viasna on patreon

"Збівалі рукамі, нагамі, дубінкай, распылілі газ". Жыхара Фаніпаля затрымалі пры размалёўванні прыпынку ў БЧБ Фота

2020 2020-10-20T15:26:30+0300 2020-10-20T15:26:31+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/chernysh_083.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

41-гадовага скульптара з Фаніпаля Дзмітрыя Чарныша затрымалі ўвечары 7 кастрычніка, калі ён маляваў на прыпынку каля горада чырвоную лінію. Яго збілі, распылілі газ пры затрыманні, патрабавалі на камеру прызнацца, колькі яму плацяць і хто арганізатар, а потым асудзілі на 135 рублёў штрафу і 5 сутак арышту. Дзмітрый распавёў "Вясне" пра сваё затрыманне, збіццё і пагрозы.

Дзмітрый Чарныш пасля збіцця 7 кастрычніка. Фатаграфія была зроблена пасля 5 сутак арышту
Дзмітрый Чарныш пасля збіцця 7 кастрычніка. Фатаграфія была зроблена пасля 5 сутак арышту

"Супрацоўнік выгульваў свайго сабаку, але пры ім была балаклава, дубінка і камера"

Як распавёў Дзмітрый, ён быў затрыманы ўвечары 7 кастрычніка:

"Усё здарылася а 21 гадзіне каля Фаніпаля, калі я фарбаваў прыпынак у бчб-колер. У гэты час супрацоўнік мясцовага аддзела дэпартамента аховы выгульваў сабаку. Ён выгульваў свайго сабаку, бо жыве недалёка, але пры ім была балаклава, гумавая дубінка і камера. Калі ён мяне ўбачыў, то прывязаў сабаку. Пасля гэтага ён накінуўся на мяне, а я кінуў у яго слоік з фарбай. Гэты чалавек не прадстаўляўся і быў апрануты ў цывільную вопратку. Потым я пачаў уцякаць, але ён мяне дагнаў і ў працэсе бойкі ён мяне абліў газам. Падобна на тое, што гэта быў пярцовы газ у балончыку.

"Ты яго зараз заб'еш"

Але мне ўсё ж удалося ад яго сысці ў лесапаласу побач. Я там прабыў хвілін 15-20, спрабаваў прыйсці ў пачуцці пасля распылення газу ў твар. У гэты час супрацоўнік выклікаў падмогу. Калі я выходзіў з лесапалосы, мяне затрымалі два супрацоўнікі аддзела дэпартамента аховы. Я падняў рукі ўверх і сказаў, што не аказваю супраціўленне. Але да мяне падышоў супрацоўнік у цывільнай форме і пачаў мяне збіваць: рукамі, нагамі і гумавай дубінкай. Адзін з супрацоўнікаў паспрабаваў яго спыніць словамі: "Ты яго зараз заб'еш", але збіццё працягвалася. Потым на мяне надзелі кайданкі, закруціўшы рукі за спіной.

"Супрацоўнікі паміж збіццём уключалі камеры і патрабавалі сказаць: колькі мне плацяць, хто арганізатар"

Пасля гэтых збіванняў я ўжо не мог ісці. Але супрацоўнік, працягваючы біць мяне дубінкай, вёў да прыпынку, дзе я спрабаваў нанесці чырвоную паласу. Там мяне працягнулі збіваць. Супрацоўнікі паміж збіццём уключалі камеры "Дазор" і патрабавалі сказаць: колькі мне плацяць, хто арганізатар і г. д.»

Па словах Дзмітрыя, з пратаколаў ён даведаўся, што прозвішча супрацоўніка АДА, які збіваў яго, – А. А. Крэсік.

Пасля гэтага мужчыну даставілі ў РАУС г. Фаніпаля і перадалі следчай групе. Па яго словах, там фізічнай сілы не ўжывалася.

Як распавядае Дзмітрый Чарныш, пасля затрымання яго адвезлі на судмедэкспертызу ў Дзяржынск. Следчая Людміла Хрушчова ўзбуджала праверку правамернасці дзеянняў супрацоўнікаў МУС, яна прызначыла дадатковую судмедэкспертыза. Дзмітрый Чарныш даў паказанні аб парушэннях затрымання, а таксама збіваннях пасля затрымання. 

Дзмітрый Чарныш пасля збіцця 7 кастрычніка. Фатаграфія была зроблена пасля 5 сутак арышту
Дзмітрый Чарныш пасля збіцця 7 кастрычніка. Фатаграфія была зроблена пасля 5 сутак арышту

У Дзяржынскай бальніцы ноччу з 7 на 8 кастрычніка Дзмітрыю дыягнаставалі шматлікія сінякі па целе: на спіне, сцягне, жываце, галёнцы.

З медыцынскай даведкі аб стане здароўя Дзмітрыя Чарныша УАЗ «Дзяржынскай ЦРБ»

Дыягназ: Множныя крывападцёкі задняй паверхні спіны. Крывападцёк задняй паверхні левага сцягна. Крывападцёкімедыяльнай паверхні прававога сцягна, крывападцёк верхняй траціны галенкі. Крывападцёк левай бакавой паверхні жывата.

Рэкамендацыі: Назіранне хірурга па месцы жыхарства.

Альбо падпісваеш пратакол, альбо крымінальная справа

У РАУС старшая лейтэнантка міліцыі Вольга Лышчэня склала на яго два пртаколы: паводле арт. 10.9 (Наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці) і 23.4 КаАП (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Дзмітрыю паставілі ўльтыматум: альбо ён падпісвае пратаколы і яму даюць пяць сутак арышту і штраф альбо ўзбуджаецца крымінальная справа. Дзмітрый не памятае дакладна, якім артыкулам яму пагражалі, але, верагодна, аказанне супраціўлення супрацоўніку міліцыі. Санкцыя артыкула 363 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Дзмітрый падпісаў пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Суд прызначыў пакаранне, якое яму абяцалі ў РАУСе

9 кастрычніка суд Дзяржынскага раёна прызначыў менавіта такое пакаранне, якое Дзмітрыю паабяцалі ў аддзяленні міліцыі. Суддзя Раман Крыловіч прызнаў яго вінаватым па двух артыкулах КаАП: 10.9 і 23.4. У выніку Дзмітрыя аштрафавалі на 5 базавых велічынь (135 рублёў) і асудзілі на 5 сутак адміністрацыйнага арышту.

З пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні

Чарныш Д. В. наўмысна пашкодзіў прыпыначны пункт "Чачыно", які належыць ф-лу ДЭУ №60 РУП "Мінскаўтадар цэнтр", нанёсшы на сцяну прыпыначнага пункта фарбай чырвоную паласу, што пацягнула прычыненне маёмаснай шкоды на суму 25 рублёў 73 капейкі, пры гэтым яго дзеянні не ўтрымлівалі складу злачынства.

Паводле пастановы суда, непадпарадкаванне Дзмітрыя Чарныша выявілася ў тым, што ён «адмовіўся выканаць законнае патрабаванне супрацоўніка АДА Крэсіка А. А., прайсці ў службовы аўтамабіль, упіраўся, спрабаваў вырвацца».

Нягледзячы на тое, што ў бальніцы Дзмітрыю дыягнаставалі множныя крывападцёки па целу і яму трэба было назірацца ў хірурга, яго забралі адбываць 5-сутачны адміністрацыйны арышт у РАУС г. Дзяржынска. Там, па яго словах, фізічнай сілы ў дачыненні да яго не ўжывалася

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства