50-ы "хросны" беларускага палітвязня: Катрын Гёрынг-Экард стала "хроснай" праваабаронцы Андрэя Чапюка
У рамках кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай НДА “Libereco — Партнёрства за правы чалавека”, Катрын Гёрынг-Экард узяла на сябе абавязак “хроснай” беларускага праваабаронцы, валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка. Такім чынам, лідарка парламенцкай групы “Бюндніс90/Зялёныя” у нямецкім Бундэстагу стала 50-й “хроснай” беларускіх палітвязняў.
Кампанія салідарнасці #WeStandBYyou была распачатая напачатку ліпеня, каб прадэманстраваць салідарнасць з усімі людзьмі ў Беларусі, якія прыхільныя свабодным і сумленным выбарам, дэмакратызацыі краіны, вяршэнству закона і павазе правоў чалавека. У межах кампаніі ўжо пяцьдзясят дэпутатаў парламентаў з Германіі, Польшчы, Літвы, Аўстрыі, Бельгіі, Нідэрландаў і Швейцарыі ўзялі “шэфства” над палітвязнямі ў Беларусі. Іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення патрабуюць, сярод іншых, віцэ-прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Катарына Барлі, былы міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, віцэ-прэзідэнтка нямецкага Бундэстага Клаўдыя Рот і былы прэзідэнт Еўрапейскага парламента Марцін Шульц.
Катрын Гёрынг-Экардт, лідарка парламенцкай групы “Бюндніс90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу, падтрымала валанцёра Праваабарончага цэнтра "Вясна" Андрэя Чапюка. Праваабаронца быў затрыманы 2 кастрычніка, а 9 кастрычніка яму прад'явілі абвінавачанне паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі за "ўдзел у масавых беспарадках". Вясна і Libereco лічаць абвінавачанні неабгрунтаванымі і палітычна матываванымі.
Каментуючы сваё рашэнне падтрымаць Андрэя, спадарыня Герынг-Экард сказала:
“Я лічу Андрэя Чапюка палітвязнем рэжыму Лукашэнкі і заклікаю да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення, а таксама заклікаю гарантаваць яму абарону жыцця і здароўя. Як і беларускія, і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, я лічу яго затрыманне палітычна матываваным. Адзіная мэта гэтага затрымання — перашкодзіць яго законнаму ўдзелу ў мірных акцыях пратэсту за дэмакратыю і працы дзеля абароны правоў чалавека іншых палітвязняў”.
У 2011 годзе Гёрынг-Экардт была “хроснай” Алеся Бяляцкага, які ў выніку правёў у зняволенні больш за 1 000 дзён.