viasna on patreon

Хроніка пераследу ў Беларусі 11-12 лістапада Дапоўнена

2020 2020-11-12T17:10:00+0300 2020-11-12T22:30:58+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pulihava.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Затрыманні ў Мінску 6 лістапада. Фота: t.me/motolkohelp

Затрыманні ў Мінску 6 лістапада. Фота: t.me/motolkohelp

11-12 лістапада працягваецца пераслед людзей па палітычных прычынах у Беларусі. Праваабаронцы "Вясны" збіраюць новыя факты пераследу па ўсёй краіне: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

У Мазыры дома затрымалі і адвезлі ў РАУС Мікалая Карасёва, Крысціну і Фёдара Чаранковых. У Мінску затрыманыя Кацярына Кавалёва, Наталля Шэлег, Вікторыя Гранкоўская, Настасся Булыбенка, Іван Кабашнікаў, лекар Зміцер Каўко, выкліканы ў СК у межах крымінальнай справы ксёндз Вячаслаў Барок, а пасля званкоў невядомых у кватэру перастаў выходзіць на сувязь Глеб Фіцнер. На Маршы людзей з абмежаванымі магчымасцямі затрыманыя Людміла Булаўкіна і фатографка Кацярына Мядзведзева: зараз яна знаходзіцца ў Маскоўскім РУУС.

Ператрусы ў актывістаў

Зраніцы адбыліся вобшукі ў сямі актывістаў "Заадзіночання беларускіх студэнтаў": сярод іх Алана Гебрамарыям, сябра Каардынацыйнай Рады, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў, Ксенія Сырамалот, Ягор Канеўскі, студэнткі БДПУ Кася Будзько і Яна Арабейка. Па стане на 18.40 яны ў КДБ, у офіс "ЗБС" ломяцца невядомыя.

Ператрус праходзіць таксама ў Ульяны Няўзоравай, мастачкі, якая вядомая плакатам у метро з надпісам "Гэты плакат можа стаць прычынай майго затрымання". 

У кватэры выкладчыка БДУІР Вольгі Філатчанкавай праходзіць ператрус (або агляд), паведамляе TUT.BY. у 10.30 яе калега Дзмітрый Самаль паведаміў, што "каля 10 хвілін таму" яму тэлефанавала Вольга і сказала, што да яе ў кватэру спрабавалі трапіць незнаёмыя людзі ў бронекамізэльках. TUT.BY адразу ж паспрабаваў звязацца з Вольгай, аднак раніцай на сувязь яна ўжо не выходзіла. Па стане на 14.30 ператрус (або агляд) яшчэ не завершаны.

— Я цяпер у Вольгі Філатчанкавай пад дзвярыма з адвакатам. Яна ў кватэры, але нас не пускаюць: матывуюць, што цяпер трэба будзе пратакол перарабляць, — паведаміў Дзмітры.

Па якім артыкуле заведзена справа, у рамках якога праходзіць мерапрыемства, адвакату Вольгі і яе калегу пакуль невядомыя.

Вольга Філатчанкава — адна з удзельнікаў відэазвароту выкладчыкаў БДУІР і групы актыўных выкладчыкаў гэтай ВНУ, брала ўдзел у страйку.

У актывіста Мазырскага НПЗ Мікалая Карасёва ў доме зараз адбываецца ператрус. На якой падставе – невядома. Ён паспеў напісаць у мясцовы чат, што да яго прыйшлі сілавікі, паведамляюць чытачы "Беласат".

АМАП у "Каскадзе"

Зраніцы 12 лістапада ў жылы комплекс "Каскад" у Мінску прыехаў АМАП, паведамляюць чытачы тэлеграм-канала Антона Матолькі.

"На Каскадзе прама цяпер дэсант слабавікоў — шмат бусаў вакол квартала, групы па 4-5 чалавек у чорным зайшлі адразу ў некалькі пад'ездаў кожнага дома".

"Апдэйт па Каскадзе (я жыхар): у суме машын АМАПу каля дзесяці плюс куча ціхароў. у іх у руках паперы з пастановай пра ператрус, ломяцца ў кватэры мясцовых актывістаў".

"На каскадзе АМАП групкамі па 3-4 чалавекі тэлефануе ў дзверы ўжо мінімум 6-7 людзям. Таксама ў дварах куча ціхароў".

Тэлеграм-канал "Еўрарадыё" паведамляе, што сілавікі трапілі ў кватэру жыхаркі "Каскада", якая была назіральніцай падчас прэіздэнцкіх выбараў. Дзверы яшчэ адной кватэры збіраюцца ўскрываць пры дапамозе дрылю.

Пераслед 11 лістапада

Учора, 11 лістапада, у Гродна на раёне Дзевятоўка ў двары людзі сабраліся паразмаўляць і правесці разам час. Наляцелі АМАПаўцы і затрымалі 17 чалавек: сярод іх — Людміла Аўсіевіч. Пасля прафілактычнай гутаркі ў Ленінскім РАУС усіх адпусцілі. Таксама ўчора ў Віцебску прайшоў ператрус у актывіста Аляксея Мацеюка. Вечарам 11 лістапада ў Мінску на Плошчы Перамен невядомыя накінуліся на мясцовых жыхароў: пасля гэтага Раман Бандарэнка знаходзіцца ў рэанімацыі. 

11 лістапада ў кватэры ў Мінску затрымалі Дзмітрыя Крукоўскага: яго забралі разам з жосткім дыскам камп'ютара. У Мінску былі затрыманыя таксама Марына Ігнатовіч (знаходзіцца ў Савецкім РУУС), Алена Ячнік, Ілля Выркоўскі (затрыманы каля "Гіпа" у мікрараёне Лошыца), Дзмітрый Пшанічны. Ноччу затрымалі Кацярыну Варвашэню: днём яе адпусцілі з Ленінскага РУУС. У Барысаве затрымалі Валянціна Бахцінава.

Ігар Мыслівец быў выкліканы для размовы ў Следчы камітэт, дзе быў затрыманы як падазроны па крымінальнай справе. Ігара таксама затрымлівалі першага лістапада падчас Маршу ў Курапаты і вызвалілі з Жодзіна другога лістапада са штрафам 10 б.в.

Дзе і як шукаць затрыманых у Мінску?

У сувязі з маштабнымі затрыманнямі ў Мінску ў Праваабарончы цэнтр "Вясна" звяртаецца шмат людзей, каб даведацца пра лёс родных і блізкіх.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства