Блог Валянціна Стэфановіча: “МАКЕЙявелі Міністэрства замежных спраў”
Не так даўно Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь прадставіла чарговы, трэці па ліку, даклад “Найбольш рэзанансныя выпадкі парушэнняў правоў чалавека ў асобных краінах свету”. Не буду спыняцца на агульным змесце дадзенага даклада, паколькі маю ўвагу прыцягнулі не апісанні выпадкаў парушэнняў правоў чалавека ў асобных краінах г.зв. “заходняй дэмакратыі”, а ўступны артыкул міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея. Для мяне, як праваабаронцы, дадзены артыкул уяўляе цікавасць з пункту гледжання разумення інстытута дзяржавы і суадносінаў гэтага інстытута з правамі чалавека ў разуменні міністра.
Я і раней адзначаў некаторыя выступы Макея па дадзенай тэматыцы, у прыватнасці, ягоны паказальны выступ на Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку ў 2014 годзе, дзе спадар міністр разважаў аб нібыта спробах навязвання нам некаторымі краінамі Захаду “чужой ідэнтычнасці”, аб “скрадзеных душах” і пагрозах зрабіць з нас “рабоў сусветнага капіталу”.
Трэба адзначыць, што Уладзімір Макей паслядоўна адстойвае ідэі культурнага рэлятывізму і з’яўляецца заўзятым прыхільнікам рэвізіі прынцыпаў універсальнасці правоў чалавека. У гэтым кантэксце міністр замежных спраў Беларусі зусім не адзінокі. Гэтыя ідэі з нядаўняга часу з’яўляюцца свайго кшталту трэндам на прасторах былога СССР, іх часта агучваюць у той ці іншай інтэрпрэтацыі прадстанікі Расіі, Кітая, Ірана, Кубы.
Адным з асноўных пасылаў гэтых ідэй з’яўляецца тэзіс, што правы чалавека з’яўляюцца вынаходніцтвам выключна краін “заходняй дэмакратыі”, якія не ўлічваюць “культурныя”, “рэлігійныя” асаблівасці некаторых народаў і нацый, у сувязі з чым прынцыпы універсальнасці правоў чалавека ўяўляюць пагрозу “традыцыйным” каштоўнасцям і разбураюць іх. У гэтым бачыцца сусветная змова, жаданне навязвання сваіх стандартаў жыцця краінамі Захаду астатняму свету. Безумоўна, што праваабарончыя арганізацыі і праваабаронцы, якія адстойваюць ідэі універсальнасці правоў чалавека, пры такіх падыходах прадстаўляюцца выключна як агенты ўплыву, “пятая калона” ці “замежныя агенты”. Вось і Уладзімір Макей называе “месіянскую задачу” па прасоўванні правоў чалавека, якую ўзялі на сабе асобныя краіны, “падвойнымі стандратамі і ідэалагічным імперыялізмам”.
Уся гэтая дыскусія змушае мяне ізноўку нагадаць, што прынцып універсальнасці правоў чалавека, які быў сфармуляваны ў асноўных дакументах ААН, з’яўляецца асновай сучаснага светаўладкавання.
Універсальны прынцып правоў чалавека быў закладзены ў асноватворныя дакументы ААН. У прыватнасці, у арт. 1 Статута ААН указваецца, што адной з мэтаў ААН з’яўляецца ажыццяўленне міжнароднага супрацоўніцтва “ў заахвочанні і развіцці павагі да правоў чалавека і асноўных свабод для ўсіх, без адрознення расы, полу, мовы і рэлігіі”. Гэта падцверджана і ў арт. 55 Статута, дзе зафіксавана, што ААН садзейнічае “усеагульнай павазе і выкананню правоў чалавека і асноўных свабод для ўсіх”.
Далейшая замацаванне прынцыпаў універсальнасці правоў чалавека адбылося з прыняццем Генеральнай Асамблеяй ААН 10 снежня 1948 года Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека. Прыняцце Дэкларацыі спрыяла далейшай распрацоўцы міжнародных станадартаў у дадзенай сферы і стварэнню механізмаў міжнароднага кантролю. Задачай Дэкаларацыі было фармуляванне фундаментальных правоў, якія вынікаюць з самой чалавечай прыроды.
З прыняццем у 1966 годзе Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх, сацыяльных і культурных правах і стварэннем Камітэта па правах чалавека ААН грамадства перайшло да стварэння міжнародных механізмаў абароны правоў чалавека. Дзяржавы, якія ратыфікавалі ўказаныя пакты, узялі на сябе такім чынам абавязацельствы па спрыянні, прасоўванні і абароне правоў чалавека. Вельмі важным з’яўляецца ўсведамленне таго, што не толькі грамадзяне маюць абавязацельствы перад сваімі дзяржавамі, але і дзяржавы маюць абавязацельствы перад сваімі грамадзянамі, асноўныя з якіх -- выкананне і павага да правоў чалавека.
У гэтым кантэксце вельмі цікавымі мне падаюцца і погляды Уладзіміра Макея на інстытут дзяржавы і яе стасункі з індывідамі. Паволе Макея, дзяржава ўяўляецца як выключна рэпрэсіўная машына, якая”рэгулюе канфлікт паміж асобай і дзяржавай”, і такі канфлікт з’яўлецца адвечным і не залежыць ад палітычнай сістэмы і ўзроўню сацыяльна-эканамічнага развіцця канкрэтнага грамадства. Часткова можна пагадзіцца: сапраўды, канфлікт паміж інтарэсамі індывіда, груп грамадства і дзяржавы з’яўляецца адвечным і прысутнічае ва ўсіх дзяржавах, незалежна ад іх грамадска-палітычнага ўладкавання. Мала таго, я мяркую, што адсутнасць такога канфлікту сведчыць, што ён быў вырашаны дзяржавай на сваю карысць. У таталітарных дзяржавах, як правіла, такіх канфліктаў з дзяржавай не існуе. Але ці ўсе дзяржавы і заўсёды выкарыстоўваюць сілу і тым больш гвалт для яго вырашэння? Паводле Макея, менавіта так: усе дзяржавы выкарыстоўваюць сілу ў выпадку такіх канфліктаў, і асноўная праблема, паводле Макея, у трактоўцы такой сілы іншымі. Тэзіс сам па сабе цікавы, як мне падаецца. Адразу бачна, што міністр з’яўляецца адэптам тэорыі дзяржавы, сфармуляванай прыхільнікамі класавай тэорыі, згодна з якой дзяржава ўяляе сабой арганізацыю палітычнай улады, якая валодае рэпрэсіўным апаратам прымусу, выражае волю і інтарэсы пануючага класу ці ўсяго народу. У працяг гэтага Макей сцвярджае, што “любая дзяржава дзейнічае, сыходзячы з нацыянальных інтарэсаў, сфармуляваных палітычнай элітай, якая ў сваю чаргу ўзрошчвалася канкрэтнай нацыяй”. Не меньш цікавы пасыл.
Як мне падаецца, такога кшталту падыходы ніякім чынам не стасуюцца з ідэямі прававой дзяржавы, якая, між іншым, прадэкларавана і ў Канстытуцыі нашай краіны. Згодна з гэтымі ідэямі, дзяржава ўяўляе сабой супрацьлегласць свавольству ва ўсіх яго праявах: у тым ліку, дыктатуры большасці. Увогуле для прававой дзяржавы характэрны ідэі дэцэнтралізацыі ўлады, наяўнасці зразумелых правіл і легітымнасці ўлады, абароны і павагі да правоў чалавека. Улада ў правой дзяржаве з’яўляецца падкантрольнай грамадству і абіраецца ім на аснове свабодных выбараў і канкурэтнай палітычнай барацьбы. Дзяржавай кіруюць не эліты, няхай сабе і “ўзрошчаныя” народам, а абраныя прадстаўнікі гэтага народу. Абраныя на падставе ўсеагульнага выбарчага права. Гэтая працэдура называецца дэмакратыяй, і яна не бывае “заходняй” ці “ўсходняй”: яна альбо ёсць, альбо яе няма. Тэорыі эліт, “просвещенных монархов”, зніклі са з’яўленнем усеагульнага выбарчага права і ліквідацый саслоўнага грамадства яшчэ дзесці ў 19 стагоддзі. Улада павінна быць падкантрольнай грамадзянам і падвяргацца ратацыі з рэгулярным праветрываннем службовых кабінетаў.
Што датычыць адвечнага канфлікту інтарэсаў асобы і дзяржавы, дык у дэмакратычным грамадстве, заснаваным на плюралізме ідэй і палітычных поглядаў, ён павінен вырашацца не праз сілу, прымус і тым больш гвалт, а на падставе грамадскага дыялогу і кансэнсусу. Ніяікія законы не павінны пасягаць на правы чалавека, якія з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю дзяржавы. Правы чалавека даўно не з’яўляюцца ўнутранай справай канкрэтнай дзяржавы. Менавіта дзеля абароны правоў чалавека ад свавольства дзяржаў і былі створаны ў свой час міжнародныя механізмы іх абароны. У гэтых жа мэтах былі распрацаваны асноўныя міжнародныя нормы права і створаны кантрольныя механізмы іх выканання дзяржавамі. Дзяржава таксама мае абавязацельствы перад грамадзянамі і таксама абавязана выконваць іх. Правы чалавека маюць свае міжнародныя стандарты, сфармаваныя на падставе міжнародных норм права і практыкі іх ужывання. Менавіта міжнародныя стандарты ўтрымліваюць пералік дапушчальных абмежаванняў правоў чалавека з боку дзяржавы ў інтарэсах нацыянальнай, грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, жыцця і здароўя насельніцтва. Выкананне дадзеных стандартаў з’яўляецца найлепшай гарантыяй ад прымянення падвойных стандартаў у дачыненні да той ці іншай дзяржавы.
Я асабіста з’яўляюся прыхільнікам абмежаванай прысутнасці дзяржавы ў сваім жыцці. Мы, як грамадзяне, маем абавязак плаціць падаткі, абараняць дзяржаву ў выпадку патрэбы і падпарадкоўвацца рашэнням яе судоў. Усё астатняе --- самаарганізацыя грамадзян і самакіраваннне як на мясцовым, так і нацыянальным узроўні.
Не народ для Урада, а Урад для народа!
Валянцін Стэфановіч
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў