У 2024 годзе прызналі 89 "экстрэмісцкіх фармаванняў", сярод іх – медыя, тэатральная трупа і грамадскія арганізацыі
На дадзены момант у Беларусі налічваецца 257 прызнаных рэжымам "экстрэмісцкіх фармаванняў", з іх 89 прызналі ў 2024 годзе. Летась у пералік уключылі 10 медыя, кааліцыі, якія балатаваіліся на выбарах у Каардынацыйную раду, тэатральную трупу "Вольныя купалаўцы", шэраг грамадскіх арганізацый і ініцыятываў, замежныя фонды. З 2021 года за "стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім" (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса) агулам асудзілі мінімум 248 чалавек (як правіла, гэты артыкул выкарыстоўваюць у абвінавачванні ў сукупнасці з іншымі крымінальнымі артыкуламі). "Вясна" распавядае, каго ў 2024 годзе прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".
З восені 2021 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства ўнутраных справаў прызналі 257 суб'ектаў "экстрэмісцкімі фармаваннямі". У 2021 годзе за два месяцы прызналі ажно 27 пазіцый, у 2022 годзе – 80 суб'ектаў, у 2023 годзе – 62, а летась быў устаноўлены рэкорд – 89.
У 2024 годзе прызнаннем "экстрэмісцкіх фармаванняў" у большасці займаўся Камітэт дзяржаўнай бяспекі, які прыняў ажно 56 рашэнняў "Аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фармаваннем і забароне яго дзейнасці". Міністэрства ўнутраных справаў прыняла такіх 33 рашэнні.
З новаўвядзенняў 2024 года стала тое, што цяпер у раней прызнаныя "экстрэмісцкія фармаванні" ўносяцца дапаўненні з прызнаннем структурных адзінак "фармавання" і датычных асобаў. Так напрыканцы года "абнавілі" "фармаванні" Zerkalo.io i KYKY.org.
Праваабаронцы "Вясны" неаднаразова звярталі ўвагу на незаконнасць працэдуры прыняцця такіх рашэнняў:
"Рашэнні аб прызнанні "экстрэмісцкімі фармаваннямі" прымаюцца ў адміністрацыйным, пазасудовым парадку КДБ ці МУС без давядзення да грамадскасці канкрэтных падстаў для прыняцця такіх рашэнняў. Спрошчаны механізм прызнання арганізацый "экстрэмісцкімі фармаваннямі", а таксама адсутнасць у грамадзян доступу да інфармацыі і механізмаў судовай абароны ставіць пад пагрозу любыя праявы самаарганізацыі і салідарнасці грамадзян, у тым ліку ў адказ на грубыя парушэнні правоў чалавека".
За стварэнне і ўдзел у "экстрэмісцкім фармаванні" прадугледжваецца адказнасць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. З 2021 года за "стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім" (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса) агулам асудзілі мінімум 248 чалавек (як правіла, гэты артыкул выкарыстоўваюць у абвінавачванні ў сукупнасці з іншымі крымінальнымі артыкуламі).
У "пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" ў 2024 годзе ўключалі незалежныя медыя, Telegram-каналы і -чаты, грамадскія арганізацыі і ініцыятывы.Распавядаем падрабязна.
Дзесяць незалежных медыя
У 2024 годзе "экстрэмісцкімі фармаваннямі" прызнаныя "Радыё Рацыя", "DW Беларусь", "UDF – Навіны Беларусі", "Media IQ", Orsha.eu, s13.ru, "Позірк", а таксама tik-tok Zerkalo.io i KYKY.ORG.
Таксама "экстрэмісцкім фармаваннем" прызнаны інфармацыйны сайт палякаў Бларусі glosznadniemna.pl.
Праект былых палітзняволеных
8 траўня праект Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава “Народны рэпарцёр” прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Рашэнне прынята МУС. У чэрвені 2020-га праз актыўную дзейнасць брэсцкіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанова затрымалі і пазней асудзілі да трох гадоў калоніі. Абодва адбылі тэрміны цалкам і цяпер працягваюць сваю дзейнасць за мяжой.
Тэатральная трупа
13 снежня Міністэрства ўнутраных спраў прызнала «экстрэмісцкім фармаваннем» аб'яднанне былых артыстаў Купалаўскага тэатра «Вольныя купалаўцы». Паводле ведамства, дачыненне да яе маюць восем актораў і акторак. Паведамляецца, што «Вольным купалаўцам» прысвоілі новы статус «за арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб».
Замежныя фонды
Летась "экстрэмісцкімі фармаваннямі" былі прызнаныя ажно два замежных фонда: "Fund of Belarus Friend LTD" з Эстоніі і "Fund of Belarus friends MTU". У рашэнні ведамства пазначаныя людзі, якія нібыта маюць дачыненне да першага фонду: беларусы Алег Стэфановіч і Аляксандр Сырыца, а таксама эстонец Алан Ройа. Да арганізацыі Fund of Belarus friends, як сцвярджае спецслужба, маюць дачыненне грамадзяне Эстоніі Роё Алан і Нігол Каіда.
Грамадскія арганізацыі і ініцыятывы
23 студзеня ініцыятыву па дапамозе палітвязням INeedHelpBY прызналі "фармаваннем". Пераслед за INeedHelpBY стаў адных з самых жорсткіх за ўвесь час наступаў на салідарнасць. Першы рэйд адбыўся ўжо напачатку 2024 года. Тады падставай для пераследу стала дапамога сем'ям палітвязняў з прадуктовымі перадачамі праз Е-дастаўку ад ініцыятывы INeedHelpBY. Паводле "Вясны" тады пад пераслед трапілі сама меней 300 чалавек, абсалютная большасць з якіх — жанчыны. Тады пачаліся першыя суды за "атрыманне замежнай дапамогі". У сярэдзіне лістапада і снежня супрацоўнікі КДБ зноў ладзілі чарговыя затрыманні за салідарнасць. Пад рэйды трапілі экс-палітвязні і блізкія палітзняволеных, якія цяпер знаходзяцца за кратамі.
2 красавіка статус "экстрэмісцкага фармавання" атрымала ініцыятыва "politzek.me", якая падтрымлівае беларускіх палітвязняў.
8 красавіка Беларускі фонд медыцынскай салідарнасці» быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Ведамства пазначыла, што ў пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў» таксама ўнесена, цытата, «польскае структурнае падраздзяленне "Белыя халаты"». Паводле КДБ, дачыненне да Фонду маюць Лідзія Тарасенка, Станіслаў Салавей і Андрэй Ткачоў.
КДБ 3 траўня прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" ініцыятыву "Врачи за правду и справедливость". Арганізацыя выпусціла публічную заяву, у якой не пагадзілася з такім рашэннем КДБ.
"Нам невядомыя факты, на падставе якіх супрацоўнікі КДБ вызначылі экстрэмісцкі характар нашай дзейнасці. У традыцыйным для сучаснай Беларусі стылі рашэнне было прынята ў пазасудовым парадку, і заснавальнікі не мелі магчымасці азнаёміцца з матэрыяламі справы", — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
У ім таксама падкрэсліваецца, што арганізацыя «займаецца даследаваннем і абмеркаваннем сацыяльна значных праблем, прадастаўляе пляцоўкі для публічных выступленняў экспертам, спецыялістам і грамадзянам, арганізуе дыскусіі на тэмы пенітэнцыярнай аховы здароўя».
Сярод адной з такіх сацыяльна значных задач называецца адкрытасць пенітэнцыярнай сістэмы для грамадзянскага кантролю.
"Шматлікія доказы парушэнняў як нацыянальнага, так і міжнароднага заканадаўства, у тым ліку стварэння бесчалавечных умоў утрымання, прымянення катаванняў, парушэнняў пратаколаў і правілаў аказання медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі абвінавачаным і асуджаным у беларускіх турмах... патрабуюць тэрміновага расследавання і неадкладнага эфектыўнага рэагавання", — адзначаецца ў заяве.
Напрыканцы жніўня "фармаваннем" была прызнаная некамерцыйная арганізацыя «OEEC», да якой паводле ведамства маюць дачынне Святлана Зінкевіч, Алеся Гатоўчыц, Валерыя Валкагонава.
16 верасня КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» Беларускі нацыянальны моладзевы савет "РАДА", куды ўваходзіць больш за 30 арганізацый.
"Беларускі нацыянальны моладзевы савет «РАДА» («ЯRАDА») ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць з-за мяжы і прадстаўляяе сабой парасонавую арганізацыю, якая аб'ядноўвае больш за 30 моладзевых арганізацый і ініцыятыў, якія функцыянуюць на беларускім кірунку", — гаворыцца ў пераліку так званых «экстрэмісцкіх фармаванняў».
У ім таксама згаданыя: генеральная сакратарка Лізавета Пракопчык; камунікацыйная (інфармацыйная сакратарка) Кацярына Буніна; старшыня савета Маргарыта Ворыхава.
Напрыканцы верасня КДБ прызнаў "фармаваннем" адукацыйную ініцыятыву "Школа лідарства" і праект для жанчын "Girl Power Bel". Ведамства пералічыла людзей, якія нібыта маюць дачыненне да "экстрэмісцкага фармавання": Ганна Дапшэвічутэ, Вераніка Нікалайчык, Вера Есіпчук, Анжаліка Вайцэховіч, Аліна Шаўцова.
7 кастрычніка МУС прызнаў «Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі» «экстрэмісцкім фармаваннем». У дакуменце таксама пазначаны людзі, якія нібыта маюць дачыненне да ініцыятывы, — Сяргей Усцінаў і Вікторыя Фёдарава.
На наступны дзень такой прызналі ініцыятыву "Актыўным быць файна". Датычнай назвалі Юлію Міцкевіч. Арганізацыя грамадзянскай і нефармальнай адукацыі АБФ (Актыўнымі Быць Файна) была заснавана ў Беларусі ў 2015 годзе як вынік беларуска-шведскага праекта па папулярызацыі методыкі шведскіх (навучальных) гурткоў, які пачаўся ў 2012 годзе. Да падзей 2020 года АБФ вяла сваю дзейнасць у розных гарадах Беларусі, у тым ліку ва ўсіх абласных цэнтрах. У 2021 годзе, як і большасць НДА, арганізацыя была прымусова ліквідаваная і спыніла сваю працу ў краіне, але пераадкрылася і працягвае дзейнасць як беларуская арганізацыя ў Літве, Польшчы і Грузіі.
У лістападзе КДБ прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" вядомы сервіс для адпраўкі лістоў зняволеным інтэрнэт-сэрвіс письмо.бел. Цяпер ён недасяжны ў Беларусі і за межамі краіны. У СІЗА КДБ змясцілі траіх жыхароў Жодзіна, якія па версіі КДБ, маюць дачыненне да ініцыятывы "письмо.бeл". Іх абвінавачваюць паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).
Кааліцыя дваровых чатаў
КДБ прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем кааліцыю дваровых чатаў «Ордэн». Рашэнне было прынята 29 кастрычніка. Дакумент вызначае фармаванне як «групу грамадзян з ліку прадстаўнікоў дваровых «суполак» (фармаванняў/кааліцый) «Ордэн» пад назвамі «Злыя кіпцікі», «Сухарава», «Сеніца2.0», «Салідарнасць», «Вольныя ваўкі», «Навагрудскія партызаны», «Вілія», «Сціплыя матрошкі», а таксама арганізацыю «Суседзі».
У сувязі з фармаваннем у пераліку згадваюцца таксама імёны Ірыны Якаўлевай, Наталлі Даронінай, Дыяны Гаўрылавай, кіраўніка арганізацыі «Суседзі», грамадзяніна Украіны Івана Амеляна.
Таксама ў дакумент унесены «куратары (ментары)»: Вольга Няхайчык, Кастусь Кірыленка, Лізавета Плітнік, Наталля Гужова, Ірына Смалярова, Станіслаў Ботвін, Наталля Лантух.
16 студзеня "экстрэмісцкім фармаваннем" быў прызнаны праект "КОТОС". Гэта органы тэрытарыяльнага самакіравання.
Платформы па падліку галасоў
У верасні Камітэт дзяржбяспекі прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” платформу “Голас”, якая выкарыстоўвалася ў 2020 годзе для верыфікацыі вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. У кантэксце гэтага “фармавання” КДБ згадаў стваральніка платформы Паўла Лібера.
Напачатку снежня "экстрэмісцкім фармаваннем" быў прызнаны мабільны дадатак "Беларусь ID". Паводле ведамства, дачыненне да «Беларусь ID» маюць Павел Лібер і Міхаіл Ананьін. З дапамогай гэтага дадатку праходзіла верыфікацыя людзей на выбарах у Каардынацыйную раду.
Усе кааліцыі, якія балатаваліся ў Каардынацыйную раду, прызнаныя "экстрэмісцкімі фармаваннямі"
У траўні 2024 года Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць 257 чалавек, якія будуць удзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду. Ім інкрымінавалі арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады); арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару); арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання); арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
У траўні КДБ прызнаў "экстрэмісцкімі фармавннямі" 12 спісаў кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў выбарах у Каардынацыйную раду напрыканцы траўня. «Экстрэмісцкімі фармаваннямі» прызнаныя аб’яднанне кандыдатаў «Хопіць баяцца», «Наша справа», абʼяднанне палітычных партый Народная Грамада і Беларуская хрысціянская дэмакратыя «Салідарнасць», грамадскі рух «Краіна для жыцця», «Незалежныя беларусы», «Голас дыяспар — Адзінства па-над межамі», «Блок Пракопʼева — Ягорава», «Каманду Латушкі і Рух «За свабоду», «Закон і парадак», «Эўрапейскі выбар», «Моладзевы наступ» і «Воля».
У спісе "фармаванняў" пазначаны таксама прозвішчы ўдзельніцаў і ўдзельніц.