Зміцер Дашкевіч на судзе заявіў пра катаванні ў ІЧУ
Учора, 25 кастрычніка, падчас мірнага пратэсту затрымалі прадпрымальніка былога палітвязня Змітра Дашкевіча і трымалі ў ІЧУ на Акрэсціна да сённяшняга суда. Але сёння яго не асудзілі — абвясцілі перапынак да заўтра. Але Зміцер распавёў на судзе, што яго змясцілі ў карцар і пра нечалавечае стаўленне да яго там. Ягоныя словы "Нашай Ніве" перадаў Юрый Сідун, сябр сям'і Дашкевічаў, які быў на судзе Маскоўскага раёна.
"Змясцілі ў карцар, не дазволілі адшпіліць ложак ад сцяны. То-бок спаць прапанавалі на голым халодным бетоне, — распавёў Зміцер Дашкевіч.
Змыў не працуе, вады ў карцары няма зусім, не далі нават бутэльку вады, каб змыць туалет. Я ніколі не быў у такіх умовах за ўсю гісторыю сваіх зняволенняў у розных месцах Беларусі. Сутыкаўся з тым, што даводзілася спаць на дошках, але ніколі не было такога, каб у камеры — толькі голы бетон. Запытаўся ў начальніка ІЧУ, ці гэта па законе, той сцвяржджае, што так, гэта нібыта законна".
Зміцер Дашкевіч заявіў пра недавер судовай сістэме ў сувязі з катаваннямі ў ІЧУ. Суддзя абвесціла перапынак у паседжанні да заўтра да 9:30.
Затрыманага разам са Змітром Дашкевічам хрысціянскага актывіста Арцёма Ткачука суддзя Маскоўскага суда Мінска Сяргей Кацар сёння асудзіў на 12 сутак арышту, хоць Ткачук прасіў абмежавацца штрафам, бо мае двух маленькіх дзяцей: паўтара і чатыры годзікі.
У Дашкевіча трое дзяцей, усе дашкольных гадоў.