Ад імя палітзняволенай Марфы Рабковай прыйшоў фэйкавы ліст
Як паведаміла Валанцёрская служба Праваабарончага цэнтра "Вясна", ад імя палітвязня каардынатаркі Валанцёрскай службы "Вясны" прыйшоў фэйкавы ліст з СІЗА №1.
Так, днямі маці аднаго з вязняў атрымала "адказ" ад Марфы, дзе тая ў фарбах піша пра "фашыстаў з КДБ і ГУБАЗіК" і "абвінавачванні ў адміністраванні чатаў".
Аднак почырк у лісце не супадае з почыркам Марфы Рабковай, што пацвердзілі сваякі. Больш за тое, Марфа перадала з ізалятара, што не пісала ніякіх лістоў гэтай жанчыне. Акрамя таго, ёй самой карэспандэнцыя ад маці і бацькі не даходзіць.
"Разлік складаўся ў тым, каб справакаваць суразмоўцы на "радыкальныя гаворкі", якія ў наступстве можна выкарыстоўваць у матэрыялах справы".
Таксама як стала вядома, Марфа знаходзіцца ў маленькай камеры, пры гэтым у яе даўно адсутнічаюць прагулкі, а ў апошні час у яе пачала хварэць спіна з-за тонкага матраца і металічных нараў.
Марфа Рабкова – каардынатарка Валанцёрскай службы ПЦ “Вясна” Марфа Рабкова. Яна была затрыманая 17 верасня ў Мінску. Яе абвінавачваюць па ч.3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванні такой дзейнасці. Цяпер Марфа знаходзіцца пад вартай у СІЗА №1 у Мінску. Санкцыя артыкула, які ёй інкрымінуецца, прадугледжвае арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў. Марфа прызнаная палітычнай зняволенай і вязнем сумлення. Праваабаронцы "Вясны" лічаць, што спробы абвінаваціць Марфу Рабкову ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў з'яўляюцца неабгрунтаванымі, надуманымі і палітычна матываванымі, накіраванымі на перашкоду яе праваабарончай дзейнасці. Праваабаронцы і міжнародная супольнасць патрабуюць яе неадкладнага вызвалення. |
Заявы аб неадкладным вызваленні праваабаронцы "Вясны" Марфы Рабковай:
Рукі прэч ад Марфы, рукі прэч ад "Вясны"!
Заява Рады ПЦ “Вясна” ў сувязі з затрыманнем Марфы Рабковай.
Amnesty International: Марфа Рабкова і ўсе палітвязні павінны быць неадкладна вызваленыя
Патрабуем неадкладнага вызвалення палітзняволенай, праваабаронцы ПЦ “Вясна” Марфы Рабковай