Магілёўскія Watch dogs: за што ім можа сказаць “дзякуй” Лукашэнка Фота Аўдыё
Што вы ведаеце пра рэгіянальных праваабаронцаў? Прызнайцеся — не так шмат. Таму ў адзін з апошніх жнівеньскіх дзён мы запрыгнулі каля сталічнай Брамы у самую раннюю маршрутку і даехалі ажно да Магілёва. Мы адправіліся ў госці да магілёўскіх праваабаронцаў, каб не толькі папіць з імі гарбаты, але каб пазадаваць цікавых пытанняў для рэпартажу.
На spring96.org ёсць адмысловы сайт "Людзі Вясны", прысвечаны рэгіянальным прадстаўнікам Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Але часы ідуць, да нас прыходзяць усё новыя і новыя людзі, якія робяць вялікі ўклад у абарону правоў чалавека не толькі ў сваім рэгіёне, але ўсёй Беларусі.
Каманда Магілёўскага аддзялення “Вясны” па сутнасці складаецца з трох праваабаронцаў. Гэта Аляксей Колчын (Aliaksei Kolchyn), які і ўзначальвае яго. Юрыдычныя пытанні магілёўцаў вырашае вядомы праваабаронца Барыс Бухель, а інфармацыйнай часткай займаецца, як кажуць, малады і перспектыўны, Алесь Буракоў (Alex Raycon). Бачым, што да гендэрнага балансу ў камандзе далёка, яны і самі прызнаюцца, што вельмі хацелі бы прыйсці да гэтага, але пакуль вырашаюць гэтае пытанне за кошт валанцёрак. Але пра ўсё па парадку.
Як працуе метад “люстэрка” ў камунікацыі з уладамі ў працы Барыса Бухеля, як так атрымалася, што першы праваабарончы падкаст з’явіўся ў Магілёве, чым часопіс пра правы чалавека круцей за праваабарончы сайт, як атрымліваецца сумяшчаць праваабарончую дзейнасць і ўдзел у роварнай гонцы на 1200 кіламетраў Брэст-Парыж-Брэст? І, галоўнае, за што ў будучым Лукашэнка можа сказаць "дзякуй" магілёўскім праваабаронцам? Пра гэтае і шмат, шмат іншае чытайце ў нашым вялікім рэпартажы. Спойлер: у тэксце, акрамя гэтага сказа, вы больш не знойдзеце ні радка пра “Вячэрні Магілёў”.
Пра цяжкасці і “плюшкі” праваабароны ў Магілёве
Каб палічыць, колькі часу праваабаронца Аляксей Колчын узначальвае магілёўскае аддзяленне “Вясны”, не хопіць пальцаў абедзвюх рук. Сышліся на 20 гадах. Мы паспрабавалі высветліць, што самае складанае і прыемнае ў праваабарончай дзейнасці ў рэгіёне. Апынулася, што ўніверсальнага рацэпту няма.
“Адзіная цяжкасць, з якой сутыкаюцца рэгіянальныя праваабаронцы — гэта пошук людзей, якія б займаліся гэтай малаўдзячнай працай разам з табой. У гэтым сэнсе мне пашанцавала. Амаль ад самага пачатку я працаваў з вядомым праваабаронцам Барысам Бухелем. Доўгія гады мы працавалі фактычна ўдвух з дапамогай валанцёраў, якія час ад часу нам дапамагалі. У апошнія гады да нас далучыліся маладыя калегі. Сярод іх — Алесь, які адказвае ў “Магілёўскай Вясне” за інфармацыйную працу, а таксама за нашую маленькую ўласную валанцёрскую службу. Характэрна, што нашыя валанцёры ў ёй могуць займацца рознымі цікавосткамі ў галіне правоў чалавека і развіваць свае ўласныя амбіцыі ў гэтай сферы”.
Мы тут, канешне, абурыліся, маўляў, чаму “малаўдзячная”. Праваабарона — гэта ж пра ідэалы і ідэі. Аляксей растлумачыў нам больш зразумелай мовай:
“Чаму малаўдзячная? А што мы, па вялікім рахунку, можам прапанаваць маладому юрысту, які скончыў якую-небудзь юрыдычную ўстанову і які б хацеў у нас папрацаваць? Ніякай кар’ернай перспектывы. Затое праз тыя ўмовы працы, што нам стварыла дзяржава, мы можам цвёрда абяцаць непрыемнасці на вучобе, праблемы на працы і іншыя цяжкасці па жыцці [смяецца]. Так што, праваабарончая дзейнасць — яна зусім няпростая ва ўмовах, якія нам стварае дзяржава.
Але, што тычыцца працы з людзьмі, тут сітуацыя цалкам адваротная. Калі нам удаецца ім дапамагчы, дасягнуць нейкіх рэальных поспехаў, дык атрымліваеш тое, з-за чаго і прыходзіш у праваабарону: аднаўлення справядлівасці і натуральнай удзячнасці ад людзей, якія былі ахвярамі, але аднавілі свае правы”, — распавядае Аляксей Колчын.
Калі дзяржава — Big brother, то праваабаронцы — Watch dogs
Заўважылі цікавую рэч: як толькі распачыналі размаўляць з мясцовымі праваабаронцамі пра дасягненні і перамогі, то ў іх вачах заўважалі нейкі сум. Разумеем, што хацелася бы гаварыць пра нейкія рэальныя рэформы і больш глабальныя рэчы, напрыклад, #якваўкраіне. Але добра, што беларускія праваабаронцы збольшага цвяроза ўсведамляюць тутэйшую сітуацыю.
“Мы працуем ужо не адно дзесяцігоддзе, але дзе ж тая дэмакратыя? Так склалася, што асноўная задача беларускіх праваабаронцаў — не даць сітуацыі з правамі чалавека пагоршыцца. Ведаеце, мы нібы свайго роду Watch dogs, такія сабачкі, якія ўвесь час крычаць на дзяржаву, калі яна робіць нешта непатрэбнае і нядобрае. Беларускія праваабаронцы акрэсліваюць тыя межы, якіх дзяржава мусіць прытрымлівацца”, — распавядае Аляксей.
Пра новыя выклікі правам чалавека і кампэтэнцыю рэгіянальных праваабаронцаў
Асаблівасцю рэгіянальных праваабаронцаў з’яўляецца тое, што яны выступаюць гэткімі ўніверсальнымі байцамі. Сітуацыя выглядае так: у вобласці ёсць некалькі праваабаронцаў, якія вымушаныя рэагаваць на ўсе-усе выклікі правам чалавека. Часцяком іх нават нельга прадказаць. Як, напрыклад, вясной у Магілёве масавую аблаву праваахоўнікаў на цыганскі пасёлак. Магілёўскія праваабаронцы мусілі рэагаваць на гэта імгненна. Мы распыталі Аляксея, як ім удаецца так хутка “пераключацца” і ці хапае на ўсё кампетэнцыі.
“Той кейс пра ромаў быў настолькі гучны і відавочна нясправядлівы, што нам ён падаваўся і простым, і няпростым адначасова. Тады сілавікі, здаецца, парушылі ўсё, што толькі можна было парушыць. У апошнія гады мы не займаліся становішчам гэтай уразлівай групы ў Магілёве, што крыху ўскладніла сітуацыю. Але першыя крокі былі вельмі простыя: Алесь і Барыс паехалі пад сцены нашага ІЧУ, і паразмаўлялі з тымі, хто там сабраўся. Яны здабылі шмат карыснай інфармацыі, з якой мы працавалі ў далейшым.
Калі ўзнікае нейкая праблемная сітуацыя з правамі чалавека, гучная і якая сапраўды непакоіць грамадства, то тут ужо не да кампетэнцыі. Але калі яе не хапае, то трэба браць і падвышаць яе.
Падобная сітуацыя склалася і з тым жа прадпрыемствам “Омск Карбон Магілёў”. Мы звяртаемся да нашых калегаў, якія займаліся ўжо гэтай праблематыкай раней. Напрыклад, да расійскіх калегаў, якія займаліся абаронай экалагічных правоў у сувязі з “Омск Карбонам Групп”.
Дагэтуль мы сістэмна не займаліся экалагічнымі правамі ці правамі трэцяга пакалення. Але ў нас не ўсе эколагі гатовыя гучна гаварыць пра гэта. Калі эколагі не гатовыя, то тады трэба праваабаронцам узяць на сябе смеласць і сказаць тое, што мусіць быць сказанае”.
Кожны суд з Барысам Леанідавічам — лекцыя
У Магілёве ўжо жартуюць: калі ў судовым пасяджэнні ўдзельнічае праваабаронца Барыс Бухель, то магілёўскія суддзі бяруць адгул у гэты дзень. Бо кожны працэс з ім ператвараецца ў лекцыю па міжнароднаму праву ў галіне правоў чалавека. Барыс Леанідавіч называе гэта сваёй тактыкай і стратэгіяй. Кажа, што гэта працуе.
"У судах мяне ўжо ведаюць. Калі дазнаюцца, што я буду ўдзельнічаць у пасяджэнні, — у судзе перапалох. Таму што ўжо вывучылі, што працэс хутка не скончыцца і суддзі прыйдзецца якасна рыхтавацца да яго.
Ды што там суддзям, нават калегам часам мае доўгія прамовы на судах не падабаюцца. Так, калі б на судзе па правядзенні масавых мерапрыемстваў у Магілёве, я ўдзельнічаў адзін, то суд доўжыўся бы да гадзін 12-й ночы. У такой справе — трэба ахвяраваць сваім часам.
Па палітычных справах, я ўжо не кажу, што мы прайгралі суд. Суддзі ў такіх выпадках проста выносяць рашэнні. Таму мэта ўдзелу ў судовых працэсах ўжо даўно змянілася. Там, дзе гуляюць без правілаў, выйграць немагчыма. Цяпер наша мэта — не выйграць справу, а прымусіць суддзяў вывучыць міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека. І самае прыемнае: мы бачым вынік у рашэннях суддзяў”, — падзяліўся досведам Барыс Леанідавіч.
Кампанія пра турэмныя “раснічкі” — у інтарэсах кожнага беларуса
Напачатку жніўня магілёўскія праваабаронцы распачалі кампанію супраць “раснічак” на турэмных вокнах. Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, дзе на вокнах установаў пазбаўлення волі працягваюць выкарыстоўваць, гэтак званыя “металічных жалюзі” ці “раснічкі”. Як адзначаюць праваабаронцы, з-за такіх “раснічак” у камеру не трапляе натуральнае святло. Паўзмрок, знаходжанне пры кругласутачным электрычным асвятленні на працягу многіх месяцаў немінуча прыводзіць да пагаршэння зроку арыштаваных. Гэта антыгуманны сродак да гэтага часу выкарыстоўваецца ў парушэнне міжнародных правілаў. Праваабаронцы патрабуюць прывесці ўмовы ўтрымання арыштаваных у адпаведнасць з Мінімальнымі стандартнымі правіламі абыходжання са зняволенымі ААН.
Праваабаронцы ўжо даслалі больш за дзесятак скаргаў у самыя розныя інстытуцыі з просьбамі зрэзаць “металічных жалюзі”, даць прававую ацэнку гэтаму і іншае.
Калі мы прыехалі на офіс, сталы валанцёр “Магілёўскай вясны” журналіст Аляксандр Буракоў якраз дасылаў новую партыю скаргаў у дзяржаўныя органы. Перад паходам на пошту, мы паспелі распытаць ў яго пра кампанію супраць “раснічак” на турэмных вокнах, пра яе актуальнасць і важнасць для беларусаў. Нам пашанцавала, і Аляксандр правёў цэлую экскурсію пад сценамі тутэйшай турмы і ІЧУ, дзе мы ўсё ўбачылі самі.
“Уявіце сабе, што на вашым пакоі, дзе вы цяпер знаходзіцеся, на вокнах прывараная пласціны пад вуглом 45 градусаў. Фактычна, у вашым пакоі запануе паўзмрок на 24 гадзіны ў суткі. Каб нармальна арыентавацца, вам прыйдзецца ўключаць святло. А цяпер уявіце, што ў такіх умовах людзі жывуць месяцамі, а некаторыя — гадамі.
Вельмі істотны момант: у СІЗА знаходзяцца людзі да суда. То бок па закону і прэзумпцыі невінаватасці яны яшчэ невінаватыя, але іх здароўю ужо цяпер наносіцца шкода. Успомніце нядаўнюю гучную справу галоўнага інжынера Мінскага завода колавых цягачоў Андрэя Галавача, які правёў 50 месяцаў у СІЗА і суд прызнаў яго невінаватым. Разумееце, што чалавек чатыры гады правёў фактычна ва ўмовах цямніцы? Чалавек пазбавіўся часткі здароўя там. І цяпер паўстае рэзоннае пытанне: што з гэтым рабіць?
Пакуль мы спрабуем высвятліць пазіцыю дзяржаўных органаў на гэты конт. І мы ўжо атрымалі шмат цікавай інфармацыі, з якой можна працаваць. Зразумелі, што праблема па большасці палягае ў заканадаўстве з калізіямі.
У адным з адказаў МУС нам паведаміў, што пытанне прапрацоўваецца. То бок яны разумеюць, што гэта трэба мяняць, але як гэта рабіць і хто дасць дазвол — незразумела. На жаль, у нашай сістэме часта працуюць не законы, а адміністрацыя прэзідэнта. Мне падаецца, што пакуль мы не дойдзем да самага высокага ўзроўня — нічога не зменіцца.
Дзіўна, што дагэтуль такую кампанію яшчэ ніхто не распачаў. Калі мы пачалі разбірацца, то я вельмі здзівіўся, што мы “першапраходцы” ў такім відавочным пытанні. Вывучаючы досвед іншых краін, мы даведаліся, што расейскія праваабаронцы дамагліся гэтага яшчэ ў 90-я гады.
Лічым, што гэтая кампанія будзе абсалютна паспяховай. Адзінае, што яна будзе доўгай і няпростай. Мы можам сцвярджаць, што гэтая кампанія пра “раснічкі” — ў інтарэсах кожнага беларуса. Хто раней саджаў у турму — рана ці позна сядзе сам. Напрыклад, як па справе асуджанага на 10 гадоў былога начальніка аддзела наркакантролю Ленінскага РАУС Магілёва Івана Пацёмкіна. Вядома, што міліцыянт правакаваў грамадзян, уцягнутых у незаконны абарот наркотыкаў на іх набыццё і ўжыванне з мэтай наступнага затрымання і прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Як бачым, гэты лёс можа напаткаць кожнага. Таму гэта павінна быць не толькі праблемай праваабаронцаў, а праблемай тых людзей, якія цяпер пры ўладзе, ды ўвогуле кожнага чалавека. Мы ўпэненыя, што калі, напрыклад, Аляксандра Лукашэнку пасадзяць у СІЗА, і там будуць зрэзаныя “раснічкі”, ён будзе вельмі ўдзячны за гэта менавіта праваабаронцам”.
Пратэставаць ў Магілёве можна толькі ў адным месцы. Нармальна?
Як распавядае Барыс Бухель, у Магілёве, дзе пражывае больш за 380 тысяч чалавек, публічна выказваць сваё меркаванне праз мірныя сходы можна толькі ў адным месцы горада. І тое — наводшыбе. Праваабаронцы прызнаюцца, што гэта адна з “хворых кропак”, якая моцна ўплывае на агульную сітуацыю з правамі чалавека ў Магілёве. Нядаўна “Магілёўская Вясна” нават праводзіла манстрацыю з мэтай прыцягнення ўвагі грамадства да гэтай праблемы. Дарэчы, гэта была першая грамадзянская акцыя за сем гадоў, якую ўзгаднілі мясцовыя ўлады.
Таму будучы ў Магілёве, мы проста не маглі не з’ездзіць на той стадыён па вуліцы Чалюскінцаў. Мы паглядзелі на гэтае месца ўласнымі вачыма, і паспрабаваць зразумець, чаму мясцовыя ўлады вырашылі вылучыць для мітынгаў і пікетаў менавіта гэтае месца. Адразу скажам, што спасцігнуць гэтую ісціну нам так і не ўдалося, але выглядае гэта і ў праўду гнятліва. Нам вельмі шанцавала ў той паездцы, і мы атрымалі другую экскурсію, толькі ўжо ад праваабаронцы Алеся Буракова:
“Магілёў — гэта адзіны абласны цэнтр, дзе толькі адно дазволенае месца для правядзення мірных сходаў. Нават у Пінску, меншым за наш горад амаль у тры разы, пяць такіх месцаў!
У горадзе два раёны — Ленінскі і Кастрычніцкі, але публічна выказваць сваё меркаванне, атрымліваецца, можна толькі ў Ленінскім. Праваабаронцы працуюць над тым, каб у Магілёве з’явілася яшчэ, як мінімум, адно месца. Мы доўга ліставаліся з чыноўнікамі па гэтаму пытанню. Прыпынілі перапіску ў сакавіку, калі мясцовыя ўлады нам паабяцалі, што яны прапрацоўваюць гэтае пытанне. Але ўжо верасень на двары, а чыноўкі нам працягваюць сцвярджаць, што пытанне прапрацоўваецца. Цікава, што яны наўпрост не адказваюць адмовай, таму мы не можам абскардзіць гэты адказ ці перайсці да іншых актыўных дзеянняў. Такая пазіцыя вельмі зручная для ўладаў, бо яны гэтае пытанне могуць “прапрацоўваць” гадамі. Але мы упэўненыя, што другому месцу для мірных сходаў у бліжэйшай будучыні ў Магілёве быць”.
Для чаго Беларусі грамадскія назіральныя камісіі без рэальных паўнамоцтваў?
Добрым інструментам кантролю за дзейнасцю органаў і ўстановаў, якiя выконваюць пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці (турмы, калоніі і г.д.), з’яўляюцца грамадскія назіральныя камісіі (ГНК). У любой іншай краіне, але толькі не ў Беларусі. Праваабаронцы даўно выказваюцца наконт неабходнасці рэфармавання гэтага інстытута. Пра гэта больш падрабязна нам распавёў Барыс Бухель, які з’яўляецца сябрам ГНК па Магілёўскай вобласці ўжо амаль два гады.
“Каб разумець усю сітуацыю, прывяду лічбу. У такіх камісіях па ўсёй Беларусі толькі тры чалавекі з грамадскага сектару. Гэта праваабаронца, старшыня РПГА “Беларускі Хельсінскі Камітэт” Алег Гулак, экаактывіст, каардынатар кампаніі “За здаровы Магілёў” Андрэй Бодзілеў і я, праваабаронца “Вясны”, як сябра Магілёўскага праваабарончага цэнтра.
Калі мяне ўключалі ў ГНК — думаў, што можна штосьці змяніць. Але, акрамя гучнай назвы камісіі, там больш нічога няма. Сябры камісій практычна не маюць рэальных паўнамоцтваў, статус выклікае вялікія пытанні.
Праваабаронцы накіравалі суб’ектам заканадаўчай ініцыятывы свае прапановы па паляпшэнні працы камісій, а менавіта Праект Рэгламенту працы Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі і грамадскіх назіральных камісій пры галоўных упраўленнях юстыцыі абласных i Мiнскiм гарадскiм выканаўчых камітэтах.
За гэты час, калі я з’яўляюся сябрам ГНК, мы тры разы наведалі калоніі, але да палітвязня Міхаіла Жамчужнага, напрыклад, нас не пусцілі, як і да былога палітвязня Зміцера Паліенкі, калі той адбываў пакаранне ў Бабруйску. Апошні раз, калі наведвалі папраўчую калоніі № 15 у Магілёве, мы нават зняволеных не ўбачылі. Нас вадзілі па пустых памяшканнях, дзе знаходзіліся толькі дзяжурныя. Нам паказалі рамонт і тое, як нядрэнна кормяць зняволенных. А пагаварыць непасрэдна з асуджанымі, каб пачуць пра сітуацыю з умовамі ўтрымання з першых вуснаў не даюць.
Я задаваўся пытаннях на розных семінарах і пасяджэннях Міністэрства юстыцыі: "Для чаго мы туды ездзім?" Але адказу так і не атрымаў.
Складваецца адчуванне, што Рэгламент працы ГНК пісаў чалавек далёкі ад яго паўнамоцтваў. Калі параўнаць нашую камісію з украінскай, польскай ці нават расійскай, я ужо не кажу пра заходнія, то мы ўбачым, што ў нас наогул няма ніякага статусу.
Акрамя гэтага, мы накіравалі прапановы па змяненню Крымінальна-выканаўчага кодэкса наконт абароны правоў асуджаных. У заканадаўстве прапісаныя правы асуджаных, але абавязкаў адміністрацый папраўчых установаў выконваць гэтыя правы — няма. Калі паглядзець іншыя нарматыўныя акты, напрыклад, Працоўны кодэкс, то ўбачым, што кожнаму праву карэспандуецца абавязак. Таму нашае першае патрабаванне — ўключэнне ў КВК нормы, якая бы прадугледжвала прамы абавязак адміністрацыі калоній, турмаў выконваць правы асуджаных.
У верасні мусяць быць разгледжаныя нашыя прапановы”.
Часопіс пра Чалавека і яго правы: як гэта і навошта
Праманіторыўшы беларускую медыяпрастору мы ўбачылі, што фармат часопіса ў нашай краіне не занадта распаўсюджаны. А на праваабарончую тэматыку — дык увогуле адзін у Беларусі. І гэта mspring.online — сайт магілёўскага аддзялення “Вясны”. Чаму менавіта часопіс, адкуль ён узяўся і для каго, нам распавёў праваабаронца Алесь Буракоў.
“У “Вясны” ёсць сетка рэгіянальных сайтаў, якія называюцца “Гарадзенская Вясна”, “Берасцейская Вясна”, “Віцебская Вясна” і іншыя ў такім духу. Спачатку і наш сайт называўся “Магілёўская Вясна”, але мы адмовіліся ад такога фармата. Мы ўсвядомілі, што калі хочам зацікавіць незаангажаваных людзей тэмай правоў чалавека, то сайт інфармацыйнай агенцыі нам не падыходзіць. Інакш кажучы, калі, мы будзем даваць інфармацыю толькі па выбарах ці пра суды, то знойдзецца мала людзей, тым больш у рэгіёне, якіх пасля такіх матэрыялаў па-сапраўднаму зачэпяць правы чалавека.
Таму мы спыніліся на варыянце часопіса, які дазваляе рабіць крыху больш, чым варыянт звычайнага інфармацыйнага сайта. Ён аўтаматычна пашырае нашыя магчымасці. Тут арганічна глядзяцца і відэа, і падкасты, і інтэрв’ю, нават на забаўляльныя тэмы. Людзі, якія заходзяць на mspring.online, ведаюць, што яны абавязкова знойдуць штосьці для сябе, бо мы ім прапаноўваем розныя фарматы і тэмы. Нашыя матэрыялы часцяком мяжуюць з праваабаронай і грамадскай актыўнасцю. Тут трэба ўлічваць рэгіянальную спецыфіку. Дарэчы, пасля таго, як мы ператварыліся ў часопіс, у студзені 2019 года, нашая наведвальнасць і рэзананс у сацсетках вырас у два-тры разы.
Увогуле, калі казаць пра тое, на што мы арыентуемся, то гэта дакладна не беларуская журналістыка. Гэта напэўна расейская “Новая газета”, у якой вельмі моцны праваабарончы складнік, пры тым, што яна не пазіцыянуе сябе як цалкам праваабарончае выданне. Гэта амерыканскія сайты ozy.com, vox.com, у якіх таксама дастаткова шмат артыкулаў менавіта пра чалавека і яго правы і некаторыя іншыя. Канешне, наш узровень ніжэй за вышэйпералічаныя сайты, бо мы не такія раскручаныя і крутыя, але сваю пэўную нішу мы знайшлі. Ведаем, што ёсць куды расці. Цяпер вось думаем, што рабіць з гэтымі ведамі.
Мы наўмысна паставілі ў назве часопіса на першае месца менавіта Чалавека, а потым ужо яго правы. Ведаеце, само паняцце “правы чалавека” — вельмі шырокае. Канешне, праваабаронцы ведаюць яго дэфініцыю, але для людзей, на якіх мы арыентуемся, гэта, як правіла, нешта незразумелае і вельмі абстрактнае. Трэба ўлічваць той факт, што не ўсе сканчвалі нашыя праваабарончыя школы з Андрэем Палудам і наведвалі вясноўскія семінары па правах чалавека.
Калі мы на першае месца ставім менавіта Чалавека, то гэта больш ачалавечвае наш сайт. Распавядаючы пра чарговы судовы працэс у горадзе, мы не проста пішам пра суд, а намагаемся распавесці менавіта пра канкрэтную чалавечую гісторыю. Прасцей патлумачыць людзям, што за кожным парушэннем правоў чалавека стаіць менавіта Чалавек, яго асабістая гісторыя і яго пачуцці”.
Праваабарончы падкаст — не калонка юрыста! (аўдыё)
Кожны панядзелак на хвалі сайта mspring.online выходзіць падкаст “Дарагая рэдакцыя”, дзе “Магілёўская Вясна” з валанцёрамі адказваюць на ўсе пытанні, якія прыходзяць на ананімную форму. Гадзіннікі мы па ім не звяраем, а вось настроі грамадства ў ім угледзець можна. Мы ўпэўнена і не без задавальнення называем яго першым праваабарончым падкастам у Беларусі. Як ён з’явіўся на свет, якія яго мэты і мэсэджы? Пра гэта і іншае нам распавёў яго штурман Алесь Буракоў.
Але калі гэта гісторыя пра падкаст, то і распавесці пра яе мы вырашылі ў фармаце аўдыё замест вялікага тэкст. Прапаноўваем некалькі хвілін папрысутнічаць на нашым інтэрв’ю.
Дарэчы, за самае лепшае пытанне “Дарагая рэдакцыя” дорыць фірмовыя кубачкі mspring.online.
P.S. нашая інтэрв’юерка за пытанне пра першы праваабарончы падкаст у Беларусі кубак не выйграла.
Валанцёрская служба “Вясны” — лабараторыя асабістага росту
Пры магілёўскім аддзяленні “Вясны” ўжо каля паўтары гады дзейнічае цэлая валанцёрская служба. Гэта суполка маладых магілёўцаў, якая захапляецца правамі чалавека (Да беражы іх Феміда!) Каардынатарам і ідэйным натхняльнікам валанцёраў выступае праваабаронца Алесь Буракоў. Нам зноў пашанцавала — мы сталі жывымі сведкамі прысваення цэлага брэнда магілёўскай Валанцёрскай службе — MAYDAY. Як растлумачыў Алесь, валанцёрам і валанцёркам захацелася быць больш простымі і сучаснымі. Ды і падчас кінапраглядаў, яны заўважылі, што пакуль прадстаўляюцца поўнай назвай, палова людзей альбо сыходзіць, альбо засынае, жартуе каардынатар MAYDAY [смяецца].
Партрэт тыповага магілёўскага валанцёра-праваабаронца MAYDAY нам намаляваў Алесь:
“З валанцёрамі мы прытрымліваемся аднаго прынцыпу: рабіць только тое, ад чаго самі атрымоўваем фан. Мы круцім толькі тыя фільмы, якія нам цікавыя. Праводзім ларпы, форум-тэатры і іншыя мерапрыемствы толькі на тыя тэмы, якія цікавяць нас саміх. Такім чынам, з намі тыя, з кім мы на адной хвалі.
Да нас далучаецца моладзь, якая ў іншы час магла бы далучыцца да нейкіх палітычных рухаў ці партыяў. Гэта тыя людзі, якіх цікавіць менавіта грамадская праблематыка. У Магілёве ёсць Цэнтр гарадскіх культур, але там больш пра культурныя рэчы. Па сутнасці, больш такіх адкрытых і актыўных пляцовак у горадзе няма. Таму можна выказаць падзяку партыям і рухам, якія ёсць і адначасова няма ў Магілёве. Атрымліваецца, што моладзевае поле ў нас актыўнае на 98%. Яны цікавіцца TikTok-ам, Цімай Беларускіх і іншымі рэчамі з моладзевай масавай культуры. І сярод іх ёсць людзі, якім цікавы правы чалавека, і яны прыходзяць да нас. Мы бачым, што з гэтых людзей праз пяць гадоў вырастуць ці мясцовыя лідары, ці паспяховыя бізнэсоўцы, ці палітыкі, ці, у рэшце рэшт, праваабаронцы. Таму валанцёрская служба “Вясны” бачыцца гэткай лабараторыяй асабістага росту. Валанцёры могуць у нас рэалізаваць і прадэманстраваць сваю актыўнасць. Напрыклад, яны ўдзельнічаюць у нашых падкастах, выступаюць мадэратарамі на мерапрыемствах, дапамагаюць нам ствараць відэаролікі і фотарэпартажы. Актыўнасць, падчас якой можна рэалізаваць свой патэнцыял, у нас знойдзецца для кожнага”.
Метад “люстэрка” ў камунікацыі з чыноўнікамі: гэта як?
Акрамя практычнай работы, праваабаронца яшчэ займаецца навуковай дзейнасцю. Напрыклад, восенню ён прыме ўдзел у якасці эксперта ў Міжнародным кангрэсе ўсходнееўрапейскіх даследчыкаў, які пройдзе ў Варшаве. Тэма яго выступу заяўлена як "Што такое дэмакратыя і свабода сумлення?" Барыс Леанідавіч упэўнены, што ў гэтых пытаннях наогул не павінна быць розначытанняў. Нягледзячы на тое, што існуе некалькі тысяч дэфініцый дэмакратыі, ва ўсіх павінна быць аднолькавае яе разуменне. "Бо, калі паслухаць выступы палітыкаў, то даведаемся, што і ў Пуціна, і ў Лукашэнкі дэмакратычныя рэжымы. А атрымліваецца гэта таму, што ў іх проста сваё разуменне дэмакратыі. А такога быць не павінна", — распавядае праваабаронца. Гэтыя праблемы ён і будзе абмяркоўваць з калегамі на кангрэсе. Адзінае, што яго хвалюе — на выступ даецца толькі 10-15 хвілін. А Барыс Леанідавіч гатовы разважаць на гэтую тэму бясконца.
Барыс Бухель мае вялікі досвед у камунікацыі з органамі ўлады. Распавёў ён нам пра, гэтак называемы, метад “люстэрка”, які выкарыстоўвае ў працы з чыноўнікамі ўжо напрацягу многіх гадоў:
"Да любога чалавека, чыноўніка ці суддзі, можна дастукацца, калі правільна паставіць гутарку. Чыноўнікі ўсе закрываюцца, таму я пачаў выкарыстоўваць гэтую методыку. Гэта найпростая форма капіявання камунікацыі. Калі я чарговы раз чую аргумент ад чыноўнікаў “Я ўсё разумею, але ў мяне сям’я, дзеці”. Тады я адсякаю ў тым жа духу: “Калі вы сказалі пра сям'ю і дзяцей, вы самі прызналіся, што вам пляваць на гонар, доўг, закон і прысягу". На аргумент "Я проста выконваю загад" нагадваю ім пра Нюрнбергскі працэс. Канешне, пасля гэтага чыноўнікі мяне пазбягаюць і не хочуць са мной размаўляць. Але з імі застаецца тое, што я ім сказаў".
Нефарма(ль/т)ныя мерапрыемствы магілёўцаў-вясноўцаў
"Магілёўская Вясна” з MAYDAY заўсёды здзіўлялі нас сваімі фарматамі мерапрыемстваў. Тут табе і форум-тэатр пра людзей з інваліднасцю, і кінапрагляд з “V — значит вендетта”, і ток-шоў пра гарадскі актывізм, і манстрацыя, і праваабарончы ларп для карпаў і не толькі, і нават удзел у мясцовым TEDx. Адчуваецца, што яны ўкладаюць шмат часу і моцы, каб прыдумаць нешта крэатыўнае і нефарма(ль/т)нае. Для чаго гэта робіцца і чаму важна — прасвяціў нас Алесь Буракоў:
“Праз нашыя мерапрыемствы мы намагаемся данесці людзям, што правы чалавека – гэта не толькі рэпрэсіі, але тое, што гэта весела. Адна рэч, калі ты пішаш матэрыял, як цяжка жыць людзям з інваліднасцю ў Магілёве. Іншая — праводзіць форум-тэатр на гэтую ж тэму, дзе кожны ўдзельнік ці ўдзельніца могуць адчуць гэтую праблему на ўласным досведзе. З такіх мерапрыемстваў людзі рэальна разумеюць аб існуючых праблемах. Тое самае і з ларпамі, дзе людзі могуць прымераць на сябе розныя ролі. А дыскусіі пасля нашых кінапаказаў даюць магчымасць магілёўцам выказаць думку.
У Магілёве шмат разумнай моладзі, але ў горадзе мала пляцовак, дзе б яны маглі выказацца, паактыўнічаць, паказаць сябе, знайсці пару пры дапамозе сваіх інтэлектуальных думак. А на нашых мерапрыемствах можна рэалізаваць гэта. І, галоўнае, апроч іншага — глыбей пранікнуць у праваабарончы дыскус.
Мерапрыемствы – добры сродак пошуку валанцёраў. Мы разумеем, што калі мы будзем праводзіць простыя сумныя кінапаказы, да нас ніхто і не прыйдзе. Таму мне падаецца, лепей пракруціць новую кінакамедыю “Зялёная кніга”, якая атрымала некалькі галоўных кінаўзнагарод свету — тры “Залатыя глобусы” і столькі ж “Оскараў”. Важна, што гэты фільм можна паказаць з праваабарончага боку. Праз тое, што гэта кінанавінка, да нас могуць прыйсці, напрыклад, маладыя кінааматары. Яны паглядзяць, што праваабаронцы – сучасныя і прышпільныя людзі, і захочуць застацца з намі”.
Пра самую лепшую пігулку ад выгарання
Пра выгаранне і спосабы змагання з ім мы распыталі менавіта Аляксея, таму што мы ўсёй “Вясной” сапраўды захапляемся яго хоббі і шчыра радуемся за ягоныя перамогі. Калі вы яшчэ не ў курсе, то распавядаем гісторыю пра ажыццяўленне мары. Зусім нядаўна наш праваабаронца Аляксей Колчын праехаў на ровары цэлых 1200 кіламетраў, паўдзельнічаўшы ў самым вядомым у свеце супервеламарафоне Брэст-Парыж-Брэст. Даведацца пра тое, як гэта было і парадавацца разам з намі, можаце з вялікіх артыкулаў на mspring.online і TUT.BY.
Штосьці новае пра спосабы ад выгарання ад Аляксея мы не пачулі. Шчыра кажучы, мы і не чакалі, нам проста хацелася яшчэ раз паслухаць пра яго роварнае захапленне.
“Супраць выгарання ёсць выдатная рэч — хоббі, якое вас захапляе. Пра маё хоббі ўжо, здаецца, усе ведаюць — велападарожжы. Я калі выпраўляюся ў цяжкія і доўгія падарожжы, то цалкам адключаюся ад таго, чым займаюся ў штодзённым жыцці. Здаецца, гэта лепшы шлях змагання з выгараннем”, — адзначае праваабаронца.
ТОП-3 рэчаў, якія праваабаронцы бы змянілі ў Магілёве
Напрыканцы мы папрасілі праваабаронцаў “Магілёўскай Вясны” назваць па тры рэчы, якія яны б хацелі змяніць у Магілёве ў галіне правоў чалавека. І вось што з гэтага атрымалася.
Аляксей Колчын:
- Больш зарэгістраваных грамадскіх і праваабарончых арганізацый.
- Яшчэ большай паспяховасці нашаму інфармацыйнаму складніку.
- Стаўленне ўладаў да праваабаронцаў не як да ворагаў.
Барыс Бухель:
- Дэмакратычная ўлада.
- Выключэнне адусюль гвалтоўных дзеянняў і метадаў у працы.
- Выкананне ўсіх міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека.
Алесь Буракоў:
- Выбарчая мясцовая ўлада.
- Незалежныя суды.
- Пазіцыя людзей па адстойванню/абароне сваіх правоў.
Сачыць за дзейнасцю праваабаронцаў “Магілёўскай Вясны” можна ў сацыяльных сетках: facebook, instagram, twitter, vkontakte. І, канешне, на сайце mspring.online.