«Справа карагодаў» у Брэсце. Што вядома цяпер?
Пасля падзей 13 верасня ў Брэсце, калі супраць пратэстоўцаў, якія на Маршы герояў спявалі і танчылі ў карагодах, быў выкарыстаны вадамёт, была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). У Брэсце гэтая справа называецца "справа карагодаў". Дзясяткі фігурантаў гэтай крымінальнай справы, вялікая следчая група, палізняволеная Марына Глазава — "Вясна" распавядае, што вядома пра "справу карагодаў" цяпер, праз 1,5 месяцы пасля яе ўзбуджэння.
Што здарылася 13 верасня ў Брэсце?
У нядзелю, 13 верасня, як і ў іншых гарадах Беларусі, у Брэсце адбыўся традыцыйны Марш — Марш герояў. Жыхары горада слухалі музыку, спявалі песні, танчылі, смяяліся. Гэты фармат мерапрыемства быў больш падобны на фестываль. Але праз некаторы час сілавікі разагналі пратэстоўцаў, пры гэтым выкарстоўваючы спецыяльную тэхніку — вадамёт. Гэта адбылося каля 17 гадзін на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. У МУС пракаментавалі выкарыстанне вадамёта наступным чынам:
"Каля тысячы чалавек у цэнтры скрыжавання вадзілі карагоды, спявалі песні і выкрыквалі розныя лозунгі. Сваімі дзеяннямі ўдзельнікі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства блакавалі рух грамадскага транспарту, стварылі рэальную пагрозу бяспецы дарожнага руху іншым яго ўдзельнікам.
З мэтай аднаўлення нармальнай жыццядзейнасці грамадзян і забеспячэння бяспекі дарожнага руху быў выкарыстаны вадамёт".
Па словах намесніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча, гэта быў першы выпадак у гісторыі сучаснай Беларусі "ужывання вадамета ў дачыненні да ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі".
Праз два дні па факце гэтага інцыдэнту была ўзбуджаная крымінальная справа.
Крымінальная "справа карагодаў"
Следчы па асабліва важных справах упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Латышэвіч 15 верасня узбудзіў крымінальную справу па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства.
З пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы13.09.2020 прыкладна а 16:30 у раёне перасячэння праезных частак дарог праспекта Машэрава, бульвара Шаўчэнкі ў горадзе Брэсце, учыненыя групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак, якія пацягнулі парушэнне працы транспарту. На падставе выкладзенага, прымаючы пад увагу, што ў дзеяннях неўстаноўленых асобаў, якія арганізавалі названыя дзеянні, а таксама ў дзеяннях неўстаноўленых асобаў, якія прымалі актыўны ўдзел у названых дзеяннях, угледжваюцца прыкметы складу злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. |
Вядома, што для расследавання "справы карагодаў" створаная следчая група, якая складаецца мінімум з 14 следчых. Фігурантамі справы становяцца ўсе, каго апазнаюць па відэа з гарадскіх камер відэаназірання, з інтэрнэту і фатаграфіях са СМІ, сацыяльных сетак. Паводле інфармацыі УСК па Брэсцкай вобласці па стане на 28 верасня падазраванымі па гэтай справе прызнаныя 20 чалавек. Праваабаронцам "Вясны" вядома, што колькасць фігурантаў узрасла ўжо да некалькіх дзясяткаў чалавек. Сілавыя структуры не хаваюць, што гэтая колькасць можа дарасці да 200 чалавек і нават больш.
Пад крымінальны пераслед трапіла маладая сям'я
Сярод падазраваных "па справе карагодаў" — 32-гадовыя муж і жонка з Брэста Андрэй і Паліна Ляшко. У той дзень яны знаходзіліся на газоне побач з асноўнымі падзеямі. Іх прыцягнулі да справы па фатаграфіях з мясцовага СМІ і чужых сацсетак, а таксама іх апазналі па відэа. Пара стала аднымі з першых падазраваных па гэтай крымінальнай справе. Андрэй працуе кіроўцам-міжнароднікам, але з-за распачатай крымінальнай справы яму закрылі выезд за мяжу. Цяпер ён часова непрацуючы. У сям'і двое непаўнагадовых дзяцей, жонка знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку. Муж і жонка занепакоеныя, што з-за закрыцця выезду Андрэю, сям'я застаецца без крыніц даходу.
"Кажуць, што людзей туды адмыслова павялі. Там устаноўлены добрыя гарадскія камеры відэаназірання і можна потым добра высвятляць асобы па відэа.
У адносінах да нас артыкул, што нам спрабуюць інкрымінаваць, наогул ніяк не падыходзіць. Таму што мы на дарозе нават не стаялі", — кажуць Андрэй і Паліна Ляшко.
Па словах мужа і жонкі, адразу шукалі Паліну: ездзілі на яе працу на дзяржпрадпрыемства, дзе яна працавала да дэкрэта, шукалі яе нумар тэлефона, прыязджалі ў інтэрнат і на іх лецішча. 21 верасня ў Следчым камітэце яе адразу дапыталі без адваката, таму што "дзяржаўны" адвакат мог толькі ўвечары, следчыя вырашылі правесці допыт адразу. Па словах Паліны, допыт адбываўся ў даволі грубай і напорыстай форме:
"Яны як быццам хацелі выклікаць мяне на агрэсію. Яны мне казалі і як быццам даводзілі, што на Маршы былі пэўныя людзі, якія кіравалі шэсцем. Паказвалі на відэа мне гэтых людзей. Я спытала, чаму іх не прыцягваюць да адказнасці, а дапытваюць мяне. Яны сказалі, што іх няма за што прыцягваць. "Яны вас прывялі на камеры спецыяльна, а самі яны нічога не парушалі".
Прыехала як сведка, а з'ехала як падазраваная. Мне сказалі: "Скажыце "дзякуй", што не надзелі на вас кайданкі і не пасадзілі ў турму. Мы маем права!"
Паліне пагражалі змяшчэннем пад варту і казалі, што, калі яна будзе неяк абурацца, то паедзе ў СІЗА. На дадзены момант па "справе карагодаў" змясцілі пад варту толькі аднаго чалавека — Марыну Глазаву.
Адзіная пад вартай па "справе карагодаў" — Марына Глазава
25-гадовую настаўніцу польскай і ангельскай моваў з Брэсця Марыну Глазаву затрымалі раніцай 23 верасня дома. Падставай для затрымання стала падазрэнне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Ёй прад'яўляюць тое, што яна 13 верасня арганізавала масавыя беспарадкі ў выглядзе карагодаў. Па словах сяброў Марыны, яна не займалася палітычным актывізмам, толькі захаплялася танцамі. Марына ўжо больш за месяц знаходзіцца пад вартай у Брэсцкім СІЗА як абвінавачаная па "справе карагодаў".
7 кастрычніка беларускія праваабаронцы прызналі Марыну палітычнай зняволенай. Сем праваабарончых арганізацый ацанілі яе пераслед паводле арт. 342 КК як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй ёй свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Бацька Марыны паэт Уладзімір Глазаў пракаментаваў затрыманне дачкі "Радыё Рацыя":
"Роўна месяц як з гэтым пачуццём стрэсу, шоку і жывеш. Ёй адразу сказалі, што яна будзе сядзець. Як яна напісала, па законе следства можа ісці два месяцы, а пасля можа і працягвацца. Марына — настаўнік замежных моваў, маладая, незамужняя, ёй 25 гадоў. Для іх гэта проста ідэальная кандыдатура, каб паказаць "глядзіце хто". Зноў жа разумею, што, магчыма, уладам трэба апраўдаць прымяненне вадамёта. Таму што гэта таксама каштуе грошай – вывад тэхнікі і г.д. То бок тут такія матывы могуць у іх быць.
Першы ліст ад дачкі Уладзімір атрымаў толькі 16 кастрычніка:
"Атрымаў нарэшце ліст ад Марыны. У канцы трэцяга тыдня яе заключэння. Гэта быў яе другі ліст мне. Першы не прапусціла турэмная цэнзура.
Бадзёрыць. Трымаецца малайцом. Са здароўем пакуль больш-менш. Піша аб вялікім чалавечым і экзістанцыяльным вопыце. Змяніла некалькі камер. Гутарыла, скажам так, з рознымі прадстаўнікамі архіпелага – ад сабе падобных да "бытавікоў" і рэцыдывістаў. Была нават забойца".
Марына Глазава ўтрымліваецца ў Брэсцкім СІЗА №7.
Адрас для лістоў і паштовак палітзняволенай Марыне:СІЗА-7, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, 224030. |
Што кажа праваабаронца пра "справу карагодаў"?
Праваабаронца "Вясны" Уладзімір Вялічкін упэўнены, што "справа карагодаў" мае палітычную афарбоўку і, у першую чаргу, мае сваёй мэтай запалохванне жыхароў Брэста, якія актыўныя ў выказванні свайго меркавання з нагоды сітуацыі, якая склалася ў Беларусі, у тым ліку, праз удзел у мітынгах.
"Артыкул, які ставіцца ў віну берасцейцам, не вытрымлівае ніякай крытыкі. Сітуацыя выглядала так: куды міліцыя іх накіравала, туды яны і пайшлі. Ніхто там нічога не перагароджваў. Міліцыя не ўмешвалася, калі людзі танцавалі і кружыліся ў карагодах, нікога не папярэджвала аб незаконнасці дзеянняў берасцейцаў. Таму што на самай справе ніхто не парушаў грамадскі парадак, а тым больш, груба. Транспарту яны таксама не перашкаджалі, ім ніхто не сігналіў з патрабаваннем вызваліць дарогу.
Самі дзеянні 13 верасня доўжыліся вельмі мала. Але супрацоўнікам хапіла гэтага часу, каб высмактаць з пальца гэтую гісторыю. Распачалі крымінальную справу толькі для таго, каб папалохаць электарат, які вельмі актыўны ў Брэсце. Гэтыя людзі патрабуюць змену кіраўніцтва, якое нясе пагрозу іх жыццю і здароўю. Уладам гэта не падабаецца.
На сённяшні дзень, ужо дзясяткі людзей былі выкліканыя ў Следчы камітэт і дапытаныя ў межах "справы карагодаў". І мы лічым, што на палітзняволенай Марыне Глазавай улады адыгрываюцца і помсцяць за ўсіх берасцейцаў", – кажа праваабаронца.
Калі вы ці вашыя блізкія зазналі крымінальны пераслед па палітычных матывах – звяртайцеся ў “Вясну”