Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: I. АРЫШТ
Ліпень 2011 года быў для мяне напружаным і трывожным. Ужо быў я выкліканы ў падатковую інспекцыю, дзе мне паказалі ксеракопіі з рахунка літоўскага банку, куды прыходзілі грошы на дзейнасьць Праваабарончага цэнтру “Вясна”. Ужо пачалася перапіска з падатковай, дзе я прасіў патлумачыць, якім чынам гэтыя паперы аказаліся ў іх, здагадваючыся, што яны былі выкрадзеныя КГБ, а таксама адпісаўся, што гэта грошы не мае асабістыя, таму па беларускім заканадаўстве плаціць зь іх падаткі я зусім не павінен.
Тым ня меньш, як распавёў мне адвакат Зьміцер, да якога я адразу зьвярнуўся, на гэтых паперах зь літоўскага банку стаяла пячатка ДФР – Дэпартаменту фінансавых разсьледваньняў. Гэта значыць, што ДФР, які меў права праводзіць сьледства, мог затрымаць мяне ў любы момант: нават яшчэ да заканчэньня перапіскі з падатковай інспекцыяй і яе высноваў, павінен я плаціць гэтыя падаткі ці не.
Я таксама ўсьведамляў, што рашэньне – затрымаць мяне ці не, будзе прыймацца зусім не ў ДФР. Гэта мусіла быць палітычным рашэньнем.
У судах ужо ва ўсю ішлі працэсы над “дзекабрыстамі”. У турмах сядзела больш за дваццаць палітычных вязьняў. У дэмакратычных краінах Захаду рашуча асуджалі расправу Лукашэнкі з сваімі палітычнымі апанентамі. У ліпені ў мяне была апошняя перад летнімі адпачынкамі ў еўрапейскім парламенце паездка ў Брусель, дзе Еўрапейскім зьвязам і АБСЕ былі падведзеныя высновы па тым, што рабілася ў Беларусі на працягу апошніх поўгады. Ужо запрацавалі палітычныя санкцыі Еўразьвязу і ЗША супраць адыёзных беларускіх чыноўнікаў і вельмі асьцярожна былі ўведзены першыя эканамічныя.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ці не найбольш востра з замежных палітыкаў крытыкаваў Лукашэнку. У лютым 2011 году я быў на канферэнцыі ў Варшаве, на якой ён у сваім выступе зьвяртаўся да беларускага дыктатара:
“Прэзідэнт Лукашэнка! Вы губляеце ўладу!.. Раней ці пазьней вы будзеце вымушаныя бегчы з сваёй краіны, перасьледаваныя сваім народам, каб шукаць прытулку ў іншай краіне… Вам у Менску прыйдзецца трымаць самалёт, гатовы да хуткага ўзьлёту ў любы час”.
У чэрвені 2011 году, праз чатыры месяцы, Радаслаў Сікорскі напіша ў твітары:
“Мы ўхвалілі эмбарга на гандль зброяй і замарозілі актывы фірмаў, якія фінансуюць Лукашэнку. Ён павінен абраць шлях: да дэмакратыі ці ў Гаагу”.
Было зразумела, што ў такой сітуацыі саджаць мяне ў турму для ўладаў азначала яшчэ больш абвастрыць супрацьстаяньне з дэмакратычнымі краінамі.
За ліпень я некалькі разоў езьдзіў у Вільню выкладаць ў праваабарончай школе. Мяне спакойна выпускалі і ўпускалі ў Беларусь, як бы прапаноўваючы пад пагрозай арышту застацца там. Стандартная распрацоўка КГБ. Тады б ва ўладаў зьяўлялася выдатная магчымасьць праз дзяржаўныя тэлеканалы і газеты абвінаваціць у нясплаце падаткаў і такім чынам запэцкаць і мяне, і “Вясну”. Бо калі ўцёк – вінаваты!
Адзіная магчымасьць разбурыць гэтыя распрацаваныя канторай глыбокага бурэньня пляны і апраўдацца, было – застацца ў Беларусі, ня гледзячы ні на што. Уцякаць у гэтых варунках азначала перакрэсьліць тое, чым я займаўся ўсё сваё жыцьцё.
Чалавек заўсёды спадзяецца на лепшае. І я не выключэньне. Ня гледзячы на пагрозьлівую хмару, якая навісла над галавой, я працягваў планаваць. Напачатку жніўня заставалася апошняя праваабарончая школа ў Вільні, а потым – адпачынак! Можна было перавесьці дых пасьля моцна напружаных часінаў: тры месяцы выбарчай кампаніі, за якой мы назіралі ў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, а затым поўгады змаганьня за палітычных вязьняў забралі багата сілаў. Ехаць кудысьці ў цёплыя краі ў жніўні – ня лепшы варыянт. Сьпякота дасягае сваёй вышыні. А вось у нас, у Беларусі, лета – райская пара. Хапае цеплыні і сонца, няма залішняга сквару. Таму надта хацелася паехаць у вёску, калупацца ў кветках ды пісаць.
4 жніўня, цёплым летнім днём, я выйшаў з кватэры на Круглай плошчы, дзе мы жылі з жонкаю і сынам, сеў на метро і паехаў на працу. Дзесяць гадоў гэта быў звыклы для мяне маршрут. Офіс-кватэра “Вясны” знаходзіцца недалёка ад станцыі метро “Акадэмія навук”. Я выйшаў з метро насупраць кнігарні “Акадэмкніга”, перайшоў вуліцу Сурганава і сустрэў аднаго з сваіх маладзейшых калегаў. Той наадварот ішоў з офісу ў бок метро.
“Алесь, – сказаў ён, – каля нашай хаты багата людзей у цывільным. Мабыць зноў міліцыянты. Ці яны некага высочваюць, ці зьбіраюцца зноў вобшук праводзіць, невядома. Мы вырашылі разыйсьціся. Вам таксама ня варта туды хадзіць”.
“Вобшук, вобшук, – падумаў я. – Як яны задзяўблі з сваімі вобшукамі. Не даюць спакойна працаваць”.
За поўгады міліцыя і КГБ ужо тройчы трэсьлі наш офіс.
“Можа сапраўды перачакаць”, – падумаў я.
Нічога пільнага на працы не было. А тое, што мне неабходна было сёньня зрабіць, я мог залатвіць па інтэрнэце з дому. Я разьвярнуўся, і мы разам з маім калегам ізноў спусьціліся ў метро.
Яшчэ адная мая калега, зь якой мне неабходна было сустрэцца, пасьля званка да яе, прыйшла да мяне дадому. Мы папрацавалі з гадзіну, затым яна пайшла, а я яшчэ пасядзеў за кампутарам, напісаў некалькі лістоў, адказаў на атрыманыя. Звычайнае кешканьне напачатку жніўня перад адпачынкам, каб ужо ўсё дарабіць і адключыцца хоць на якіх пару тыдняў ад працы.
Затым мы папалуднавалі ўтрох: жонка, я і сын. Было ўжо гадзіны тры пасьля абеду. Някіх іншых навінаў не было, офіс стаяў пустым, і я зазьбіраўся ў вёску. Дні стаялі яшчэ доўгія, і я меркаваў пасьпець зварыць з апошняга неабабранага з кустоў агрэсту сочыва. Я сабраў маленькія пустыя слоікі, якія былі ўдома, загарнуў іх у газеты, склаў у пляцак і, разьвітаўшыся з жонкаю, бо меркаваў застацца ў вёсцы на ноч, выйшаў з пад’езду і пашыбаваў да метро.
Ад пад’езду да ўваходу ў метро – літаральна з трыццаць метраў. На гранітнай пляцоўцы перад спускам у падземны пераход пад Круглую плошчу мяне перастрэў каржакаваты мужчына гадоў трыццаці пяці. Перагарадзіўшы дарогу, ён трымцячымі пальцамі паказаў пасьведчаньне афіцэра ДФР і дрыжачым ад хваляваньня голасам хутка прамармытаў, што я затрымліваюся. Ён чамусьці быў адзін, і відаць, гэта яго сур’ёзна хвалявала: ці паслухаюся я яго, ці ня кінуся на ўцёкі.
