Наталля Сацункевіч: Часам назіраць за мірнымі сходамі ў Беларусі было небяспечна Фота
“Вясна” працягвае серыю інтэрв'ю з беларускімі жанчынамі-праваабаронцамі — тымі, хто робіць нашае грамадства лепш праз абарону правоў чалавека. У Беларусі склалася такая сітуацыя, што людзі, якія абараняюць правы чалавека, абараняюць уразлівыя групы, па сутнасці, сталі самі ўразлівай групай. Часта яны падвяргаюцца пераследу і рэпрэсіям з боку дзяржавы, улады не заўсёды адкрытыя да дыялога з праваабаронцамі, а грамадства поўна стэрэатыпаў і забабонаў у іх бок. Мы імкнемся зрабіць беларускіх актывістак праваабарончага руху больш бачнымі ў грамадстве. Папярэдні наш матэрыял мы прысвяцілі светлагорскай праваабаронцы і экалагічнай атывістцы Алене Маслюковай.
У гэты раз мы паразмаўлялі з праваабаронцай “Вясны” Наталляй Сацункевіч. Чаму паміж працай у Акадэміі навук і праваабарончай дзейнасцю яна абрала апошняе, чаму раней яна не магла адкрыта заявіць, што з’яўляецца феміністкай, як паўплывала на праваабарончую дзейнасць і наогул правы чалавека пандэмія COVID-19? Пра гэта і шмат іншае — у нашым матэрыяле.
Ва ўмовах распаўсюду пандэміі каранавірусу Праваабарончы цэнтр “Вясна” працягвае сваю дзейнасць па адстойванні правоў чалавека і аказанні прававой дапамогі грамадзянам. Усведамляючы сваю адказнасць пра здароўе грамадзян і сваіх супрацоўнікаў, “Вясна” часова змяніла фармат сваёй працы на дыстанцыйны. Наталля Сацункевіч распавяла нам, як гэта выглядае на практыцы, як прыстасавалася асабіста яна да новых умоваў і як пандэмія COVID-19 паўплывала на правы чалавека ў Беларусі.
“Сацыяльная адказнасць – тое, пра што трэба памятаць увесь час”
"Адразу была вялікая разгубленасць. Сітуацыя з каранавірусам у Беларусі набірае ход, з-за гэтага адчуваецца шмат трывогі. Стараюся ўспрымаць гэты каранцін як магчымасці для росту. Добрым прыкладам тут з’яўляецца пераход усіх заняткаў, трэнінгаў у анлайн-прастору. І гэта вельмі добры навык, якому мы ўсе навучыліся. Шкада, канешне, што мы здабылі яго ў такіх умовах.
Праца “Грамадскай прыёмнай” таксама перайшла ў анлайн-рэжым з выкарыстаннем бяспечных каналаў сувязі (Электронная пошта, Signal, WhatsApp, Telegram). Мы дасяжныя да людзей, якія хочуць да нас звярнуцца. У залежнасці ад сітуацыі, мы арыентуемся, якім менавіта чынам мы зможам дапамагчы чалавеку.
Хочацца, каб у гэтых і без таго складаных умовах, людзі былі асцярожнымі. Ставіліся больш уважліва да свайго здароўя, мер бяспекі, дакументаў, якія падпісваюць у лякарнях, пры дачы нейкіх тлумачэнняў. Трэба разумець, што адказнасць за жыццё чалавека ляжыць, у першую чаргу, на самім чалавеку, нават, калі ён пад даглядам лекараў. Таму сацыяльная адказнасць – тое, пра што трэба памятаць увесь час.
“Вясна” ва ўмовах пандэміі каранавірусу: як гэта будзе выглядаць?
Каранавірус – выклік усяму свету, асабліва правам чалавека. Падаецца, што менавіта цяпер у людзей павінна з’явіцца разуменне пра каштоўнасці правоў чалавека, таму што ў бягучай сітуацыі стандарты правоў чалавека – гэта, магчыма, адзінае, што можа выраватаць нас усіх ад жорсткіх парушэнняў свабод. Вядома, што ў пэўных сітуацыях правы чалавека могуць быць абмежаваныя, але актуалізуецца пытанне прапарцыйнасці і неабходнасці гэтага. Таму, выглядае, што правы чалавека могуць стаць апорай у сітуацыі з пандэміяй.
“Свабоды мірных сходаў як не было ў Беларусі, так і няма”
Нядаўна ў мяне запытваліся, як ідуць справы з абмяжаваннямі мірных сходаў у Беларусі. Тут усё проста: у нас у краіне яны і так абмежаваныя “па самыя не хачу”. Таму сэнсу няма, каб яшчэ больш іх абмяжоўваць. Права на свабоду мірных сходаў і так вельмі цяжка рэалізаваць у Беларусі. Часта рэалізацыя гэтага права цягне за сабой пакаранне. Тое, што ў нас няма нейкай асобнай пастановы пра правядзенне мірных сходаў падчас каранавіруснай эпідэміі, не стварае дадатковых перашкодаў. Свабоды мірных сходаў як не было ў Беларусі, так і няма.
Цяпер праваабаронцаў вельмі хвалюе адсутнасць доступа да поўнай інфармацыі звязанай з каранавірусам, барацьбы з ім і мер, якія прадпрымае ўлада".
Каранцін як пагроза дэмакратыі. Як мяняюцца правы чалавека пры пандэміі
Многія праваабаронцы па адукацыі ніколі не былі юрыстамі. Не патрабуе гэтага Дэкларацыя ААН пра праваабаронцаў, згодна якой “Кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях”. У гісторыі і штодзённасці вядома шмат прыкладаў, калі выбітныя праваабаронцы мелі фізічную, журналісцкую, гістарычную, філалагічную адукацыю. Таму асасблівую зацікаўленнасць выклікае шлях чалавека да праваабарончай дзейнасці: яго адукацыя, месцы працы, дзе ён навучаўся абароне правоў чалавека. Пра свой шлях нам распавяла Наталля.
“Я думала, што правы чалавека – гэта заўсёды вобраз дрэннага”
"Мой шлях да абароны правоў чалавека пачаўся з разумення сваёй асабістай годнасці і дыскрымінацыі ЛГБТ-людзей. Першый трэнінг пра правы чалавека, на які я трапіла, – правы чалавека для ЛГБТ. Тады маё ўяўленне пра правы чалавека было вельмі павярхоўным, я думала, што правы чалавека – гэта заўсёды вобраз дрэннага. На тым трэнінгу я ўпершыню пачула выраз “Правы не даюць, правы бяруць”, і гэта мне вельмі адгукнулася. Я шчыра дзякую людзям, які тады былі побач, і мужу.
У 2015 годзе са мной здарылася летняя Праваабарончая школа ад “Вясны”. Я была вельмі ўражаная і натхнёная. Па сутнасці, гэта было маё першае сутыкненне з сістэмнымі ведамі пра правы чалавека, праваабарончай супольнасцю і наогул з нефармальнай адукацыяй. Пасля я далучылася да Валанцёрскай службы “Вясны”, дзе спрабавала ўжо сябе ў самых розных актыўнасцях. Бо ў Валанцёрскай службе вельмі шмат накірункаў, і лёгка сабе знайсці занятак. У якасці валанцёркі я назірала за мірнымі сходамі, была назіральніцай на выбарах і ў судах, пісала скаргі, апытвала людзей, наведвала трэнінгі, форумы і мерапрыемствы, займалася рознай іншай праваабарончай дзейнасцю".
“На нашага загадчыка казалі, што ён вырасціў у сябе ў лабараторыі пятую калону”
"Наогул я скончыла біялагічны факультэт БДУ. Вучылася я не выдатна, а вось навуковая дзейнасць зацягнула. На трэцім курсе да нас прыйшла новая выкладчыца, якая стала маёй навуковай кіраўнічкай. Тое, што я стала больш займацца навукай, павярнула маё жыццё і планы. Я паступіла ў аспірантуру, засталася працаваць на кафедры мікрабіялогіі, а потым перайшла ў новую лабараторыю ў Акадэміі навук. Таму паралельна з валанцёрствам, я працавала ў навуковай лабараторыі і пісала дысертацыю на тэму “Вектарныя сістэмы для малекулярнага кланавання ў клетках грамстаноўчых бактэрый роду Bacillus”. Але, як апынулася, сумяшчэнне гэтых дзвюх сфер немагчыма.
Вырашальным момантам стала двухтыднёвая паездка ў Польшу. Арганізатары запрашалі актывістаў з розных краінаў для абмену вопытам у дзейнасці недзяржаўных і дзяржаўных установаў. Я была вельмі шчаслівая, што мяне запрасілі таксама. Я хацела на працы ў Акадэміі навук узяць на гэты час адпачынак за свой кошт, але мяне катэгарычна не хацелі адпускаць. Яснасць у гэтую сітуацыю ўнесла размова з нашай дырэктаркай. Яна заявіла мне, што “Акадэмія працуе пад патранажам прэзідэнта, і мне трэба абіраць, чым я хачу займацца”. Думаю, што да яе паступіла інфармацыя, што я назірала на выбарах, бо гэтая размова адбылася акурат пасля выбарчай кампаніі 2016 году. Тады вельмі непрыгожая сітуацыя склалася. На нашага загадчыка лабараторыі казалі, што ён вырасціў у сябе ў лабараторыі пятую калону. Дырэктарка паставіла мяне перад выбарам: ці застаюся працаваць, ці звальняюся і еду ў сваю паездку. Трэба было абіраць вельмі хутка, фактычна за 1-2 дні. І гэта быў вельмі складаны выбар, бо жыццёвыя планы былі пабудаваныя ў сувязі з гэтай працай. Акрамя гэтага, жыла ў службовай кватэры, з якой трэба было з’язджаць у выпадку звальнення. Па ўмовах, якія мне паставілі, я не магла нават застацца ў аспірантуры".
“Калі я шла на сумоўе ў “Вясну”, мама плакала”
"У Польшу я ехала з пачуццём "узяць ад гэтай паездкі ўсё магчымае і немагчымае". Цяпер я ні аб чым не шкадую, а тады перада мной паўстала невядомасць: дзе я буду працаваць, дзе жыць, на якія грошы існаваць. Я разумела, што мне цікава займацца правамі чалавека, але ні досведа, ні кампетэнцыі, ні ўяўлення пра сваю працу ў гэтай сферы не было.
Нейкім час я прапрацавала т’ютаркай для хлопчыка з разладам аўтычнага спектра. Гэта быў вельмі цікавы вопыт, але безграшовы. Таму я сышла ў call-цэнтр, уладкаваўшыся туды аператаркай. Там былі ўсе умовы: добры заробак, поўны сацпакет і офіс каля дома. Гэта таксама было добрае псіхалагічнае выпрабаванне, як паводзіць сябе з людзьмі, як з імі размаўляць. Там я прапрацавала год. І ўвесь гэты час працягвала адукацыю ў сферы правоў чалавека і валанцёрства ў "Вясне".
«Дзяржава не зацікаўленая ў іх рэабілітацыі». Як гэта — быць памочніцай чалавека з аўтызмам
Калі я шла на сумоўе ў “Вясну”, мама плакала. Яна вельмі хвалявалася, бо, як вядома, займацца ў Беларусі праваабарончай дзейнасцю часам небяспечна. Пры гэтым, мама з павагай ставіцца да майго выбару, і я адчуваю падтрымку сваякоў. Думаю, мая сям’я, як любая тыповая беларуская сям’я, не ўспрымае ўсю каштоўнасць маёй працы. Аднак стараюся ім распавядаць пра правы чалавека і тлумачыць, чаму гэта важна. Сябры мае, у тым ліку, якія засталіся з часоў навучання і працы ў БДУ і Акадэміі навук, вельмі паважаюць мой выбар і падтрымліваюць мяне таксама.
Акрамя летняй Праваабарончай школы, прайшла вельмі шмат трэнінгаў, семінараў, школ па правах чалавека. У свой час навучалася на семінарах у вядомага расійскага праваабаронцы Андрэя Юрава. У межах вучэбнай праграмы ILIA-By пры Беларускім доме правоў чалавека імя Барыса Звозскава я скончыла праграму “Міжнародные стандарты – у нацыянальную практыку (англ. Brings International Standards Home, скарочана BISH).
Шмат ведаў пра правы чалавека я атрымала праз самаадукацыю і ад сваіх калегаў і каляжанак, канешне. Апошнія паўтары гады я шмат часу прысвяціла навучанню трэнерству ў сферы нефармальнай адукацыі. Зацікавілася я гэтым тады, калі зразумела, што сваімі ведамі пра правы чалавека, я хачу дзяліцца добрымі метадамі. У свой час мне ў Валанцёрскай службе было вельмі добра. Таму сама я цяпер хачу зрабіць іншым таксама добра, даць ім сілы, натхненне, веды, якія калісьці атрымала сама і якія ў многім мне чым дапамаглі. А яшчэ трэнерка – гэта кантакты з людзьмі, і я гэта вельмі люблю".
У “Вясне” Наталля Сацункевіч, акрамя ўсяго іншага, займаецца абаронай права на свабоду мірных сходаў. Мы запыталі яе наогул пра эфектыўнасць грамадскага кантролю ў Беларусі.
“Свабода мірных сходаў – гэта любоў і прыклад прыгожага жывога права”
"Мне вельмі падабаецца грамадскі кантроль як даволі просты і эфектыўны сродак абароны правоў чалавека. Мне блізка філасофія грамадскага кантролю. Я займалася і працягваю займацца трыма накірункамі грамадскага кантролю ў Беларусі: назіранне за судамі, за выбарамі, за мірнымі сходамі.
Я раней сама назірала за рознымі судовымі працэсамі, а цяпер стымулюю людзей таксама назіраць за судамі, бо гэта вельмі важна для нашай дзейнасці. Да кароткатэрміновага назірання на выбарах я падключылася з 2015 году. На парламенцкай выбарчай кампаніі-2019 я ўпершыню назірала, як даўгатэрміновік. Планую назіраць і за прэзідэнцкімі выбарамі, якія мусяць адбыцца сёлета. Шмат задаюць пытанняў, ці ёсць увогуле сэнс у гэтых назіраннях. Па жыцці і ў працы, я стараюся прытрымлівацца канэпцыі, што важны не толькі вынік, але і працэс. Я бачу сэнс у назіранні за гэтымі выбарамі і адвакацыі іх вынікаў. Збор і распаўсюд інфармацыі, як самы першы крок выканання правоў чалавека, вельмі важныя.
Камісія vs Назіральніца: хто каго?
Самы мой любімы від грамадскага кантролю – назіранне за мірнымі сходамі. Свабода мірных сходаў – гэта любоў і прыклад прыгожага жывога права, з якім я шмат працую. Часам назіраць за мірнымі сходамі ў Беларусі нават было небяспечна. Мяне, напрыклад, затрымлівалі на офісе “Вясны” перад назіраннем 25 сакавіка 2017 году. Але самае цяжкае, калі затрымліваюць тваіх калегаў. Як пісаў у сваім блогу Алесь Бяляцкі, “самая галоўная мая місія – гэта проста сядзець. Бо само маё зняволенне выклікала там, на волі, столькі рэакцыі, палітычных і чалавечых хваляў, эмоцыяў і пачуццяў, што наўрад ці я магу зрабіць штосьці яшчэ большае”. Так і ў нас часта было падчас назірання: людзей затрымалі, а ў нас праца толькі пачалася.
Памятаю, выпадак, калі яшчэ назіралі такія дасведчаныя назіральнікі як Наста Лойка і Вова Андрыенка, на двух назіральнікаў з усёй каманды склалі адміністрацыйныя пратаколы нібы за ўдзел у масавым мерапрыемстве. Тады Наста і Вова падыходзілі да міліцыянтаў і прасілі, каб пратаколы склалі і на іх. Цяпер я разумею гэтую тактыку, калі яны хацелі, каб пратаколы склалі на ўсю каманду назіральнікаў #ControlBy. Бо ў некаторых людзей ужо быў вопыт і разуменне, што з гэтым рабіць. І мне падаецца, што лепшыя лекі ад страху – разуменне і вопыт".
Грамадзянскі кантроль у Беларусі: гісторыя, лічбы, факты
З верасня 2019 года амаль кожны панядзелак на базе Валанцёрскай службы “Вясны” Наталля Сацункевіч праводзіць Клуб ангельскай мовы пра правы чалавека. Ва ўмовах пандэміі Клуб працягвае сваю дзейнасць анлайн праз Zoom. Наталля распавяла, як узнікла ідэя стварэння спецыялізаваных заняткаў па ангельскай мове і як гэта звязана з будаваннем грамадзянскай супольнасці Беларусі.
“Зразумела, што часам я размаўляю як старая кніга”
"Ангельскую мову я вучу больш за 25 год, з першага класа школы. Але была праблема з гутарковай ангельскай. Калі я пачала ездзіць па розным міжнародным івэнтам, зразумела, што часам я размаўляю як старая кніга. Мне было цяжка размаўляць з іншымі людзьмі, не было сучаснай і спецыяльнай юрыдычнай лексікі. Мне вельмі захацелася выправіць гэта. Акрамя гэтага, на сваім прыкладзе я ведаю, што ў Беларусі шмат людзей, якія ведаюць ангельскую мову, але саромеюцца размаўляць. Мне захацелася і ў гэтым пытанні дапамагчы людзям, а таксама распаўсюджваць веды пра правы чалавека, займацца асветай і адукацыяй. Так нарадзілася ідэя клуба ангельскай мовы пра правы чалавека, бо сам фармат гутарковых клубаў не новы, канешне. Я рада, што мяне падтрымалі калегі ў гэтай ідэі. Калі клуб запрацаваў, я ўбачыла, што гэта людзям адгукаецца і ёсць запыт на такія рэчы. Хачу думаць, што праз працу гэтага клуба, я ўкладаюся ў будаванне грамадзянскай супольнасці Беларусі. І гэты клуб стаў для мяне добрай натхняльнай рэччу ў стылі “калі хочаш нешта рабіць, то рабі”, “калі не ведаеш як, то паспрабуй”, “калі не атрымалася, то будзеш ведаць, што не атрымалася”.
Мы запыталі ў Наталлі, як яна ацэньвае сітуацыю з правамі жанчыны ў Беларусі, як на яе дзейнасць уплывае тое, што яна з’яўляецца феміністкай і што можа зрабіць кожны ці кожная для дасягнення ў грамадстве гендэрнай роўнасці.
“Чаму супрацоўнік, калі я супрацоўніца?”
"Правы жанчын – для мяне вельмі асабістая тэма, бо сама па поглядах я феміністка, і рада казаць пра гэта адкрыта. Раней я саромелася пра гэта заяўляць з-за тых стэрэатыпаў, якія існуюць у грамадстве і былі ў мяне. Я заўважыла, што, калі ў чалавека ёсць нейкія погляды, якія адрозніваюцца ад большасці (вегетарыянства, беларускамоўнасць, фемінізм і іншыя), то ў гэтага чалавека нібы ёсць абавязак растлумачыць гэта ўсім астатнім і адказаць на ўсе пытанні. І гэтае інфармацыйнае абслугоўванне – вельмі складаная рэч. І толькі цяпер я асэнсавала, што ў мяне няма такога абавязка.
З-за таго, што я феміністка, то ў працы і ў жыцці я таксама стараюся прытрымлівацца дзеянняў, якія накіраваныя на дасягненне гендэрнай роўнасці. Гэта і запрашэнне на свае заняткі жанчын-экспертак, і падтрымка жанчын, доступ да розных рэсурсаў, уздыманне тэмаў, якія тычацца правоў жанчын, і іншыя.
Што тычыцца сітуацыі з правамі жанчын у Беларусі, то мне вельмі шкада, што ёсць такая пазіцыя, як адмаўленне. Гэта назіраецца як на бытавым узроўні, так і на дзяржаўным. Гісторыя свету паказвае, што гендэрная роўнасць – гэта самы правільны і прадуктыўны шлях да агульнага верхавенства права, дэмакратычнага грамадства, павагі да людзей з боку дзяржавы і паміж сабой. Гэта дакладна тое, над чым трэба працаваць, а не адмаўляць.
Калі падумаць над тым, што кожны з нас змог бы зрабіць у гэтым пытанні, то, у першую чаргу, гэта распаўсюд інфармацыі. Але трэба паклапаціцца тут пра ўласныя сілы. Таксама добрым сродкам устанаўлення гендэрнай роўнасці – гэта выкарыстанне фемінітываў. Сама я пачала іх выкарыстоўваць, калі яшчэ працавала ў Акадэміі навук. Памятаю цікавы выпадак на гэтую тэму. Мая пасада называлася “малодшы навуковы супрацоўнік, скарочана – МНС”, і так паўсюль было запісана. Аднойчы я падумала, чаму супрацоўнік, калі я супрацоўніца? На сайце Акадэміі ёсць старонкі лабараторый з пасадамі і прозвішчамі ўсіх, хто там працуе. І я папрасіла загадчыка лабараторыі, каб ён змяніў назву маёй пасады з “супрацоўніка” на “супрацоўніцу”. І на сайце атрымалася, што ўсе дзяўчаты супрацоўнікі, і толькі я адна супрацоўніца".
ЧЫТАЦЬ ТАКСАМА:
“Светлагорскі завод — гэта фіяска Прэзідэнта, фіяска ўрада і канцэрна”