viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: VII. ХАТА №22

2020 2020-02-25T11:28:57+0300 2020-02-25T11:31:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/blog_bialiackaga_7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Камера была вялікай, на тры вакны, зь яркім сьвятлом ад дзённых лямпаў. Паўз тры сьцяны ўпоперак грамазьдзіліся двухпавярховыя ложкі-нары. Справа на тумбачцы стаяў маленькі тэлевізар, зьлева была адгароджаная фанерай да столі і лёгкімі дзьвярыма прыбіральня. На ложках сядзелі і ляжалі людзі. Хтосьці паглядзеў на мяне мільгам, а хтосьці нават і не павярнуўся. Я стаяў каля дзьвярэй, аглядаўся і чакаў. Зараз да мяне падыйшоў адзін са зьняволеных і паказаў рукой:

– Кешар і вату пастаў тут.

Я паставіў.

– Падыйдзі да старэйшага, – працягнуў ён, – ён хоча з табой паразмаўляць.

І кіўнуў у бок ложка, на якім сядзеў лысаваты, хударлявы хлопец гадоў трыццаці пяці. У старэйшага было паголенае інтэлігентнае аблічча, ён быў апрануты ў спартовы касьцюм, як і большасьць сукамернікаў.

– Як клічуць? – запытаўся ён.

– Алесь, – адказаў я па-беларуску.

– За што затрымалі?

– 243-яя, – сіліўся прыгадаць я артыкул свайго абвінавачваньня.

– А-а-а-а, – зь веданьнем працягнуў ён, – падаткі?

– Падаткі, – адказаў я, – частка другая.

– Як у цябе з арыентацыяй, усё роўна? – спытаўся ён. – Калі што ня так, кажы адразу, каб потым непанятак не было.

Уступаць зь ім у дыскусію, якая арыентацыя нармальная, а якая ненармальная – не выпадала, таму я коратка адказаў:

– Нармальная.

– Я павінен запытацца, – патлумачыў ён. – Вунь там шконка вольная, на пальме, – паказаў ён у правы, супрацьлеглы кут камеры, – разьмяшчайся. Калі што цябе цікавіць, цікаўся.

– Добра, – адказаў я і пайшоў да сваёй нары, “на пальму”.

Я разаслаў матрац, засьцяліў бялізну, запытаўся ў мужыкоў, якія сядзелі на ніжніх ложках у адным хадку, куды можна паставіць торбу. Яны разсунулі клункі пад нарамі, я запіхнуў туды свой хатуль, залез на верхнюю шконку і лёг, галавою да цэнтру камеры, падклаўшы пад бараду падушку, моўчкі пазіраючы на гэты незнаёмы для мяне сьвет.

blog_bialiackaga_7.jpg
Кантралёр на Валадарцы

Ня ведаю, ці было гэта бачна звонку, але ў сабе, у сярэдзіне, я выразна адчуваў, што зараз я не такі, як заўсёды, што ў маёй галаве усё замарудзілася, як на запаволеных здымках. Мне цяжка было хутка рэагаваць і няпроста адказваць на пытаньні, мае пачуцьці прытупіліся. Я стаў марудны, як мядзьведзік-каала. Усё што адбывалася за апошнія суткі, даходзіла да мяне як праз марыва і туман. Новыя для мяне людзі гулялі ў нейкую даўно імі адладжаную, знаёмую для іх гульню, дзе чамусьці мусіў прысутнічаць і я: хадзіць, размаўляць, адказваць на пытаньні, кантраляваць сябе, каб ня ляпнуць чаго лішняга. Я ўсё рабіў, здаецца, так, як трэба, але ў той жа час паглядаў на сябе збоку, як быццам бы гэта быў ня я. Наступіла абарончая рэакцыя на арышт, на непазьбежны стрэс.

Неверагодна, што яшчэ ўчора я быў вольным чалавекам, хадзіў па горадзе, а сёньня ляжу вось тут, на жалезных нарах, сярод гэтых занятых сваімі справамі розных людзей, якія тут даўно жылі. Ні горычы, ні смутку няма на іхніх тварах, як быццам бы так і трэба, што яны тут апынуліся. Як добра, што я магу зараз паляжаць, проста паляжаць, ні пра што ня думаючы, толькі назіраючы за тым, што адбываецца ў камеры. Я проста фізічна адчуваў, што мне трэба адляжацца, каб бура, якая ўсхадзілася ўва мне, крыху суцішылася.

Я ляжаў і чамусьці згадваў нашую кошку Касю, якая аднойчы ў мястэчку зьнікла на ноч, не прыйшла дахаты. Я пахадзіў цемрачы па двары, паклікаў – ні гуку ў адказ. Назаўтра, прачнуўшыся зранку, я адразу выйшаў на ганак і ўбачыў Касю, якая ляжала з акрываўленым ілбом, падраным вухам. У яе нават моцы не было ўстаць, і яна толькі ціха няўкнула, убачыўшы мяне. Я занес яе ў хату, паклаў на посьцілку, яна заплюшчыла вочы і зьнерухомела – можа заснула, а можа проста не хацела глядзець на гэты сьвет. Праз некалькі гадзінаў яна прачнулася, папіла крышку малака, якое я паставіў каля яе, і зноў знепрытомнела, толькі зрэдку ўздрыгваючы буйнымі дрыжыкамі. Увечары, аглядаючы яе пыску, я ўбачыў, што ў зяпе ў яе, зь левага боку верхняй пашчанкі, нехапае клыка і некалькіх наступных зубкоў. Дзесьці патрапіла яна ў страшнае здарэньне ці бойку. Так яна праспала цэлыя суткі і толькі потым пачала патроху прыходзіць ў сябе.