“Вы не маглі б прайсьці, вярнуцца ў двор вашага дому, – прасіў мяне афіцэр ДФР. – Там вам пакажуць усе неабходныя паперы на вашае затрыманьне”.
Я ня стаў уцякаць – які сэнс, але выкарыстаў ягоную нерашучасьць і адзінокасьць: дастаў тэлефон і стаў набіраць нумар майго калегі, юрыста “Вясны” Уладзі Лабковіча. Чалавек, які затрымаў мяне, таксама ліхаманкава набіраў на сваім сотавым нумар мабыць кагосьці з аператыўнай групы, што чакала мяне ў двары. З пад’езду сталінкі, у якой мы жывем, два выхады: адзін у двор, другі ж адразу на плошчу. Чаму каманда, якая прыехала мяне затрымліваць, вырашыла, што я буду выходзіць у двор, я ня ведаю. Вось так мы і стаялі побач, з тэлефонамі ля вуха, паглядалі адзін на аднаго і чакалі адказаў.
Першым адгукнуўся Уладзя.
“Мяне затрымалі. ДФР”, – коратка паведаміў я.
Цяпер я ведаў, што вясноўцы ў курсе таго, што адбываецца, а значыць будуць ведаць і журналісты. Урэшце датэлефанаваўся і мой “напарнік”. З двара ў наш бок подбегам выскачылі яшчэ двое мужыкоў у цывільным. Яны спусьціліся па прыступках пад аркаю і шыбавалі да нас. Я ж пасьпеў: набраў наступны нумар жонкі.
“Перастаньце званіць!” – убачыўшы падмогу, акрэплым голасам сказаў затрымаўшы мяне дэфээравец.
Я не зьвяртаў на яго ўвагу. Ідзі ты лесам! Мужыкі ўжо падыходзілі да нас. Натальля падняла свой тэлефон.
“Мяне затрымалі”, – сказаў я.
“Выключце тэлефон!” – у тры голасы напружана выгукнулі дэфээраўцы.
Я выключыў. Усё што хацеў – ужо паведаміў. Заціснуты з усіх бакоў мужыкамі я пасунуўся ў двор нашага дому.
У двары каля сьметніцы стаяла шэрая старая “Волга”. Мяне падвялі да яе, паведамілі, што я арыштаваны, і паказалі ордэр на арышт, а затым – ордэр на вобшук.
Механічна я быў зь імі, штосьці казаў і адказваў. Яны пыталіся пра ключы ад кватэры. Я сказаў, што ключоў няма, падумаўшы: “Яшчэ чаго не хапала, каб я сам даваў вам ключы”. Мы пайшлі ўсе разам да пад’езду. Яны пачалі званіць па дамафону, і я быў зь імі, а сам думаў нейкай другой паловай сьвядомасьці:
“Сон гэта, ня сон, што адбываецца? Няўжо волі канец? Вось яно, грымнула, здарылася тое, што прадчуваў і чаго чакаў, адганяючы гэтыя думкі, як штосьці непрыемнае, якое можа і не адбыцца. ГБ, улады, усё ж зрабілі наступны крок. Вось зараз пачынаецца новы адцінак майго жыцьця, мабыць далёка ня самы просты і лёгкі. І мяне міжволі зацягвае ў непазьбежнае кола падзеяў так, што не выскачыць, не адкруціць назад. А што застаецца мне? Вось і пабачым, чаго ты варты”.
Алесь Бяляцкі, старшыня ПЦ “Вясна”, за сваю праваабарончую дзейнасць быў асуджаны на чатыры з паловай гады. Ён быў прызнаны беларускай і міжнароднай супольнасцю палітычным зняволеным. З 4 жніўны 2011 па 21 чэрвеня 2014 гг. знаходзіўся ў турме. У выніку шырокай кампаніі салідарнасці быў вызвалены па амністыі.
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў