viasna on patreon

Нямецкія і аўстрыйскія дэпутаты ўзялі шэфства над беларускімі палітвязнямі

2020 2020-10-21T13:46:28+0300 2020-10-21T15:45:35+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/reinhold-lopatka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У межах кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй “Libereco - Партнёрства за правы чалавека”, дэпутаты Юрген Хардт (Бундэстаг, Германія), Лукас Мандль (Еўрапарламент, Аўстрыя) і Райнхольд Лапатка (Нацыяльны савет, Аўстрыя) сталі “хроснымі” Ігната Сідорчыка, Дзяніса Кірэшчанкі і Дзяніса Чыкалёва.

jurgen-hardt.jpg
Прадстаўнік парламенцкай групы ХДС/ХСС па замежнай палітыцы ў нямецкім Бундэстагу Юрген Хардт

Юрген Хардт, прадстаўнік парламенцкай групы ХДС/ХСС па замежнай палітыцы ў нямецкім Бундэстагу, стаў “хросным” палітвязня Ігната Сідорчыка. Ён заявіў:

“На працягу некалькіх тыдняў людзі ў Беларусі патрабуюць свабоды, правасуддзя і дэмакратыі. Каб матываваць моладзь у Беларусі працягваць цвёрда прытрымлівацца свайго бачання свабоднай Беларусі ў рамках вяршэнства закона, я стаў “хросным” зняволенага рэжысёра Ігната Сідорчыка ў супрацоўніцтве з грамадскай арганізацыяй Libereco. Я выказваю сваю салідарнасць з мірнымі дэманстрантамі і рашуча асуджаю жорсткія рэпрэсіі з боку прэзідэнта Лукашэнкі. Таму я заклікаю спадара Лукашэнку неадкладна вызваліць усіх палітвязняў безумоўна і без шкоды ім, а таксма правесці свабодныя і сумленныя выбары”.

lukas-mandl.jpg
Дэпутат Еўрапарламента Лукас Мандль

Лукас Мандль, дэпутат Еўрапарламента, сябра камісіі па правасуддзі і ўнутраных справах, заявіў з нагоды свайго рашэння стаць “хросным” зняволенага Дзяніса Кірэшчанкі:

“Дзяніс Кірэшчанка быў арыштаваны, паколькі ён рэалізоўваў сваё права на свабоду сходаў і свабоду выказвання меркавання. У Еўропе XXI стагоддзя такога не павінна быць. Жорсткія паводзіны рэжыму ў Беларусі з'яўляюцца і застаюцца непрымальнымі. Народ Беларусі павінен ведаць, што мы разам з ім і падтрымліваем яго ў імкненні да свабоды, дэмакратыі і вяршэнства закона. З перакананасцю я бяру на сябе абавязак “хроснага” Дзяніса Кірэшчанкі і патрабую яго неадкладнага вызвалення, а таксама вызвалення ўсіх астатніх палітвязняў”.

reinhold-lopatka.jpg
Дэпутат Нацыянальнай рады Аўстрыі Райнхольд Лапатка

Райнхольд Лапатка, дэпутат Нацыянальнай рады Аўстрыі і кіраўнік дэлегацыі Аўстрыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, падтрымаў Дзяніса Чыкалёва. Ён заявіў:

“Павага і свабода Дзянісу Чыкалёву і ўсім жыхарам Беларусі! Трэба падтрымліваць гэты вялізны дэмакратычны рух. Вызваленне ўсіх палітвязняў і свабодныя і справядлівыя паўторныя выбары павінны адбыцца як мага хутчэй”.

Libereco патрабуе свабоды для грамадзянкі Швейцарыі, арыштаванай у Беларусі

Швейцарска-нямецкая праваабарончая арганізацыя Libereco заклікае беларускія ўлады вызваліць грамадзянку Швейцарыі Наталлю Хершэ, якая была затрыманая месяц таму, 19 верасня, падчас мірнага жаночага маршу ў Мінску.

Яна прыехала на Радзіму ў верасні і была затрыманая за тое, што нібыта сарвала балаклаву з супрацоўніка міліцыі падчас затрымання.

Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. 

Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.

З пачатку кампаніі #WeStandBYyou дэпутаты еўрапейскіх парламентаў сталі “хроснымі” сарака трох палітвязняў у Беларусі. Яны паабяцалі зрабіць усё магчымае дзеля вызвалення зняволеных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства