viasna on patreon

Што ў рэгіёнах: гарадзенскі праваабаронца Раман Юргель пра смяротнае пакаранне ў Беларусі Фота

2019 2019-06-24T16:25:26+0300 2019-06-25T07:26:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/roman_yu_n-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тэма смяротнага пакарання ў Беларусі, на жаль, застаецца актуальнай і на сённяшні дзень. Напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў, літаральна пару тыдняў таму, праваабаронцам “Вясны” стала вядома пра расстрэл асуджанага да смяротнага пакарання Аляксандра Жыльнікава. Мяркуецца, як паказвае практыка, што расстраляны і другі фігурант па справе – Вячаслаў Сухарка.

Актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” дзейнічаюць па ўсёй краіне: ва ўсіх абласных гарадах і ў шматлікіх раённых цэнтрах. “Вясна” сустрэлася з актывістам кампаніі, са старшынёй рэгіянальнага аддзялення ў Гродна Рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" Раманам Юргелем. Мы распыталі, як ён прыйшоў да праваабароны, і ў прыватнасці да кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, што адчуваў пасля сустрэчы з чалавекам, які чакае выкананне смяротнага прысуду ў турме, і як гарадзенцы ставяцца да смяротнага пакарання.

roman_yu_n-1.jpg
Праваабаронца Раман Юргель

“Захацелася, каб свет і грамадства сталі больш справядлівымі”

Мой шлях да праваабароны даволі парадаксальны: прыйшоў па дапамогу абароны сваіх правоў, а ў выніку — сам абараняю правы іншых людзей.

Калі мяне, ветсан доктара, незаконна звольнілі ў 2001 годзе з працы, я звярнуўся за юрыдычнай дапамогай і абаронай сваіх правоў у "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" у Гродна. Мы з праваабаронцамі БХК доўгі час супрацоўнічалі ў кантэксце маёй праблемы, тады я і пазнаёміўся з правамі чалавека.

Я зразумеў, што  правы чалавека — гэта пра справядлівасць ва ўсіх аспектах чалавечага жыцця: грамадскім, палітычным, сацыяльным і культурным. Тады востра ўсвядоміў, што ад чыноўнікаў і прадстаўнікоў дзяржаўных органаў нічога звышнатуральнага не патрабуецца: проста трэба, каб яны выконвалі сваі абавязкі. Мне захацелася, каб свет і грамадства сталі больш справядлівымі. Так, у 2002 годзе я стаў сябрам БХК, а ўжо праз чатыры гады заняў пасаду старшыні рэгіянальнага аддзялення арганізацыі па Гродна і Гарадзенскай вобласці.

igfg.jpg
Раман Юргель з гарадзенскімі праваабаронцамі і актывістамі. Фота: "Радыё Рацыя"

“Дзяржава не мае права забіраць жыццё свайго грамадзяніна”

"Беларускі Хельсінкскі Камітэт" у сваёй дзейнасці ўвесь час цесна супрацоўнічае з Праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Таму лагічна, што мы далучыліся да кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Лічу, што трэба змагацца супраць смяротнага пакарання, бо яно выносіцца суддзямі ад імя Рэспублікі Беларусь, а дзяржава не мае права забіраць жыццё свайго грамадзяніна.

Асноўным аргументам супраць смяротнага пакарання лічу судовую памылку. Праваабаронцам вядомыя выпадкі фальсіфікацый крымінальных справаў, у выніку якіх былі расстраляныя людзі. Такія памылкі могуць адбывацца і з-за следчых органаў, якім дадзены загад хутчэй знайсці злачынца, каб выканаць план. А супрацоўнікі следчых органаў імкнуцца выканаць загад і атрымаць прэмію ці пайсці на павышэнне.

У Беларусі па Крымінальнаму кодэксу па 14 складам злачынствам чалавека могуць прыцягнуць да смяротнага пакарання. Сярод якіх, напрыклад, генацыд (арт. 127 КК) і забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў (арт. 362 КК).

Адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі ці ўвесці мараторый на яго прымяненне могуць не толькі дэпутаты Парламента, але і кіраўнік дзяржавы сваёй палітычнай воляй. З гэтым трэба працаваць.

Як вядома, напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў Беларусь выканала два смяротных прысуда. Гэты дваякі жэст кажа аб тым, што мы ідзем на збліжэнне з Еўропай, але ўсё роўна краіна паказвае, што некаторыя пытанні застаюцца толькі ўнутрыдзяржаўнымі. Такім чынам было паказана, хто ў хаце гаспадар і каму належыць дзейная ўлада ў краіне. Прыкра, калі гэта робіцца коштам чалавечага жыцця.

igg.jpg
Раман Юргель у Гродна падчас дыскусіі пра смяротнае пакаранне ў Беларусі. Фота: hrodna.life

“Атрымалася паразмаўляць у турме з чалавекам, які чакае выкананне смяротнага прысуду”

Суддзі Гарадзенскага абласнога суда за сваю гісторыю некалькі разоў выносілі смяротныя прысуды. Напрыклад, па справе Паўла Селюна, па якой я кансультаваў і аказваў неабходную псіхалагічную дапамогу ягонай маці Тамары. Гарадзенскі абласны суд вынес смяротны прысуд летам 2013 года, а вясной 2014 года, то бок менш, чым праз год, яго ўжо расстралялі

Я нават быў на сустрэчы з Паўлам у Гарадзенскай турме. Такім чынам, атрымалася паразмаўляць з чалавекам, які чакае выкананне смяротнага прысуду.

Уражанні ад гэтай сустрэчы былі не самыя прыемныя, таму што пасля спатканння, акрамя ўсяго іншага, у маці Паўла здарылася істэрыка. Адразу пару дзён у мяне быў шок. Я змог адысці толькі праз некалькі сутак. Гэта вельмі цяжка псіхалагічна…

Па выніках я падрыхтаваў справаздачу па маніторынгу сустрэчы з прысуджаным да вышэйшай меры пакарання. Нам тады з маці Паўла нагадалі пра тое, што нельга браць з сабой асадкі, нататнікі, фота- і аўдыёапаратуру. Але я ўсё запомніў.

Вытрымка са справаздачы 2013 года Рамана Юргеля:

Фота з дакументаў Паўла Селюна

“Прывялі Паўла. Маладому чалавеку студэнту гістфака БДУ і не дасі 23 гадоў, выглядаў старэйшым. Спатканне пачалося ў 10:08 і доўжылася да 11:25. Пры гэтым за намі і нашай размовай праз шкло калідора з другога боку, па якой праводзяць асуджаных на спатканне, назіралі старэйшы прапаршчык і спезназавец-амапавец.

Прывялі Паўла ў надзетых на рукі і ногі кайданках. Пагутарыўшы з мамай, Павел спытаў мяне, як людзі і грамадскасць ставяцца да забойстваў, якія адбыліся год таму ў Гродне і да вынесенаму яму смяротнага прысуду…

На маё пытанне, ці прызнаў ён цалкам сваю віну [заўвага — суд над Паўлам цалкам праходзіў у закрытым рэжыме. На пасяджэнні ні разу не дапусцілі маці Паўла], ён адказаў, што прызнаў віну часткова. Па яго словах, ён не здзяйсняў наўмыснага жорсткага падвойнага забойства і не здзяйсняў здзеку над трупамі забітых. Усе з ім адбылося ў стане афекту, шоку, парыву рэўнасці…

Падчас усёй размовы Павел не глядзеў у вочы. Погляд у яго быў характэрны для чалавека з псіхічным разладам: увесь час адведзены кудысьці ў бок...”

Тады праваабаронцы настойвалі на правядзенні незалежнай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, бо былі і застаюцца вялікія сумневы наконт яго псіхалагічнага стану. Думаем, ён атрымаў бы пажыццёвае зняволянне. А так – расстрэл.

Раней яшчэ Гарадзенскім абласным судом былі асуджаныя да смяротнага пакарання Алег Грышкаўцоў і Андрэй Бурдыка. Па гэтым справам праваабаронцы таксама шмат працавалі, але, як і па ўсіх астатніх справах, прысуды былі прыведзеныя ў выкананне нягледзячы на разгляд гэтай справы ў Камітэце ААН па правах чалавека, што парушае міжнародныя пагадненні нашай краіны.

Дарэчы, у 2015 годзе Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне права на жыццё Паўла Селюна, паколькі ён быў прысуджаны да смяротнага пакарання ў выніку несправядлівага судовага разбіральніцтва.

roman_yu_3n.jpg
Раман Юргель з гарадзенскімі актывістамі і праваабаронцамі і старшынёй ПЦ "Вясна" Алесем Бяляцкім каля Гарадзенскага абласнога суда

“Ёсць патрэба грамадства ў большым інфармаванні пра смяротнае пакаранне”

Гарадзенскія актывісты вельмі актыўна далучаюцца да Тыдня супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. Мы падтрымліваем усе акцыі, якія ладзіць кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, як напрыклад, з раздачай улётак, газет на вуліцах горада. Але большы акцэнт падчас тыдня мы робім на інфармаванні грамадзян пра тое, што такі від пакарання ўвогуле існуе ў нашай краіне. Таму што некаторыя грамадзяне (каля 25%) нават не ведаюць, што ў нас дагэтуль актыўна прымяняецца смяротнае пакаранне.

20181210_163623.jpg
Праваабаронца Раман Юргель з праваабаронцам "Вясны" Віктарам Сазонавым падчас падрыхтоўкі да інфармацыйнай акцыі

Цікава, што людзі ахвотна слухаюць нас, чытаюць нашыя матэрыялы на гэтую тэму і бяруць газеты і буклеты. Гэта сведчыць аб тым, што ёсць патрэба грамадства ў большым інфармаванні пра смяротнае пакаранне, але дзяржава, негледзячы на гэта, не праводзіць аніякай інфармацыйнай працы з насельніцтвам. Пазіцыя ўладаў у гэтым пытанні застаецца нязменнай доўгія годы: “Пытанне вывучаецца, праца праводзіцца, інфармуецца грамадства, што смяротнае пакаранне – гэта дрэнна, што ў іншых краінах яго няма”.

"Пакараць нельга памілаваць", або Якія ёсць аргументы супраць смяротнага пакарання

У прававым лікбезе ад “Вясны” нагадваем пра аргументы супраць смяротнага пакарання.

Партнёрства

Сяброўства