Грамадзянскі кантроль у Беларусі: гісторыя, лічбы, факты
На працягу васьмі гадоў запар у Беларусі дзейнічае грамадзянскі кантроль за мірнымі сходамі. Назіральнікі #ControlBY у адмысловых сініх камізэльках з’яўляюцца амаль на кожным незалежным мерапрыемстве, што адбываецца ў сталіцы, а часам і ў рэгіёнах. Падаецца, што і ўдзельнікі акцый, і супрацоўнікі міліцыі ўжо прызвычаіліся да іх наяўнасці і дзейнасці, але часам назіральнікаў таксама затрымліваюць і дастаўляюць у РУУС.
Пра тое, як і чаму ўзнік грамадзянскі кантроль, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца назіральнікі і што трэба, каб далучыцца да каманды #ContolBY, у матэрыяле Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Грамадзянскі кантроль у Беларусі ўзнік не на пустым месцы, а як рэакцыя шэрагу праваабаронцаў на парушэнне права на свабоду мірных сходаў - ад перашкодаў для збору людзей разам і затрыманняў на акцыях да ўнясенняў у Закон “Аб масавых мерапрыествах” жорсткіх і абмежавальных патрабаванняў. Пры гэтым права на свабоду мірных сходаў - частка эфектыўнага і бяспечнага функцыянавання любога грамадства, а грамадзянскі кантроль - важны дэмакратычны інструмент назірання за тым, як дзяржава за падаткі грамадзянаў выконвае свае асобныя функцыі.
Свабода мірных сходаў гарантуецца артыкулам 20 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. А таксама замацаваная ў артыкуле 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. |
“Быў патрэбны свой назіральны механізм”
Праваабаронца Наста Лойка стаяла ля вытокаў стварэння сеткі назірання як формы кантролю за рэалізацыяй грамадзянамі сваіх правоў свабодна збірацца, абменьвацца меркаваннямі і выказвацца. На пачатку 2012 года яна ведала, што падобныя ініцыятывы ўжо існуюць у іншых краінах, а у Беларусі эпізадычна назіраннем займаўся Беларускі Хельсінкскі Камітэт.
“З працы ў грамадскай прыёмнай, з інфармацыі ў СМІ і з асабістага досведу мне было зразумела, што ёсць пэўныя праблемы з рэалізацыяй гэтага права ў Беларусі. У той жа час гэтых крыніцаў інфармацыі было не дастаткова. Таму патрэбны быў свой назіральны механізм, які б аб’ектыўна і шматбакова збіраў інфармацыю, каб потым працаваць з дзяржаўнымі органамі ў напрамку паляпшэння сітуацыі”, - распавядае Наста Лойка.
Гэта стала своеасаблівым штуршком, каб праваабаронцы з “Вясны” і БХК аб’ядналі намаганні: у гэты час былі сумесна распрацаваныя анкеты для назірання, форма пасведчання назіральніка, абмеркаваныя спосабы абазначэння валанцёраў “у полі”, выпрацаваныя рэкамендацыі для розных дзяржаўных структураў і органаў, праведзеныя навучальныя трэнінгі і набраныя першыя кандыдаты.
“Мы вялі перамовы з тымі, хто ўжо былі побач, а таксама публічна абвяшчалі пра набор і навучанне людзей на назіранне. Раней мы шукалі людзей назіраць за судамі, таму ўжо былі дасведчаныя ў тэме грамадзянскага кантролю”, - успамінае Наста Лойка.
Першай акцыяй, на якой ажыццявіўся грамадзянскі кантроль, няхай яшчэ і не ў поўнай меры, стала святкаванне Дня волі 25 сакавіка 2012 года.
Спачатку назіранне адбывалася на трох асноўных масавых мерапрыемствах, якія ўлады афіцыйна дазвалялі - Дзень Волі, Чарнобыльскі шлях і Дзяды. Але з цягам часу стала зразумела, што гэтага недастаткова - грамадзянскі кантроль пашыраўся ў залежнасці ад сітуацыі ў краіне, а пасля - і па-за яе межамі.
Наталля Сацункевіч далучылася да “Валанцёрскай службы Вясны” і спрабавала розныя варыянты праваабарончай дзейнасці. Назіранне за мірнымі сходамі аказалася адной з самых простых і хуткіх актыўнасцяў, у якую дзяўчына ўключылася:
“У мяне было мала разумення, што такое мірныя сходы і што такое грамадскі кантроль, мне ўсё было цікава. Гэта было лета 2015 года, якраз было зацішша з адміністрацыйнымі арыштамі за мірныя сходы. Людзі адчулі гэты трэнд і актыўна выходзілі на акцыі”.
За восем год назіральнікі на ўласныя вочы бачылі шмат: і акцыі супраць падвышэння кошту на бензін, і “Марш студэнтаў”, і пратэсты прадпрымальнікаў, і “Крытычную масу”. Найбольшая колькасць пратэстаў адбылася ў 2017 годзе, калі людзі масава выходзілі на вуліцы не толькі сталіцы, але і рэгіянальных гарадоў, патрабуючы адмены сумна вядомага дэкрэта прэзідэнта аб так званых “дармаедах”. Тады грамадзянам краіны ўдалося дамагчыся сваіх патрабаванняў, дэкрэт быў адпраўлены на дапрацоўку.
Адна з каардынатарак працэсу назірання Марфа Рабкова кажа, што асноўная задача назіральнікаў - фіксацыя ўсяго, што яны бачаць, для далейшага аналізу:
“Пасля мы даем свае рэкамендацыі для паляпшэння якасці будучых мерапрыемстваў з прававога пункту гледжання, каб усе адчувалі сябе камфортна і ў бяспецы: адныя маглі спакойна выказваць сваё меркаванне, іншыя - не асцерагаліся правакацый”.
З назіральніцкай місіяй валанцёры “Вясны” ездзілі і ў суседнія краіны - Расію, Украіну, Польшчу. Назіралі за “Маршамі роўнасці” у Кіеве, Адэсе і Харкаве.
“Назіранне ў іншых краінах дазваляе глядзець на розныя падыходы: як з боку некамерцыйных арганізацый па назіранні, так і як адбываецца адміністраванне мірных сходаў з боку ўладаў. Часам мы выносілі з гэтага нейкія карысныя практыкі, а часам – бачылі трошкі горшыя выпадкі. Ну і паколькі правы чалавека – гэта ўніверсальны прававы канструкт, важны навык у праваабрончай дзейнасці суадносіць розныя практыкі і падыходы да іх”, - адзначае Наста Лойка.
Запрашалі назіральнікаў з “ОЗОН” (Украіна) і “ОГОН” (Расія) у Беларусь, якія дзяліліся сваім досведам, дапамагалі ўдасканальваць тэхнічныя і змястоўныя моманты, самі нечаму навучаліся ў супрацы.
“Нам было важна потым сумесна з імі пісаць маніторынгавыя справаздачы, каб змест быў зразумелы людзям у любой краіне. Мне падаецца, дзякуючы іх прыездам мы прайшлі тэст на аб’ектыўнасць”, - падкрэслівае Наста Лойка.
“Сіняя камізэлька - гэта маніторынгавая безбаковая дзейнасць”
Час ад часу перад назіральнікамі ўзнікаюць розныя складанасці. Сярод такіх Наста Лойка адзначае адсутнасць камунікацыі з уладамі і затрыманне валанцёраў і валанцёрак падчас назірання:
“Асноўная праблема, якая была адразу і турбуе мяне і зараз - гэта бяспека саміх назіральнікаў і назіральніц. Мы выходзім на мірныя акцыя стаяць у баку і проста назіраць, не выказваем сваё меркаванне, не далучаемся да акцыі, але нас тым не менш перыядычна затрымліваюць, часам нават спрабуюць складаць пратаколы за акцыі. То бок, дэ-факта нас не прызнавалі ў якасці аб’ектыўнага трэцяга боку, а аўтыматычна залічвалі да тых, хто ўдзельнічае ў акцыі, хаця нам прынцыпова было падкрэсліваць, што гэта не так і што сіняя камізэлька - гэта маніторынгавая безбаковая дзейнасць”.
Наталля Сацункевіч дагэтуль памятае адну з сваіх першых акцый, за якой назірала - 24 лістапада 2015 года. Тады на яе і яшчэ аднаго назіральніка Сяргея Каспяровіча склалі пратаколы за ўдзел у масавым мерапрыемстве.
“Справу перадалі ў суд, і я там даводзіла, што назіральнікі па вызначэнні не могуць удзельнічаць у сходах, бо мы назіраем. Тады я ўпершыню для сябе пабачыла салідарнасць праваабарончага грамадства і ўвагу СМІ да тэмы незалежнага грамадскага кантроля. Скончылася ўсё добра: справу вярнулі на дапрацоўку ў РУУС і фактычна злілі”, - распавядае праваабаронца.
На жаль, такія сітуацыі здараліся неаднойчы: у 2016 годзе затрымлівалі Кірыла Кажэнава падчас роварнага назірання за “Крытычнай масай”, у 2017 годзе адбыўся налёт на офіс “Вясны” падчас інструктажа перад Днём Волі, у 2018 годзе затрымлівалі назіральнікаў падчас назірання гэтага ж свята, тады ж спрабавалі асудзіць Таццяну Мастыкіну за дзейнасць па назіранні.
“Усе гэтыя сітуацыі, суды, абскарджванні вельмі моцна на мяне ўплывалі, і часам было жаданне перастаць назіраць проста з меркаванняў бяспекі. Але нашыя назіральнікі і назіральніцы заўжды самі праяўлялі прынцыповасць, адвагу і інцыятыву, пагаджаліся ісці на мерапрыемствы нават з рызыкай затрыманняў, за што я ім вельмі ўдзячная”, - падкрэслівае Наста Лойка.
Наталля Сацункевіч, якая зараз сакаардынуе назіранні, лічыць, што ў цяперашні час грамадзянскі кантроль знаходзіцца ў адносна стабільным перыядзе: улады не перашкаджаюць назіраць, але і не дапамагаюць.
“Алесь Бяляцкі падкрэсліваў, што мы сваімі назіраннямі фіксуем гісторыю”
Наста Лойка распавядае, што хацела бачыць на ўласныя вочы, куды ў тым ліку дзяржава накіроўвае падаткі. Для грамадства, па словах праваабаронцы, назіранні важныя як культура грамадзянства: адчуванне адказнасці, як чыноўнікі працуюць “для нас”.
І сапраўды, дзейнасць па назіранні за мірнымі акцыямі за гэты час заняла сваё месца і адыгрывае значную ролю ў фіксаванні парушэнняў правоў грамадзянаў з боку ўладаў.
Наталля Сацункевіч адзначае:
“У нас вялікі арганізацыйны вопыт, ёсць вопыт дзеянняў у экстранных сітуацыях. Мы карыстаемся даверам у СМІ, нашым дадзеным і лічбам вераць. Таксама да нас лаяльныя большасць удзельнікаў і удзельніц. Нашы справаздачы па назіранню высока ацэньваюцца экспертамі і міжнароднай супольнасцю. І на іх спасылаюцца пры ацэнцы сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і пры камунікацыях з урадам”.
Праваабронца кажа, што назіранне за мірнымі сходамі зараз у добрым стане, і яго вынікі з’яўляюцца ўплывовымі на розных узроўнях.
“Мы сапраўды імкнемся ў сваіх маніторынгавых справаздачах даваць дакладныя ацэнкі сітуацыям. Яшчэ Алесь Бяляцкі часам падкрэсліваў, што мы сваімі назіраннямі фіксуем гісторыю”, - узгадвае Наста Лойка.
“Распаўсюд інфармацыі дазваляе дапамагаць людзям рэалізоўваць іх правы”
З часам акрамя непасрэднага назірання і напісання выніковых справаздачаў дзейнасць грамадзянскага кантролю значна пашырылася.
Наста Лойка прыгадвае, што ў нейкі момант каманда назіральнікаў зразумела, што хочацца не толькі назіраць, але і гучна казаць пра тыя праблемы, якія яны бачаць падчас акцый:
“З гэтага пачалася мая любімая грамадская кампанія sxod.by”.
Яшчэ адным з цікавых напрамкаў дзейнасці па назіранні стала грамадзянская кампанія па змяненні Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, у межах якой валанцёрскімі сіламі быў падрыхтаваны і прэзентаваны буклет пра падыходы да рэалізацыі права на мірныя сходы ў Беларусі і яшчэ дзесяці краінах свету.
Тым часам супрацоўніца “Вясны” Наталля Сацункевіч прымала ўдзел у міжнародных канферэнцыях па свабодзе мірных сходаў, дзе распавядала пра сітуацыю з гэтым правам у нашай краіне.
“Гэта дапамагае прыцягваць увагу да Беларусі, не пакідаць беларускія ўлады сам насам з сабою. І дакладна паказваць, што парушэнні правоў чалавека - не ўнутраная справа, а сур’ёзнае парушэнне міжнародных дамоўленасцяў, што сорамна і непрыгожа. А таксама цягне за сабой палітычныя і эканамічныя наступствы.
Распаўсюд інфармацыі пра сітуацыю з мірнымі сходамі ў Беларусі ўзмацняе міжнародны ціск на ўрад нашай краіны і дазваляе нам дапамагаць людзям у Беларусі рэалізоўваць іх правы”, - падкрэслівае праваабаронца.
“Будуць зацікаўленыя людзі, будзе і назіранне за мірнымі сходамі”
Па меркаванні Наталлі Сацункевіч, мірныя сходы - гэта вельмі жывое і прыгожае права, а самі мерапрыемствы ніколі не падобныя паміж сабой.
“Паводзіны людзей і праваахоўных органоў вельмі цікава назіраць. Я бачу, як змяняюцца фарматы, лозунгі, сцягі, плакаты, месцы і маршруты. Як змяняюцца людзі і сходы.
Плюс самі назіральнікі і назіральніцы мяняюцца: людзі пачынаюць назіраць і перастаюць - гэта натуральны працэс для валанцёрскай працы”, - адзначае праваабаронца.
Дзяўчына кажа, што сёння для актывістаў па назіранні за сходамі ёсць два асноўныя напрамкі дзейнасці:
- назіранне “ў полі”, што ўключае ў сябе непасрэдна адсочванне паводзінаў удзельнікаў і прадстаўнікоў улады, фота- і відэафіксацыю на месцы, падлік удзельнікаў, камунікацыю з праваахоўнымі органамі;
- праца “ў штабе”, у якую ўваходзіць вырашэнне арганізацыйных пытанняў, збор і апрацоўка анкетаў назіральнікаў, напісанне справаздачы і яе пераклад на іншыя мовы, падрыхтоўка інфаграфікі ды інш.
Марфа Рабкова адзначае, што праца "ў полі" гэта жывая практыка і адточванне майстэрства аб'ектыўнасці: чалавек глядзіць на тое, што адбываецца не праз прызму эмоцый, а позіркам бесстаронняга назіральніка, для якога важна захаванне правоў чалавека і законнасці.
“Мы загадзя ведаем і плануем ролі і задачы ўсіх людзей, а таксама стараемся спрагназаваць усе магчымыя ўскладненні і няштатныя сітуацыі.
І нават не самыя прыемныя моманты у выглядзе "наведвання" РУУС можна расцэньваць як практыку і вопыт, неабходны ў праваабарончай дзейнасці, каб знутры ўбачыць працу праваахоўных органаў з пункту гледжання права”, - адзначае праваабаронца.
Асобным блокам у каманды па грамадзянскім кантролі стаіць праца па адвакацыі і прасоўванні падрыхтаванай справаздачы па маніторынгу мірнага сходу.
Назіральнік Аляксандр Драгавоз пасля адзначаных шматлікіх парушэнняў падчас мінулагодніх парламенцкіх выбараў зразумеў, што хоча неяк ўплываць на сітуацыю. На пачатку снежня 2019 года ён далучыўся да каманды валанцёраў “Вясны” і назіраў усе акцыі супраць “паглыбленай інтэграцыі” ў Мінску, а таксама судовыя працэсы над актывістамі пасля іх.
“Незалежнае назіранне - гэта тое, што ты можаш зрабіць проста зараз і што не вымагае шмат сіл.
Чаму важна назіраць за мірнымі сходамі? Каб сабраць аб'ектыўную інфармацыю аб сходзе, напрыклад, колькасць удзельнікаў, ці адсачыць, як выконваецца права чалавека на мірны сход і свабоду выказванняў, ці не было правакацый альбо затрыманняў. Увогуле, добра развіты інстытут грамадзянскага кантролю спрыяе лепшаму выкананню ўладай сваіх абавязкаў”, - кажа назіральнік.
Тым, хто хоча далучыцца на назірання ў будучым Аляксандр Драгавоз раіць:
“Не сумневайцеся, гэта годная справа. Будзьце суб'ектам, а не аб'ектам!”
У сваю чаргу Наталля Сацункевіч лічыць:
“Пакуль будуць матываваныя і зацікаўленыя людзі, будзе працягвацца праца па назіранні за мірнымі сходамі. У той каманды, якая зараз працуе, планы вялікія і амбітныя!”
Як стаць назіральнікам?
Калі ты гатовы ці гатовая зрабіць свой унёсак у абарону правоў чалавека ў Беларусі, аб’ектыўна фіксаваць парушэнні на мірных сходах, то смела пішы на скрыню - help@spring96.org
Таксама можна паглядзець відэазапіс вебінару па назіранні за мірнымі сходамі.
Марфа Рабкова падкрэслівае:
“Шмат залежыць ад індывідуальных асаблівасцяў чалавека, але з нашага боку мы робім усё, каб ён ці яна адчувалі сябе ў "сваёй талерцы" ужо з першых хвілінаў планавання назірання, каб на самой акцыі чалавек адчуваў сябе спакойна, а разам з тым спакойная была і ўся каманда”.
Далучайцеся да каманды #ControlBY у сацсетках: фэйсбуку, УКантаце, твітары і інстаграме.