viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XIV. АБЕД. ПРЫБОРКА

2020 2020-04-14T12:30:30+0300 2020-04-21T12:08:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/blog_bialiackaga_15.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

АБЕД

У 12.30 пачынаецца прыгатаваньне абеду. Валодзя, які днямі сядзіць на сваёй шконцы, гадзінамі бяздумна ўперыўшыся ў сьцяну насупраць, вялізны і рыхлы целам, як гурба веснавога сьнегу, з чырвоным бандзюкаватым тварам, з запалёнымі ярка-чырвонымі вейкамі. Такога ўвечары ўбачыш, дык перахрысьцісься. Старшы хаты, у сініх трэніках і з крыжыкам на тоўстых абвіслых грудзях, падхапліваецца і пачынае гатаваць. На прагулку ён амаль не выходзіць, а калі выйдзе – дык стаіць, папыхвае цыгарэткаю, пасьміхаецца з нас. Пазьней ужо я зразумеў, што менавіта ў гэты час у яго адбываюцца  сустрэчы з “кумам”. На прагулцы, калі мы з генералам адныя, мы радыя, што можна шчыра пагаманіць без прыгляду.

Гатоўка для Валодзі – любімы занятак. Гатуе ён адразу на ўсю “хату”, на шасьцярых ці пецярых, калі кагосьці забіраюць ад нас, ці – было некалькі такіх дзён – калі на чатырох чалавек. Асаблівы гонар Валодзі – ачышчальнік вады – празрысты гляк з фільтрам, праз які мы прапускаем ваду для варкі, гарбаты і піцьця. На тумбачцы побач стаіць пластмасавы электрагарбатнік. Падчас гатоўкі Валодзя прыбірае гарбатнік і ачышчальнік вады і ставіць на тумбачку трохлітровую пластмасавую міску-“камаз”. Кіпяцільнік адсюль якраз дацягваецца да разеткі. 

Весялеюць ягоныя маленькія вочкі, задаволена падрыгваюць ацёклыя пальцы-кілбаскі. Валодзя пасьміхаецца, з любоўю наразае сьвежую капусту ці буракі, абірае морквачку, цыбульку, кідае ў “камаз” вараную гавядзіну, якую Паўлавіч атрымлівае штодзень на дыету, дарэзвае памідорку, дадае туды ці сухой кілбаскі ці сасісак, калі раптам каму перадаюць іх у “кабане”-перадачы. З “палажняковага” мутнага супца выбірае вараную бульбачку, некалькі лыжак разваранай пярлоўкі. Закідвае ў суп усё, што ўбачыць ягонае вока, падразае туды пятрушкі з зялёным кропчыкам і пачынае варыць гэтае апетытнае варыва кіпяцільнікам, закручаным у месцы злучэньня з дротам у цалафан.

Турэмныя
Турэмныя "камаз" і "кешар"

Я падазрона паглядаю на пластмасавы “камаз”, у якім кіпіць наша ежа, на канцы цалафанавага мяшэчка, якім абмотаны кіпяцільнік, што цялёпкаюцца ў супе. Варыва кіпіць з поўгадзіны, яно наўрад ці чыстае ад хімічных выпарэньняў з усіх гэтых палімераў.

– А сталёвы рондаль сюды можна перадаць? – пытаюся я.

– Паспрабуй, – сьмяецца Валодзя. – Тэарэтычна, мабыць, і можна, але практычна – то не. Баяцца, што зэкі могуць каструлю паламаць ды нажоў сабе нарабіць.

– Тут і так “рэзак” хапае, дзіўлюся я.

У гэтай камеры іх дзьве: добра заточаныя сталёвыя палоскі, яны падобныя на голыя лёзы ад невялікіх сьцізорыкаў. Імі мы рэжам сала, каўбасу, накройваем на тонкія скібкі хлеб, крышым гародніну ды наразаем іншую ежу.

– Калі надта захацець, глыбокадумка заўважае Валодзя, дык на што тое пяро. Можна і кулаком забіць.

Кулакі ў яго хоць і мягкія, апухлі за час сядзеньня, але вялікія, як два маіх.

Праходзіць некалькі дзён, і я ўжо забываюся пра пластмасавыя дабаўкі ў нашым супе. Часам “камаз” прагарае ад кіпяцільніка. Гэта становіцца бачна ўжо пасьля гатоўкі, калі астывае і сьціскаецца пластмаса. Набіраеш у такі “камаз” ваду, а ён працякае. Тады адзін бярэ палітыленавы пакунак, падпальвае яго, другі ж зэк трымае “камаз” і падстаўляе трэснутае ці прапаленае месца пад гарачы палітылен, які крапае з пакунка. Той гарыць, сьмярдзіць чорным дымам на ўсю хату, так і залютоўвалі.

Гарбату п’ем таксама з пластмасавых кубкаў, бо з алюміневых “зэчак”, якія нам выдалі спачатку, гэта немагчыма. Здаецца, што тонкі алюміні награецца нават гарачэй за саму гарбату. І ўзяць такі кубак у рукі няма як, бо дзяржальна няма. Таму п’ем зь іх толькі кісель, і то тыя, каму ён даспадобы. Смачны пах супу перабівае на нейкі час казённы смурод турмы.

У 13.30 у нас афіцыйны час абеду. Баландзёры раздаюць хлеб, развозяць “палажняковыя” суп і макароны ці бігас з капусты на другое, разьліваюць кісель. Мы выбіраем з раздадзенай ежы нейкія часткі: ці то бульбу, ці то крыху макаронаў, што можна ўкінуць у нашае варыва. Часам забіраем бігас, зроблены, мабыць, яшчэ з леташняй, такой кіслай, што аж едкай, капусты. Адразу яго есьці нельга. Дзеля гэтага трэба мець, мабыць, жалезны страўнік. Вараную квашаную капусту тройчы прамываем ў халоднай вадзе, потым дадаем у свой суп, вось тады атрымліваецца – больш-меньш.

Валодзя сьмяецца:

– У нас у ход усё пойдзе. Нават з такога гаўна, як гэты паганы бігас, можна выдатны боршч зрабіць.

Часам на Валодзю находзіць кепскі настрой. Ён пачынае бурчэць і нечакана адмаўляецца гатаваць абед. Тады ён ня есьць гарачага, намазвае на скібку хлеба тоўсты слой смальца, які яму ў кожным “кабане” перадае маці, заглынвае такіх тры-чатыры бутэрброды, запівае гарбатаю і сядзіць на сваёй шконцы, бяздумна паглядаючы ў тэлевізар, ці сьпіць.

Любіць ён таксама каўтаць сасіскі. Бывае так, што ляжаць яны ў нас з чарговай перадачы тры-чатыры дні, бо мы не пасьпяваем іх зьесьці. Ня гледзячы на тое, што мы іх выкладаем на ноч на падваконьне, дзе ня так горача, яны асклізваюць. Я дык заўсёды іх апасьліва нюхаю і абавязкова вару. Валодзя бярэ такую, маленькую ў ягоных таўшчэзных пальцах, сасісачку, аблупіць, хутка нюхне: “Нармальная!”  Коўць і няма.

Калі Валодзя страйкуе, тады мы згадваем пра чаргу. Звычайна, хто прыбірае ў хаце, той і гатуе абед.

У кожнага атрымліваецца неяк па-свойму. Я прынцыпова не дадаю прыправу “Мэгі”, якую так любіць сыпаць Паўлавіч, не кідаю дробна нарэзанае сала, што робіць дырэктар мясакамбінату Вася, затое шынкую паболей зеляніны: пятрушку, кроп, пер’е цыбулі і пасьля таго, як суп ужо зварыўся і гатовы, засыпаю яе і накрываю накрыўкай. Даю ёй памлець, настаяцца ў варыве хоць бы з пяць хвілінаў. Зеляніна не цямнее, не праварваецца, яе смак прыемна насычае нашую агульную поліўку.

ПРЫБОРКА

Людзей у камеры небагата: ня так, як у іншых “хатах”, забітых па плешку, так што зэкам і сесьці няма дзе. Таму ў нас няма такіх, хто за цыгарэты дабраахвотна прыбіраў бы кожны дзень. Прыбіраем па чарзе: і Паўлавіч генерал, і я радавы. Звычайна дзяжурым па два дні, бо вільготную  прыборку робім праз дзень, а падмятаем – штодзень. Раз на тыдзень робіцца генеральная прыборка: скручваюцца матрацы, узьнімаюцца з-пад нараў нашыя торбы-“кешары” і ставяцца на нары, праціраюца ўсе паліцы, падваконьне, вымываецца бетонны дол, перабіраецца ежа. Пад апошняй нарай, бліжэй да дзьвярэй, стаяць дзьве вялізныя агульныя торбы. У адной – крупы, мюслі, цукар, сухое малако з нашых перадачак і з перадачак тых зэкаў, якія сядзелі да нас.  У другой – гаспадарчае мыла, “хазяйка”, брускоў дзесяць, якія выдаюцца тут кожнаму па кавалку раз на месяц, пральны парашок, сода, непатрэбны посуд ды розная гаспадарчая дробязь.

Дзяжурны вымывае пад нарамі, бетонную падлогу пад сталом, невялікую прастору ад дзьвярэй-“тармазоў” да стала-“абшчака”, затым асобнай анучаю мые падлогу вакол туалета-“дальняка”. Сам дальняк мыецца гелем для чысткі ўнітаза. Тут, у СІЗА, тлумачаць мне з самага пачатку, мыць дальняк – гэта не западло, гэта для “мужыка” нармальна. На зоне будзе зусім па-іншаму, там, гаворыць Валодзя, ні-ні. Памры, але да ўнітаза не падыходзь.

Туалет у СІЗА
Туалет у СІЗА

Умывальнік у нас той яшчэ, новы, з сталёвай бляхі, як на хатняй кухні. Дазволілі ж нейкаму зэку пераправіць яго сюды. Кран над умывальнікам кароткі. Каб не распырсквалася вада, да яго прыробленая піпка, зробленая з цюбіка ад зубной пасты. Пад умывальнікам стаяць дзьве балейкі. Адная для прыборкі камеры, у другой па чарзе перым майкі, шкарпэткі, трусы. У камеры яшчэ цёпла і суха, таму разьвешваем выпраную бялізну на білах шконак, за ноч высыхае. Над умывальнікам палічка. На ёй стаяць у абрэзаных пластмасавых пляшках з-пад вады нашыя зубныя шчоткі. І яшчэ вышэй – мутнае люстэрка. 

На “дальняку” у неспрактыкаваных яшчэ зьняволеных здараюцца казусы. Вось так аднаго дня пайшоў у прыбіральню Паўлавіч, наш генерал, запаліў цыгарэтку, сеў, а шторку не задзёрнуў і ваду ўключыць забыўся. Я як раз ляжу на сваёй “пальме”, чытаю кніжку. Чую, справа ў генерала пайшла, сядзіць навідавоку і вада не цурчыць. Непарадак. Пытаюся я тады ў Паўлавіча спакойным галасам:

– Ігар Паўлавіч?

– Да, адчуджана адказвае ён, думаючы пра нешта сваё.

– А што ж гэта вы на “дальняк” пайшлі, не захінуліся і ваду не ўключылі?

Паўлавіч ледзь не падскоквае на ўнітазе, торгае шторку з рыбкамі, уключае ваду:

– Вось, Алесь, крэхча незадаволена, – туды-растуды, падкольшчык!

Я сьмяюся, сьмяецца і ён.

Ад унітаза да нашых шконак усяго пару-тройка метраў. Мы зьбіраем апельсінавае лушпіньне, сушым яго на падваконьні, і калі хто ідзе на “дальняк” – падпальвае апельсінавую лушпайку. Тая курэе гаркаватым дымам, які забівае туалетны смурод. У нас – па-багатаму. Калі ж няма апельсінавых лушпаек, зэкі на дальняку звычайна дымяць скручанай газетай. Дыму ў хаце – поўна, але затое ня так сьмярдзіць лайном.

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XIII. МЕДЫЦЫНА. ЛІСТЫ

Штодзень у адзінаццаць гадзінаў робіць абход камераў медсястра. Прыходзіць маленькая, мініяцюрная дзяўчынка ў халаце, “ляпілай” якую назваць язык не паварочваецца.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства