Маці палітвязня Арцёма Касакоўскага: «Цяпер пераканалася, што выхавала сына правільна» Фота
Па стане на 22 кастрычніка ў Беларусі налічваецца 102 палітвязні. "Вясна" працягвае распавядаць пра людзей, якія крымінальна пераследуюцца ў нашай краіне па палітычных матывах. 22-гадовага Арцёма Касакоўскага затрымалі 27 верасня, яму прад'яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу. Мама Арцёма Святлана Мікалаеўна распавяла "Вясне", як пераканалася, што выхавала сына правільна.
“У яго абвостранае пачуццё справядлівасці”
Арцём Касакоўскі – оптык на адным з Лідскіх заводаў. Скончыў фізіка-матэматычны ліцэй у Гродне, паўгода правучыўся на факультэце радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ, але забраў дакументы: сказаў, што расчараваўся, і гэта зусім не яго. Паступіў у каледж у Лідзе, пасля чаго стаў працаваць оптыкам па спецыяльнасці.
"Ён усюды зарэкамендаваў сябе добра, – распавядае мама Арцёма Святлана Мікалаеўна. – У Лідскім каледжы быў прафоргам, вучыўся на павышаную стыпендыю. На заводзе яго хацелі зрабіць майстрам або тэхнолагам. Цяпер падтрымаць мяне тэлефануюць і былыя аднакласнікі і аднагрупнікі, і цяперашнія калегі Арцёма: просяць звяртацца, калі патрэбна дапамога. Мы з сынам вельмі ўдзячныя ўсім за такую салідарнасць".
Святлана Мікалаеўна ўспамінае, што ў Арцёма заўсёды было абвостранае пачуццё справядлівасці – яна сама вучыла іх з малодшым братам умець адстойваць сваё меркаванне.
"Такі вось ён і атрымаўся, – усміхаецца яна. – Яшчэ з дзіцячага садка абараняў дзяўчынак, сам ніколі нікога не крыўдзіў. Ён сумленны хлопец, і цяпер я пераканалася, што выхавала сына правільна".
Арцём займаецца боксам, з дзяцінства вельмі любіць чытаць. Нават цяпер просіць перадаваць яму кнігі, але гэтыя радкі ў лістах падкрэсліваюць чырвоным – забаронена. Кажа, у турэмнай бібліятэцы альбо тое, што ён ужо чытаў, альбо глупства.
"Пакуль не знайшла відэа ў сацсетках, не ведала, што з Арцёмам"
Арцёма затрымалі 27 верасня і абвінавацілі па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).
"Цяпер там вельмі заблытаная гісторыя, – кажа Святлана Мікалаеўна. – Мы пішам скаргі і хадайніцтвы, у тым ліку, каб яму хаця б змянілі меру стрымання, але пакуль вынікаў няма”.
Мама Арцёма успамінае, што даведалася аб тым, што здарылася з сынам, па відэа ў сацыяльных сетках. Усю ноч яна безвынікова шукала яго, а ў пяць раніцы натыкнулася на відэа ў Instagram.
"Спачатку прагартала, а потым ёкнула сэрца, – кажа яна. – Крыху пазней і брат знайшоў яго ў спісах затрыманых".
"Выйду ўжо ў новую краіну”
Спачатку Арцёма трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна, потым перавялі на Валадарку. Там ён сядзеў разам з журналістамі: Святлана Мікалаеўна ўсміхаецца і кажа, што ў сына ўсюды добрая кампанія.
“Адвакат казаў, што яны пасябравалі, яны ўсяму яго вучылі, – кажа яна. – І цяпер у Жодзіна з ім таксама прыемныя людзі. Адзін з іх, дарэчы, ужо выйшаў і цяпер хвалюецца за яго: ездзіў з намі ў Жодзіна афармляць перадачу і ўвесь час просіць казаць, калі будзе нешта трэба”.
Першы час пасля затрымання Арцём не кантактаваў нават з адвакатам. Тады мама папрасіла перадаць яму, каб ён не перажываў і што яна яго падтрымлівае. У гэты момант ён праслязіўся.
"Ён сказаў, што больш за ўсё баяўся, што яго не падтрымае мама, – кажа Святлана Мікалаеўна. – Пасля маіх слоў павесялеў, пайшоў на кантакт. Учора атрымала два першыя лісты ад яго, у кожным ён просіць мяне не хвалявацца. Верыць, што ўсё было не дарма і што ён выйдзе ўжо ў новую Беларусь. Але свае эмоцыі не паказвае – баіцца знерваваць мяне. Але я ведаю, што ён моцны і вытрымае. Усё роўна мы пераможам".