viasna on patreon

Палітвязень Вяргілій Ушак – пра свае 2 месяцы зняволення па "справе Ціханоўскага" Фота

2020 2020-08-04T23:22:08+0300 2020-08-05T11:39:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/vergilii_ushak_989.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пасля двух месяцаў зняволення па абвінавачванні па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) на свабоду па падпісцы аб нявыездзе выйшаў фігурант "справы Ціханоўскага", палітвязень і вязень сумлення Вяргілій Ушак. 29 траўня ў Гродне на выбарчым пікеце па зборы подпісаў яго затрымалі першым. Ён здымаў на відэа пікет, які вёў тады кіраўнік ініцыятыўнай групы, цяпер ужо кандыдаткі ў прэзідэнты, Святланы Ціханоўскай блогер youtube-канала "Краіна для жыцця" Сяргей Ціханоўскі. Як распавёў Вяргілій, гэта быў яго дэбют і па відэаздымцы, і па затрыманні, і па арышце.

Як прайшлі два месяцы Вяргілія ў зняволенні, што ён адчуваў пасля вызвалення, чаму яму не ўдалося забраць на свабоду лісты – чытайце ў матэрыяле "Вясны". 

Вяргілій Ушак пасля вызвалення. Фота: spring96.org
Вяргілій Ушак пасля вызвалення. Фота: spring96.org

"У першыя хвіліны затрымання я думаў аб тым, як жа мне пашанцавала з месцазнаходжаннем у бусе"

"На пікеце мяне затрымліваў адзін супрацоўнік АМАПу. Я адразу сказаў яму, што "Іду", таму што я раней бачыў на відэа, як АМАП можа жорстка затрымліваць людзей. Мяне першага пасадзілі ў мікрааўтобус, а потым ужо пачалі закідваць астатніх. У гэтым аўтобусе, бачыўшы, як затрымліваюць і абыходзяцца з астатнімі, я адразу ж падумаў, што добра, што мяне пасадзілі першым за сядзеннем кіроўцы. Як бы смешна гэта не гучала, але ў першыя хвіліны затрымання я думаў аб тым, як жа мне пашанцавала з месцазнаходжаннем у бусе. Са мной у мікрааўтобусе ехалі яшчэ двое затрыманых на пікеце, я нават не ведаю іх. Адзінае, што запомніў, гэта тое, што ў аднаго хлопца быў толькі адзін чаравік і белыя шкарпэткі. Мабыць, зляцеў пры затрыманні.

Калі нас прывезлі ў РУУС у Гродне, то адразу канфіскавалі ўсе рэчы. На металашукальніку запішчалі мае боты. Супрацоўнікі АМАПу пачалі ламаць іх. Я абурыўся, бо на той момант гэта была мой адзіны нармальны абутак. Тады амапавец прапанаваў мне быць басанож, а боты проста забраць. Так да пяці раніцы ўсе следчыя дзеянні я праходзіў у адных шкарпэтках. У памяшканнях была вельмі халодная кафля, я потым захварэў.

У Гродне следчыя абыходзіліся вельмі ветліва. Але я першапачаткова не разумеў, што наогул адбываецца. Было адчуванне, што вось нешта напісалі, і ўсе чакалі нейкага загаду. Потым я ўжо даведаўся з "Камсамольскай праўды", хто даў сігнал і што было не так. 

Вяргілій са сваёй нявестай Надзяй. Фота: spring96.org
Вяргілій са сваёй нявестай Надзяй. Фота: spring96.org

"Я ўспрымаў усё не так смела"

Пасля агляду нас ужо даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Гродне. Мяне перавозілі ў "стакане" аўтазака. Калі нас везлі, я чуў, як жартавалі іншыя затрыманыя. Відаць было, што астатнія былі эмацыйна падкаваныя мацней. Я ж успрымаў усё гэта не так смела.

Па прыездзе ў ІЧУ мяне адмаўляліся прымаць, так як у мяне паказвала тэмпературу 38 градусаў. Правяраючы ў ізалятары сказаў, што прымаць мяне не будзе, хай хуткая прыязджае. Чалавек у касцюме, які мяне прывёз, сказаў, што яму няма калі. Пасля такіх арэляў усё ж такі мяне прынялі ў ізалятар. Але потым гэты чалавек, які прывёз мяне, убачыў, што ў дакументах не хапае маіх подпісаў. Але я сказаў, што падпішу толькі пасля таго, як дадуць патэлефанаваць маёй нявесце Надзеі. Той пагадзіўся, дастаў тэлефон з маіх рэчаў. І як толькі ўключылі, убачылі адразу Надзін ўваходны выклік. У той момант я зразумеў, што я ўжо нішто, баішся за ўсё, ты не можаш нават націснуць зялёную кнопку на тэлефоне, крыкнуць нешта. Дарэчы, потым я даведаўся, што Надзі так ніхто і не патэлефанаваў, хоць і абяцалі, з ёй звязаліся толькі праз пару дзён. Да гэтага ніхто не ведаў, дзе я.

У Мінск нас перавезлі толькі ў абед наступнага дня. На мікрааўтобусе мяне перавозілі з яшчэ адным хлопцам, якога я не ведаю. Гэты хлопец спакойна ўсё пераносіў. З намі былі яшчэ тры чалавекі ў цывільным. Нам не казалі, куды нас вязуць, забаранілі размаўляць. Мы былі ў кайданках ўвесь шлях з Гродна ў Мінск, праз нейкі час здымалі, але потым зноў апраналі. Я ўсё думаў, што нас павінны адпусціць, таму што я чуў фразу "праз гадзіну па адным".  Самае страшнае было, калі збочвалі з трасы ў лес. Вельмі змрочныя думкі былі".

"Я адразу ж аб'явіў галадоўку ў знак пратэсту" 

У ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна Вяргілій Ушак прабыў некалькі дзён. Там ён трымаў галадоўку.

Вяргілій за 2 месяцы зняволення вельмі схуднеў. Цяпер штаны, якія насіў раней, падвязвае вяроўкай. Фота: spring96.org
Вяргілій за 2 месяцы зняволення вельмі схуднеў. Цяпер штаны, якія насіў раней, падвязвае вяроўкай. Фота: spring96.org

"Калі нас прывезлі ў ІЧУ ў Мінск, я чуў, як Сяргей Ціханоўскі казаў там "Стоп таракан!" Гэта падбадзёрвала. Мы чамусьці доўга чакалі ў аўтобусе нашага засялення.

У ІЧУ на Акрэсціна ў камерах я быў адзін. Я адразу ж аб'явіў галадоўку ў знак пратэсту. Мяне перапаўняла злосць ад таго, што адбываецца. Акрамя таго, я ўспомніў, як у сваіх роліках Сяргей Ціханоўскі казаў, што ежа ў месцах зняволення вельмі дарагая, і я не хацеў плаціць за яе. Заяву на адмову ад ежы доўга не прымалі, узялі толькі на другі дзень. На ІЧУ я яшчэ галадаць не ўмеў, таму я адразу і не еў, і не піў. Але мне ўсё роўна прыносілі ежу і ставілі, каб яна пахла. Лекар, які раніцай прыходзіў на агляд, мацаў мяне і казаў супрацоўнікам ІЧУ: "Яшчэ працягне".

Пра тое, што мяне пераводзяць у следчы ізалятар на "Валадарку", мяне ніхто загадзя не папярэдзіў. Перад так званым этапам супрацоўнік АМАПу мяне звадзіў у душ. Я хутка памыўся, пасціраўся. Амапавец вельмі здзівіўся маёй хуткасці. Я заўсёды быў у сваім паліто, на яго было шмат рэакцый там. Нават гэты амапавец пасля душа сказаў мне: "Інтэлігенцыя, як ты такі божы дзьмухавец, апынуўся тут?"

"Я ехаў у ізалятар у гэтым "стакане" з паўспушчанымі штанамі, напаўголы"

Пра тое, што мяне пераводзяць, я даведаўся па факту. За гэтыя дні галадоўкі я вельмі схуднеў, у мяне спадалі штаны. Мяне перавозілі ў кайданках, якія былі вельмі моцна зацягнутыя на правай руцэ, так, што я нават штаны не мог падцягнуць. Перавозілі на "Валадарку" нас у "стаканах" аўтазака, але і там я быў у кайданках. У дадатак да ўсяго тады было вельмі холадна. І як на зло ў душы перад выездам я пасціраў ніжнюю бялізну. І памятаю, як я ехаў у ізалятар у гэтым "стакане" з паўспушчанымі штанамі, напаўголы. На мае просьбы аслабіць мне кайданкі канвой адмаўляў мне, спасылаючыся на адсутнасць ключа. На "Валадарцы" чалавек, які прымаў, паглядзеўшы на мяне, спытаў у канвоя: "Што гэта?" На даглядзе ў даўрачэбным кабінеце ўсе перашэптваліся і смяяліся з мяне. 

"Парашкі ад прастуды проста не раствараліся ў вадзе"

На "Валадарцы" я адразу патрапіў у "бальнічку" з тэмпературай. І, як я ведаў, усе камеры былі запоўненыя. Як мяне прывезлі ў ІЧУ на Акрэсціна з тэмпературай, так нічога і не змянілася. У ІЧУ я засынаў на некаторы час у дрыжыках. Такі я прыехаў на "Валадарку". "Бальнічка" – гэта вялікая прасторная камера з 12 ложкамі. Акрамя мяне, там ляжаў яшчэ адзін чалавек. Мне мералі тэмпературу і выдавалі парашкі ад прастуды. Але там была толькі халодная вада, а ў мяне яшчэ не было кіпяцільніка. Таму гэтыя парашкі проста не раствараліся ў вадзе.

У "бальнічцы" я таксама напісаў заяву на галадоўку, у якой пазначыў, што адмаўляюся ад харчавання і па якой прычыне. Калі я абвясціў новую галадоўку ў знак пратэсту, мяне адразу перавілі ў звычайную камеру. Але я ўжо ведаў, што ваду піць можна, толькі нельга дадаваць туды цукар. Мяне выклікалі да псіхолага, каб пагаварыць аб матывах майго ўчынку. Калі я ёй тлумачыў, што гэта ў знак пратэсту незаконнага затрымання, то яна толькі адказала: "Выбар твой, але гэта не дапаможа". Ва ўсіх была задача адгаварыць мяне ад галадоўкі. Пры засяленні ў камеру выхавальнік прывёў мяне і кажа: "Вось гарбату пі з цукрам". Калі я сказаў, што пры галадоўцы нельга, бо пакажа глюкозу, ён здзівіўся, што "мяне ўжо навучылі". У камеры я трымаў галадоўку дзесьці тры дні, але яна была дарэмная".

Вяргілій Ушак распавядае, што шмат нязручнасцяў прынесла яму менавіта няведанне сваіх правоў, прывёўшы ў прыклад гісторыю пра прагулкі.

Вяргілій Ушак пасля вызвалення. Фота: spring96.org
Вяргілій Ушак пасля вызвалення. Фота: spring96.org

"Я не ведаў, прагулкі – гэта маё права або абавязак. Ці магу я ад іх адмовіцца – адразу таксама не ведаў. Наогул, як высветлілася, проста так адмовіцца ад гэтых двухгадзінных прагулак нельга. Ці ідзе на шпацыр уся камера, ці не ідзе ніхто. Але можна ўзяць даведку аб вызваленні ад прагулак, каб не падстаўляць усю камеру. У мяне была такая даведка, таму што я алергік.  Але наогул было шмат праблем менавіта праз няведанне сваіх правоў".

"Самая каштоўная рэч у камеры – гэта берушы"

Вяргілій Ушак распавядае, што сукамернікі ставіліся да яго адэкватна, ніхто не спрабаваў падбухторваць іх супраць яго, і падзяліць камеру на "палітычных" і "звычайных".

"У камеры нас было 12 чалавек: і тыя, хто ўжо даўно асуджаныя паводле прысудаў на тэрміны, і тыя, у дачыненні да каго вядзецца следства. У нас у камеры быў тэлевізар – "3% TV". Але пры гэтым самай каштоўнай рэччу ў камеры ў мяне былі берушы. Яны перадаюцца праз медыцынскія пасылкі па панядзелках. Я толькі некалькі разоў клаўся спаць без беруш, калі ў Мінску былі акцыі салідарнасці і сігналілі машыны. Я чуў гэтую падтрымку, але сукамернікі мяне не зразумелі.

Да 17 ліпеня ў нас быў, так званы, каранцін. Гэта быў самы лёгкі перыяд там. Было менш праверак, чым звычайна, а палільшчыкі палілі на акне. Усе супрацоўнікі былі ў пластыкавых шчытах. І на допыты да следчага нас вадзілі ў гэтых ахоўных шчытках. Але ў саміх камерах як такіх мер па супрацьдзеянні COVID-19 не прадпрымалася.

"Святар, які прыходзіць у ізалятар, усіх "здае"" 

Апошнія мае заявы на святара і стаматолага проста праігнаравалі. Раней на ўсе заявы, нават на якія не прадугледжваўся адказ, мне адказвалі. Я пісаў заяву на святара яшчэ 5 ліпеня. Пра такую магчымасць мне распавялі сукамернікі, якія па паўтара года ўжо там сядзяць. Таму мне было цікава скарыстацца такой магчымасцю. Праўда, як мне распавялі сукамернікі, святар, які прыходзіць у ізалятар, усіх "здае"".

"У любы момант мяне могуць забраць на Акрэсціна адбываць "суткі""

2 ліпеня ў Гродне па Skype Вяргілія Ушака асудзілі на сем сутак адміністрацыйнага арышту за інцыдэнт 29 траўня на пікеце па двух артыкулах КаАП: 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў).

Суд над Вяргіліем Ушаком
Суд над Вяргіліем Ушаком

"Мяне судзілі па вялікім тэлевізары з Web-камерай. Я нікога не бачыў, нават, калі запытваліся, ці пазнаю я супрацоўніка міліцыі, я не мог адказаць, таму што я нават не бачыў, хто там размаўляе. Я вельмі хацеў убачыць Надзю, але камера была размешчана такім чынам, што я не бачыў ні зала, ні прысутных там, ні нават суддзю –проста сцяна.

Я не разумею, чаму на мяне павесілі два артыкулы. Нават Сяргею Ціханоўскаму далі адзін артыкул [заўв. – Ціханоўскага гарадзенскі суд асудзіў 1 ліпеня паводле арт. 23.4 КаАП на 15 сутак арышту]. Цяпер у любы момант мяне могуць забраць на Акрэсціна адбываць адміністрацыйныя "суткі".

"Падвойнае пакаранне за адно дзеянне". Фігуранты "справы Ціханоўскага" атрымалі суткі, але што тут не так?

Дзевяць фігурантаў "справы Ціханоўскага", уключаючы самога Сяргея Ціханоўскага, атрымалі дадатковыя суткі. Сітуацыю пракаментаваў юрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка.

Той судовы пратакол, які мне потым давалі для азнаямлення, мала падобны на тое, што на самой справе адбывалася на судовым працэсе. Усе мае паказанні былі перакручаныя. Напрыклад, калі запытваліся, у колькі я пачаў здымаць відэа, я адказваў, што не ведаю, але дзесьці каля шасці. А потым чытаю ў пратаколе, што я нібыта сказаў, што прыйшоў на плошчу ў 18:00. Я думаю, што наогул гэты працэс трэба быў, каб абцяжарыць крымінальную справу супраць мяне. Я падаў скаргу на гэтую пастанову суда, але безвынікова. Майму адвакату было адмоўлена ў каля дзясятка хадайніцтваў. Суддзя адмаўляла ў іх задавальненні, нават не даслухаўшы іх".

Следчы – пра статус палітвязня

Вяргілій Ушак, як і яшчэ шэсць затрыманых на пікеце 29 траўня ў Гародні, быў прызнаны 9 чэрвеня праваабарончай супольнасцю Беларусі палітычным зняволеным. Пазней ён таксама быў прызнаны міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International вязнем сумлення. Вяргілій распавёў, як ён даведаўся пра гэта.

"Тое, што мяне прызналі вязнем сумлення, я даведаўся толькі пасля вызвалення. Пра статус палітвязня я даведаўся на "Валадарцы" дзесьці ў канцы чэрвеня. У газеце "Новы Час", якую выпісалі мне, я прачытаў пра палітычных зняволеных. На допыце я спытаў у следчага, ці прызналі мяне палітвязнем, ён сказаў, што так. Потым адбыўся цікавы дыялог з ім з гэтай нагоды:

– А што дае статус палітвязня?

– Я не ведаю, – кажа следчы.

– А кім палітвязні прызнаюцца?

– Праваабаронцамі.

– А хто гэта?

– Ну вось ты праваабаронца".

"Калі прыходзіла шмат лістоў, гэта надавала важнасці"

Вяргілій Ушак распавёў, што ён адчуваў пастаянную падтрымку праз лісты і паштоўкі, якія дасылалі яму людзі.

Вяргілій Ушак. Фота: spring96.org
Вяргілій Ушак. Фота: spring96.org

"Наогул за ўвесь час я атрымаў больш за сотню паштовак і лістоў. Доўгі час мне нічога не прыходзіла. Я думаю, што адразу на іх быў пастаўлены "блок". Там адбываецца вельмі вялікая затрымка лістоў: калі сукамернікам прыходзяць лісты, адпраўленыя 3-4 дні таму, то мне – мінімум два тыдні таму.

Калі я вызваляўся, то папрасіў, каб схадзілі і паглядзелі, ці не прыйшлі мне яшчэ лісты. У камеры казалі, што няма, але тут прынеслі яшчэ цэлы пакет. Але я не паспеў іх прачытаць.

Шмат было цікавых паштовак і лістоў. Напрыклад, вельмі творчыя паштоўкі прыходзілі ад Дар'і Рублеўскай. Многія малюнкі мяне натхнялі там. Я стараўся адказваць на лісты. Праўда, шмат прыходзіла без зваротных адрасоў. Калі мне пісалі на беларускай мове, то і я стараўся адказваць таксама на беларускай. Аднойчы нават на англійскай атрымаў паштоўку. Я напісаў адказ, праўда, з кучай памылак, хоць кажуць, што цэнзары не прапускаюць на іншай мове лісты з СІЗА.

Запомніўся ліст ад 14-гадовай дзяўчынкі. Яна напісала: "Так, мне 14 гадоў, магчыма, вам будзе смешна...". І мяне сапраўды гэта насмяшыла і павесяліла. Прыходзілі незразумелыя паштоўкі, калі нібы цябе падтрымліваюць, а нібы і не. Напрыклад, на малюнку паштоўкі намаляваныя каласкі з сэрцайкамі, а з другога боку подпіс "Выпадковасці не выпадковыя", я не ведаў як гэта разумець. Цікава, што мне аднойчы прыйшоў ліст з падрабязным затрыманнем людзей каля крамы Symbal.by.

Калі мне прыходзіла шмат лістоў, то гэта надавала важнасці нейкай ці што. Прыходзіць супрацоўнік у камеру і пачынае: "Гэта яму ліст, і гэта, і гэта, і гэта". Сукамернікі злаваліся, што цэнзары занятыя праверкай толькі нашых лістоў. Апошні раз мне прынеслі адразу стос з 37 лістоў.

Наогул, я пастаянна адчуваў там падтрымку. Надзя старалася мне перадаваць перадачы ледзь не кожны дзень. Прыходзілі лісты, перадачы ад іншых людзей. Потым яшчэ выпісалі мне газету "Новы Час". Сукамернікі, былыя пракуроры, вельмі дзівіліся, што такую газету прапусцілі да нас. Там было тое, чаго не паказваюць па "3% TV".

"На выхадзе з СІЗА ў мяне забралі ўсё "папяровае"

Вяргілій Ушак пасля вызвалення. Фота: spring96.org
Вяргілій Ушак пасля вызвалення. Фота: spring96.org

Апошні дагляд перад выхадам праводзілі трое людзей у чорным адзенні і масках. Я не магу сказаць, ці былі гэта супрацоўнікі АМАПу, таму што былі без апазнавальных знакаў. У мяне на выхадзе было два пакеты. Адразу гэта выглядала, як звычайная праверка. Толькі потым чамусьці пачалі адкладаць у бок усе мае кнігі, паштоўкі, лісты, сшыткі, нататнікі, малюнкі. Калі ўсё гэта склалі ў асобную кучу, то сказалі: "Праходзім". Я спытаў, ці магу я забраць свае лісты, на што людзі ў чорным зноў сказалі: "Праходзім".

Я прайшоў у кабінет, дзе мне аддалі пашпарт і даведку аб вызваленні. Там мне далі дакументы пад подпіс. Аднак адразу я адмовіўся распісвацца, бо я не разумеў, чаму забралі ўсе мае лісты. Супрацоўнік СІЗА на гэта толькі сказаў: "Я ў цябе што-небудзь забіраў? Трэба было там і запытвацца". Мне сказалі, што, калі не падпішу, то буду сядзець там да апошняга. Я сказаў, што я не спяшаюся і без сваіх лістоў нікуды не сыйду. Сярод лістоў, якія забралі, было шмат тых, якія толькі прынёс цэнзар і я не паспеў іх прачытаць. Супрацоўнік ізалятара настойваў, што ён нічога не забіраў у мяне, таму і пытанняў да яго ніякіх не можа быць. Потым сказаў, каб я прыйшоў заўтра, 30 ліпеня, і забраў свае лісты. Я настаяў, каб мне зараз аддалі хаця бы партрэт Надзі, які я маляваў да двухмесяцовай "гадавіны" нашага расстання. Гэта прычына, па якой я так позна выйшаў. На наступны дзень я прыйшоў сюды і зноў пачаў патрабаваць мае лісты, яны ведалі, хто я, таму што сказалі: "Навошта ты скраў у нас ручку?" Мабыць, яны з рэчамі закінулі мне. Але дзяжурны сказаў, што яны мне нібыта ўсё аддалі. Я напісаў заяву, сказалі, што цягам 15 дзён разгледзяць. Такім чынам, на выхадзе з СІЗА ў мяне забралі ўсё "папяровае". 

Даведка аб вызваленні Вяргілія Ушака. Фота: spring96.org
Даведка аб вызваленні Вяргілія Ушака. Фота: spring96.org

"Думаў, што выйду крутым, але выйшаў нязграбным" 

"Калі я сядзеў у ізалятары, то думаў, што выйду крутым, але выйшаў нязграбным. Я даведаўся, што пад СІЗА галадаюць сваякі аднаго з затрыманых у Гродне. І мне было неяк няёмка, што мяне выпускаюць толькі аднаго. Падумаў, што можа яны нават раскол нейкі хочуць зрабіць.

Мне трэба было неяк стэлефанавацца з Надзяй, але я баяўся падысці да людзей. На той момант былі такія думкі: "Падумаюць яшчэ, што нейкі зэк падышоў да іх". Я адважыўся падысці да машыны хуткай дапамогі на праспекце і там папрасіць патэлефанаваць. З хвалявання я няправільна набраў нумар: замест Надзі я патэлефанаваў нейкаму мужыку. Так я пайшоў далей па праспекце, пакуль не пачуў, як мяне кліча па імені нейкая дзяўчынка. Гэта апынулася старая знаёмая, якая проста пазнала мяне на вуліцы. Яна таксама мне дасылала паштоўкі. Мы патэлефанавалі Надзі, і яна адразу сказала, што зараз прыедзе. І вось сама сустрэча: мы бяжым адзін аднаму на сустрэчу пасярод праезнай часткі на пераходзе, сутыкнуліся і я зламаў свае сонечныя акуляры".

Вяргілій са сваёй нявестай Надзяй. Фота: spring96.org
Вяргілій са сваёй нявестай Надзяй. Фота: spring96.org

Манашка: "Ну як, памахаў сцяжком на парадзе?"

Апошнія тры гады Вяргілій Ушак працаваў аператарам ЭВМ у Свята-Елісавецінскім манастыры, аднак пасля вызвалення застаўся без працы.

"Калі я прыйшоў на працу на наступны дзень пасля вызвалення, то начальніца мне сказала, што ў мяне ёсць два варыянты: альбо пайсці да Бацькі і пакаяцца, альбо пісаць заяву на звальненне. Я не зусім зразумеў, што значыць "пакаяцца", але адразу пагадзіўся на першы варыянт. Калі выходзіў з яе кабінета, то сустрэў іншую манашку, якая ішла таксама да начальніцы. Яна мне адразу кажа: "Ну як, памахаў сцяжком на парадзе?" Я спыніўся пагаварыць з калегам, і літаральна праз тры хвіліны яму тэлефануюць, і я разумею, што ў мяне ўжо няма працы. Мне выдалі працоўную кніжку на рукі. Я ўжо звярнуўся па дапамогу ў пошуках працы да ініцыятывы "Сумленныя людзі". Цяпер мне трэба зарабіць на заручальныя пярсцёнкі.

Так цяпер выглядае працоўная кніжка Вяргілія Ушака. Фота: spring96.org
Вось так цяпер выглядае працоўная кніжка Вяргілія Ушака. Фота: spring96.org

"На "Валадарцы" засталося літаральна некалькі чалавек, якіх затрымалі тады разам са мной"

"Цяпер я планую падтрымліваць у сілу сваіх магчымасцяў тых, хто застаўся на "Валадарцы". Я чалавек больш справы, чым слова. Я адразу ж даведаўся, ці магу я перадаваць перадачы тым, каго затрымалі разам са мной 29 траўня ў Гродне. Мне сказалі, што магу, вядома. Сёння [заўв. – 1 жніўня] перадалі з Надзяй перадачы Арцёму Сакаву і Аляксандру Арановічу. Хацелі перадаць яшчэ Уладзіміру Кнізе, але даведаліся, што 28 ліпеня яго перавезлі ў жодзінскае СІЗА. На "Валадарцы" засталося літаральна некалькі чалавек, якіх затрымалі тады разам са мной. Таму хочацца падтрымаць тых, хто там застаўся".

Галадоўка нявесты палітвязня Змітра Фурманова каля сцен СІЗА-1 у Менску. Фота: spring96.org
Галадоўка нявесты палітвязня Змітра Фурманава каля сцен СІЗА-1 у Мінску. Фота: spring96.org

Партнёрства

Сяброўства