Пайшоў з жыцця сябра "Вясны" з Маладэчна Аляксей Хвосцік
Пасля цяжкай хуткацечнай хваробы ў шпіталі 4 лістапада памёр праваабаронца, юрыст Маладзечанскай філіі “Вясны” Аляксей Хвосцік.
Чалавек цікавага жыццёвага лёсу ён далучыўся да правабарончага руху напрыканцы 90-гадоў, а ў 2000 годзе прыйшоў у “Вясну”.
Да гэтага працаваў радыёінжынерам ў сакрэтным канструктарскім бюро, затым атрымаў дадатковую адукацыю і стаў юрыстам, а пазней і праваабаронцам. З’яўляўся дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў часоў станаўлення незалежнасці, уваходзіў у дэмакратычны клуб Маладэчанскага гарадскога Савета дэпутатаў. Быў сябрам руху БНФ "Адраджэнне".
“Сёння пасля нядоўгай, але цяжкай хваробы не стала харошага сябра, добрага юрыста, калегі ўсіх праваабаронцаў Беларусі Аляксея Хвосьціка. Аляксею Васільевічу было толькі 73 гады. Нарадзіўся ён у брацкай Украіне, у г.Сумы. Прайшоў доўгі шлях ад радыёінжынера да юрыста і праваабаронцы. Ён дапамог вельмі вялікай колькасці людзей з Маладэчна і ўсяго рэгіёну адстойваць свае парушаныя правы. Вечная памяць табе, дружа!” – піша ягоны калега і паплечнік Аляксандр Капуцкі.
Сябры Праваабарончага цэнтру “Вясна” глыбока смуткуюць з прычыны смерці калегі-праваабаронцы і чалавека сапраўднай душы Аляксея Хвосціка і выказваюць шчырыя спачуванні ўсім родным і блізкім памёрлага.
Апошняе развітанне з Аляксеем Хвосцікам адбудзецца заўтра, 5 лістапада ў 10-30 у рытуальнай зале Мінскага крэматорыя на Паўночных могілках.
Праваабаронца з Маладэчна Аляксей Хвосцік: “Двойчы ў маёй практыцы дзяржава аднаўляла парушаныя правы”