viasna on patreon

Падстрэлілі пяць разоў гумавымі кулямі і абвінавачваюць у масавых беспарадках Фота

2020 2020-10-26T18:04:40+0300 2020-10-26T18:31:08+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/rizapur_brest.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі працягваецца затрыманне і пераслед людзей у межах крымінальных справаў па акцыях пратэсту 9-10 жніўня супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах. 30 верасня ў Брэсце быў затрыманы 37-гадовы таксіст Цімур Рызапур. Увечары 10 жніўня, калі ён вяртаўся з працы дадому, яго падстрэлілі гумавымі кулямі пяць разоў. Зараз яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса і ўтрымліваюць пад вартай у брэсцкім СІЗА-7. Следчы тлумачыць выбар такой меры стрымання тым, што ў Цімура Рызапура няма беларускага грамадзянства, нягледзячы на тое, што ў яго ёсць від на жыхарства і ён жыве ў Беларусі ўжо каля 23 гадоў. Жонка Цімура Алена распавяла «Вясне» гісторыю мужа.

Тимур Ризапур со своей женой Еленой
Цімур Рызапур са сваёй жонкай Аленай. Фота з асабістага архіва

У яго стрэлілі пяць разоў: адзін раз — у жывот і чатыры разы — у ягадзіцу

У панядзелак, 10 жніўня, Цімур Рызапур працаваў. Увечары ён прывёз кліентку на таксоўцы на вуліцу МОПРа, але ўжо выехаць адтуль не змог. У Брэсце працягваліся масавыя акцыі пратэсту — рух быў перакрыты сілавікамі.

"Таму што выбухі, стрэлы, усё акружана", — кажа Алена.

Па словах Алены Цімур Рызапур пакінуў машыну на вуліцы МОПРа і пайшоў пешшу дадому. Але ў той вечар дадому ён так і не прыйшоў. У яго стрэлілі пяць разоў гумовымі кулямі: адзін раз — у жывот і чатыры разы — у ягадзіцу. Людзі дапамаглі яму дабрацца да бліжэйшай бальніцы — «Дзіцячай». Але там яго не прынялі. У гэты момант туды прыехала карэта хуткай дапамогі і ён папрасіў, каб яго адвезлі ў бальніцу.

Раніцай 11 жніўня ён патэлефанаваў сваёй жонцы Алене з лякарні і папрасіў, каб яна прывезла яму рэчы. Калі яна да яго прыйшла, ён толькі сказаў:

"Лена, тут была такая вайна, ты нават не ўяўляеш".

З бальніцы яго выпісалі праз два дні, але адразу працаваць з-за атрыманых ран ён не мог, таму лячыўся дома. Некаторы час у яго трымалася тэмпература, а жонка рабіла перавязкі.

Раны Цімура пасля стрэлаў гумовымі кулямі 10 жніўня
Раны Цімура пасля стрэлаў гумовымі кулямі 10 жніўня

Пасля другога допыту яго не выпусцілі

Больш чым праз месяц, 17 верасня, яго выклікалі ў якасці сведкі ў 6-Упраўленне ГУБАЗіКа ў рамках крымінальнай справы па падзеях 10 жніўня ў Брэсце. Пасля допыту яго адпусцілі дадому. Але, калі ён пайшоў даваць сведкавыя паказанні 30 верасня, яго ўжо не выпусцілі. Мужчыну затрымалі.

"Мы паехалі разам. Я яго чакала ў машыне. Яго дапытвалі дзесьці 1,5 гадзіны. Потым ён выйшаў з нейкім двума людзьмі ў цывільным адзенні. Адзін з іх сеў да нас у машыну. Я спытала ў мужа, што здарылася. На што ён мне сказаў, каб я не перажывала, што яго яшчэ павінны дапытаць следчыя. Мяне завезлі дадому, а сам ён паехаў з імі ў Следчы камітэт. Потым мне патэлефанавалі і сказалі, што мой муж затрыманы ў межах крымінальнай справы", — распавядае Алена.

Пасля 72 гадзін у ІЧУ яго перавялі ў брэсцкае СІЗА №7, дзе ён знаходзіцца па гэты дзень у статусе абвінавачанага па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). Санкцыя гэтай нормы прадугледжвае пазбаўленне волі да васьмі гадоў.

Следчы: "Калі б ён быў грамадзянінам Беларусі, мы б яго выпусцілі са штрафам"

На чацвёртыя суткі затрымання Цімура яго жонка Алена пайшла да следчага высвятляць, на якой падставе затрыманы яе муж. Але ён толькі сказаў, што гэта таямніца следства.

"Я тлумачыла следчаму, што ў нас трое дзяцей, іх трэба карміць, ён адзін зарабляў грошы на сям'ю. Следчы мне на гэта сказаў: "Ваш муж не грамадзянін Беларусі, і, калі б ён быў грамадзянінам Беларусі, мы б яго выпусцілі са штрафам". Потым ён пачаў пытацца, чаму мы не атрымалі грамадзянства. На што я сказала, што ў нас было вельмі шмат спробаў, мы выдаткавалі вельмі шмат грошай, але атрымаць яго амаль нерэальна: то штраф у ДАІ як кіроўцу, то яшчэ што. Але пры чым тут грамадзянства? Ён мае тут такія ж правы, як і іншыя. Ён адслужыў войска тут. У яго тут праца, сям'я, дзеці", — кажа Алена.

Цімур Рызапур: "Артыкул мне за вушы прыцягнулі"

Алена распавядае, што ў СІЗА да яго стаўленне нармальнае. Яму лечаць раны, нават зрабілі рэнтген. Але ёсць праблемы з карэспандэнцыяй: з адзінаццаці яе лістоў да Цімура дайшлі толькі пяць. У адным з лістоў ён напісаў: "Артыкул мне за вушы прыцягнулі. Там шмат нестыковак".

У Цімура Рызапуры трое непаўнагадовых дзяцей, ён адзіны ў сям'і зарабляў грошы.

Лист Тимура домой
Ліст Цімура дадому

Калі вы ці вашыя блізкія зазналі крымінальны пераслед па палітычных матывах – звяртайцеся ў “Вясну”

Праваабаронцы звяртаюцца да ўсіх, чые сваякі, альбо яны самі, праходзяць падазраванымі па крымінальных справах, узбуджаных следчымі органамі за удзел у масавых беспарадках, за арганізацыю або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, з просьбаю паведамляць праваабаронцам пра такія справы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства