viasna on patreon

Сабатаж на чыгунцы: з’явіліся першыя затрыманыя, праходзяць ператрусы

2020 2020-11-13T12:08:45+0300 2020-11-13T12:10:38+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/chygunka-sabatazh-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Скрыншот з відэа УУС Магілёўскага аблвыканкама

Скрыншот з відэа УУС Магілёўскага аблвыканкама

У кастрычніку ў сродках масавай інфармацыі літаральна штодзень паведамлялася пра факты блакавання руху чыгуначнага транспарту шляхам накладання металічнага дроту на рэйкі і псавання сігналізацыі.

Тады ж МУС паведаміла, што за падобныя дзеянні могуць узбуджацца адміністрацыйныя справы па артыкулах 18.1 і 18.2 КаАП, а магчыма і па артыкуле 310 Крымінальнага кодексу (Наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый шляхам стварэння перашкод, устаноўкі пастоў ці іншым спосабам, што пацягнула прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры).

Згодна з заканадаўствам, адміністрацыйная адказнасць за наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый шляхам стварэння перашкод, устаноўкі пастоў ці іншым спосабам цягне штраф ад 6 да 10 базавых велічынь (арт. 18.1. КаАП), за падкладванне на чыгуначныя пуці прадметаў, якія могуць выклікаць парушэнне руху транспарту, цягне штраф ад 2 да 10 базавых велічынь (арт. 18.3. КаАП). Ва ўсіх такіх выпадках на месцы здарэння праводзіліся следчыя дзеянні. Цяпер праваахоўнікі устанаўліваюць замешаных у правапарушэннях асоб.


Што вядома на сёння?

11 лістапада ў 5 гадзін раніцы да работніка чыгункі з Берасця Яўгена Комвуля прыйшлі з ператрусам, пад час якога забралі грошы, кампутары тэлефоны і флэшкі. Чыгуначніка першапачаткова затрымалі ў межах крымінальнай справы і даставілі ў Ленінскі РАУС.

Раніцай 12 лістапада супрацоўнікі міліцыі ў межах крымінальнай справы нібыта за псаванне сігналізацыі на чыгунцы прыйшлі з ператрусам да Аляксандра Булыгі. У пастанове аб правядзенні ператрусу няправільна было ўказана імя па бацьку, таму ператрус не правялі да выпраўлення памылкі ў пастанове.

Сам Булыга затрыманы на 72 гадзіны і змешчаны ў ІЧУ Берасця.

Праваабаронцам вядомая інфармацыя пра затрыманне мужа і жонкі Сяргея і Вольгі Сіліч, інваліда па зроку і дыябетыка. Паводле папярэдняй інфармацыі, яны падазраюцца ў псаванні чыгуначнай сігналізацыі па ч. 1 арт 309 КК РБ. Сваякі паведамляюць, што затрыманых болей, мужчын збіваюць, каб далі прызнальныя паказанні.

Скрыншот з відэа УУС Магілёўскага аблвыканкама
Скрыншот з відэа УУС Магілёўскага аблвыканкама

Як трактуе Крымінальны кодэкс артыкул 309?

Артыкул 309. Наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць транспартнага сродку або шляхоў зносін

Частка 1. Наўмысныя разбурэнне, пашкоджанне або прывядзенне іншым спосабам у непрыдатны для эксплуатацыі стан сродкаў чыгуначнага, воднага, паветранага, аўтадарожнага, магістральнага трубаправоднага транспарту, шляхоў зносін, збудаванняў на іх, сродкаў сігналізацыі або сувязі, або іншага транспартнага абсталявання, калі гэтыя дзеянні загадзя для вінаватага маглі пацягнуць смерць чалавека, крушэнне, аварыю альбо іншыя цяжкія наступствы, –  караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

Пра крушэнні і іншыя цяжкія наступствы пакуль нічога невядома, але паведамляецца чамусці не пра адміністрацыйныя, а крымінальныя справы.

Варта нагадаць, што на нарадзе па падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што людзі “ўжо выйшлі на чыгунку і пачынаюць блакаваць аўтаматыку, ажыццяўляць замыканне рэек. Гэта можа прывесці да сур'ёзных аварый на чыгунцы, катастроф і гібелі мноства людзей. Гэта дзеянні арганізаваных злачынных груп з прыкметамі тэрарызму”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства