viasna on patreon

Затрыманні і новыя крыміналкі ў Беларусі: хроніка пераследу за 4 лістапада Дапоўнена

2020 2020-11-04T12:21:53+0300 2020-11-05T08:52:14+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kisialeu-ruslan-20.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Руслан Кісялёў. Фота з сацыяльных сетак

Руслан Кісялёў. Фота з сацыяльных сетак

У сераду 4 лістапада працягваюцца затрыманні людзей па палітычных прычынах у Беларусі. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі, адлічэнні студэнтаў і іншыя формы ціску.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Раніцай у маладэчанскага блогера і актывіста Руслана Кісялёва прайшоў ператрус, які ладзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Пасля ператрусу Руслана па папярэдняй інфармацыі адвезлі   ў Фрунзенскае РУУС Мінска.

Мяркуючы па ўсяму ўзбуджана крымінальная справа з-за размяшчэння відэароліка ў блогу Кісялёва.

Ягоная маці Соф’я Кісялёва паведаміла, што з кватэры забралі ноўбук, тэлефон і электронныя носьбіты інфармацыі. Таксама ёй далі прачытаць пастанову, паводле якой праводзілі ператрус. Соф’я Кісялёва адзначыла, што там фігуравала больш за дзесяць крымінальных артыкулаў, якія дакладна, жанчына не запомніла.

– Як нам патлумачылі, гэта з-за таго, што Руслан выклаў на ютубе запіс размовы з прадстаўніком органаў унутраных спраў, – сказала Кісялёва журналістам «Рэгіянальнай газеты».

У другой палове дня Руслан Кісялёў паведаміў журналістам "РГ", што  яго выпусцілі са Следчага камітэта. Ён праходзіць па справе ў якасці сведкі. З яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні.

Проста з працоўных месцаў з Мінскай філармоніі сілавікі забралі двух удзельнікаў «Вольнага хору». Павезлі ў Савецкі РУУС артыста камернага хору Дзяніса Іванова і віялэнчэліста Аляксандра Сердзюкова, піша TuzinFM.by. Да таго ўжо затрымлівалі дзвюх дырыгентак, якія ўдзельнічалі ў «Вольным хоры».

Увечары ў Мінску паводле інфармацыі «Нашай Нівы», затрыманы калектыў барабаншчыкаў «Патрабуем разысціся», які даваў канцэрты ў дварах у розных раёнах Мінска.

Затрыманыя не менш за 10 чалавек, пра гэта «Нашай Ніве» паведаміў сябра аднаго з затрыманых — той паспеў пазваніць. Хлопцы збіраліся на рэпетыцыю.

Адначасова сёння ў розных раёнах Мінска затрымалі яшчэ некалькі музыкаў, якія давалі дваровыя канцэрты. Сярод іх Суладзэ Ціматэ (затрыманы ў Сухарава), Камянецкі Мікіта (у Малінаўцы).

Вядомы наступныя прозвішчы затрыманых: Карыцкі Антон, Панамарова Алена, Корзун Максім, Гадоўнікаў Аляксандр, Галянтава М.А., Бержнікаў А. В., Мінчанка Іван, Кабашнікаў Іван.

Сёння ў горадзе Ліда міліцыя скруціла проста на працы прадаўца "Пятага элемента", па сумяшчальніцтве фельчара хуткай дапамогі, Алега Краўцова. Раней яго затрымлівалі на 7 сутак пасля інтэрв'ю Сяргею Ціханоўскаму падчас яго прыезду ў Ліду, - піша  t.me/belsat.

З Гарадзенскага драматычнага тэатру сёння звольненыя Аляксей Станога і Паліна Левіна, якія раней далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства