Міжнародны ПЭН-клуб заклікаў вызваліць усіх затрыманых дзеячаў культуры ў Беларусі
Міжнародная праваабарончая арганізацыя PEN International выступіла з заявай у знак салідарнасці з дзеячамі культуры ў Беларусі, якія зазнаюць перслед. ПЭН заклікае вызваліць усіх затрыманых за мірныя пратэсты і спыніць іх пераслед.
Міжнародны ПЭН-клуб шакаваны няспынным пераследам пісьменнікаў і творчых дзеячаў, якія выходзяць на мірныя акцыі пратэсту і салідарнасці, абараняючы асноўныя грамадскія правы і свабоды, парушэнне якіх асабліва абвастрылася ў поствыбарчы перыяд. Міжнародны ПЭН заклікае вызваліць усіх, хто быў арыштаваны за ажыццяўленне свайго права на мірны пратэст, а таксама пакласці канец фізічным нападам на грамадзян, нязгодных з пазіцыяй уладаў.
У жніўні 2020 года у Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, якія шырока асуджаліся ўнутры краіны і за мяжой як несвабодныя і несправядлівыя. У наступныя месяцы сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцы падчас пераважна мірных акцый пратэсту. Сярод іх літаратары, мастакі, выканаўцы, музыкі і дзеячы культуры, якія адыгрываюць ключавую ролю ў падтрымцы мірных пратэстаў і сваёй творчасцю асвятляюць барацьбу за асноўныя правы і свабоды. За гэта яны, сярод іншага, церпяць арышты, гвалт, звальненні з працы. Некаторыя былі вымушаныя пакінуць краіну.
«Дэмакратычныя ўрады падсправаздачныя народу і абіраюцца таксама народам. Гэтыя выбары павінны быць свабоднымі і справядлівымі. Літаратары, мастакі і журналісты Беларусі падняліся ў знак пратэсту супраць вынікаў жнівеньскіх выбараў. Замест вырашэння гэтага пытання праз дыялог, урад адказаў арыштамі, пагрозамі і запалохваннем, у якіх яны не пашкадавалі нікога. Нашы сябры з Беларускага ПЭН-цэнтра – удзельнікі гэтага супрацьстаяння, з-за якога яны таксама сталі мішэнню; нават нацыянальная каштоўнасць Беларусі, ганаровая віцэ-прэзідэнтка Міжнароднага ПЭН клуба – Святлана Алексіевіч цярпела пагрозы. Мы салідарныя з нашымі калегамі з Беларусі, сапраўды гэтак жа, як яны раз за разам заяўляюць аб сваёй салідарнасці з пісьменнікамі, якія пераследуюцца па ўсім свеце», — заявіў старшыня Міжнароднага камітэту пісьменнікаў у няволі Саліл Трыпаці.
Міжнародны ПЭН-клуб узрушаны атакай уладаў на пісьменнікаў, мастакоў, творчы сектар і патрабуе неадкладнага спынення рэпрэсій. Міжнародны ПЭН падкрэслівае, што супрацоўнікі культуры ўяўляюць сабой асаблівую ўразлівую групу, якая нават у «мірны час» функцыянуе ў неспрыяльных умовах і знаходзіцца на перадавой падчас узрушэнняў і крызісаў. Міжнародны ПЭН-клуб таксама заклікае вызваліць усіх, хто апынуўся ў турме за ажыцяўленне сваіх правоў і свабодаў, выплаціць кампенсацыю тым, хто атрымаў фізічную і псіхалагічную шкоду, і вярнуць працу тым, хто яе страціў. Міжнародны ПЭН-клуб таксама патрабуе, каб усім беларусам былі забяспечаныя іх асноўныя правы, у прыватнасці, права на свабоду выказвання меркаванняў, мірныя сходы, свабодныя і справядлівыя выбары.
«Беларускія літаратары і мастакі знаходзяцца ў цэнтры мірнага супраціву парушэнням асноўных правоў і свабодаў. Яны выкарыстоўваюць свае літаратурныя і мастацкія творы, музыку і тэатральныя пастаноўкі для выкрыцця злоўжыванняў рэжыму Лукашэнкі. За гэта яны церпяць рэпрэсіі з боку ўладаў. Мірны пратэст і свабода творчасці непадзельныя як і правы, якія неабходна паважаць», — дадала прэзідэнтка Міжнароднага ПЭНа Джэніфер Клементс.
Беларускі ПЭН-цэнтр выдае штотыднёвы інфармацыйны бюлетэнь, у якім адлюстраваныя напады на дзеячаў мастацтва і культуры, а таксама асвятляецца актывізм у галіне мастацтва, які процідзейнічае рэпрэсіям. Інфармацыйны бюлетэнь «Беларуская культура ў перыяд палітычнага крызісу» даступны на сайце Беларускага ПЭН-клуба.