viasna on patreon

Праца ў рэжыме нон-стоп. Справаздача за тры месяцы ад Грамадскай прыёмнай "Вясны"

2020 2020-11-06T19:11:44+0300 2020-11-06T20:50:01+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/priemnaja_grafik12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадская прыёмная Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Мінску ўжо тры месяцы працуе па новым графіку: кожны дзень, без выхадных і святаў, з 9.00 да 21.00 (а часам і даўжэй), а ў дні масавых затрыманняў - і да 5-й раніцы. Юрысты прыёмнай падрыхтавалі справаздачу аб праведзенай працы за гэты перыяд.

Са жніўня да лістапада 2020 года грамадская прыёмная ПЦ "Вясна" ў Мінску прыняла больш за 8000 зваротаў.

З 6 жніўня пачала сваю працу Гарачая лінія, і за тры месяцы туды поступіла больш 7600 зваротаў па тэлефонах і праз Тэлеграм. Асноўныя тэмы зваротаў: пошук затрыманых; кансультацыі па адміністрацыйных і крымінальных працэсах; парадак перадач тым, хто адбывае арышт; ціск на грамадзян з боку дзеючай улады на месцы працы і вучобы; дакументаванне катаванняў і бесчалавечнага абыходжання з боку прадстаўнікоў улады; выклікі ў пракуратуру і Следчы камітэт і т. д.

За гэты час юрыстамі было праведзена больш за 400 вочных кансультацый: з іх пераважная большасць зваротаў (больш за 320) - гэта абскарджанне пастаноў аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці з накладаннем спагнанняў у выглядзе штрафаў і арышту. 

priemnaja_grafik2.jpg
89% людзей звярнуліся ў "Вясну" ўпершыню, раней не сутыкаліся з пераследам

Таксама абскарджваліся рашэнні ДАІ, РУУС, інспекцыі па справах непаўналетніх, афіцыйнага папярэджання пракурора, падрыхтаваныя скаргі ў пракуратуру на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, скаргі на незаконнае адабранне рэчаў і тэлефонаў у РУУС, скаргі на ўмовы ўтрымання адміністрацыйна арыштаваных, скаргі на накладанне арышту на тэлефон у пракуратуру, хадайніцтвы аб адтэрміноўцы/растэрміноўцы штрафу.

У жніўні і верасні актыўная праца вялася па складанні заяў у Следчы камітэт на ўзбуджэнне крымінальных спраў па фактах збіцця і катаванняў. Цяпер гэтая праца працягваецца, бо факты збіцця людзей пры затрыманні працягваюць фіксавацца.

"Захаваць вопратку і асабіста ісці ў СК". Куды скардзіцца, калі пры затрыманні незаконна ўжылі сілу

TUT.BY папрасіў юрыста Праваабарончага цэнтра "Вясна" Паўла Сапелку растлумачыць, каму можна скардзіцца на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, ці могуць фатаграфіі ў тэлефоне стаць доказам па справе, на што трэба звярнуць увагу следчага і, калі пасадзяць на суткі, як потым даказваць, што была ўжытая сіла.

Паколькі суды ў Беларусі не з'яўляюцца незалежнай галіной улады, то большасць скаргаў не задавальняецца, нават пры наяўнасці сур'ёзных працэсуальных парушэнняў альбо парушэнняў нормаў міжнароднага права ў дачыненні да чалавека. Але нават у такой, здавалася б, беспрасветнай сітуацыі юрысты грамадскай прыёмнай змаглі дамагчыся станоўчых вынікаў абскарджанняў. Паводле пастановаў з арыштамі амаль ва ўсіх вядомых выпадках тэрмін арышту скарачаўся да фактычна адбытага (напрыклад, з 15 да 5 дзён). У сувязі з парушэннем патрабаванняў закона па частцы арышту, у выніку абскарджання быў адменены ўжо адбыты арышт Анатолем Кудласевічам. Са штрафамі дзяржава ідзе насустрач значна радзей, але па некаторых скаргах юрысты дамагліся перагляду справы іншым суддзёй, і ў выніку давалі штраф менш першапачатковага. Але і на гэтым абскарджанне не спыняецца. Акрамя таго, калі суд неналежным чынам паведамляў чалавека аб даце і часе судовага пасяджэння, юрысты дадаліся перагляду справы іншым суддзёй.

Важна разумець, што ўдзел у масавых мерапрыемствах - гэта наша права на свабоду мірных сходаў, замацаванае ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародных актах, якія з'яўляюцца часткай беларускага заканадаўства. Дадзенае права можа быць абмежавана толькі пры наяўнасці канкрэтных мэтаў (напрыклад, пагроза нацыянальнай бяспекі або правам іншых асоб) у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, на якіх грунтуецца нацыянальнае заканадаўства і не можа яму супярэчыць.

Грамадскай прыёмнай вядзецца абскарджанне ўмоў утрымання ў ізалятарах часовага ўтрымання і Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (Менск).

Акрамя таго, юрысты прыёмнай праводзяць кансультаванне ў сувязі з узбуджэннем крымінальных спраў, пераважна па артыкулах 293, 342, 293, 363, 364 Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Калі вы ці вашыя блізкія зазналі крымінальны пераслед па палітычных матывах – звяртайцеся ў “Вясну”

Праваабаронцы звяртаюцца да ўсіх, чые сваякі, альбо яны самі, праходзяць падазраванымі па крымінальных справах, узбуджаных следчымі органамі за удзел у масавых беспарадках, за арганізацыю або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо за супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, з просьбаю паведамляць праваабаронцам пра такія справы.

7 жніўня "Вясна" запусціла тэлеграм-бот @Viasna_bot. Бот дазваляе не толькі паведамляць пра сваё затрыманне і пра затрыманне блізкага, але і змяшчае мноства артыкулаў на актуальныя тэмы: пра тое, як паводзіць сябе пры затрыманні, як паводзіць сябе ў судзе, як знайсці затрыманага і г. д.

За тры месяцы яго працы ім скарысталіся каля 30 000 карыстальнікаў. З дапамогай бота паступіла 8300 зваротаў аб затрыманнях у сувязі з мірнымі пратэстамі.

На працягу трох месяцаў у Грамадскай прыёмнай "Вясны" працавалі юрысты (у тым ліку і юрысты-валанцёры), валанцёры-аператары Гарачай лініі, іншыя валанцёры, якія дапамаглі наладзіць эфектыўную працу ў офісе і за яго межамі. "Вясна" выказвае велізарную падзяку ўсім, хто дапамагаў і дапамагае працы прыёмнай у дадзены момант. І запрашае юрыстаў і юрыстак далучыцца да каманды.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства