Блог Алеся Бяляцкага: Музей. На святочным прыёме, зазіраючы ў свае тэзы, давялося імправізаваць
Алесь Бяляцкі, дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў 1989-1998 годзе, які ў дадзены момант знаходзіцца за кратамі, апісвае юбілейную вечарыну на 100-годдзя з Дня нараджэння паэта, якая адбылася 8 снежня 1991 года ў Оперным тэатры.
З'явіўся на святочным прыёме і старшыня Вярхоўнага Савету дэпутатаў Станіслаў Шушкевіч. Але падыйсці да яго ў мяне не было ніякіх магчымасцяў. Натуральна, што я ведаў творчасць ягонага бацькі, Станіслава Шушкевіча, які быў рэпрэсаваны ў 1936 годзе, а вызваліўся ўжо толькі пасля смерці Сталіна. Вось вечарына пачалася, мы расселіся ў прэзідыўме ў два рады. Мне вызначылі месца ў першым радзе. Заслона расхінулася – уся зала была запоўненая людзьмі. На свята прыйшло больш за тысячу чалавек. Пачаліся першыя выступы, прамаўляў Станіслаў Шушкевіч, які паведаміў, што літаральна толькі што ўрад прыняў рашэнне перайменаваць вуліцу Горкага ў вуліцу Максіма Багдановіча. Уся зала ўзарвалася воплескамі. Не шкадаваў далоняў і я.
Хоць і стаяла наша прапанова перайменаваць вуліцу Горкага ў вуліцу Багдановіча ў плане мерапрыемстваў да 100-ых угодкаў паэта, зацверджаных урадам. Хоць і набралі мы разам з актывістамі некалькі соцень подпісаў ад жыхароў дамоў па вуліцы Максіма Горкага за перайменаванне. Хоць і камісія па культуры менскага гарадскога савета, сябрам якой я быў, падтрымала гэтую прапанову. Тым не менш, перайменаванне зацягвалася да апошняга. Мы ўжо не спадзяваліся, што гэта адбудзецца да дня нараджэння Максіма Багдановіча. Хапала ўплывовых людзей, якія ўспрымалі гэтую ідэю, як падкоп пад усю ідэю. Максім Горкі быў узнесены на вяршыню славы. "З кім вы, майстры культуры?" - гэтае яго пытанне канчаткова падзяліла ў 30-ыя гады пісьменнікаў на "сваіх" і "чужых". Імем бацькі "сацыялістычнага рэалізму" называлі і гарады, і вуліцы, і заводы.
Слухаючы першыя выступы, я палез у кішэню па паперку са сваім выступам і з жахам зразумеў, што яе там няма! У сённяшніх клопатах па адкрыцці музея, іншых мерапрыемствах, я забыўся свае аркушыкі ў музеі. Ніколі ў жыцці я не адчуваў сябе такім бездапаможным. У зале паўтары тысячы чалавек, мой выступ праз некалькі хвілінаў, а часу пісаць новую прамову зусім няма. Але я сабраўся з духам і пачаў ліхаманкава крэсліць на паперцы тэзы выступу. Паперу і асадку я папрасіў у суседа, здаецца, паэта Васіля Зуёнка. Урэшце назвалі маё імя. Вось жа, зазіраючы ў свае тэзы, давялося імправізаваць.
Максім Багдановіч нарадзіўся на вуліцы, якую пазней пераіменавалі ў вуліцу Максіма Горкага, таму можна сказаць, была адноўленая гістарычная справядлівасць.
Выступ быў кароткі, хвілін на пяць. Я імкнуўся гаварыць эмацыйна. Сказаў пра музей, які сёння адчыніўся для наведвальнікаў, пра значнасць паэзіі Максіма Багдановіча для беларусаў і новага адраджэння. Заля грымела апладысментамі. Атрымалася лепей, чым я чытаў бы выступ па паперцы. На вечарыне хор выканаў славуты верш Багдановіча "Пагоня". Уся зала ўстала, як пад нацыянальны гімн.
Літаральна на заўтра, пасля адкрыцця музея, пакуль мы адсыпаліся і прыходзілі ў сябе, у Белавежскай Пушчы быў распушчаны Савецкі Саюз, і Беларусь стала незалежнай дзяржавай.
Так скончыўся двухгадовы перыяд майго жыцця. Ён быў сур'ёзным выпрабаваннем і праверкай на сталасць, здаецца, я вытрымаў гэты іспыт.
Усе блогі Алеся Бяляцкага
Падтрымаць Алеся лістамі і паштоўкамі салідарнасці можна па адрасе:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму |
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў