viasna on patreon

Libereco патрабуе свабоды для грамадзянкі Швейцарыі, арыштаванай у Беларусі

2020 2020-10-19T14:42:26+0300 2023-07-27T15:04:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/natallia_hersche.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Швейцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя Libereco заклікае беларускія ўлады вызваліць грамадзянку Швейцарыі Наталлю Хершэ, якая была затрыманая месяц таму, 19 верасня, падчас мірнага жаночага маршу ў Мінску.

natallia_hersche.jpg
Наталля Хершэ

Наталля мае двайное грамадзянства — Швейцарыі і Беларусі. Яна прыехала на Радзіму ў верасні і была затрыманая за тое, што нібыта сарвала балаклаву з супрацоўніка міліцыі падчас затрымання. У выніку яе абвінавацілі ў супраціве супрацоўнікам праваахоўных органаў з прымяненнем гвалту. Ёй пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. Наталля Хершэ настойвае на сваёй невінаватасці.

“Трэба меркаваць, што Наталля Хершэ, як і ўсе астатнія палітвязні, не пабачаць справядлівага суда. Мы лічым яе затрыманне адвольным і палітычна матываваным. На наш погляд, вельмі важна, каб яна атрымала консульскую абарону з боку Швейцарыі. Таму мы заклікаем беларускія ўлады дазволіць амбасадару Швейцарыі ў Мінску неадкладна (а потым і рэгулярна) наведаць Наталлю Хершэ, бо такі візіт пакуль не дазволены. Мы таксама асабіста заклікаем да актыўных дзеянняў міністра замежных справаў Ігнацыё Касіса”, — кажа Ларс Бюнгер, прэзідэнт НДА “Libereco – партнёрства за правы чалавека”.

barbara_gysi.jpg
Дэпутатка Нацыянальнай рады Швейцарыі Барбара Гісі

Барбара Гісі, дэпутатка Нацыянальнай рады Швейцарыі з кантона Санкт-Гален, які з’яўляецца родным і для Наталлі Хершэ, стала сімвалічнай “хроснай” зняволенай і заявіла:

“У прыватнасці, у дзень яе нараджэння, мы будзем думаць пра Наталлю. Нам вельмі сумна, што ёй давядзецца правесці гэты дзень у турме. Наталля была зусім нечакана і адвольна вырваная з яе жыцця ў Швейцарыі, калі на некалькі дзён захацела наведаць былую Радзіму — Беларусь. Яна не ўчыніла ніякага злачынства, а проста мірна патрабавала спынення дыктатуры — як гэта робяць сотні тысяч людзей у апошнія тыдні.

Я заклікаю беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць Наталлю і дазволіць ёй неадкладна вярнуцца ў Швейцарыю. Я таксама заклікаю міністра замежных справаў Ігнацыё Касіса падтрымаць Наталлю Хершэ і запатрабаваць яе вызвалення і вяртання ў Швейцарыю”.

Дэпутаты з Бельгіі і Германіі падтрымалі беларускіх палітвязняў

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй “Libereco - Партнёрства за правы чалавека”, Самуэль Кагалаці (Палата прадстаўнікоў, Бельгія), Дзітмар Кёстэр (Еўрапейскі парламент, Германія) і Урсула Гродэн-Краніх (Бундэстаг, Германія) сталі “хроснымі” Аляксандра Шабаліна, Алены Маўшук і Паўла Пяскова.

Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

З пачатку кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў сталі “хроснымі” сарака палітвязняў у Беларусі. Яны паабяцалі зрабіць усё магчымае дзеля вызвалення зняволеных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства