viasna on patreon

"Можа вы і нармальныя людзі, але я ўжо нікому не веру", — маці палітвязня Аляксандра Арановіча Фота

2020 2020-06-16T12:00:00+0300 2020-12-17T13:52:19+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/aranovich_alexandr_viasna2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Нядаўна беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі восем фігурантаў крымінальнай "справы Ціханоўскага", якіх абвінавачваюць у нібыта арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса). Большасць новых палітвязняў — нетыповыя актывісты, якія ніяк не звязаныя з традыцыйнай беларускай апазіцыяй. Многія раней наогул не займаліся і нават не цікавіліся палітыкай, і першае, з чым цяпер яны сутыкнуліся — жорсткія рэпрэсіі супраць іх.

Варта прызнаць, што ў цяжкім становішчы аказваюцца не толькі палітвязні, але і іх сем'і. У іх дамах праходзяць ператрусы, канфіскоўваюць маёмасць і грошы, часта адбываецца ціск на членаў сям'і і блізкіх людзей палітвязняў. Таксама іх сем'і аказваюцца ў цяжкім матэрыяльным становішчы, таму што ў Беларусі мужчына часта па-ранейшаму застаецца асноўным карміцелем сям'і.

"Вясна" пагаварыла з маці палітычнага зняволенага Аляксандра Арановіча Галінай Іванаўнай. Хто такі Аляксандр, як ён трапіў у каманду "Страна для жизни", як успрыняла гэта сям'я, як праходзіць следства ў дачыненні да яго, як ставяцца старадаражане да таго, што ў іх горадзе з'явіўся палітвязень, — чытайце ў нашым матэрыяле.

Маці Аляксандра Арановіча. Фота: spring96.org
Маці Аляксандра Арановіча. Фота: spring96.org

Аляксандр Арановіч — член каманды "Страна для жизни", быў кіроўцам аўтадома. Яму 38 гадоў, ёсць дзеці. Жыве ў невялікім гарадку Мінскай вобласці — Старыя Дарогі. Скончыў Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву, да 2015 года быў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся грузаперавозкамі. Ездзіў на заробкі ў Расію, да рэпрэсій працаваў кіроўцам.

Аляксандр Арановіч уваходзіць у каманду YouTube-канала "Страна для жизни" блогера Сяргея Ціханоўскага, якая раней ездзіла па рэгіёнах Беларусі на брэндаваным аўтадоме. Упершыню пра Аляксандра Арановіча стала вядома 5 траўня, калі ў Магілёве, куды каманда блогера прыехала на сустрэчу з падпісантамі, супрацоўнікі міліцыі спрабавалі іх затрымаць. Тады аўтадом спынілі супрацоўнікі ДАІ і паспрабавалі затрымаць яго кіроўцу, але людзі абступілі яго з усіх бакоў і не падпусцілі да яго сілавікоў. У выніку тая сустрэча прайшла без затрыманняў. Аднак на наступны дзень каманда "Страна для жизни" — Сяргей Ціханоўскі, Уладзімір Няронскі, Аляксандр Арановіч, Арцём Сакаў — была ўсё ж такі затрыманая. 8 траўня Магілёўскі суд асудзіў іх за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу "з публічным абмеркаваннем улады" паводле артыкула 23.34 КаАП. Віну яны не прызналі, але суд усіх адправіў на "суткі". Аляксандра Арановіча тады асудзілі на 6 сутак, якія ён адбыў у Магілёўскім ізалятары часовага ўтрымання.

Маці Аляксандра Галіна Іванаўна не ведае, як яе сын пазнаёміўся з Сяргеем Ціханоўскім. У сям'і такіх размоў не вялося раней. Яны даведаліся пра тое, што Аляксандр уваходзіць каманду "Страна для жизни" толькі пасля затрыманняў у Магілёве.

"Я даведалася пра ўсё, калі яны ўжо ехалі з Магілёва. Ён, калі ад'язджаў, нікому нічога не сказаў. Магчыма, ён баяўся растроіць нас. Праз некаторы час я толькі даведалася, што ў інтэрнэце ёсць стрым з Магілёва, дзе іх затрымліваюць. Я зайшла на ютуб-канал "Страна для жизни" і даведалася пра ўсё. Пра суд у Магілёве я таксама даведалася з інтэрнэту", — распавядае мама Аляксандра.

"Мне патэлефанаваў следчы і сказаў, што "Ваш сын затрыманы"

Галіна Іванаўна — індывідуальная прадпрымальніца, займаецца транспартнымі перавозкамі. Раней яна працавала з сынам, ён быў у яе кіроўцам. Апошнія з кім супрацоўнічаў Аляксандр — мясцовы калгас. Аляксандр аказваў яму транспартныя паслугі па перавозкі кармоў. 

"Але, калі прыйшоў час разлічвацца калгасу, пачаліся праблемы з выплатамі, затрымкі з грашыма. А яму трэба было сям'ю карміць, ён перажываў. Магчыма, гэтыя праблемы з грашыма яго і падштурхнулі", — разважае маці Аляксандра пра тое, як ён стаў часткай каманды Ціханоўскага. Распавядае, што Аляксандр ніколі не займаўся палітычнай дзейнасцю і актывізмам.

Другі раз Аляксандра Арановіча затрымалі 29 траўня ў Гродне падчас правядзення пікету па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Тады супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер Сяргей Ціханоўскі і яшчэ, як мінімум 15 грамадзян, якія бралі ўдзел у гэтым пікеце. Першапачаткова была ўзбуджаная крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса. Аднак па заканчэнні 10-сутак ужо ў мінскім следчым ізалятары №1 семярым удзельнікам мерапрыемства было прад'яўленае абвінавачванне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях).

Затрыманне Аляксандра ў Гродне, можна сказаць, адбылося на вачах Галіны Іванаўны праз стрым:

"Я глядзела прамую трансляцыю "Страна для жизни" і бачыла, як іх затрымлівалі. Потым я не ведала, што яны і дзе. Праз некалькі дзён пасля затрымання мне патэлефанаваў следчы і сказаў, што "Ваш сын затрыманы". А дзён праз дзесяць ужо прыйшоў ліст з Гродзенскага Следчага камітэта, што Саша заключаны пад варту. Хоць ліст датаваны першым чыслом, яно прыйшло нашмат пазней".

Дакумент гродненскага следчага, што Аляксандр Арановіч застаецца пад вартай. Фота: spring96.org
Паведамленне гродненскага следчага, што Аляксандр Арановіч застаецца пад вартай. Фота: spring96.org

"Іванаўна, дзякуй за сына!"

9 чэрвеня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала семярых абвінавачаных па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса палітычнымі зняволенымі і запатрабавала неадкладнага вызвалення ўсіх абвінавачаных. Сярод іх — Аляксандр Арановіч. Галіна Іванаўна прызнаецца, што такі зыход падзей для яе стаў поўнай нечаканасцю. Яна цяпер у разгубленасці, і нават не ведае, як ставіцца да сітуацыі, у якой апынуўся яе сын.

"Мабыць, яны не думалі, што з імі ніхто жартаваць не будзе. Што кажуць у Старых Дарогах? Я нават не ведаю. Цяпер такі час [эпідэміялагічная сітуацыя з COVID-19-заўв.], што я ні з кім не размаўляю і нікуды не хаджу.

Мне здаецца, што калі "закрываюць" чалавека, то ў людзей адразу складваецца такое ўражанне, што ён злачынец. Асабліва, у такім маленькім гарадку. Мне чамусьці так здаецца.

Але нядаўна да мяне прыйшоў знаёмы прадпрымальнік-дальнабойнік і сказаў "Іванаўна, дзякуй за сына!" Ён пакінуў дзесяць тысяч расейскіх рублёў і папрасіў перадаць іх дзецям Сашы.

Наогул пра Сашу можна сказаць, што надзейней таварыша і сябра на сённяшні дзень не знайсці. Яго сябры казалі, што Саша заўсёды прыйдзе на дапамогу, у які бы час сутак да яго не звярнуліся. Ён па характары сумленны і справядлівы". 

Маці Аляксандра Арановіча паказвае фотаздымкі сям'і. Фота: spring96.org
Маці Аляксандра Арановіча паказвае фотаздымкі сям'і. Фота: spring96.org

"Вядома, было не 900 тысяч даляраў, але гэта быў наш сямейны запас"

Пасля затрыманняў 29 траўня на пікеце ў Гродне, у фігурантаў справы і іх сем'яў прайшлі ператрусы, а ў некаторых – некалькі. Ператрус у доме сям'і Аляксандра Арановіча праходзіў два разы з перапынкам у адзін дзень. Галіна Іванаўна распавядае, што на ператрусах не было праблем, стаўленне было паважлівае да іх.

"Працавалі следчыя з Мінска, не мясцовыя. На першы ператрус прыехала тры чалавекі, на другі – ужо пяць. І па часе другі ператрус праходзіў на дзве гадзіны больш. Напэўна, крымінальшчыну якую-небудзь хацелі знайсці.

На першы ператрус яны прывезлі нейкіх невядомых панятых. Сказалі, што гэта мясцовыя, але я іх не ведала. Следчы прапанаваў падпісаць пастанову на ператрус, але я адмовілася гэта рабіць з такімі панятымі. Сказала ім: "Можа вы і нармальныя людзі, але пасля таго, што яны зрабілі з Сашам і іншымі, я ўжо нікому не веру". І я выклікала сваю знаёмую, каб яна выступіла ў якасці панятой. Следчы быў у ступары. Ён проста не чакаў такой маёй рэакцыі. А мне што, мне баяцца няма чаго, у мяне тут нічога забароненага няма.

А ўжо ў другі ператрус яны прывялі сапраўды мясцовых панятых, мы іх ведаем. Падчас другога ператрусу пад маёй пільнай увагай быў толькі адзін чалавек, які рабіў вобшук. Адзін выходзіў на вуліцу, іншы ў хляве з панятым быў. Я баялася, каб нічога не падкінулі.

У выніку ператрусу ў нас забралі сістэмны блок кампутара і грошы, якія мы збіралі. Вядома, было не 900 тысяч даляраў, але гэта быў наш сямейны запас. У мяне іншы сын яшчэ вучыцца на платным аддзяленні, таму я цяпер вымушаная пазычаць грошы ў знаёмых.

Для працы мне патрэбен кампутар: там дакументы, бухгалтэрыя, кліент-банк. Таму праца цяпер наогул стала", – распавяла Галіна Іванаўна пра вобшукі ў іх доме.

Ілюстрацыйнае фота са Старых Дарог. Фота: spring96.org
Ілюстрацыйнае фота са Старых Дарог. Фота: spring96.org

Кіраўнік дзяржавы неаднаразова каментаваў "справу Ціханоўскага" да атрымання афіцыйных каментароў органаў, якія займаюцца следствам. Выступаючы на МТЗ, Аляксандр Лукашэнка распавёў пра тое, што Ціханоўскі і яго "крутыя на джыпах" абразілі міліцыянта. Галіна Іванаўна кажа, што гэта выраз прэзідэнта датычыўся непасрэдна яе сына:

"Так, сапраўды ў Сашы ёсць джып. Толькі праўда ў тым, што джыпу гэтаму ўжо гадоў дваццаць, кошт якому не больш васьмі тысяч даляраў. Крутыя?"

Маці Аляксандра Арановіча. Фота: spring96.org
Маці Аляксандра Арановіча. Фота: spring96.org

Аляксандр Арановіч, як і іншыя фігуранты крымінальнай "справы Ціханоўскага", знаходзіцца цяпер у следчым ізалятары №1 у Мінску. 

"Мы адзін раз ездзілі ў Мінск і перадалі Сашу перадачу на 30 кілаграмаў. На гэтую перадачу склаліся Сашыны сябры, чалавек шэсць дапамаглі. Нядаўна рабіла яму яшчэ паштовы грашовы перавод. Ён жа курыць, на цыгарэты трэба яму. Лістоў мы ад яго яшчэ не атрымалі".

Рэквізіты для збору сродкаў на дапамогу сям'і палітвязня Аляксандра Арановіча:

6711 7600 2036 1065

01/23

MALINAUSKENE HALINA (BELARUSBANK)

Валютны рахунак: BY 87 AKBB 30142000074740070000

Як падтрымаць палітвязняў па "справе Ціханоўскага"? Пяць спосабаў

Праваабаронцы "Вясны" заклікаюць падтрымаць палітзняволеных і праявіць салідарнасць. Як і якімі спосабамі гэта можна зрабіць — чытайце ў нашым матэрыяле.

Партнёрства

Сяброўства