Праваабарончая праграма "Вясна" на Беларускім Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 21:05 (паўтор у суботу ў 8:05) у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Беларускае Радыё Рацыя” — праграма "Вясна", якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека.
Прэм'еру ў эфіры анлайн можна паслухаць на сайце Беларускага Радыё Рацыя па любых са спасылак тут, альбо тут.
Анонс праграмы на 10 лістапада:
Па-за межамі: У Кіеве амаль тры месяцы дзейнічае Free Belarus Center, дзе дапамагаюць рэпрэсаваным беларусам. Сярод тых, хто прыязджае ва Украіну—і ўжо былыя беларускія студэнты, якія былі адлічаны са сваіх ВНУ за грамадска-палітычную дзейнасць і погляды. У Польшчы працуе Цэнтр Беларускай салідарнасці. А Фонды салідарнасці (BY_Help, BYSOL, Сумленныя людзі) распавялі пад час анлайн-канферэнцыі пра сваю працу.
Каментар: Што рабіць, калі да вас прыйшлі з вобшукам? Праверыць паперы і панятых, бо тыя могуць быць міліцыянтамі ў адстаўцы. Падрабязней пра тое, што трэба ведаць у такіх сітуацыях і на што звяртаць увагу, распавядзе валанцёрка берасцейскай філіі “Вясны” Ганна.
А распрацоўшчык прыкладання “Красная кнопка” Аляксандр Літрэеў распавядзе, як яно з’явілася і як працуе зараз. Праграма дазваляе падаваць трывожны сігнал праваабронцам і сваякам пра гвалтоўнае затрыманне.
Каментар эксперта: Сітуацыя ў Светлагорску нічым не адрозніваецца ад сітуацыі ў іншых маленькіх гарадах Беларусі — заўважае мясцовая праваабаронца “Вясны” Алена Маслюкова. Акцыі пратэсту ўспыхнулі адразу ж пасля 9 жніўня і былі нечаканымі, але потым пайшлі на спад — у тым ліку з-за рэпрэсій. Людзей звальняюць з працы (нават вузкіх спецыялістаў), даюць штрафы, якія немагчыма сплаціць на заробак у маленькім гарадзе, і нават прысуджаюць арышты за тое, чаго чалавек не рабіў. Тым не менш людзі дакладна вывучылі, што такое “23.34” і як карыстацца 27-ым артыкулам Канстытуцыі. Падрабязней — у гутарцы з праваабаронцай.
У музычных паўзах — падборка песень розных гуртоў, якія аб’яднаныя адным: іх удзельнікі былі затрыманыя на мінулым тыдні, а некаторыя з іх ужо атрымалі арышты:
- Павел Аракелян, саксафаніст (15 сутак арышту)
- Андрусь Такіданг (15 сутак арышту) і Кастусь Лісецкі, гурт “Recha”
- Іван Арцімовіч, гітарыст гурта “Vuraj” (7 сутак арышту)
- Philip Petchenko, бас-гітарыст гурта “Dee Tree” (12 сутак арышту)
- Лёня Паўлёнак, вакаліст і стваральнік гурта “Нагуаль” (15 сутак арышту)
- Яўген Змушко, вакаліст гурта “Мутнае вока” (15 сутак арышту)