viasna on patreon

Пенсіянера асудзілі на 18 месяцаў "хатняй хіміі" за супраціў АМАПаўцам пры ўзломе дзвярэй у ягоную кватэру

2020 2020-10-19T11:50:37+0300 2020-10-19T13:02:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kuznecov_minsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Заводскага раёна Мінска 19 кастрычніка асудзіў 66-гадовага мінчука Сяргея Кузняцова па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса – супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак, на 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі». Пенсіянера абвінавацілі ў тым, што ён пагражаў супрацоўнікам АМАПа нажом, калі тыя ўзломвалі дзверы ў ягоную кватэру пасля таго, як ён патэлефанаваў у міліцыю і папрасіў прыцягнуць Лукашэнку за абразу Віктара Бабарыкі. Мінчуку за гэта стрэлілі ў грудзі з помпавай стрэльбы. 

Александр Кузнецов. Фото: spring96.org
Аляксандр Кузняцоў. Фота: spring96.org

Справу разглядала суддзя Завадскога раёна Мінска Алена Капцэвіч. Маніторынг судовага пасяджэння ажыццяўляў праваабаронца «Вясны» Аляксей Лойка. Судовае разбіральніцтва заняло адзін дзень.

З матэрыялаў крымінальнай справы:

Сяргея Кузняцова абвінавачвалі ў тым, што "12 чэрвеня гэтага года прыкладна ў 21 гадзіну 42 хвіліны, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап'янення, наўмысна з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасці, прымусу да змены характару такой дзейнасці, з помсты за выкананне законных дзеянняў супрацоўнікаў звяна ўзвода аператыўна-баявога прызначэння старэйшаму лейтэнанту Палюховічу, сяржанту Гілю, прапаршчыкам Цыбульку і Кавальчуку ажыццявіў пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў".

Папрасіў міліцыю прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за абразу Бабарыкі

Увечары 12 чэрвеня Сяргей Кузняцоў, калі вярнуўся з працы і рыхтаваў вячэру, пачуў у вячэрнім выпуску навін па "АНТ", як Аляксандр Лукашэнка называе прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Віктара Бабарыку "нягоднікам". Сітуацыя адбылася, калі Аляксандр Лукашэнка наведваў з рабочым візітам Віцебскую вобласць. Сяргея Кузняцова абурыла гэта і ён патэлефанаваў у службу "102". Ён сказаў, што прэзідэнта неабходна прыцягнуць да адказнасці за абразы ў адрас Віктара Бабарыкі. У службе "102" мужчыну слухаць не сталі, хутка паклаўшы трубку. Паўторна Сяргей Кузняцоў патэлефанаваў у дзяжурную частку і сказаў: "Мы знішчым Лукашэнку за гэтую выбарчую кампанію", суправадзіўшы гэта нецэнзурнай лексікай.

Праз дзве гадзіны ў кватэру Кузняцова прыехала следча-аператыўная група. Начальнік крымінальнай міліцыі Заводскага РУУС Мінска Яўген Зюзенак і чатыры супрацоўнікі АМАПу пры дапамозе гідраўлічнага прэса выламалі дзверы ў кватэру пенсіянера. Падставай такой увагі стала "абраза кіраўніка дзяржавы".

Супрацоўнікі АМАПу стрэлі светлашумавым патронам у грудзі Кузняцову

Пацярпелымі па справе прызнаныя супрацоўнікі АМАПа Палюховіч, Гіль, Цыбулька і Кавальчук. Як распавядае праваабаронца «Вясны», супрацоўнікі АМАПу прысутнічалі ў залі суда, але давалі паказанні суду з апушчанымі галовамі, у галаўных уборах, нацягнутых на вочы, а таксама ў масках, імкнучыся цалкам закрыць імі твар.

Супрацоўнікі АМАПу сцвярджалі, што атрымалі каманду выбыць па месцы жыхарства Сяргея Кузняцова ў сувязі з тым, што абвінавачаны пагражаў і абражаў кіраўніка дзяржавы. Узломваць дзверы яны пачалі, таму што Сяргей Кузняцоў аказаў непадпарадкаванне, не адчыніўшы дзверы ў кватэру для правядзення агляду ў рамках праверкі аб пагрозах на адрас прэзідэнта. Супрацоўнікі АМАПу на судзе сцвярджалі, што Кузняцоў, калі ўзломвалі дзверы ў яго кватэру, пагражаў ім нажом са словамі "сыходзіце вон, парэжу вас" на адлегласці 1-1,5 метра. Яны казалі, што пенсіянер рабіў крокі ў бок АМАПаўцаў і размахваў перад іх тварам кухонным нажом. Па словах супрацоўнікаў АМАП, гэта паслужыла падставай для таго, каб здзейсніць стрэл з помпавай стрэльбы светлашумавым патронам у грудзі Сяргею Кузняцову. У гэты момант пенсіянер стаяў перад супрацоўнікамі міліцыі ў ніжняй бялізне.

Сваёй віны ў здзяйсненні злачынства Сяргей Кузняцоў не прызнаваў, сцвярджаючы, што ніякіх пагроз у адрас супрацоўнікаў не выказваў. Суддзя Алена Капцэвіч задавала кожнаму пацярпеламу пытанне аб тым, ці ўсведамляў ён пагрозу як рэальную, ці адчуваў маральныя пакуты ў сувязі з дэманстрацыяй нажа абвінавачаным.

Спрабавалі прыцягнуць да адказнасці за пагрозу гвалтам і публічную абразу прэзідэнта

Як адзначае праваабаронца Аляксей Лойка, падчас даследавання пісьмовых матэрыялаў крымінальнай справы сталі вядомыя цікавыя факты:

  • судова-геномная экспертыза паказала, што слядоў абвінавачанага на нажы, дэманстрацыя якога нібыта паслужыла падставай для стрэлу светлашумавым патронам у грудзі Сяргею Кузняцову, не ўстаноўлена;
  • следчы эксперымент паказаў, што абвінавачваны, знаходзячыся за закрытай на кухні дзверы, сапраўды мог не пачуць званок у дзверы;
  • за час расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да абвінавачанага была вынесеная пастанова аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 23.4 КаАП за непадпарадкаванне законным дзеянням супрацоўнікаў АМАПа, якім Сяргей Кузняцоў падвергнуты арышту тэрмінам на 7 сутак, якія яшчэ не адбытыя;
  • за час расследавання крымінальнай справы былі вынесеныя пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па ч. 2 ст. 366 КК (пагроза гвалтам, здзейсненная ў дачыненні да Прэзідэнта) і па арт. 368 КК (публічная абраза Прэзідэнта).

На відэа Кузняцоў хаваўся за сценкай

У судзе таксама дэманстраваўся відэазапіс, на якім былі паказаныя кадры ўзлому дзверы ў кватэру і затрымання Сяргея Кузняцова. Па словах праваабаронцы, на запісы відаць, як супрацоўнікі АМАПа ў цывільным адзенні ў бронекамізэльках з надпісам "міліцыя" і касках узломваюць дзверы ў кватэру пенсіянера.

"З моманту, калі дзверы ў кватэру былі адчыненыя, Сяргей Кузняцоў на адлегласці трох метраў знаходзіўся ад дзвярэй і хаваўся за сценкай. Крокаў у бок супрацоўнікаў абвінавачаны на відэа не рабіў. Нажа ў руцэ абвінавачанага на відэа не відаць, як і не чуваць, што абвінавачаны выказваў пагрозы ў адрас праваахоўнікаў", – пераказвае змест відэа Аляксей Лойка.

Суддзя патрабавала ў праваабаронцы выдаліць фатаграфію, на якую трапіў АМАПавец

Як распавядае праваабаронца Аляксей Лойка, на перапынку ён зрабіў фатаграфію Сяргея Кузняцова, на якую выпадкова трапіў старшы лейтэнант АМАПа Палюховіч. Калі ў залю ўвайшла суддзя Капцэвіч супрацоўнікі АМАПа сталі выказваць заўвагі, што іх сфатаграфавалі. Суддзя адразу ж запатрабавала выдаліць фатаграфію супрацоўніка АМАПу. Даведаўшыся, што тэлефон выключыўся, суддзя Капцэвіч звярнулася да сакратара Жолудзь са словамі: "Віка, схадзі за зарадкай". Праваабаронца адзначае, што нервовая абстаноўка захавалася і за дзвярыма залы судовага паседжання – каля дзвярэй кабінета сакратар закрычала на праваабаронцу: "Паспрабуеце схавацца – выклікаю міліцыю".

Супрацоўнікі АМАПу прасілі не караць Кузняцова пазбаўленнем волі

Па словах праваабаронцы, пасля аднаўлення пасяджэння суддзя апытвала абвінавачанага, наўпрост прымушала раскаяцца ў зробленым, патрабавала прызнаць віну, настойліва патрабуючы прызнаць факт пагрозы і размахвання нажом у адрас супрацоўнікаў. У спрэчках дзяржабвінаваўца Шамко папрасіла суд перакваліфікаваць абвінавачванне з арт. 364 КК на ч. 2 арт. 363 КК, які прадугледжвае адказнасць за супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучанае з пагрозай прымянення гвалту. Пракурор прасіла прыцягнуць Сяргея Кузняцова да крымінальнай адказнасці ў выглядзе абмежавання волі на тры гады без накіравання ў выпраўленчую ўстанову.

Двое з чатырох пацярпелых супрацоўнікаў АМАПа папрасілі суд не караць Сяргея Кузняцова пазбаўленнем волі і прымяніць да яго самае мяккае пакаранне. Ад іскавых патрабаванняў аб спагнанні маральнай шкоды супрацоўнікі АМАПа адмовіліся.

Суддзя перакваліфікавала абвінавачванне

Суддзя Алена Капцэвіч перакваліфікавала абвінавачванне ў дачыненні да Сяргея Кузняцова, як і прасіў дзяржабвінаваўца, на ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса – супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак. 19 кастрычніка суддзя прызнала яго вінаватым па гэтым артыкуле, і пакарала Сяргея Кузняцова 18 месяцамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства