viasna on patreon

Адзін з еўрапейскіх судоў распачне справу супраць кіраўнікоў Беларусі, якія падазраюцца ў арганізацыі зьнікненьняў вядомых у краіне людзей.

2004 2004-02-09T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пра гэта Сьвятлана Завадзкая паведаміла Радыё Свабода пасьля сваёй паездкі ў Бэльгію.
Сьвятлана Завадзкая кажа, што распачынаць судовую справу аб зьнікненьнях у адным з эўрапейскіх судоў было немагчыма без кансультацыяў з уплывовымі эўрапейскім палітыкамі.

Сьвятлана Завадзкая цягам трох папярэдніх дзён мела сустрэчы ў Брусэлі з уплывовымі дэпутатамі Эўрапарлямэнту. Сярод іх былі Элізабэт Шродтэр, Ян Вірсмаа, Барт Стайс ды іншыя палітыкі. Падчас сустрэч зь імі былі абмеркаваныя магчымасьці слуханьняў у Эўрапарлямэнце праблемы палітычных зьнікненьняў у Беларусі, а таксама арганізацыйныя ды фінансавыя акалічнасьці будучага судовага працэсу над беларускімі кіраўнікамі, якія, магчыма, датычныя да зьнікненьняў. У тым, што такі працэс адбудзецца, спадарыня Завадзкая цяпер не сумняецца, але з пэўных прычынаў ня можа паведаміць, дзе ён пройдзе.

(Завадзкая: ) “Не хачу пакуль казаць усё, пра што мы дамовіліся, каб не даваць уладам магчымасьці для пэўнага супрацьдзеяньня. Скажу так: ёсьць некаторыя краіны, якія зацікаўленыя ў гэтым пытаньні. Нават зь мясцовымі юрыстамі мы ўжо абмяркавалі, колькі гэта будзе каштаваць. У нас знойденая асноўная крыініца фінансаваньня, але і з нашага боку таксама будзе патрэбны сур’ёзны матэрыяльны ўнёсак”.

Патлумачу, што зьвяртацца ў адзін з эўрапейскіх судоў сваякам зьніклых беларускіх апазыцыянэраў даводзіцца з прычыны нежаданьня беларускіх уладаў сапраўды расьсьледаваць гэтыя справы. Прыкладам, Сьвятлане Завадзкай гэтак і не паведамілі, дзе знаходзіцца цела яе скрадзенага мужа, хаця ўжо асуджаныя тыя, хто яго нібыта скраў. Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская, гэтак сама, як і сваякі Юрыя Захаранкі, настойваюць на расьсьледаваньні вэрсіі пра датычнасьць да арганізацыі зьнікненьняў кіраўнікоў сілавых ведамстваў Беларусі, у прыватнасьці, генэральнага пракурора Віктара Шэймана. Сьледзтва, аднак, не жадае заўважаць гэтай вэрсіі.

Калі адзін з эўрапейскіх судоў пачне слуханьні справаў зьніклых беларускіх апазыцыянэраў, то падазроных беларускіх кіраўнікоў могуць затрымаць у любой з эўрапейскіх краінаў і пад прымусам даставіць на працэс. Сваякі зьніклых дамагаюцца, каб гэтая працэдура была зробленая адносна Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова, Уладзімера Навумана, Зьмітра Паўлічэнкі ды некаторых іншых асобаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства