viasna on patreon

"На мяне данеслі з універсітэта". Студэнт – пра адлічэнне з БДЭУ і "адміністрацыйку" за ўдзел у акцыі

2020 2020-11-03T17:03:27+0300 2020-11-03T17:09:06+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/studenty_bgeu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі 64-ы дзень пратэстаў, 12 кастрычніка, адзначыўся жорсткім разгонам сілавікамі Маршу пенсіянераў. На наступны дзень у Мінску прайшлі студэнцкія акцыі супраць гвалту. Студэнты збіраліся каля сваіх універсітэтаў на акцыі салідарнасці. 27 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што студэнты, якія ўдзельнічаюць у акцыях пратэсту, павінны быць адлічаныя з ВНУ. Былы студэнт 3-га курса факультэта міжнародных эканамічных адносінаў БДЭУ 20-гадовы Назар Бязносік распавёў "Вясне", як за сваю грамадзянскую пазіцыю ён страціў навучальнае месца і быў аштрафаваны за сядзячую акцыю супраць гвалту над пенсіянерамі.

Акцыя студэнтаў 13 кастрычніка каля 4-га корпуса БДЭУ
Акцыя студэнтаў 13 кастрычніка каля 4-га корпуса БДЭУ

Назар распавёў, што на тэрыторыі ўніверсітэта на акцыях пратэсту супрацоўнікі міліцыі ніколі не прыязджалі і не здымалі на відэа, гэта робіць адміністрацыя БДЭУ, якая потым перадае відэазапісы і фотаздымкі ў міліцыю. Пры гэтым студэнтам пагражаюць.

"Нас заўсёды здымаюць прадстаўнікі з адміністрацыі і ўпраўлення выхаваўчай працы. Падыходзяць і здымаюць нашы твары. Нядаўна студэнтку схапілі за руку, трымалі і здымалі на камеру яе твар".

Супрацоўніца міліцыі: “Што, бедная, у кадр не трапіў, так? Не хвалюйся, мы цябе дарысуем”

13 кастрычніка студэнты БДЭУ правялі акцыю супраць гвалту над пенсіянерамі каля 4-га корпуса. Як распавядае Назар, іх у той дзень таксама здымалі на камеру прадстаўнікі ўніверсітэта. На наступны дзень хлопца выклікалі на гутарку ў дэканат. Праз некалькі дзён каля 11 студэнтаў былі выкліканыя позвай у РУУС Заводскага раёна з нагоды ўдзелу ў акцыі.

"Мяне ў РУУС апытваў малады чалавек – на выгляд старэйшы за мяне на гадоў пяць. Ён мне не прадставіўся, адразу сказаў, калі я сеў за стол: "Ну што, успамінай!" Калі я спытаў, што мне ўспамінаць, ён адказаў: "Што было 13 кастрычніка". Потым даў мне каляндар. Я настойваў, што я нічога не памятаю, бо гэта было даўно. Тады ён дастаў тэчку, у якой былі чорна-белыя фатаграфіі. На гэтых фотаздымках быў Марш, за які мяне і выклікалі. Ён мне паказвае фатаграфіі, а ні на адной з іх мяне няма. Калі я яму сказаў, што на гэтых фотаздымках мяне няма, ён, мякка кажучы, здзівіўся. Потым ён пачаў іх сам разглядаць. Тут супрацоўніца міліцыі, якая дапытвала іншую дзяўчыну, нагнулася да мяне і кажа: "Што, бедненькі, у кадр, не трапіў, так? Не хвалюйся, мы цябе дарысуем. Што, хочаш сказаць, што ты ў інтэрнаце сядзеў?" Я сказаў, што гэта не важна, бо на гэтых фотаздымках мяне няма. Супрацоўнік міліцыі не ведаў, што рабіць у такой сітуацыі, і зноў пачаў мяне прасіць успомніць што-небудзь. Потым супрацоўніца сказала яму выгнаць мяне на калідор, каб я паўзгадваў".

"А там ужо новыя фатаграфіі – каляровыя”

Назар распавядае, што праз паўгадзіны ён убачыў, што ў кабінет мілііцы ўвайшлі людзі з упраўлення выхаваўчай працы БДЭУ. У той жа кабінет пазней зайшоў супрацоўнік міліцыі, які дапытваў студэнта. Адтуль ён ужо выйшаў з новай тэчкай. Праз некалькі хвілін Назараў зноў выклікалі на допыт.

"У кабінеце мне сказалі: "Ну што – глядзі!" А там ужо новыя фатаграфіі – каляровыя. У міліцыі заўсёды толькі чорна-белыя фатаграфіі. Па факце, пасярод працоўнага дня на мяне данеслі з універсітэта. Як так, дык занятыя... На новых фотаздымках мяне ўжо было выразна відаць. Супрацоўнік міліцыі спытаў: "Чаго сядзеў там?" Я распавёў, што супраць гвалту над пенсіянерамі.

"Выкрыкваў лозунг "Жыве Беларусь" – "стандартная фабула”

Потым ён склаў пратакол допыту. Я яму казаў, што сядзеў, пляскаў у далоні і напяваў песню, ніякіх лозунгаў не выкрыкваў. Але, калі я ўжо азнаямліваўся з пратаколам, то ўбачыў, што мне ён напісаў, што я нібыта казаў, што я "выкрыкваў лозунг "Жыве Беларусь" Я яму зрабіў заўвагу, на што ён мне сказаў, што гэта "стандартная фабула". У пратаколе я зрабіў пазнаку, што я нічога не выкрыкваў.

Супрацоўнік міліцыі мяне палохаў Акрэсціна. Пытаўся, ці сядзеў я там. Калі я казаў, што не, то ён адказаў мне: "У цябе ёсць выдатны шанец пабываць там!" Калі ён сядзеў і запаўняў дакументы, то іранічна прыгаворваў: "Я так і ўяўляю, як мне ў 20 гадоў, хацелася б на Акрэсціна пасядзець. Які кашмар!" Відавочна,  мяне спрабавалі запалохаць". 

26 кастрычніка суддзя суда Заводскага раёна Алег Каляда аштрафаваў студэнта паводле ч. 1 арт. 23.34 КаАП на 15 базавых велічыняў (405 рублёў). Вінаватасць студэнта суд пацвердзіў пратаколам допыту намесніка начальніка ўпраўлення выхаваўчай работы БДЭУ Д. Н. Васькова.

З пастановы суда аб адміністрацыйным правапарушэнні

"Бязносік Н. К. 13 кастрычніка 2020 года ў перыяд часу з 12 гадзін 30 хвілін па 13 гадзін, знаходзячыся на прыступках навучальнага корпуса №4 БДЭУ парушыў устаноўлены парадак пікетавання, а менавіта без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама з мэтай выказвання свайго пратэсту супраць гвалту над пенсіянерамі сумесна з групай грамадзян прыняў удзел у пікетаванні і пры гэтым пляскаў у ладкі, спяваў песні".

На наступны дзень пасля выказвання Аляксандра Лукашэнкі Назар быў адлічаны з універсітэта. Па словах студэнта, тады былі адлічаныя каля 15 чалавек. Прычына – удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, падстава – "дакладная запіска факультэта".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства