Пазіцыя беларускіх праваабарончых арганізацый па канстытуцыйнай рэформе
У сувязі з заявай уладаў аб правядзенні канстытуцыйнай рэформы беларускія праваабарончыя арганізацыі лічаць неабходным адзначыць наступнае.
Мы лічым, што арганізаваны ўладамі працэс абмеркавання змяненняў у Канстытуцыю з'яўляецца спробай замаўчаць грубыя парушэнні правоў чалавека, уключаючы катаванні ў дачыненні да тысяч затрыманых. Ва ўмовах катастрафічнага становішча з правамі чалавека, якое склалася ў цяперашні час у Беларусі, поўнай дэвальвацыі прынцыпу вяршэнства права, у атмасферы страху і запалохвання, а таксама ўлічваючы тое, што шэраг удзельнікаў патэнцыйнага працэсу дыялогу, якія карыстаюцца падтрымкай значнай часткі беларускага грамадства, знаходзяцца ў зняволенні, некаторыя – дэ-факта ў выгнанні з краіны, немагчыма праводзіць сапраўды інклюзіўны і эфектыўны працэс абмеркавання змяненняў у Канстытуцыю.
Хочам нагадаць, што ў цяперашні час у краіне больш за 100 палітычных зняволеных, пераследу падвяргаюцца журналісты, адвакаты і праваабаронцы. З 9 жніўня амаль 15 000 чалавек былі затрыманыя за мірнае ажыццяўленне свайго права на сходы, тысячы людзей падвергліся катаванням, гвалту і жорсткаму абыходжанню. Сур’ёзнаму ціску падвяргаюцца СМІ, журналісты і блогеры. Права на свабоднае выказванне свайго меркавання падвяргаецца беспрэцэдэнтным абмежаванням. Людзі, якія не згодныя з тым, што адбываецца і адкрыта выказваюць сваё меркаванне, уключаючы медыкаў, спартсменаў і працоўных, падвяргаюцца ганенням і рэпрэсіям.
Па фактах масавых катаванняў, гвалту і жорсткага абыходжання з затрыманымі да цяперашняга часу пры наяўнасці мноства фота- і відэадоказаў не ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы. Улады не толькі пазбавілі людзей прававых механізмаў абароны ад самавольства супрацоўнікаў сілавых органаў, але і публічна выказалі адабрэнне іх дзеянням, што знішчыла давер людзей да ўлады і дзяржаўных інстытутаў.
Мы лічым важным працэс рэфармавання Канстытуцыі, у тым ліку для забеспячэння рэальнага падзелу ўладаў, для стварэння дадатковых мер па абароне правоў чалавека, аднак эфектыўны дыялог па абмеркаванні прапаноў па змене Канстытуцыі магчымы толькі ў выпадку дээскалацыі сітуацыі ў краіне: адмовы ад рэпрэсій і пераследу іншадумцаў, спынення затрыманняў мірных дэманстрантаў, вызвалення палітычных зняволеных, пачатку працэдур прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўсіх асоб, якія маюць дачыненне да катаванняў. Пры гэтым працэс абмеркавання і ўліку меркаванняў па пытаннях змяненняў у Канстытуцыю павінен грунтавацца на адкрытых і выразных правілах, з вызначэннем канкрэтных тэрмінаў; удзел у канстытуцыйнай рэформе для розных груп павінен быць ясным і інклюзіўным; камісія па абмеркаванні прапаноў па змене Канстытуцыі павінна быць сфарміраваная празрыста і ўключаць у сябе прадстаўнікоў усяго спектру некамерцыйных арганізацый і ініцыятыў.
У выпадку прызначэння рэферэндуму па змене Канстытуцыі, правядзенне рэферэндуму павінна быць арганізавана новым складам Цэнтральнай выбарчай камісіі, паколькі мінулы склад цалкам дыскрэдытаваў сябе ў вачах грамадскасці, а таксама мясцовымі выбарчымі камісіямі, утворанымі на плюралістычных пачатках. Правядзенню рэферэндуму павінна папярэднічаць рэформа выбарчага заканадаўства, накіраваная на максімальную імплементацыю рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ па дэмакратызацыі выбарчага працэсу. Без ўнясення такіх змяненняў у Выбарчы кодэкс не будзе забяспечаны давер да вынікаў рэферэндуму з боку грамадзян і, адпаведна, яго легітымнасць у вачах беларускага грамадства.
Адначасова хочам адзначыць, што беларускімі праваабарончымі арганізацыямі за апошні час напрацаваны і перададзены ў розныя дзяржаўныя органы масіў прапаноў і рэкамендацый па ўдасканаленні прававой сістэмы, па ўмацаванні незалежнасці суддзяў і адвакатаў, паляпшэнні становішча арганізацый грамадзянскай супольнасці, СМІ і журналістаў, па рэфармаванні выбарчага заканадаўства для забеспячэння свабодных і справядлівых выбараў, паляпшэнню ўмоў утрымання затрыманых і зняволеных, рэалізацыі права на мірныя сходы, свабоду слова і свабоду веравызнання. Дадзеныя прапановы заснаваныя на нацыянальным вопыце і ўлічваюць перадавыя практыкі і міжнародныя стандарты ў сферы правоў чалавека. З шкадаваннем прыходзіцца канстатаваць, што практычна ні адна прапанова не было рэалізавана, што прывяло да найцяжэйшага крызісу правоў чалавека, дэвальвацыі вяршэнства права і страце даверу да дзяржаўных інстытутаў.
У гэтай сувязі ў чарговы раз заклікаем улады:
- неадкладна спыніць усе формы рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў, а таксама вызваліць усіх палітычных зняволеных;
- расследаваць ўсе выпадкі катаванняў, гвалту і жорсткага абыходжання і пакараць вінаватых;
- спыніць наступ на свабоду слова, свабоду мірных сходаў і адмовіцца ад пераследу журналістаў, адвакатаў, праваабаронцаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці.
На момант публікацыі дакумент падпісалі:
РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;
Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі;
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
Беларускі ПЭН-цэнтр;
Простае таварыства “Ініцыятыва FORB”;
РГА “Прававая ініцыятыва”;
Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend);
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;
Беларускі дакументацыйны цэнтр.