Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: III. ВОБШУК
Тым часам вобшук пачаўся. Дэфээраўцы падзялілі пакоі паміжсобку і пачалі метадычна пераглядаць нашыя рэчы. Вобшук адразу ішоў у двух пакоях. Я папрасіў Натальлю і Адама быць у адным зь іх, а сам перайшоў у іншы. Панятых мы таксама папрасілі падзяліцца. І ўсё роўна ўсьледзіць за аператыўнікамі было цяжкавата. Па двух у кожным пакоі яны звыкла і хутка перабіралі ўсе рэчы, заглядалі ў слоікі, даставалі бялізну з шафаў, перабіралі кніжкі, папкі і паперы, рухаліся спрактыкавана і навучана. Кожны зь іх даглядаў сваю палову пакою, зьлева направа, па адпрацаванай схеме.
Калі справа дайшла да кніжнай шафы, мне недарэчна прыгадаўся фільм, які глядзеў у дзяцінстве. У ім царскія паліцыянты праводзілі вобшук у Леніна, які быў у ссылцы. Уладзімір Ільліч з Надзеяй Канстанцінаўнай ставілі самыя небясьпечныя, забароненыя цэнзураю кніжкі на ніжнія паліцы шафы. Жандары, калі рабілі ператрус, пераглядалі кнігі з гары да долу, напачатку пільна, гартаючы кожную зь іх, чым ніжэй, тым больш фармальней, стамляючыся і губляючы ўвагу. І хоць у мяне не было ніякай забароненай літаратуры, і ў кніжках не ляжалі ні грошы, ні сакрэтныя паперы, але назіраючы за тым, як яны перабіраліся, убачыў тое самае. Чым ніжэй, тым больш неахайней гарталіся нашыя кніжкі, а то і ўвогуле прапускаліся. Урэшце ніжні рад, да якога трэба было нізка нагінацца, аператыўнік увогуле прамінуў.
Прыцягнулі ўвагу дэфээраўцаў ордэны і медалі бацькі жонкі. Але, праглядзеўшы ордэнскія кніжкі, яны задаволіліся і адчапіліся.
У адной з картонных скрынак на варыўні аператыўнік знайшоў манеты і банкноты з розных краінаў, куды я езьдзіў у працоўныя паездкі. Для зручнасьці я звычайна складаў іх у асобныя мяшэчкі, затым, калі ізноў зьбіраўся ў паездку, даставаў і браў з сабой. Былі там невялікія сумы, у межах трох-пяці даляраў, але чаго там толькі не было. Дэфээравец дзелавіта, ледзь не зьзяючы, выклаў гэтыя цэлафанавыя мяшэчкі на стол: польскія злотыя, літоўскія літы, рускія рублі, украінскія грыўні, швейцарскія, нарвежскія, дацкія і турэцкія, грузінскія, армянскія, кіргізскія і азербайджанскія, малдаўскія і сербскія, ды яшчэ нейкія манеты і пакамечаныя паперкі. Калі ж складаўся акт забраньня, радасьць дэфээраўца зьнікла. Сумы былі сьмешныя, ды ўсе дакладна трэба было апісаць, клопат з гэтымі грошыкамі яны займелі немалы.
Кампутары і розныя паперы асабліва прыцягвалі ўвагу шукальнікаў. Стацыянарныя блокі, як я і меркаваў, былі пустыя, але вось у Адася знайшлі ягоны нотбук. Сын вучыўся на рэжысера і мантаваў усе свае тэле- і кінасюжэты на ім. Я неаднойчы прасіў яго, каб ён рабіў копіі сваіх працаў, асабліва пасьля студзеньскага вобшуку, прадчуваючы, што гэта можа паўтарыцца. Вось жа апісалі і апячаталі нотбук, а памяць, на якую ён рабіў копіі, не знайшлі. Забралі зь ягонага пакою яшчэ нейкія паперы і дзьвесьце даляраў, якія ён зарабіў, здымаючы сюжэты для Белсату. На ягоныя пярэчаньні, што і нотбук, і грошы – ягоныя асабістыя, ніхто не зьвярнуў увагі.
У агульным вэрхале вобшуку нейкім дзіўным чынам зайшла ў кватэру маладзенькая журналістка Аліна Р. з кніжкай у руках, павіталася і пайшла ў пакой да Адама, удаючы ягоную дзяўчыну.
“Мабыць Наста Лойка, сяброўка, заслала яе ў кватэру даведацца, што ў нас робіцца”, – падумаў я.
Між тым вобшук цягнуўся далей. Калупаючыся ў вентыляцыйным лючку ў прыбіральні, нехта з шукальнікаў выцягнуў адтуль дзьве “цаглінкі” кампутарных дыскаў.
“Знайшлі ўсё ж такі, паскуды”, – падумаў я.
Дыскі былі зашыфраваныя.
– Што гэта? – спытаўся ў мяне старэйшы групы, паказваючы іх.
– Адкуль я ведаю, – адказаў я.
Дэфээраўцы асабліва ўважліва перабіралі ўсе чэкі, якія знайшлі ў вітальні. Гэты былі звычайныя штодзённыя крамныя чэкі на ежу. Але вось выцягнулі з маёй шуфлядкі адную літоўскую квітанцыю, з цікавасьцю пачалі разглядаць яе. Гэта аказалася квітанцыя на друк адной з нашых праваабарончых кніжак у літоўскай друкарні. У квітку была указаная назва кніжкі, сума за друк і дата. Квітанцыю забралі і ўключылі ў вопіс. Хоць і нічога кампраметуючага ў гэтым цэтліку не было, але я скрушліва ўздыхнуў. Як не перастрахоўвайся, як не прыбірай за сабой, але заўсёды застаюцца нейкія сьляды тваёй дзейнасьці. Залатое правіла: чым меней твой непрыяцель ведае пра цябе, тым лепей. Таму было прыкра за сваю няўважнасьць. Каб хоць іншага чаго не знайшлі…
Праз тры гадзіны вобшук падыйшоў да канца. Уся кампутарная тэхніка, паперы, грашовая дробязь былі ўпакаваныя ў картонныя скрынкі. Таксама была апісаная ўся хатняя маёмасьць – тэлевізар, мэбля. Калі паказалі пратаколы вопісаў, я ад зьдзіўленьня прыцмокнуў. Аднаго з супрацоўнікаў ДФР прозьвішча было Баршчэўскі, а другога – Пазняк… Вобшук на гэтым ня скончыўся. Дэфээраўцы паказалі мне яшчэ дзьве пастановы. На чарзе былі офіс “Вясны” і нашая хата ў Ракаве.
І тут я зрабіў памылку. Я папрасіў, каб у Ракаў на вобшук паехалі Натальля і Адам, а на офіс выбіраўся я сам. Чаму? Мне хацелася хутчэй скончыць гэтую бясконцую чараду вобшукаў. Мне падумалася, што чым хутчэй яны пройдуць, тым спакайней будзе Натальлі. Адам упіраўся, у яго была тэмпература. Але я папрасіў яго, каб маці не заставалася падчас вобшуку адна, і ён пагадзіўся. У ракаўскай хаце дэфээраўцы забралі толькі мой запаролены нэтбук, які я неабачліва пакінуў на стале. Звычайна ж хаваў куды-небудзь пад канапу. Атрымалася так, што я пераклаў частку сваёй ношкі, сваёй адказнасьці, на плечы Натальлі і Адама. Хаця была ў гэтым нейкая непазьбежная заканамернасьць. Зэк сядзіць у зьняволеньні, і гэта ўсе бачаць. А вось другую, нябачную на староньняе вока частку пакараньня на волі, звычайна адбываюць ягоныя родныя. Ім таксама хапае напоўніцу.
Перад офісам, куды мяне завезьлі, нас ужо чакалі некалькі журналістаў і мае калежанкі. Калі яны папрасіліся ўвайсьці ў кватэру, у якой месьцілася "Вясна", дэфээраўцы ім забаранілі. Амапаўцы, якія суправаджалі нас, скінулі свае балаклавы, былі ўжо без аўтаматаў, стаялі ў пад’езьдзе, назіралі, каб туды ніхто не ўвайшоў. Калі мае калежанкі званілі па дамафоне ў кватэру, тыя рагаталі і фатаграфавалі іх праз маленькую дзьвярную шыбку на сваю камеру. Калі ж нехта з дзяўчатаў дастаў тэлефон і паспрабаваў іх сфатаграфаваць праз гэтае вакенца, амапаўцы, як напалоханыя коні, давячыся сьмехам, ламанулі ад шыбкі ў пад’ездную цемру.
“Вось балбесы”, – думаў я, выглядаючы падчас вобшуку з офіса ў пад’езд.
У панятыя з нашага пад’езду ўсе ісьці паадмаўляліся, таму ўзялі нейкіх людзей з суседняга. Жанчынка, якая прыйшла панятой, сядзела і горасна спачувальна ўздыхала. А крыху пазьней ужо з выклікам голасна сказала, што галасавала на апошніх выбарах за Саньнікава. Маўчаў і другі паняты, сталы мужчына.
Вобшук на офісе прайшоў зусім фармальна. Кампутарнай тэхнікі там амаль не было. Стаяў зламаны ксеракс і ўсё. Але вось адзін з дэфээраўцаў прыўзьняў канапу і выцягнуў адтуль два ноўтбукі. Яны былі старыя і цяжкія, так што дзяўчаты, якія працавалі на іх, паленаваліся занесьці іх дадому. Напачатку цягалі, бо я настойваў. А тут вось вырашылі ня браць. Але, дзіва, дэфээраўцы, пакруціўшы ноўтбукі, засунулі іх назад. Мабыць усё ж такі іх больш цікавілі рэчы, якія маглі б мець хоць нейкае дачыненьне асабіста да мяне. Так што запісалі дзеля прыліку пару нейкіх выпадковых паперак, апісалі зламаны ксеракс і мэблю, і на гэтым вобшук скончыўся.
Мяне вывелі з офісу, папярэдзіўшы, каб не размаўляў з журналістамі, бо інакш апрануць кайданкі і павядуць подбегам. Ды асабліва і не было ў мяне жаданьня размаўляць з кім-небудзь. Што я мог сказаць, акрамя таго, што мяне арыштавалі ў падозраньні за неўплату падаткаў? Усю папярэднюю інфармацыю ведалі мае калегі, якія былі ў курсе маёй перапіскі з падаткавай інспекцыяй, вось яны і распавядуць журналістам – як і што. Мая ж справа зараз – трымацца, быць маральна гатовым да новых прыгодаў, якія чакалі мяне наперадзе.
Ужо вечарэла. Мы падыйшлі да машынкі, я яшчэ кіўнуў, разьвітаўся з адной з сваіх калежанак і перадаў ёй ключы ад офіса.
Дзіўнае гэта было адчуваньне першых хвілінаў несвабоды: калі ты ня мог усё кінуць пасьля гэтага доўгага і нуднага, выцягваючага жылы вобшуку, разьвітацца з усімі і спакойна сабе пайсьці. Я больш не належыў сам сабе. Мы селі ў машыну, ззаду са мной сядзеў адзін з афіцэраў, і паехалі на вуліцу Пятруся Броўкі ва ўправу ДФР. Такі доўгі першы дзень яшчэ ня скончыўся.
Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: II. ПАЧАТАК ВОБШУКУ
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў