных рэчываў прамысловымі прадпрыемствамі максімальная сярод усіх гарадоў Рэспублікі Беларусь (штогод выкідаецца каля  60000 тонн шкодных рэчываў у паветра). Грамадскія актывісты пастаянна ўздымаюць пытанне аб неабходнасці больш інтэнсіўнай пабудовы ачышчальных збудаванняў.

Пры гэтым нас непакоіць, што робяцца некаторыя захады, якія могуць яшчэ больш пагоршыць становішча. Некалькі год таму Міністэрства энергетыкі распачала працэс па Праграме па імпартазамяшчэнні праектавання і пабудовы катла на Наваполацкай ЦЭЦ па спальванні нафтавага коксу замест прыроднага газу. Трэба прызнаць, што гэтая задумка бязглуздая, бо эканамічны эфект тут сумнеўны. Туды трэба ўкласці некалькі мільёнаў даляраў, а стан навакольнага асяроддзя толькі пагоршыцца ад гэтага. Гэты праект негатыўна адаб’ецца на здароўі навапалачанаў і бліжэйшых населеных пунктаў, бо выкіды ў паветра шкодных рэчываў павялічацца.

На дадзены момант грамадскія слуханні па Ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе перарваныя, бо там шмат недакладнасцяў. На дадзены момант Ацэнка знаходзіцца на дапрацоўцы.

Але трэба разумець, што для абароны права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе навапалачанам патрэбнае не выпраўленне дакументаў, а спыненне будаўніцтва катла. У сувязі з гэтым праваабаронцы Наваполацкай філіі ПЦ “Вясна” запусцілі дадатковую петыцыю ў Мінэнергетыкі і Мінпрыроды. Напрыклад, на апошнім публічным мерапрыемстве “Кіламетр грамадзянскай актыўнасці” петыцыю на паперы падпісалі дзесяткі людзей, у тым ліку вядомыя актывісты экалагічнага руху".

Праваабаронца з Брэста Раман Кісляк: "Стала больш беларусаў, якія замест «узроўня жыцця» ў выглядзе заробкаў выбіраюць «якасць жыцця»"

"Чаму ў Беларусі абарона навакольнага асяроддзя ў апошні час стала такой актуальнай?! Тут склалася некалькі фактараў. Па-першае, экалагічна небяспечныя вытворчасці выганяюцца з іншых краін і прыходзяць у Беларусь. Па-другое, за некалькі дзесяткаў гадоў значна змянілася свядомасць нашых людзей. Стала больш беларусаў, якія замест «узроўня жыцця» ў выглядзе заробкаў выбіраюць «якасць жыцця», у якую, акрамя даходаў сям'і, уваходзіць якасць харчавання, стан здароўя, чаканая працягласць жыцця, умовы навакольнага асяроддзя, параметры бяспекі для сябе і дзяцей, псіхалагічны камфорт, развітая інфраструктура і іншыя фактары.

З іншага боку, мы назіраем іншую карціну: некаторыя топ-мэнэджэры буйнога бізнэсу і большасць чыноўнікаў Беларусі сваім мысленнем засталіся ў XX стагоддзі. Яны думаюць, перш за ўсё, катэгорыямі індустрыяльнай эпохі, не разумеючы, што людзі вакол ужо ўсвядомілі неабходнасць пераходу да постіндустрыяльнага грамадства. Гэта можа здацца высокай філасофіяй, але для людзей гэта досыць канкрэтна і жыццёва: як і дзе будуць жыць мае дзеці, чым яны будуць харчавацца і якім паветрам дыхаць, ці будуць яны здаровыя. Напрыклад, будаўніцтва завода па вытворчасці свінцова-кіслотных батарэяў побач з населенымі вёскамі і буйнымі гарадамі цалкам абгрунтавана выклікае ў жыхароў адчуванне, што якасць іх жыцця адразу ж ставіцца пад пагрозу. Знікае жаданне жыць у месцы побач з такой небяспечнай вытворчасцю. Кожны крытычна думаючы чалавек раптам усвядамляе: ці гэты небяспечны завод, або мая сям'я.

У паняцце "якасць жыцця" ўключаецца і ўлік меркавання чалавека пры вырашэнні грамадскіх праблемаў. А з гэтым у нас велізарныя праблемы: ўлады прывыклі кіраваць, ігнаруюць меркаванне людзей, і ўпарта не хочуць змяняць свае падыходы ў гэтым. Улады, як мясцовыя, так і нацыянальныя салідарызуюцца з буйным бізнэсам у шкоду інтарэсаў людзей. У такіх канфліктах улады парушаюць не только экалагічныя правы, але і асноўныя грамадзянскія правы: права на ўдзел вядзення дзяржаўных справаў, свабода выказвання меркавання, свабода мірных сходаў, права на атрыманне інфармацыі і мноства іншых правоў чалавека. Экалагічны канфлікт хутка праяўляе для людзей мноства праваабарончых і іншых праблем у краіне і робіцца не только экалагічным".

«Захаваць, каб выжыць», або Як адстойваць экалагічныя правы?

У прававым лікбезе ад "Вясны" расказваем, што такое правы чалавека трэцяга пакалення і як абараніць сваё права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе.

Партнёрства

Сяброўства