Вось зараз і я адчуваў сябе дакладна так, як тая нашая Кася.

Тым ня меньш, жыцьцё ў камеры ішло сваёй хадою: хтосьці ляжаў і чытаў, хтосьці сядзеў унізе і ціха размаўляў, хтосьці спаў. Вось адзін з маладзейшых хлапцоў узяў анучу і хутка працёр вольную прастору перад нарамі і сталом, там, дзе найбольш хадзілі сідзельцы. У камеры было горача. Вокны хоць і былі адчыненыя нараспашку, але ж былі ўзятыя ў краты і засечаныя касымі сталёвымі палосамі. Паветра, якое праходзіла праз іх, было гарачым і задушным. У розных кутах камеры на высокіх падстаўках гудзелі два вентылятары, разганялі гарачае паветра. Я палічыў – восем нараў, шаснаццаць ложкаў, усе занятыя, я прыйшоў у камеру шаснаццатым.

Вось старшы з свайго ложка гучна папярэдзіў: “Перакус! У прыбіральню не хадзіць!” Адразу за вузкі доўгі стол села некалькі чалавек, дасталі хлеб, сала, цыбулю, кожны штосьці сваё, ці кампаніямі па два-тры чалавекі, ускладчыну, прынесьлі згатаваную ваду, залілі сухую лапшу і гарбату, пачалі перакусваць.

Сусед зьнізу запытаўся ў мяне: “А ты ня хочаш паесьці?” Я прыслухаўся да сябе. Апетыту зусім не было. Я ня еў ужо амаль суткі, і зусім не хацелася – выкід адрэналіну ў кроў перабіў голад.

Толькі пад вечар я зьлез са сваіх нараў і спытаўся ў суседа, як бы мне папіць гарбаты.

– А што ў цябе ёсьць з посуду? – пацікавіўся ён.

– Алюміневы кубак, – адказаў я.

– Зараз, – ён дастаў пластмасавы кубачак, запытаўся яшчэ ў суседа насупраць, той выняў з торбы пластмасавую міску з накрыўкай, такую ж лыжку.

– На, – перадалі яны мне, – поўны набор, “камазік”, – кіўнулі на міску. – Вясло, кубак, усё ёсьць, беражы, а палажняковы кубак-зэчку схавай, зь яго піць немагчыма, апячэшся.

Я вяла падзякаваў і спытаўся:

– А дзе можна згатаваць вады?

Мне паказалі на пластмасавы электрычны гарбатнік, які стаяў на стале. Я згатаваў вады, пакалупаўся ў сваёй торбе, знайшоў там пакуначкі зялёнай гарбаты, прапанаваў сваім суседзям, тыя ўзялі, не адмовіліся, заварыў, выпіў, закусіў пячэнькаю і зноў улёгся.

У дзесяць вечара празьвінеў званок. “Адбой!” – выгукнуў старшы камеры. Вось і прайшоў мой першы дзень у турме. Я распрануўся, залез пад просьціну і заснуў.

Назаўтра я адчуваў сябе ўжо крыху лепей. У абед прынесьлі ежу. З вакенца ў дзьвярах малады хлопец хутка забраў алюміневыя міскі з супам, нарэзаныя вялікімі ламцямі буханкі чорнага хлеба, перадаў пустымі і забраў назад алюміневыя кубкі з кісялём. Раз-два-тры – проста подбегам ён забіраў і ставіў посуд на стол. Зэкі разабралі міскі і сталі сёрбаць суп. Елі партыямі, бо ўсе за адзін стол адразу не зьмяшчаліся. Паспытаў супу і я – пачаў вяртацца апетыт, і гэта была добрая прыкмета. З-пад стала, засунутыя ў шчыліны і там, і сям, даставалі заточаныя палоскі сталі ці кансервавай бляхі, рэзалі сала, крышылі цыбулю і моркву.

“Вось гэтую рэзку можаш браць, – паказалі мне суседзі загнутую з аднаго боку, каб не парэзацца, і заточаную паўмесяцам з другога, накрыўку ад кансервы. – Толькі калі будзеш што рэзаць, паварочвайся сьпінаю да дзьвярэй, каб кантралёр не заўважыў, а то адбярэ”.

Урэшце адзін з суседзяў-сукамернікаў запытаўся ў мяне, за што я апынуўся тут.

– Праваабаронца, вось за гэта і пасадзілі, – коратка адказаў я. – Учора яшчэ па праспекту хадзіў, а сёньня, вось...

– А-а-а, – падхапіў адзін з бліжэйшых суседзяў, – быў у нас тут адзін такі дзядзька – Федаркевіч Алег. Яго пасьля дэманстрацыі затрымалі. Таксама з нашых, будаўнік. Немалады ўжо, а жыўчык такі, усё хадзіў на прагулку, спортам займаўся, бегаў, скакаў.

Я парадаваўся пра сябе: “Не адзін Гаўрыла ў Полацку, я ня першы з палітычных абжываю гэтую камеру”. Ня дзіва. Багата хто з “дзекабрыстаў” за апошнія поўгады прайшлі да суда Валадарку.

– Тут у нас на паверсе кандыдат у прэзідэнты сядзіць, – працягнуў другі.

– Хто? – пацікавіўся я.

Вус.

Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: VI. ВАЛАДАРКА

Уваход у турму – у арачным праезьдзе пад двухпавярховым старым будынкам, у які ў свой час уяжджалі вазамі і вазкамі. Ён зачынены вялікай брамай. У браме – дзьверы-форткі звычайнага памеру для ўваходу людзей. У сярэдзіне ў праезьдзе – налева і направа – бакавыя дзьверы, якія вядуць ў прыбрамны будынак.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства