Блог Валянціна Стэфановіча: Метамарфоза Сан Су Чжы
На мінулым тыдні сусветная і найаўтарытэтнейшая праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” выступіла з асуджэннем заявы былой палітзняволенай і лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі міру Аун Сан Су Чжы "за негвалтоўную барацьбу за правы чалавека і дэмакратыю".
Аун Сан Су Чжы – адна з сусветна вядомых вязняў сумлення з Бірмы (М’янмы), якая шмат гадоў правяла пад хатнім арыштам у часы панавання вайсковай хутны ў гэтай краіне. За вызваленне гэтай жанчыны выступалі праваабаронцы ўсяго свету, пісьменнікі і сусветныя зоркі рок-музыкі. Найперш дзякуючы “Міжнароднай амністыі” гэтая жанчына-вязень і стала сусветна вядомай.
У 2011 годзе ў Бірму прыйшоў час пераменаў і хунта ў выніку шматгадовых эканамічных і палітычных санкцыяй з боку краінаў Захаду была вымушаная перадаць уладу цывільным і самараспусціцца. У 2012 годзе палітычны блок "Нацыянальная ліга за дэмакратыю" на чале з Аун Сан Су Чжы выйграла парламенцкія выбары. Дзяржаўны дарадца і міністр замежных справаў, яна з'яўляецца фактычным кіраўніком краіны.
Здавалася, змрочныя часы панавання хунты скончыліся і жыхары краіны нарэшце могуць уздыхнуць вольна і час рэпрэсій, парушэнняў правоў чалавека, больш ніколі не вернецца. Прычым свабода ўсміхнецца ўсім грамадзянам гэтай краіны, незалежна ад іх нацыянальнага паходжання і веравызнання.
Пераслед народнасці рахінджа ў Бірме мае даўнюю гісторыю. У будысцкай Бірме рахінджы, якія пераважна насяляюць штат Ракхай, спавядаюць іслам. У часы панавання вайсковай хунты гэтыя людзі зазналі дыскрымінацыю ва ўсіх сферах жыцця, існавалі нават законы, што рэгулявалі колькасці дзяцей у сем’ях народнасці рахінджа. Вельмі часта гэтыя людзі рабіліся ахвярамі пагромаў і гвалту. З прыходам дэмакратыі сітуацыя мусіла якасна змяніцца. Але… Бірманскія войскі, маючы фармальную падставу ў выглядзе барацьбы са ўзброенымі фармаваннямі ў штаце Ракхай, пачалі там “антытэрарыстычную” аперацыю. Як гэта часта бывае пры правядзенні такіх аперацый, ахвярамі гвалту з боку вайскоўцаў робяцца ні ў чым не вінаватыя мірныя жыхары, у тым ліку малыя дзеці і жанчыны. Людзей рахінджы ізноў забіваюць, гвалтоўна перасяляюць, больш за 400 000 мірных жыхароў сталі ўцекачамі ў суседнюю Бангладэш. Толькі цяпер гэта робіць не вайсковая хунта, а ўсенародна абраны Урад пад фактычным кіраўніцтвам лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру. Вось ужо і Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрэш заяўляе, што ў Сан Су Чжы “апошні шанец”, каб спыніць крызіс у яе краіне.
На жаль, так бывае. Гісторыя ведае прыклады, калі колішнія вязні і ахвяры палітычнага пераследу, якія прыйшлі да ўлады, хутка забываюць і пра свой пераслед, і пра сусветную падтрымку праваабаронцаў. Вось і былы палітвязень, а зараз прэзідэнт Турцыі Эрдаган пасля няўдалай спробы вайсковага перавароту знайшоў скрайніх у асобе мясцовых праваабаронцаў “Міжнароднай амністыі” і засадзіў іх у вязніцу па абвінавачванні ў тэрарызме.
Справа ў тым, што нягледзячы на сусветную падтрымку праваабрончых арганізацый, сама Аун Сан Су Чжы ўласна праваабаронцам не з’яўлялася. Яна была палітычным дзеячам і ўзначальвала апазіцыйны рух, мэтай якога быў прыход да ўлады. Так, мэта апазіцыі - прыход да ўлады, і ў гэтым няма нічога дзіўнага. Прыход да ўлады павінен быць мэтай любога палітыка і палітычнай сілы. У гэтых мэтах апазіцыйныя палітыкі вельмі часта выкарыстоўваюць праваабарончую рыторыку і вельмі часта забываюцца на яе, атрымаўшы ўладу. Чаму так адбываецца? Прычынаў таму можа быць шмат: і слабасць дзяржаўных дэмакратычных інстытутаў, і адстунасць дэмакратычных традыцый у краіне, і ўласна палітычныя погляды атрымаўшага ўладу.
А яшчэ, мне падаецца, сам жанр палітычнай барацьбы змушае палітыкаў думаць, так бы мовіць, глабальна - не з пазіцый нейкага індывіда ці групы індывідаў, а з пазіцыі дзяржавы, яе інтарэсаў. Вось і Сан Су Чжы, прыйшоўшы да ўлады, пачала думаць катэгорыямі нацыянальных інтарэсаў - барацьбы з тэрарызмам, сепаратызмам і г. д. Нацыянальная бяспека - рэч важная, але часам палітыкі даюць вельмі простыя адказы на складаныя пытанні, і тады пачынаецца пошук вінаватых, скрайніх і падазроных. У іх ролі могуць апынуцца як палітычныя апаненты, так і прадстаўнікі нацыянальных ці рэлігійных меншыняў.
Менавіта таму я заўсёды лічыў, што праваабаронцы не павінны блізка падыходзіць як да ўлады, так і да палітычнай дзейнасці як такой. Правабааронца не павінен дапускаць ангажаванасці ў тую ці іншую палітычную плынь. Праваабаронца мусіць быць незалежным ад палітычных уплываў і палітыкаў, менавіта тады тое, што ён кажа і робіць, будзе выклікаць давер.
Праваабарончая дзейнасць, у адрозненні ад іншых відаў грамадзянскага актывізму, грунтуецца на шэрагу прынцыпаў, якія былі сфармуляваныя і замацаваныя ў міжнародных нормах у галіне правоў чалавека. Адзін з асноўных - прынцып універсальнасці правоў чалавека, які азначае, што мы прызнаем правы чалавека за ўсімі без якіх-небудзь выключэнняў па прыкметах расы, колеру скуры, рэлігійнай прыналежнасці, сэксуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці, сацыяльнага становішча, палітычных і іншых перакананняў, іншых адрозненнях. Мы, праваабаронцы, лічым непрымальнай любую дыскрымінацыю, а яе абгрунтаванне асаблівасцямі нацыянальнай прававой сістэмы ці сацыякультурнымі асаблівасцямі грамадства - недапушчальным.
Улада можа і павінна мяняцца, прынцыпы праваабароны - ніколі. Пры любой уладзе праваабаронцы павінны заставацца праваабаронцамі. Гэта азначае казаць праўду, нават калі ўладзе яна не падабаецца. У тым ліку ўладзе ўчорашніх апазіцыянераў і былых палітвязняў.
Валянцін Стэфановіч
* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў