viasna on patreon

У Хойніках прызначаная дата суда за абразу Лукашэнкі

2020 2020-11-03T08:41:29+0300 2020-11-03T08:54:17+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/romanov_sud_2_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Раманаў. Фота: TUT.BY

Аляксей Раманаў. Фота: TUT.BY

У Хойніках 12 лістапада пачнецца суд над гомельскім актывістам Аляксеем Раманавым за абразу прэзідэнта (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса РБ).  Справу ўзбудзіў мясцовы аддзел Следчага камітэта, там прыйшлі да высновы, што ў словах актывіста ёсць склад злачынства.

Як піша "Гомельская вясна", Аляксей Раманаў актыўна ўдзельнічаў у перадвыбарнай кампаніі экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, ён таксама з'яўляецца інвалідам другой групы, мае анкалагічнае захворванне, па гэтай прычыне мера стрымання да суда была абраная ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе.

28 ліпеня на перадвыбарным пікеце ў Хойніках ён негатыўна выказаўся пра Аляксандра Лукашэнку. У крымінальнай справе пазначана, што Аляксей Раманаў, "маючы намер публічна абразіць прэзідэнта, наўмысна вымавіў словы і фразы ў непрыстойнай форме, якія, згодна з экспертызай, утрымліваюць негатыўную ацэнку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі". А запіс яго выказванняў на YouTube, маўляў, «была неаднаразова прагледжаны карыстальнікамі інтэрнэту».

Справу будзе разглядаць раённы суддзя Андрэй Кардаш.

Як паведамляе гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, крымінальная адказнасць за абразу прэзідэнта ўстаноўленая артыкулам 368 Крымінальнага кодэкса, максімальная санкцыя складае да 2-х гадоў пазбаўлення волі.

Артыкул 368 і дыфамацыя

Праваабаронцы нагадваюць, што артыкул 368 Крымінальнага кодэксу, як і некалькі іншых, адносіцца да гэтак званых дыфамацыйных артыкулаў. 

Міжнародныя арганізацыі па правах чалавека разглядаюць дыфамацыю ў кантэксте права на выказванне меркавання і права на свабоду слова. Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый.

Міжнародная супольнасць пры падтрымцы праваабарончай арганізацыі "Article 19" ў 1995 годзе прыняла Ёханесбургскія прынцыпы. Яны прызначаныя для ўзмацнення артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, згодна з якім кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў.

Згодна з сёмым прынцыпам ніхто не можа быць пакараны за крытыку ці абразу нацыі, дзяржавы або яго сімвалаў, урада, дзяржаўных ведамстваў або дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, калі толькі гэтая крытыка ці абразу не накіраваныя на падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў або ж могуць пацягнуць такія дзеянні.

Хто і калі патрапляў пад дзеянне артыкула 368?

У 2002 годзе, пасля прэзідэнцкіх выбараў, па гэтым артыкуле былі асуджаныя на 2,5 і 2 гады абмежавання волі галоўны рэдактар гарадзенскай газеты «Пагоня» Мікалай Маркевіч і журналіст газэты Павал Мажэйка. Тады ж за перадрук артыкула з Інтэрнэту і калаж быў асуджаны на 2 гады абмежавання волі галоўны рэдактар газеты "Рабочы" Віктар Івашкевіч.

У 2004 годзе прадпрымальнікам з Гародні Валерыю Леванеўскаму і Аляксандру Васільеву было выстаўленае абвінавачванне паводле арт. 368. Суд прысудзіў абодвух да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

У 2016 годзе па гэтым артыкуле абвінавачваўся жыхар Мінска Аляксандр Лапіцкі, супраць якога былі ўжытыя меры бяспекі і лячэння (прымусовае лячэнне ў псіхіятрычнай клініцы).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства