Блог Валянціна Стэфановіча: Завушніца
Тым, хто заўчасна стаміўся ад жыцця, прысвячаецца...
Ён нечакана з’явіўся ў дзвярах клясы і, расшпіліўшы свой шэры хабзайскі пінжак, прадэманстраваў нам з Шурыкам дзве бутэлькі піва “Жыгулёўскае”. За вакном стаяў цёплы травеньскі дзень. Па падлозе школьнае клясы бегалі сонечныя зайчыкі, і ў такія дні асабліва нудотна быдо сядзець за апошняй партай і пяліцца на чорную дошку. Мы – гэта вучні дзесятае клясы асаналіеўскай школы. Ён – наш сябра, які прыйшоў нас праведаць, прыхапіўшы дзве пляшкі піўка.
- Хадзем?
- Хадзем!
Мы радасна падрываемся са сваёй абрыдлай парты і бяжым на вуліцу. І ўсё было б добра, калі б не яна. Яна -- дамачка прэдпенсыйнага ўзросту з тыповай адміністратыўнай прычоскай і ўвесь час незадаволеным тварам. Прынамсі, пры сустрэчы са мной. Яна галоўная тут – дырэктарка школы Ала Аляксандраўна. Не ведаю чаму, але адносіны з ёй у мяне не склаліся з самага пачатку майго навучання ў дзевятай клясе і набылі рысы асабістай непрыязні адзін да аднога. Усе прэтэнзіі Алы Аляксандраўны зводзіліся ў асноўным да майго знешняга выгляду. У тыя далёкія часы, на прыканцы 80-тых, школьнікі хадзілі ў школу ў форме. Хлопчыкі ў сініх касцюмчыках, а дзяўчынкі ў карычневых сукенках з чорнымі фартухамі. Дык вось, мы з Шурыкам любілі заявіцца ў школу ў джынсах і белых кедах. Да таго ж абодва мелі даўгія валасы, якія ўпарта не хацелі стрыгчы і хавалі за каўнер пры ўваходзе ў школу. Нашыя стасункі з Алай Аляксандраўнай пагоршыліся асабліва пасля таго, як я заявіўся ў школе з завушніцай у левым вусе. Завушніца ў выглядзе маленькага крыжыка, ну амаль як ў старога пьянчугі Оззі Осбарна. Мой стылёвы прыкід не зацанілі. Аднакляснікі і аднаклясніцы, акрамя Шурыка вядома, палічылі яго занадта эпатажным, а Алла Аляксандраўна ўбачыла ў гэтым пагрозу ўсёй сістэме савецкай сярэдняй адукацыі. Праз кляснага кіраўніка я быў неадкладна выкліканы да дырэктара ў кабінет.
Акрамя дырэктара ў пакоі прыстунічала завуч па выхаваўчай працы па прозвішчы Поўх, якую ўсе вучні школы называлі Похуй. Па дарозе ў кабінет я абачліва паспеў выцягнуць з вуха завушніцу і кінуць ў кішэню форменнага пінжака.
- Што ў цябе з вухам? - запыталася Завуч.
- Ды так, нічога. Проста парваў выпадкова.
- Што ў цябе за прычоска, колькі разоў я казала табе падстрыгчыся? -- працягнула перакрыжаваны допыт Ала Аляксандраўна.
І тут ня ведаю, які нячысцік дзёрнуў мяне сказаць фразу, якая канчактова папсавала нашыя з дырэктаркай адносіны, назаўсёды надаўшы гэтаму канфлікту глыбока персаніфікаваны характар.
- Ала Аляксандраўна, мне таксама не падабаецца вашая прычоска, але ж я не прымушаю Вас стрыгчыся, - адказаў я.
- Так, хопіць, нам такія вучні ў школе не патрэбныя, заўтра з бацькамі да мяне, - сказала Ала Аляксандраўна, істотна змяніўшыся ў твары і ледзь не зрываючыся на крык.
Тады ўсё неяк абышлося, праўда, мне ўсё ж такі прыйшлося падстрыгчыся і спыніць свае эпатажныя эксперыменты з завушніцай у межах школы.
І вось зараз, калі мы ўтрох спускаліся па школьнай лесвіцы, паміж другім і першым паверхамі мы нарваліся на яе. Мы размінуліся і амаль прайшлі, як пачулі ў спіну:
- Так, чакайце. Куды вы?
- На вуліцу, зараз вялікі перапынак, - сказаў Шурык.
- А гэта хто? - спытала Ала Аляксандаўна з пагардай, паказаўшы на нашага сябра ў шэрым хабзайскім сроі.
- Гэта наш сябра, прыйшоў да нас у госці, - адказаў я.
- Сяброў дахаты будзеце запрашаць, - працэдзіла скрозь зубы Ала Аляксандраўна. - Хутка назад у клясу.
- Зараз вялікі перапынак, вольны час і я распараджаюся ім як хачу, — ня вытрымаўшы сказаў я і развярнуўшыся пайшоў на вуліцу.
- Назад я сказала! - крычала мне ў спіну, раззлаваная гэткай дзёрзкасцю, Ала Аляксандаўна.
Але я рашуча крочыў вонкі. На ганку школы я ўбычыў, што мы засталіся ўдвух, Шурыка ўсё ж такі завярнулі.
- Слухай, давай піва ў іншы раз пап’ём, а то зараз і так крыку не абярэшся, - сказаў я свайму хабзайскаму сябручку ў прадчуванні далейшага развіцця падзеяў. Мы сядзелі на лаўцы недалёка ад школы, палілі “Космас” і балакалі не аб чым. На вуліцы пахла свежай лістотай, а на блакітным небе не было ніводнага воблака. На сонейку я стаў зусім млявы, так, здавалася, і сядзеў бы на лаўцы ўвесь дзень, назіраючы за вясёлымі ластаўкамі, што сноўдалі паміж панэльнымі шматпавярхоўкамі. Аднак працяглы школьны званок прымусіў мяне ўстаць і, развітаўшыся з сябрам, нехаця рухацца ў бок ненавіснай мне адукацыйнай установы. На ганку перад самым уваходам у школу зноўку стаяла яна — Ала Аляксандраўна. Убачыўшы мяне, яна перагарадзіла сабой уваход у школу і злобна сказала:
- Нам такія вучні не патрэбныя, можаш у школу больш не прыходзіць.
Што было рабіць, калі дырэктар цябе не пускае ў школу? Натуральна, я развярнуўся і пайшоў дадому. Увечары ў двары я сустрэў Шурыка, які распавёў, што пасля званку з вялікага перапынку ў клясу забегла Ала Алясандраўна і сказала, што хоча асабіста праверыць яўку. На ўрок алгебры не з’явілася некалькі хлопцаў-спартоўцаў, ну і, вядома, я.
Назаўтра па школьным радыё быў зачытаны загад па школе, згодна з якім за шматлікія пропускі заняткаў мне, Шурыку, хлопцам-спартоўцам абвяшчалася вымова, а поводзіны ў чвэрці зніжаліся да незадавальняючых. Дзіўна было чуць сваё прозьвішча па радыё, гучала амаль як паведамленне ТАСС. Правільныя, каротка падстрыжаныя хлопцы-спартоўцы, якія да таго ж у адрозненні ад мяне, былі яшчэ і сябрамі ВЛКСМ (б), паспрабавалі было наехаць на мяне. Маўяляў, гэта з-за такіх аболтусаў як вы з Шурыкам і мы ні за што пацярпелі. Аднак, наязджаць на мяне ім не выпадала, бо ў мяне быў сябра хабзаец, даволі вядомая асоба ў пэўных колах. Варагаваць з асаналіеўскімі “пацанамі” хлопцам-спартоўцам яўна не хацелася. А што да нас з Шурыкам, дык нам нават і падабалася такая нашая публічнасьць. Пасля абвесткі па радыё мы карысталіся пэўнай папулярнасцю ў дзяўчат. Гэта сталася добрым дадаткам да нашагу рок-н-рольнага іміджу гэткіх хуліганаў. Было бачна, што мая суседка па лесвічнай пляцоўцы прыгажуня Алачка, якая вучылася ў восьмай клясе, ўсяляк падкрэслівала сваё знаёмства з намі. Адзінае, што Шурык ніяк не мог зразумець, за што яму вымову вынеслі, ён жа маўляў паслухаўся дырэктарку і вярнуўся ў клясу.
Я разумеў чаму, я гэта добра зразумеў...
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў