viasna on patreon

Патрабуем неадкладанага вызвалення сяброўкі ПЦ “Вясна” Марыны Кастылянчанка

2020 2020-11-02T21:18:23+0300 2020-11-10T21:57:16+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/marinka_our.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява Рады ПЦ “Вясна” ў сувязі з арыштам сяброўкі ПЦ “Вясна” Марыны Кастылянчанка і затрыманнем валанцёра ПЦ “Вясна” Аляксандра Паплаўскага

Мінск, 2 лістапада 2020 г.

30 кастрычніка 2020 г. у Мінску, у кафэ на вуліцы Сурганава, прадстаўнікамі МУС была затрыманая сяброўка Праваабарончага цэнтра “Вясна” і незалежная журналістка Марына Кастылянчанка.

Марына была дастаўлена ў Заводскі РУУС г. Мінска, дзе ў дачыненні да яе былі складзеныя два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўніку міліцыі). У сувязі з гэтым Марына была затрыманая на 72 гадзіны да разгляду справы судом і змешчаная ў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама.

Паводле пратаколаў, якія была складзеныя на Марыну, яна была абвінавачаная ў тым, што нібыта прымала ўдзел у несанкцыянаваным пікеце 30 кастрычніка, выкрыквала лозунгі і аказала непадпарадкаванне супрацоўнікаў міліцыі.

Аднак на самой справе ніякага ўдзелу ў несанкцыянаваным пікеце ў той дзень у пазначаным пратаколе месцы яна не прымала і адпаведна інкрымінаванага ёй правапарушэння не здзяйсняла.

У сувязі з гэтым праваабаронцы "Вясны" расцэньваюць яе затрыманне як адвольнае і незаконнае.

2 лістапада суд Заводскага р-на г. Мінска пастанавіў падвергнуць Марыну Кастылянчанка 15 суткам адміністратыўнага арышту.

Акрамя таго падчас ажыцяўлення назірання за судовымі працэсамі ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў дэманстрацый у судзе Маскоўскага р-на быў затрыманы валанцёр ПЦ “Вясна” Аляксандр Паплаўскі. На яго быў складзены пратакол па арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) за тое, што нібыта адмовіўся выйсці з судовага пакою па распараджэнню суддзі падчас перапынку ў судовым паседжанні. У выніку Аляксандр быў затрыманы да разгляду справы судом і ўсе выходныя правёў у ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама.

2 лістапада суд Маскоўскага р-на г. Мінска перанёс разгляд ягонай справы на 17 лістапада, а сам Аляксандр быў вызвалены.

Затрыманні сяброўкі ПЦ “Вясна” Марыны Кастылянчанка і Аляксандра Паплаўскага сталі чарговым фактам пераследу і ціску на актывістаў Правабарончага цэнтру “Вясна” з боку беларускіх уладаў, які асабліва ўзмацінўся ў перыяд правядзення выбарчай кампаніі і ў пост-выбарчы перыяд.

Нагадаем, што ў СІЗА № 1 пад вартай на дадзеным момант знаходзяцца сяброўка ПЦ “Вясна”, каардынатарка валанцёрскай службы арганізацыі Марфа Рабкова і валанцёр ПЦ “Вясна” Андрэй Чапюк. Яны абвінавачваюцца ва ўдзеле і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Мы, сябры ПЦ “Вясна”, пратэстуем супраць непрыхаванага пераследу і ціску на сябраў нашай арганізацыі, нашых валанцёраў за ажыццяўленне імі легітымнай праваабарончай дзейнасці.

Нагадваем, што такая дзейнасць гарантаваная праваабаронцам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку Дэкларацыяй аб праваабаронцах, зацверджанай Генеральнай асамблеяй ААН 9 снежня 1998 г.

Мы патрабуем ад уладаў Рэспублікі Беларусі:

  • Неадкладна вызваліць з-пад арышту праваабаронцу ПЦ “Вясна” Марыну Кастылянчанка і адмяніць вынесеную ў дачыннні да яе пастанову суда Завадскога р-на г. Мінска як незаконную;
  • Спыніць распачаты адміністратыўны працэс у дачыненні да валанцёра ПЦ “Вясна” Аляксандра Паплаўскага;
  • Спыніць усялякія спробы ціску і пераследу ў дачыненні да сябраў ПЦ “Вясна” ды іншых беларускіх праваабаронцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства