viasna on patreon

«Гэта палітычны пераслед». Незалежную журналістку і праваабаронцу арыштавалі на 15 сутак

2020 2020-11-02T21:05:31+0300 2020-11-04T15:05:44+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marina_90_89.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Незалежную журналістку і праваабаронцу «Вясны» Марыну Кастылянчанка 2 лістапада суд Заводскага раёна Мінска асудзіў па двух артыкулах КаАП: 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў). Яе абвінавацілі ў тым, што 30 кастрычніка яна «ўдзельнічала ў несанкцыянаваным пікетаванні за змену ўлады, выкрыквала лозунгі «Трыбунал», «Жыве Беларусь», «Сыходзь», а пры затрыманні аказала супраціў супрацоўнікам міліцыі, адмаўляючыся прайсці ў службовы транспарт». Суддзя Жанна Хвайніцкая прызнала яе вінаватай і прыняла рашэнне арыштаваць Марыну на 15 сутак.

marina_90_89.jpg
Незалежная журналістка і праваабаронца «Вясны» Марына Кастылянчанка ў судзе

Раней паведамлялася, што групу актывістаў анархісцкага руху з васьмі чалавек затрымалі ўвечары 30 кастрычніка на Акрэсціна каля ЦІП, дзе яны сустракалі пасля 15-сутачнага арышту свайго сябра Аляксандра Бялова. Аднак толькі на судзе высветлілася, што на самой справе яны былі затрыманыя ў кафэ Döner Kebab па вуліцы Сурганава, 61. Усіх абвінавачвалі ў «несанкцыянаваным пікетаванні за змену ўлады» 30 кастрычніка на вуліцы Багдановіча, 102. Таксама ўсіх, акрамя Аляксандра Бялова, абвінавачвалі ў супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманні.

Выходны ў міліцыянта – «службовая занятасць»

Судовы працэс над Марынай Кастылянчанка праходзіў у невялікім кабінеце па відэаканферэнцсувязі. Саму журналістку з вечара 30 кастрычніка ўтрымлівалі ў Ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Пратакол на Марыну склаў супрацоўнік АУС Дваракоў Д. С. Аднак, нягледзячы на хадайніцтвы журналісткі і яе абаронцы аб яго допыце на судзе, хаця бы па скайпе, у судзе ён так і не быў дапытаны. Пасля таго, як сакратарка на судзе сказала, што ў яго выходны, суддзя Хвойніцкая адмовіла ў задавальненні хадайніцтва, абгрунтаваўшы гэта "службовай занятасцю" сведкі. Таксама было адмоўлена ў хадайніцтвах аб допыце ў якасці сведак іншых затрыманых у кафэ. На судзе не было прадстаўлена ні фота -, ні відэадоказаў правядзення пікету на Багдановіча, 102. Па сутнасці, журналістку асудзілі толькі на падставе пісьмовых матэрыялаў справы.

«Упіралася нагамі, хапалася за форменнае абмундзіраванне»

Так, па пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні 30 лістапада каля 18:30 Марына Кастылянчанка "прыняла актыўны ўдзел у пікетаванне ў групе грамадзян, крычала лозунгі "Трыбунал", "Жыве Беларусь" "Сыходзь". Таксама ў пратаколе напісана, што яна "адмовілася прайсці ў службовы транспарт, упіралася нагамі, хапалася за форменнае абмундзіраванне", тым самым яна выказала непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў. Пры гэтым, як стала вядома на судзе, затрыманне Марыны Кастылянчанкі і іншых ажыццяўлялі супрацоўнікі ГУБАЗіКа ў масках і цывільнай вопратцы. Марына пазнала аднаго з супрацоўнікаў ведамства – ён у 2017 годзе пасля "Маршу недармаедаў" праводзіў у яе дома ператрус. З кафэ усіх затрыманых павезлі на звычайных легкавых машынах, нічым не пазначаных. Адна з затрыманых Карына Гараўская распавяла на судзе, што іх усіх "запіхалі ў машыны па чатыры чалавекі на задняе сядзенне".

Надзелі кайданкі ў кафэ

Журналістка цалкам не прызнала віну і сказала, што гэтыя абвінавачванні – абсалютная выдумка. Марына Кастылянчанка сказала, што наогул не ведае, што знаходзіцца па адрасе "вуліца Багдановіча, 102", ні ў якім пікеце яна не прымала ўдзел і лозунгаў не выкрыквала.

"А 18:00 я была на Акрэсціна каля ЦІПа, дзе сустракала свайго сябра Аляксандра Бялова пасля 15-ці сутак арышту. Мы селі ў машыну і праехалі ў кафэ на Сурганава. Дзесьці ў 18:45 мы замовілі ежу. Потым Саша выйшаў у туалет, і ў гэты час у кафэ ўварваліся 10-12 чалавек у цывільным і ў масках і пачалі ажыццяўляць затрыманне са словамі «Застаемся на месцы»", – распавяла Марына на працэсе.

Праваабаронцы адразу надзелі кайданкі. Аляксандру Бялову стукалі ў туалет з патрабаваннем адкрыць дзверы. Калі ён выйшаў, па словах Марыны, "яго жорстка затрымалі".

Супрацоўнікі прыгразілі адміністратару кафэ

Марына Кастылянчанка, яе абаронца і іншыя затрыманыя з ёй заяўлялі хадайніцтва аб выпатрабаванні відэазапісу з кафэ, якое, па іх словах, сведчыць, што ніякага супраціву пры затрыманні не было, і час, які пазначаны ў пратаколе, не адпавядае рэчаіснасці. Аднак хадайніцтва не было задаволенае. Як распавяла на судзе Карына Гараўская, супрацоўнікі ГУБАЗіКА пры затрыманні пагражалі адміністратару кафэ сказалі выдаліць відэа.

«У кафэ было шмат людзей. Супрацоўнікі пры затрыманні прыгразілі адміністратару кафэ і сказалі сцерці запіс. Пагражалі патэлефанаваць дырэктару кавярні", – распавяла адна з затрыманых увечары 30 кастрычніка Карына.

«Пры мне абмяркоўвалі, што напісаць у пратаколе»

Усіх затрыманых 30 кастрычніка адвезлі ў Заводскае РУУС. Там, па словах журналісткі, іх допыт ажыццяўлялі супрацоўнікі ў масках. Марына Кастылянчанка выказала неразуменне, чаму іх адвезлі ў Заводскае РУУС, калі яны знаходзіліся на тэрыторыі Савецкага раёна. Марына амаль ва ўсіх магчымых пратаколах рабіла заўвагі, што яна не згодная з тым, у чым яе абвінавачваюць.

Суддзя Жанна Хвойніцкая дапытвала журналістку, ці была ў кафэ з астатнімі затрыманымі сустрэча выпадковай або па дамоўленасці, і якім чынам яны дамаўляліся. Марына адмовілася адказваць на гэтыя пытанні, так як гэта не мае дачыненне да справы.

"Я лічу, што супрацоўнік ГУБАЗіКа наўмысна мяне затрымалі. Гэта прыдуманыя пратаколы. Яны пры мне абмяркоўвалі, што напісаць у пратаколе. Я лічу, што гэта палітычны пераслед за мае палітычныя погляды", – сказала праваабаронца.

На гэта суддзя спытала: "А якія ў вас такія палітычныя погляды, што вас пераследуюць з 2017 года?"

Распылілі газ, збівалі

Падчас суда стала вядома пра збіццё і жорсткім абыходжанні да некаторых затрыманых у кафэ 30 кастрычніка. Так, Аляксандр Бялоў распавёў на судзе, што ў РУУС Заводскага раёна яго збівалі і распылілі газ. Карына Гараўская казала, што каля кафэ пад лесвіцай збівалі аднаго з затрыманых:

"Яго прывезлі ў РУУС з ацёклым тварам, і ён кульгаў. Білі не пад камерамі".

Таксама Карына распавяла, што і яе ў РУУС Заводскага раёна "абражалі і хапалі за шыю, маючы намер ударыць".

З РУУС Заводскага раёна ў ІЧУ іх усіх этапавалі ў нязручным становішчы, зацягнуўшы рукі сцяжкамі.

Усім затрыманым у кафэ 30-га – па 15 сутак

Сёння суд Заводскага раёна асудзіў усіх затрыманых у кавярні Döner Kebab увечары 30 кастрычніка – Марыну Кастылянчанка, Карыну Гараўскую, Марыю Шаблінскую, Аляксандра і Наталлю Сінкавец, Уладзіслава Машчука, Аляксандра Бялова, Уладзіміра Ларыёнава – на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Такія рашэнні вынеслі суддзі Жанна Хвайніцкая, Анастасія Асіпчык, Генадзь Янкоўскі і Алена Някрасава. Усіх, акрамя Бялова, судзілі па двух артыкулах КаАП: 23.34 і 23.4. Аляксандра Бялова, які паспеў пабыць на волі каля гадзіны, арыштавалі толькі па артыкуле 23.34 КаАП. Ніхто з затрыманых не прызнаў сваю віну, усе сведчылі, што яны не прымалі ўдзел у ніякім пікеце.

Патрабуем неадкладанага вызвалення сяброўкі ПЦ “Вясна” Марыны Касталянчанкі

Заява Рады ПЦ “Вясна” ў сувязі з арыштам сяброўкі ПЦ “Вясна” Марыны Касталянчанкі і затрыманнем валанцёра ПЦ “Вясна” Аляксандра Паплаўскага

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства